100 гадоў з дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава

Апошняе абнаўленне: 19 чэрвеня 2024
100 гадоў з дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава

Васіль Быкаў, які нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года, пакінуў глыбокі след у беларускай літаратуры. Яго творы, такія як «Сотнікаў», «Жураўліны крык», «Знак бяды» і многія іншыя, не толькі паказалі трагізм вайны, але і адлюстравалі глыбіню чалавечай душы і складанасць маральнага выбару.

У 1999 годзе Васіль Быкаў быў абраны старшынёй Беларускага ПЭНа, каб актыўна падтрымліваць развіццё і прасоўванне беларускай літаратуры, а таксама абараняць правы пісьменнікаў і свабоду слова.

З нагоды юбілею мы друкуем успаміны пра Васіля Быкава яго сучаснікаў – Карласа Шэрмана, беларуска-іспанскага перакладчыка, літаратара і праваабаронцы, віцэ-прэзідэнта Беларускага ПЭНа з 1989 года, і Аляксандра Лукашука, дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода (1998-2023), сябры Беларускага ПЭНа, ляўрэат прэміяў імя Фрацішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча.


[ВЯРТАНЬНЕ Ў БЕЛАРУСЬ. ВАСІЛЬ БЫКАЎ]

З кнігі ўспамінаў «Блуканец» Карласа Шэрмана 

У 1968 годзе я езьдзіў у Горадню па літаратурных справах. У аэрапорце мяне сустрэў Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Ён правёў да гатэлю ды прызначыў сустрэчу ўвечары каля Фарнага касьцёлу [i], каб пайсьці да яго дадому. Я схадзіў у рэдакцыю «Гарадзенскае праўды» [ii], каб адзначыць камандзіроўку, ды заўважыў: у габінэце галоўнага не было крэслаў. Дзядзька, які прымаў мяне, перапрашаў, маўляў, сёньня быў партсход і крэслы зьнесьлі ў залю. Пазьней я дазнаўся, што гэта быў за сход. Я накіраваўся па сваіх справах, пісаў я тады пра жанчыну цяжкага лёсу, якая ратавала палонных падчас акупацыі, трэба было сустрэцца зь ёю, запісаць, а потым і зьверыць тое, што яна помніла, з памяцьцю іншых.

Увечары мы з Васілём сустрэліся, ён павёў мяне дадому, і неўзабаве завіталі Карпюк [iii] і Клейн [iv]. Гаспадар уключыў музыку, уставіў аловак у дыск тэлефону, як мы тады рабілі, нібыта гэта магло ўратаваць ад падслухоўкі, і тады я дазнаўся, што на партсходзе якраз і выключалі з партыі Аляксея Карпюка на падставе шараговых выдумак [v]. Гамонка была доўгай ды сумнай, пачостка — моцнай, і мы разьвіталіся недзе апоўначы. Атмасфэра несвабоды, суцэльнага перасьледу іншадумніцтва агорала нас.

Пазьней мы сустракаліся з Васілём, калі ён наяжджаў у Менск, а сустрэчы сталіся больш частымі, калі ён пераехаў жыць у стольны горад [vi]. Гэта толькі пачатак, бо ў 1989, калі заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтар [vii], адразу ён падключыў мяне да справы зь першага паседжаньня ў Доме кіно, дзе сёньня ўзноўлены касьцёл сьвятых Сымона і Алены [viii]. Гэта быў час стварэньня і «Мэмарыялу» [ix], і «Мартыралёгу Беларусі» [x], і Беларускага народнага фронту [xi], зорны час адзінага, бадай, харызматычнага лідэра тагачасных беларусаў Зянона Пазьняка [xii], і амаль усе сходы адбываліся ці то ў Доме кіно, ці то ў Доме літаратара [xiii]. З тае пары мы сустракаліся з Быкавым часьцей на абмеркаваньні праблемаў ПЭН-цэнтру, але ні разу за гэтулькі гадоў ён ня выпусьціў з дому без пачостачкі, без гамонкі на тагачасныя тэмы. Васіль вельмі добра ўмеў слухаць, ды найперш слухаў я яго, бо ён фармуляваў думкі зграбна, і ягоныя ацэнкі рана ці позна набывалі контуры горкай ды балючай рэчаіснасьці. Ён таксама бываў у мяне дома, адносіўся з сымпатыяй да маёй жонкі.

Наагул грамадзтва намалявала сабе вобраз крыху жорсткага, нелюдзімага, сквапнага на словы, заўсёды спахмурнелага Быкава. Насамрэч Васіль быў пяшчотным, вясёлым чалавекам, выдатным імгненным карыкатурыстам, адданым сябрам, заўсёды гатовым камусьці дапамагчы, нават ня маючы чым, і гэтым, дарэчы, пасьпяхова карысталіся. Ён не любіў публічнасьці сваёй асобы, часьцей нагадваў пра тое, што сам лічыць сябе прыватнай пэрсонай, аднак, калі гэта было патрэбна, ён выказваўся мужна і вельмі дакладна, бо праўда была стрыжнем характару, маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця.

Краіна паступова адыходзіла ад перабудовы, з 1994 году распачалося зацятае вяртаньне ў мінулае [xiv]. Васіль ня мог спакойна дыхаць на радзіме, дзе яго цкавалі па-чорнаму амаль штодня. Пасьля вялікага міжнароднага форуму ў абарону дэмакратыі і культуры, які ладзілі мы ў Менску [xv], пасьля кангрэсаў Міжнароднага ПЭН-клюбу з нашым удзелам [xvi] мацнелі міжнародныя кантакты Беларускага ПЭН-цэнтру. Такім чынам мы засябравалі з калегамі, што працавалі ў Фінскім цэнтры, і ў нас узьнікла ідэя накіраваць Васіля на часовае жыцьцё да нашых сяброў.

