Апісваю сёньняшні бурны дзень, 30 кастрычніка 1988 года, калі ТМЛ «Тутэйшыя» вырашыла правесьці «Дзяды». Аб тым, як нам іх не дазвалялі, — гэта асобная гісторыя. Сёньня я паехаў туды, да Маскоўскіх могілак а 12 гадзіне1, бо спадзяваўся наладзіць хоць якую сувязь зь міліцыянтамі, каб яны далі нам магчымасьць правесьці мітынг. Ля сквера2 віселі дзьве шыльды з абвесткамі аб кары пра парушэньні закона. Народу яшчэ не было. Дзьмуў халодны вецер. Я трохі прыпазьніўся і парушыў да сквера. Ля апошняга дома сустрэў Палачанаў3 і Пінцэта4. Павярнулі і пайшлі да крамы, пагрэцца. Там давалі гарбату. Я папрасіў «розового чаю», па-наску гэта ці то гарбата з ружаў, ці то ружовая гарбата. Папілі, потым выйшлі. Пацяплела.
Пачалі а першай падыходзіць паступова людзі. Я з Сушыхаю5 пайшлі да могілак. Тоўпіліся цывільныя дружыньнікі, размахвалі рукамі, як яны будуць біць «сіцылістаў», атрымоўвалі інструктаж. Потым мы павярнуліся і пайшлі назад да крамы. Без пятнаццаці дзве люд паваліў натоўпам. Яшчэ раней перакрылі метро, пусьцілі ў аб’езд аўтобусы, таму, як высьветлілася пазьней, частка народу спазьнілася і людзі ішлі да паловы на трэцюю. Я ўсіх папярэджваў, што а другой выходзім на пляц6. Потым мы пайшлі назад. Міліцыянты стоўпіліся ля перакрыжаваньня7. Паўз Каліноўскага стаялі аўтобусы, перамежаваныя «Волгамі», пасажыркі (аўтобусы. — А. Б.) былі набітыя пад завязку міліцыянтамі, яны нават стаялі. Калі мы падышлі да перакрыжаваньня, народ, я не бачыў з-за чаго, пачаў кідацца на міліцыю. Потым я пачуў, што схапілі Купаву8, Марачкіна9, кідаўся Тарасаў10, я стаў супакойваць усіх, не ведаючы, чаму народ кідаецца на міліцыю.
За перакрыжаваньнем стаяў Пазьняк11. Я падышоў. «Ну што, пачынаем?» — спытаўся ён. «Хадземце», — сказаў я і хацеў пайсьці на цэнтр пляца. Пазьняка абкружылі чатыры ў цывільным. Хтось схапіў аднаго і закрычаў: «Пазьняка забіраюць!» Я схапіўся за другога і зароў тое ж. У гэты момант падбег міліцыянт і пырснуў аэразолем12 мне ў твар. Я адразу перастаў бачыць. Ірвануўся ад яго, вырваўся і трохі прабег. У гэты час міліцыянты, што стаялі побач, пачалі хапаць хлопца з магнітафонам. «У него магнитофон!» Я крыкнуў яму: «Бяжы!» Ён ірвануўся, але там яго ўжо чакалі яшчэ двое. Я ўжо інстынктыўна пачаў дапамагаць, ірвануўся да іх. Мяне падхапілі ззаду і павялі. Усё. Узялі.
