Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.
У 1986-1988 гадах — адзін з заснавальнікаў і старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» — літаратурнага аб’яднання, удзельнікамі якога 30 кастрычніка 1988 года ініцыяванае масавае шэсце ў дзень памяці продкаў «Дзяды». Мірная акцыя жорстка разагнаная ўладамі з выкарыстаннем дубінак і слезацечнага газу, Алесь Бяляцкі затрыманы і аштрафаваны. З 1989 да 1998 года працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У красавіку 1996 года заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна-96», якая з 1998 года мае назву «Праваабарончы цэнтр «Вясна».
4 жніўня 2011 года Алесь Бяляцкі арыштаваны за праваабарончую дзейнасць, 24 кастрычніка 2011 года асуджаны да 4,5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.
Алесь Бяляцкі з’яўляецца аўтарам кніг «Літаратура і нацыя» (1991), «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (2006), «Асвечаныя беларушчынай» (2013), «Іртутнае срэбра жыцця» (2014), «Халоднае крыло радзімы» (2014), «Бой з сабой» (2016), «Турэмныя сшыткі» (2018). Пяць з гэтых кніг напісаныя за кратамі.
Прэміі за грамадскую дзейнасць: імя Пера Ангера (2006), імя Андрэя Сахарава (2006), «Homo Homini», якую ўручыў Вацлаў Гавел (2006), Дзярждэпартамента ЗША (2012), Леха Валенсы (2012), імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі (2012), Вацлава Гавела ад ПАСЕ (2013), «За правы чалавека і вяршэнства закона» (2019), «За годны лад жыцця» (2020).
Пяць разоў быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру.
Літаратурныя прэміі: прэмія Нарвежскага саюза пісьменнікаў «За свабоду слова» (2011), прэмія імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-Цэнтра сумесна з Радыё Свабода за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, за кнігу «Іртутнае срэбра жыцця. Пралог: нататкі праваабаронцы» (2014).
7 красавіка 2021 года Алеся Бяляцкага выклікалі на допыт у цэнтральны апарат Следчага камітэта. Алесь Бяляцкі запатрабаваў пратакол допыту па-беларуску. У выніку следчыя мерапрыемствы былі перанесеныя на некалькі дзён, якія спатрэбіліся для перакладу дакументаў на беларускую мову. Допыт адбыўся ў межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
14 ліпеня 2021 года арыштаваны ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).
6 кастрычніка стала вядома, што Алесю Бяляцкаму прад’явілі абвінавачванне па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў).
15 ліпеня 2021 года прызнаны палітвязнем.
28 студзеня 2022 года ў судзе Партызанскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме разглядзелі чарговую скаргу Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна заключэння пад варту. Суддзя Наталля Дзядкова пакінула скаргу без задавальнення.
26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, меркавана Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нясплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны “не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобах, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падаткавым агентам”. Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 КК. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за несплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
7 кастрычніка 2022 г. Нобелеўскі камітэт паведаміў, што Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
5 студзеня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд у крымінальнай справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Сярод падсудных – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі. Акрамя кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, на лаве падсудных – яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Зміцер Салаўёў, якога судзяць завочна, знаходзіцца за межамі краіны. Алесь Бяляцкі з калегамі былі арыштаваны 14 ліпеня 2021 года, з таго часу ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцаў судзяць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Падсудныя ўтрымліваюцца ў кайданках і ў закратаванай клетцы. На судзе Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтвы – весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі. Суддзя не задаволіла хадайніцтваў. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы, прасіў даць яму час. Суд заявіў, што Бяляцкі меў дастаткова часу (месяц) і няма падставы даваць яму дадатковы час для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Алесь Бяляцкі патрабаваў прылады для пісьма, бо мае ўсяго толькі стрыжні ад ручак, якімі немагчыма рабіць запісы падчас судовага пасяджэння. Падчас судовага працэсу створаны перашкоды для назіральнікаў. 5 студзеня на судзе ў «справе “Вясны”» затрымалі расійскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну, якая супрацоўнічае з «Мемарыялам». За тое, што яна рабіла фота і вяла трансляцыю з судовай залы, яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула аб дробным хуліганстве (19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ). Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на судовы працэс у «справе “Вясны”» не пусцілі.
У лістах з турмы дасылае ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 1989-1998 гадах.
3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены жорсткі і несправядлівы прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму: 10 гадоў калоніі і 5000 базавых велічынь штрафу (185000 рублёў). Паводле палітычна матываванай справы «Вясны» таксама асудзілі Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў калоніі, Уладзіміра Лабковіча на 7 гадоў калоніі, Змітра Салаўёва на 8 гадоў (ён застаецца за межамі краіны, суд разглядаў справу і вынес прысуд завочна). Кожнаму з асуджаных прызначаны штраф у 3000 базавых велічынь (111 000 рублёў). За дзейнасць па абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным праваабаронцаў надумана абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Суд праходзіў у адкрытым рэжыме. Падчас суда праваабаронцы трапілі пад прэсінг, цкаванне і дыфамацыю ў праўладных СМІ. Алесь Бяляцкі ў апошнім слове на судзе назваў справу «Вясны» палітычна матываванай і асобна адзначыў парушэнне моўных правоў у судовым працэсе: «Абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я як абвінавачваны з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. […] Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне».
21 красавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў, суд пакінуў іх без задавальнення.
2 траўня 2023 года стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў калонію ўзмоцненага рэжыму № 9 у Горках.
Адрас для ліставання: Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16, 213410, г. Горкі, Магілёўская вобласць.