Цягам часу гэныя праграмы разьвіваліся, і гэта дазволіла падтрымаць Васіля, безумоўна, ня лічачы таго, што замежжа — ніяк не радзіма, але тым часам маўклівага дысыдэнта Быкава здаўна перасталі шырака друкаваць, лаянка тых самых цэрбэраў, якія атручвалі ягонае жыцьцё, як толькі ён вызначыў свае пазыцыі праўдара, не магла ўжо сьцішыцца [xvii]. Гэта было адзінае выйсьце.

Гэтак Васіль апынуўся ў Фінляндыі (у мяне на стале здымак зь ім, зроблены ў Гэльсынкі), а пазьней у Віпэнсдорфе каля Бэрліна, у Франкфурце-на-Майне [xviii]. Мы званілі яму амаль штотыднёва, высьвятлялі ягоныя адносіны да нашых рашэньняў, зьвяралі, як кажуць, крокі, інфармавалі яго аб падзеях на радзіме, перасылалі яму пошту. Дужа дапамаглі нам у гэтым і Міжнародны парлямэнт пісьменьнікаў, і нацыянальныя цэнтры ПЭН-клюбу.

Дарэчы, перад ад’ездам Васіль пакінуў у нас свой кампутарны подпіс прэзыдэнта ПЭН-цэнтру і надаў права ставіць яго, калі будзе патрэбна, для подпісаў па грамадзкіх, няўрадавых справах, выказаўшы гэным учынкам поўны давер да нас. Пазьней, падчас канфлікту з кіраўніком БГК [xix], гэты факт быў наўмысна скажоны брыдотнай кампаніяй лухты [xx], а патрабаваў ставіць сапраўдны подпіс Быкава, перапісаўшы тактоўную заяву на больш жорсткую ды браўшы на сябе «на сто адсоткаў» згоду Васіля ніхто іншы, як вельмішаноўны чалавек, што дбаў з намі пра абарону правоў чалавека без палітыканства, а не пра ўладу БГК, хоць потым ён змоўк, застаўся ў баку ад тых падзеяў.

Дадамо толькі, што празь месяцаў колькі, на дзень маіх народзінаў, Васіль пазваніў мне зь Нямеччыны, давёў, што афіцыйна выйшаў з шэрагаў БГК і перапрашаў за тое, што міжволі ён як бы падставіў мяне, бо нашыя дакумэнтаваныя высновы былі аддадзеныя яму на рукі, але ж ён быў засмучаны зьбіцьцём «маладымі патрыётамі» свайго ўнука-студэнта, які трапіў у лякарню [xxi]. Гэта была сапраўдная правакацыя, ды таму ён нават тых дакумэнтаў не разгарнуў, не прачытаў, а потым зьехаў, ужо не было калі, і пазьней проста быў не гатовы да даволі нечаканай гаворкі. Так, прачытаўшы заяву без адпаведнай інфармацыі, ён тады меркаваў, што не хацеў бы ўдзельнічаць у гэтай справе, бо тэкст быў сапраўды зь перахлёстам. Аднак ліст ужо працаваў, там стаялі сапраўдныя подпісы досыць значных асобаў, яны ж пагадзіліся з заявай і падтрымлівалі яе безумоўна.

Папраўдзе, пасьля кангрэсу ПЭН-цэнтру, на якім і быў намі створаны БГК вельмі дакладнай рэзалюцыяй, Быкаў ня быў згодным з кандыдатурай старшыні: ён спасылаўся на пагляд калегаў, а найперш Зянона, які ведаў яе па працы ў адным з акадэмічных інстытутаў ды раіў Васілю не дапускаць яе абраньня, але было запозна, бо спрацавалі настойлівая рэкамэндацыя сяброў ды моцная падрыхтоўчая арганізацыйная праца, якую яна правяла тады бліскуча.

Разважаць пра тыя высновы Зянона завочна я ня здольны, бо сапраўды ў той гаворцы я не прымаў удзелу, але важкасьць ягоных словаў для Васіля была адчувальнай.

Як вынік адно што адбылася сур’ёзная гаворка зь ёю пра тое, што яна мусіць прымаць на сябе як непахісную ўмову працы кіраўніком не раздвойвацца, не карыстацца пляцоўкай БГК на вядзеньне собскай палітычнай працы [xxii], што яна парушыла адразу, хоць у момант прынцыповай гаворкі клялася і прапаноўвала напісаць і падпісаць пісьмовы абавязак на імя Назіральнага сойму. Бальшыня ў кіраўніцтве выступіла супроць ейнага ўдзелу ў недарэчным дыялёгу з уладамі [xxiii], — яна нібыта пагадзілася з намі, але парушыла таксама слова і пайшла на ўдзел, вядома ж, ад імя БГК. Адтуль і толькі адтуль узьнік канфлікт, хоць майстры пляткарства падалі ўсё зусім інакш.

Я разумею, што вяртацца да тых падзеяў няварта, паўтор высноваў таксама, але ўсё ж мушу сказаць: гэта адбылося так, як насамрэч было з майго пункту гледжаньня, бяз фону няшчырасьці, нават калі ў чымсьці я ня меў рацыі ды падаўся ўгаворам вялікага чалавека, які браў на сябе зашмат, а потым змоўк. Сёньня я не ўзнаўляю старых і нікому не патрэбных абвінавачваньняў ды спрэчак, а толькі сьцвярджаю асабістую думку, як на споведзі, бо мой час сыходзіць няўмольна, а распавесьці пра ўсё, што ведаю, безумоўна, і сёньня нельга пры вядомых абставінах у Беларусі, якія выкарыстоўваюцца далёка ня намі, а тымі, хто высмоктвае з палітычнага пальца бясконцыя «крымінальныя» справы, толькі б нацягнуць кляп замоўчваньня праваабаронцам.

Настаў момант, калі прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл [xxiv] дазнаўся ад нашых сяброў пра справы Быкава і палічыў за гонар запрасіць яго на жыцьцё ў Прагу.

У ліпені 2001 году я захварэў і пакінуў пасаду ў ПЭН-цэнтры пасьля задоўгай працы. Як толькі наведваў Менск, Васіль заходзіў да мяне, я ўжо адчуваў сябе вельмі цяжка. Мне паставілі дыягназ, нібыта прысуд, і я ня мог уявіць нават у страшным сьне, што мяноўна яму, даражэнькаму нашаму Васілю, наканаваны такі бязьлітасны лёс. Крыху пазьней у Празе знайшлі ў яго падобную хваробу, праўда, іншага характару, дасьведчаныя хірургі зрабілі апэрацыю, але ж ня здолелі пакінуць яму, сьветламу, шанцаў [xxv].

Мы былі на сувязі, асабліва калі я зьехаў часова ў Нарвэгію са спадзевам на лекаваньне, дзе на гэны момант мяне неаднойчы апэравалі на лёгкае і рэальна дасюль ратуюць як толькі могуць [xxvi]. Ірэна Міхайлаўна, Васілёва жонка [xxvii], мужная жанчына і сапраўдная ягоная паплечніца, рабіла ўсё, каб яго падтрымаць. Як я хацеў бы прачытаць кніжку, напісаную самой Ірэнай Міхайлаўнай, яна сапраўды ведае шмат больш за іншых, бо толькі ёй Васіль давяраў свае думкі, свае адносіны да сяброў шчырых і двудушных, да сваіх тэкстаў і паводзінаў. Я прасіў яе пра гэта ў нашых тэлефонных гутарках спаміж апэрацыямі і сёньня гатоў прасіць: пішыце, дарагая Ірэна Міхайлаўна, Бог сьведка, гэта вельмі патрэбна!

Я ведаю шчодрых душою, бескарысьлівых і адчайных сяброў Васіля, якія і сёньня засталіся імі, але ніхто зь іх і не падумаў абвясьціць сябе найлепшым ягоным сябрам. Гэта як традыцыйна-савецкая формула: калі называеш пісьменьніка, дык абавязкова трэба пісаць альбо вымавіць «знакаміты», «вядомы» і неяк асабліва тытуляваны альбо цяперака «найлепшы сябар», нібыта люд ня ведае, хто чаго варты.

Дзякуючы маім званкам, кампутарнай перапісцы ды незалежным сайтам я сачыў за падзеямі ў глыбокім смутку, чуў дыхтоўныя, балючыя словы, а таксама тырады тых, хто перадусім падкрэсьліваў, як любіў яго родненькага Васіль, — яны і ад сьмерці прыхоплівалі ўяўныя, недарэчныя купоны славутасьці.

Народныя паховіны [xxviii] ўзрушылі мяне, усё ж людзі ня здолелі заставацца дома, а разьдзялілі боль, заадно спавесьціўшы сьвет, каб зьведаў ён пра яшчэ адну старонку беларускае трагедыі.

Выкарыстаць апошнюю кропку Васілёвага жыцьця дзеля афіцыёзнай прапаганды не ўдалося, нават шэрагам «вытанчаных» правакацыяў наступных дзён [xxix]. Сьціплы наш Васіль ніколі не лічыў сябе духоўным лідэрам альбо сумленьнем нацыі [xxx], як мы шчыра меркавалі і сапраўды адчуваем. Ён, безумоўна, разумеў вагу свайго імя і свайго слова, але жыцьцёвымі ўчынкамі, творчасьцю і адносінамі да сумленьня ён стаўся найвялікшым ды сьціплым беларусам дваццатага стагодзьдзя. Беларусь асірацела падчас навалы, і сёньня замест жывой постаці Быкава, ягонай сьветлай усьмешкі, жыцьцядайнай мудрасьці мы маем незагойную рану. Ці гэта нічога не падказвае беларусам сёньня? Хіба што не баліць душа? Мо амаль недарэчнае жыцьцё ня ганьба?

***

[i] …пазначыў сустрэчу ўвечары каля Фарнага касьцёлу… — Фарны касьцёл — Катэдральны касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя ў Горадні, збудаваны ў канцы XVII ст.

[ii] Я схадзіў у рэдакцыю «Гарадзенскае праўды»… — У рэдакцыі газэты «Гродненская правда» В. Быкаў працяглы час працаваў спачатку стыль-рэдактарам, а потым літкансультантам (1947–1949, 1956–1970).

[iii] Карпюк — Аляксей Карпюк (1920–1992) — беларускі пісьменьнік; сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1965–1970, 1978–1992). Сябар В. Быкава ў гарадзенскі пэрыяд яго жыцьця.

[iv] Клейн — Барыс Клейн (нар. у 1928) — беларускі гісторык. Сябар В. Быкава ў гарадзенскі пэрыяд яго жыцьця. У 1971–1972 гг. зазнаў палітычны перасьлед за адмову далучыцца да антыізраільскай кампаніі савецкай прэсы. Быў пазбаўлены вучонай ступені кандыдата гістарычных навук і званьня дацэнта з забаронай друкавацца, удзельнічаць у грамадзкай дзейнасьці і зьмяняць месца сталага жыхарства. У правах вучонага ўзноўлены ў 1979 г. Доктар гістарычных навук (1989), прафэсар (1990). З 1992 г. жыве ў ЗША.

[v] …на партсходзе якраз і выключалі з партыі Аляксея Карпюка на падставе шараговых выдумак. — Карпюк быў выключаны з КПСС у 1972 г. і двума гадамі раней зьняты з пасады сакратара Гарадзенскага аддзяленьня СП БССР; у той час на яго ледзь не была заведзеная крымінальная справа. Галоўная прычына Карпюковых непрыемнасьцяў палягала ў тым, што ён, пісьменьнік і вэтэран, які ня толькі прайшоў усю вайну, але і дайшоў да Бэрліна, ня ўмеў маўчаць, калі трэба было сказаць праўду. Да прыкладу, Карпюку доўгі час прыгадвалі яго выступ на V зьезьдзе СП Беларусі (травень 1966), калі ён паўстаў на абарону В. Быкава, якога пасьля публікацыі ў часопісе «Новый мир» аповесьці «Мёртвым не баліць» пачаў шальмаваць ледзь ня ўвесь савецкі друк.

[vi] …калі ён пераехаў жыць у стольны горад. — В. Быкаў пераехаў з Горадні ў Менск напрыканцы 1977 г.

[vii] …у 1989, калі заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтар… — Беларускі ПЭН-цэнтар — рэспубліканская грамадзкая арганізацыя, заснаваная ў лістападзе 1989 г. аргкамітэтам, куды ўваходзілі 20 вядомых беларускіх пісьменьнікаў (у тым ліку А. Адамовіч, Р. Барадулін, В. Быкаў, К. Шэрман, С. Алексіевіч і інш.). Прыняты ў Міжнародны ПЭН-клюб у траўні 1990 г. на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра (аўтаномны рэгіён Партугаліі).

[viii]…касьцёл Сьвятых Сымона і Алены — Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены (вядомы таксама як Чырвоны касьцёл) — парафіяльны касьцёл у Менску, пабудаваны ў 1905–1910 гг. Пачынаючы з 2-й паловы 1940-х гг. у касьцёле месьцілася кінастудыя «Савецкая Беларусь», а ў 1975–1990 гг. —  Дом Кіно. У 1990 г. касьцёл быў вернуты Рымска-каталіцкай царкве.

[ix] Гэта быў час стварэньня і «Мэмарыялу»… — Міжнароднае гісторыка-асьветніцкае, праваабарончае і дабрачыннае таварыства «Мэмарыял» (НКА) — няўрадавая арганізацыя, асноўнай задачай якой першапачаткова было дасьледаваньне палітычных рэпрэсій у СССР. Створанае ў Маскве 28 студзеня 1989 г. Першым старшынём таварыства быў савецкі фізык, праваабаронца і палітычны дзяяч Андрэй Сахараў (1921–1989). Цяпер гэта задзіночаньне дзясяткаў арганізацый у Расеі, Нямеччыне, Казахстане, Італіі, Чэхіі, Бэльгіі, Францыі і Ўкраіне, якія вядуць дасьледчую, праваабарончую і асьветніцкую працу. Спробы зарэгістраваць аналягічную структуру ў Беларусі, зробленыя ў сярэдзіне 2000-х, засталіся беспасьпяховымі.

[x] …і «Мартыралёгу Беларусі»… — «Мартыралёг Беларусі» — добраахвотнае грамадзка-асьветнае таварыства памяці ахвяраў сталінізму. Створанае 19 кастрычніка 1988 г. у Менску ў Доме Кіно, падчас Усебеларускага ўстаноўчага сходу, у адзін дзень з аргкамітэтам партыі БНФ. У грамадзкую раду ўвайшлі З. Пазьняк (старшыня), В. Быкаў, А. Белавусаў, М. Дубянецкі, С. Грахоўскі і інш. Асноўныя мэты таварыства — выкрыцьцё масавых рэпрэсій у 1920—1950-я гг., высьвятленьне колькасьці загінулых у Беларусі, у месцах высылкі і зьняволеньня, увекавечаньне іх памяці.

[xi] Беларускі народны фронт «Адраджэньне», БНФ — грамадзка-палітычны рух за пераўтварэньне грамадзтва і адраджэньне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, разьвіцьцё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Аргкамітэт Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 г. на прапанову З. Пазьняка ў Доме Кіно падчас Усебеларускага ўстаноўчага сходу, у адзін дзень з таварыствам «Мартыралёг Беларусі». Устаноўчы сход БНФ адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989 г. У 1993 г. на грунце руху была створаная партыя БНФ.

[xii] Зянон Пазьняк (нар. у 1944) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, мастацтвазнаўца, паэт, публіцыст; з 1976 г. — навуковы супрацоўнік аддзела археалёгіі Інстытуту гісторыі АН БССР. У 1988 г. адкрыў і археалягічна дасьледаваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах. Адзін з заснавальнікаў грамадзкіх аб’яднаньняў «Мартыралёг Беларусі» Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» (1989; з 1993 г. — партыя БНФ); дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ скліканьня (1990–1996); кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ (з 1999). З 1996 г. жыве ў выгнаньні.

[xiii] …ў Доме літаратара. — Дом літаратара — будынак у Менску, разьмешчаны на вуліцы Фрунзэ, 5. Пабудаваны ў 1976 г. паводле праекту архітэктараў Ю. Грыгор’ева і В. Шубінай на сродкі сябраў Саюзу пісьменьнікаў СССР. Будынак належаў СП БССР, пасьля — незалежнаму Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У 1980-х і 1990-х гг. служыў адной з асноўных пляцовак для падзей, зьвязаных зь літаратурай і культурай, у Менску і Беларусі. У 1997 г. распараджэньнем Прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (нар. у 1954) будынак быў забраны з уласнасьці незалежнага СБП. У 2005 г. быў створаны праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які заняў Дом літаратара пасьля высяленьня зь яго Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у 2006 г.

[xiv] …з 1994 году распачалося зацятае вяртаньне ў мінулае. — Маецца на ўвазе прыход да ўлады ў ліпені 1994 г. А. Лукашэнкі.

[xv] Пасьля вялікага міжнароднага форуму ў абарону дэмакратыі і культуры, які ладзілі мы ў Менску… — Найхутчэй, маецца на ўвазе арганізаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам Міжнародны Кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры «Посттаталітарнае грамадзтва: асоба і нацыя», які прайшоў у Менску 18-20 траўня 1994 г. Ягоныя вынікі падведзеныя ў выданьні: Міжнародны Кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры «Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя»: тэксты. Дакументы. Матэрыялы. Мінск: Незалеж. выд. кампанія «Тэхналогія», 1994.

[xvi]…пасьля кангрэсаў Міжнароднага ПЭН-клюбу з нашым удзелам… — З моманту ўступленьня Беларускага ПЭН-цэнтру ў Міжнародны ПЭН-клюб да 1994 г. адбылося 6 кангрэсаў: 55-ы на востраве Мадэйра (аўтаномны рэгіён Партугаліі, 1990), 56-ы ў Вене (Аўстрыя, 1991), 57-ы ў Барсэлёне (Гішпанія, 1992), 58-ы ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразылія, 1992), 59-ы ў Дуброўніку (Харватыя, 1993), 60-ы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла (Гішпанія, 1993).

[xvii] лаянка тых самых цэрбэраў, якія атручвалі ягонае жыцьцё, як толькі ён вызначыў свае пазыцыі праўдара, не магла ўжо сьцішыцца. — Магчыма, тут К. Шэрман мае на ўвазе своеасаблівую «пераемнасць» кампаній цкаваньня В. Быкава. Першая разгортвалася ў савецкім друку і пачалася пасьля публікацыі ў 1966 г. у часопісе «Новый мир» аповесьці «Мёртвым не баліць»: ініцыятыва цкаваньня пісьменьніка сыходзіла ад КДБ СССР і ЦК КПСС. З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі ў беларускім друку рэгулярна, на працягу амаль дзесяцігодзьдзя, зьяўляліся публікацыі, у якіх імя В. Быкава шальмавалася так, як ніколі раней. Пачынаючы з 2-й паловы 1990-х і да самай сьмерці Быкава, беларускім афіцыёзам яго імя падавалася, за рэдкім выняткам, выключна ў нэгатыўным пляне. Так, А. Лукашэнка сьцьвярджаў, нібыта Быкаў «претендует, допустим, на Смоленскую, Брянскую и Псковскую области. Что это наши белорусские области. Надо их присоединить к Беларуси. Он о Белостоке ставит вопрос» (Макаловіч І. Прэзідэнт не можа наладзіць добрых адносін не толькі з Васілём Быкавым, але і з усім Саюзам беларускіх пісьменнікаў // Народная воля. 1997. 16 мая). А 17 сакавіка 2001 г. у перадачы БТ «Тайные пружины политики» Быкава назвалі «литературным полицаем» і «Василием, не помнящим родства». На ініцыятыву пісьменьніка Алеся Пашкевіча (нар. у 1972) пасьля выхаду перадачы беларускія пісьменьнікі выступілі зь лістом у абарону Быкава, сярод падпісантаў быў і К. Шэрман. Цікава, што і гэты ліст, і падобны ліст, складзены ў абарону Быкава ў 1960-х, падпісаў паэт Анатоль Вярцінскі (нар. у 1931).

[xviii] Гэтак Васіль апынуўся ў Фінляндыі (у мяне на стале здымак зь ім, зроблены ў Гэльсынкі), а пазьней у Віпэрсдорфе каля Бэрліна, у Франкфурце-на-Майне. — У Фінляндыі В. Быкаў жыў з чэрвеня 1998 г., а зь лютага 2000 г. — у Нямеччыне.

[xix] Пазьней, падчас канфлікту з кіраўніком БГК… — Гаворка пра Тацьцяну  Процьку (нар. у 1951), старшыню Беларускага Гэльсынскага камітэту (1995–2008). «Беларускі Гэльсынскі Камітэт» (БГК) —самастойнае незалежнае некамэрцыйнае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне, заснаванае ў мэтах ажыцьцяўленьня гуманітарнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. БГК быў створаны ў 1995 годзе на Кангрэсе Беларускага ПЭН-цэнтру ў Іслачы (зарэгістраваны 1 лістапада). Заснавальнікамі сталі В. Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойму БГК), С. Алексіевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, Р. Гарэцкі, А. Патупа, Ю. Хадыка, К. Шэрман і інш. Карлас Шэрман мае на ўвазе канфлікт унутры БГК, выкліканы спробамі Процькі займацца палітычнай дзейнасьцю ад імя арганізацыі. Канфлікт адбываўся ў 2000 годзе і ў верасьні прывёў да расколу, у выніку якога з шэрагаў БГК выйшла 17 праваабаронцаў.

[xx] гэты факт быў наўмысна скажоны брыдотнай кампаніяй лухты… — У чэрвені 2000 г. 14 сябраў Назіральнага сойму БГК выступілі з адкрытым лістом, у якім выказваўся недавер старшыні БГК Тацьцяне Процьцы. Першым значыўся подпіс Васіля Быкава, па даверанасьці пастаўлены Карласам Шэрманам: паводле ягоных словаў, Быкаў, які тады жыў у Нямеччыне, тэлефонна выказаў згоду падпісаць заяву. Напярэдадні сходу Менскай філіі БГК 8 верасьня, на які выносілася пытаньне пра недавер старшыні арганізацыі, Процька патэлефанавала Быкаву і той, паводле ейных словаў, праз гучную сувязь у прысутнасьці сябраў Рады БГК і прадстаўніка  Міжнароднай Гэльсынскай Фэдэрацыі адмовіў факт, што даваў згоду на подпіс, але публічнай заявы на гэты конт ад Быкава не пасьледавала.

[xxi]…ён быў засмучаны зьбіцьцём «маладымі патрыётамі» свайго ўнука-студэнта, які трапіў у лякарню. — Немагчыма сказаць, што меў на ўвазе Шэрман, бо, паводле слоў абодвух сыноў В. Быкава — Сяргея і Васіля, падобная гісторыя з унукамі Васіля Ўладзімеравіча не здаралася. (Паводле гутарак аўтара камэнтароў з С. і В. Быкавымі. Лістапад 2012 г.)

[xxii] …не карыстацца пляцоўкай БГК на вядзеньне собскай палітычнай працы… — У сакавіку 2000 г. Тацьцяна Процька ўвайшла ў склад працоўнай групы па правядзеньні «грамадзка-палітычнага дыялёгу» з уладамі, ініцыяванага прэзыдэнтам А. Лукашэнкам. Гэта выклікала нязгоду часткі сябраў Назіральнага сойму БГК, сярод якіх быў і Карлас Шэрман. Вось як тлумачыў нязгоду з Тацьцянай Процькай праваабаронца Барыс Звозкаў (1949–2012) у інтэрвію радыё «Свабода» 13 чэрвеня 2000 г.: «Сутнасьць прэтэнзіяў у тым, што хтосьці ўзмоцнена спрабуе ўцягнуць Беларускі Гэльсынскі Камітэт у палітычную дзейнасьць, чаму мы ўзмоцнена пярэчым, бо ў нас надта шмат іншых клопатаў у праваабарончай дзейнасьці, мы павінны займацца імі, а палітыка – гэта ня нашае поле, мы там гуляць не павінны. Уцягвалі нас у лік ініцыятараў “дыялёгу”, супраць чаго мы доўга выступалі і ўрэшце ў гэтым “дыялёгу” ўдзелу ня бралі. Для нас непрымальны таксама ўдзел у выбарчай кампаніі. І я мяркую, што пэўныя высновы будуць зробленыя — БГК ня будзе гуляць на палітычным полі» (Інтэрнэт-крыніца: https://www.svaboda.org/a/24832884.html). Пазьней, нягледзячы на рашэньне Рады БГК пра няўдзел у выбарчых камісіях ды ў іншых аспэктах кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога скліканьня ў кастрычніку 2000 г., некаторыя актывісты БГК усё-ткі балятаваліся ў дэпутаты, аднак Процькі ў іх ліку не было.

[xxiii] …ў недарэчным дыялёгу з уладамі… — Большасьць апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацыяў скептычна паставіліся да ўдзелу ў прапанаваным уладамі «грамадзка-палітычным дыялёгу». У Беларускім ПЭН-цэнтры таксама абмяркоўвалі гэтую прапанову. У выніку на пасяджэньні Рады 17 сакавіка 2000 г. было прынятае рашэньне ня браць удзелу ў дыялёгу на падставе пунктаў 1.4 і 3.8. Статуту РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар», якія забараняюць арганізацыі і яе сябрам удзельнічаць у палітычных мерапрыемствах і ўмешвацца ў дзяржаўную палітыку. (Паводле архіву Беларускага ПЭН-цэнтру.)

[xxiv] Вацлаў Гавэл (Václav Havel, 1936–2011) — чэскі пісьменьнік, дысыдэнт, праваабаронца і дзяржаўны дзяяч, апошні прэзыдэнт Чэхаславакіі (1989–1992) і першы прэзыдэнт Чэхіі (1993–2003). Удзельнічаў у шэрагу актыўнасьцяў Міжнароднага ПЭН-клюбу.

[xxv] Крыху пазьней у Празе знайшлі ў яго падобную хваробу, праўда, іншага характару, дасьведчаныя хірургі зрабілі апэрацыю, але ж ня здолелі пакінуць яму, сьветламу, шанцаў. — Апэрацыя В. Быкаву была зроблена 27 сакавіка 2003 г. чэскім хірургам Паўлам Пафкам (Pavel Pafko, нар. у 1940), які ў 1996 г. апэраваў прэзыдэнта Чэхіі В. Гавэла.

[xxvi]…калі я зьехаў часова ў Нарвэгію са спадзевам на лекаваньне, дзе на гэны момант мяне неаднойчы апэравалі на лёгкае і рэальна дасюль ратуюць як толькі могуць. — У Нарвэгіі Шэрман жыў з канца сьнежня 2002 г. Тут ён перанёс 12 апэрацый, памёр падчас 13-й (жыў у Крысьціянсандзе, але апэрацыі рабіліся ў Осла).

[xxvii] Ірэна Міхайлаўна, Васілёва жонка… — Ірына Быкава (нар. у 1927), другая жонка В. Быкава, захавальніца ліаратурнай спадчыны пісьменьніка. У 1970-х была супрацоўніцай аддзелу культуры газэты «Гродненская правда», дзе працаваў літаратурным кансультантам В. Быкаў.

[xxviii] Народныя паховіны… — Цырымонія разьвітаньня з В. Быкавым, якая пачалася ў Доме літаратара 25 чэрвеня 2003 г. а 10-й раніцы, была працягнута да дзьвюх гадзін дня, бо разьвітацца зь пісьменьнікам прыйшло больш за 50 тысяч чалавек. Труну зь целам Быкава несьлі на руках да плошчы імя Я. Коласа, пасьля паставілі ў катафалк, які пехатой праз увесь горад праводзілі да Ўсходніх могілак некалькі тысячаў чалавек.

[xxix] Выкарыстаць апошнюю кропку Васілёвага жыцьця дзеля афіцыёзнай прапаганды не ўдалося, нават шэрагам «вытанчаных» правакацыяў наступных дзён. — Неўзабаве пасьля пахаваньня В. Быкава, калі са Сьветлагорску вярнуўся А. Лукашэнка, які ў дзень пахаваньня зь Менску зьехаў, беларускія дзяржаўныя СМІ (у прыватнасьці беларускія тэлеканалы і газэта «Советская Белоруссия») ганьбілі апазыцыю, якая нібыта «устроила пляску на костях». Разам з тым Лукашэнка даручыў дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі ўдасканаліць інфармацыю аднаго з расейскіх тэлеканалаў, нібыта беларускія ўлады перашкаджалі пахаваньню Быкава. У выніку карэспандэнт расейскага тэлеканалу НТВ Павел Селін (Павел Селин, нар. у 1974) быў ня толькі пазбаўлены акрэдытацыі, але і дэпартаваны зь Беларусі, а сам карпункт НТВ быў часова зачынены.

[xxx] Сьціплы наш Васіль ніколі не лічыў сябе духоўным лідэрам альбо сумленьнем нацыі… — «Сумленьнем нацыі» В. Быкаў упершыню публічна быў названы ў лісьце наваполацкіх студэнтаў, які ў лістападзе 1988 г. быў надрукаваны ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Сам Быкаў лідэрам і апосталам называў старшыню Беларускага народнага фронту З. Пазьняка, пра сябе ж пісаў: «Я ня лідэр і не “сумленьне нацыі”, я просты, біты жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным» (Быкаў В. Поўны зб. тв.: у 14 т. Т. 8. С. 416.).


АНЁЛЫ БЫКАВА

З кнігі Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» 

У нядзелю 22 чэрвеня 2003 году я быў з гасьцямі на Карлавым мосьце, калі зазваніў тэлефон: у Менску памёр Васіль Быкаў. На мосьце выключылі гук, застыла Влтава, толькі чэрвеньскае сонца сьляпіла промнямі, якія былі пасланыя на зямлю восем хвілін таму, калі Быкаў быў яшчэ жывы.

Празь дзьве гадзіны мы з калегамі сядзелі ў студыі ў жывым этэры. Навіны, першыя рэакцыі зь Беларусі і сьвету, спробы зразумець маштаб страты і ацаніць месца ў гісторыі — і, канечне, голас самога пісьменьніка.

Я думаю, Свабода мае найвялікшую калекцыю запісаў Быкава — ён ніколі не адмаўляў у інтэрвію, браў удзел у круглых сталах, мы вялі рэпартажы зь ягоных публічных выступаў, ён сам дыктаваў камэнтары. Падчас аднаго з прыездаў Быкава ў Прагу я папрасіў яго адабраць і начытаць некалькі фрагмэнтаў сваіх аповесьцяў, у нас таксама было шэсьць гадзінаў яго запісу «Доўгай дарогі дадому».

Мы пазнаёміліся ў 1988 годзе, калі Быкаў напісаў прадмову да маёй першай кніжкі, якая расказвала пра сталінскі тэрор у Беларусі. Узьніклі праблемы з цэнзурай, і патрабаваўся аўтарытэтны голас у падтрымку.

Гэты тэкст, «Кроў і праклён», Быкаў потым уключыў у свой шасьцітомны збор твораў. Я баюся яго перачытваць, такія там словы.

Быкаў быў дарагім аўтарам і ўважлівым слухачом Свабоды; адным з чыньнікаў яго пераезду на жыцьцё ў Прагу ў 2002 годзе стала шматгадовае сяброўства з рэдакцыяй. Мы сустракаліся па-за працай, дапамагалі з фармальнасьцямі, разам езьдзілі ў амбасаду Беларусі, бо ў жонкі Ірыны Міхайлаўны скончыўся пашпарт, гулялі па Празе, адведвалі яго ў шпіталі, выдатна разумеючы, з кім мы побач.

Калі ў красавіку 2003-га Быкавы вырашылі паляцець у Менск, я быў у камандзіроўцы ў Амэрыцы і, калі вярнуўся, пазваніў у Менск. У Быкавых быў зваротны квіток, але вяртаньне адкладвалася: высьветлілася, што пасьля замены пашпарта іх выпісалі з кватэры. Пачалася цяжкая трасяніна, я таксама званіў у беларускую амбасаду і абвінавачваў дыпляматаў у саўдзеле ў апэрацыі спэцслужбаў, яны апраўдваліся. Неўзабаве Быкаву пагоршала, ён трапіў у шпіталь.

Празь дзень пасьля ягонай сьмерці я адлятаў на пахаваньне. З сабой вёз бел-чырвона-белы значок, які прыкалоў потым да смокінга, у якім хавалі. Пасьля сустрэчы з Ірынай Міхайлаўнай з кватэры Быкавых паехаў у Саюз пісьменьнікаў. Калі заходзіў у прыёмную старшыні, раптам пачуў сваё імя: раздражнёны голас абураўся, што вось прыляцеў Лукашук з Прагі і будзе тут зараз камандаваць. Я ня ведаў асабіста міліцэйскага генэрала Мікалая Чаргінца, якому Быкаў некалі напісаў прадмову да кніжкі дэтэктываў, але здагадваўся, чаму былы кіраўнік выбарчага штабу Лукашэнкі так пераймаўся. Я назваўся, але рукі падаваць ня стаў.

Дзяржаўную камісію пахаваньня ўзначальваў міністар культуры, вяліся няспынныя перамовы, тузалі Ірыну Міхайлаўну, спрачаліся, каму даць слова, каму не, ці можна несьці труну па вуліцы, ці дазволеная нацыянальная сымболіка, успыхвалі і гасьлі чуткі, панаваў звычайны ў такіх справах туман. Які расьсеяўся, калі старэйшы сын Васіль пакрыў труну бел-чырвона-белым сьцягам і дзяржаўная камісія ўцякла як чорт ад ладану.

Ці ад анёла.

Я неяк папрасіў Быкава адказаць на гэтак званую анкету Пруста, і там ёсьць пытаньні пра сьмерць. Быкаў адказваў, што сьмерць — натуральная зьява, і стаўленьне да яе павінна быць натуральным. Наконт таго, якой сьмерцю хацеў бы памерці, быў ляканічны: раптоўнай. На пытаньне, ці ёсьць у яго анёл-ахоўнік, Быкаў сказаў, што некалькі разоў меў магчымасьць пераканацца, што ёсьць: «Як ён выглядае, як завецца, я ня ведаю. Але напэўна ёсьць, таму што некаторых момантаў свайго жыцьця я не магу растлумачыць як толькі ўмяшаньнем, пакравіцельствам іменна анёла-ахоўніка».

«Анёл зьявіўся ў Беларусі», — так, нечакана для мяне самога, я пачаў свой выступ на паніхідзе. Разьвітальныя прамовы трансьляваліся ў этэры Свабоды, іх слухалі на вуліцы перад Домам літаратара. Усе яны апублікаваныя ў кнізе «Быкаў на Свабодзе» — бо мы іх, як і шмат што іншае ў той дзень, запісалі.

Рэпартэры Свабоды працавалі нон-стоп, слухачы і чытачы ведалі ўсё, што адбываецца. Людзі зьбіраліся каля Дому літаратара, ехалі з усёй Беларусі, каб пад бел-чырвона-белымі сьцягамі годна ў смутку прайсьці жалобным шэсьцем праз увесь горад, дзе сілы зла раптоўна адступілі перад нейкай вышняй сілай.

Калі час ператвараецца ў гісторыю, місія журналісты-кі — гэтую трансфармацыю зафіксаваць, захаваць, каб асэнсаваць і так фармаваць будучыню. Я так разумеў сваю ролю і ролю Свабоды. Генэрал Чаргінец быў недалёка ад ісьціны, калі думаў, што я буду камандаваць: толькі ня тым, што і як павінна адбывацца, а каб захаваць праўду пра тое, што адбываецца. Праўдай камандаваць нельга, яна сама камандуе.

Паніхіду адкрывалі блізкія сябры пісьменьніка, гава-рылі замежныя госьці, я завяршаў. Магчыма, гэта проста журналісцкі інстынкт — даць слова герою, але мне падавалася надзвычай важным, каб на разьвітаньні прагучаў голас самога Васіля Ўладзіміравіча.

Я прывёз з сабой аўдыёзапіс і дамовіўся, каб уключылі падчас майго выступу. Быкаў адказвае на пытаньне, навошта пісаць: «Усё ж яшчэ пакуль што можна чуць, што пішуць мастакі, ствараюць мастакі. Але справа нават ня ў гэтым. Нават калі нічога ніхто не пачуе, усё роўна наш абавязак творцаў — гэта тварыць, памятаючы, што ісьціна ўсё-такі за намі. За імі, тымі, хто выступае супраць, — перамога, а за намі — ісьціна. Вельмі важнае даўняе выслоўе “Рабіце што трэба, і хай будзе што будзе”. Вось у гэтым ёсьць абавязак і, можа быць, апошняе спадзяваньне мастака ў наш час».

І журналіста таксама.