Я ірвануўся, але яны ўтрымлівалі мяне, ды і не зьбяжыш, бо вялі пасярэдзіне Каліноўскага, увесь народ стаяў па бакох і глядзеў. З вачэй цяклі сьлёзы, і з носа цякло таксама. Нейкі новы міліцыянт заламаў мне руку. Я ўбачыў разгублены твар Клімковіча13 з кветкамі ў руках. Мяне папёрлі да газіка празь Ленінскі прасьпект. Там ля яго стаяў Някляеў14 са Станютам15. Твары перакрыўленыя. Някляеў нешта хацеў сказаць, але было бессэнсоўна. Мяне зацягнулі ў зад машыны, дзе толькі што два крэслы і памяшчаліся. Ля машыны аказалася чамусьці Тацьцяна Зіненка16. Яна памахала мне. Я паспрабаваў пасьміхнуцца. Вось была, мусіць, карціна — мокры твар і скрыўленая ўхмылка. Потым мы разьвярнуліся і прыехалі на старое месца — яшчэ ж адное месца заставалася вольным. Тут мяне ўбачылі філфакаўкі17, пазналі і паляпалі па шкле далонямі. Мяне гэта вельмі падтрымлівала. Загрузілі таго незадачлівага магнітафоншчыка, і мы паехалі. Я згадаў, што ў мяне ляжаць паперы для збору подпісаў за НФ18 і супраць забароны мітынгу. Я прасунуў іх у шчылку, і яны разьвеяліся па асфальце. Кіроўца нешта заўважыў адзаду і разьвярнуўся. Людзі падбіралі паперкі. Калі мы пад’ехалі, засталася толькі адна. Капітан падняў яе і зноў вярнуўся, каб аддаць (начальству), і толькі потым мы рушылі ў цэнтр.
У міліцыі Першамайскага раёна ён, злы на мяне, напісаў пратакол, у якім сьцьвярджаў, што я выкрыкваў антысавецкія лозунгі. Калі старлей (старшы лейтэнант) даведаўся, каго я прадстаўляю (ТМЛ, асьпірант19), пратакол быў перапісаны, і зноў за подпісам сьведкаў. Вось так рэчы! Скончылася тым, што мой інтэлігентны выгляд і спакойная размова з судзьдзёю абышлася толькі ў 200 р. Хаця маглі, як арганізатару, уляпіць і 15 сутак. Вочы рэжа яшчэ дасюль. Хлопцы пачалі ўжо зьбіраць грошы на штраф.
1. Мітынг-рэквіем быў прызначаны на 14 гадзін.
2. Цяпер — сквер на скрыжаваньні прасьпекта Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
3. Сяржук Сокалаў-Воюш са сваімі прыяцелямі з Наваполацка.
4. Адна з падпольных мянушак Вінцука Вячоркі.
5. Галіна Суша, журналістка, актывістка моладзевага руху ў 80-х гадах.
6. Меркавалася правядзеньне мітынгу-рэквіема на пляцоўцы ў скверы за перасячэньнем прасьпекта Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
7. Скрыжаваньне прасьпекта Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
8. Мікола Купава — мастак, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў грамадскага руху «Беларускі народны фронт “Адраджэньне”», адзін з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 70–90-х гадоў.
9. Аляксей Марачкін — мастак, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў грамадскага руху «Беларускі народны фронт “Адраджэньне”», адзін з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 70–90-х гадоў.
10. Кастусь Тарасаў — беларускі пісьменьнік, публіцыст. На той час працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» — рупары нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі канца 80-х — 90-х гадоў.
11. Зянон Пазьняк — беларускі гісторык, публіцыст, грамадскі дзяяч. Адзін з лідараў беларускага адраджэньня ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў.
12. Супраць дэманстрантаў падчас мітынгу міліцыянты ўжывалі сьлезацечны газ.
13. Максім Клімковіч — беларускі пісьменьнік, сябра ТМЛ «Тутэйшыя».
14. Уладзімір Някляеў — беларускі пісьменьнік.
15. Уладзімір Станюта — беларускі пісьменьнік.
16. Тацьцяна Зіненка (4 сакавіка 1960 г. — 1 лютага 2011 г.) — паэтка, сябра ТМЛ «Тутэйшыя».
7. Студэнткі філфака БДУ Паліна Качаткова, Натальля Кавалеўская і Алена Кульбеда.
18. Народны фронт.
19. На той час А. Бяляцкі вучыўся ў асьпірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі.