Фрагмэнты ўспамінаў дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода (1998-2023)
Сябра Беларускага ПЭНа, ляўрэат прэміяў імя Фрацішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча Аляксандар Лукашук расказвае, як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і зь ім самім.
Кніга «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выходзіць у выдавецтве «Вясна» ў гэтым месяцы. Плянуюцца прэзэнтацыі ў Варшаве, Вільні, Празе – сачыце за навінамі.
Беларускі ПЭН з нагоды выхаду кнігі публікуе зь яе два фрагмэнты. У першай часты Аляксандар Лукашук распавядае аб тым, як зьявілася «Бібліятэка Свабоды», а ў ёй — Сьвятлана Алексіевіч. Другая частка прысьвечаная Імёнам Свабоды і таму, як імёны беларускіх палітвязьняў загучалі з вуснаў былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.
Агностыка па-беларуску
Усе кажуць, што Беларусь — краіна паэтаў. З большым правам можна сказаць, што Беларусь — краіна нон-фікшн. Першая і адзіная ў сьвеце Нобэлеўская прэмія за нон-фікшн мае беларускі адрас (шэсьць тамоў мэмуараў Ўінстана Чэрчыля пра Другую сусьветную вайну ўсё ж трохі іншая гісторыя. Ён нават засмуціўся, калі ўведаў, што прэмія за літаратуру, а не за мір).
У Беларусі нарадзіліся дакумэнтальныя споведзі з вогненных вёсак, на гэтай глебе ўзьнікла самае вядомае вызначэньне такой зьявы: звышлітаратура.
«Звышрадыё», «больш чым радыё» — не тэлебачаньне, не інтэрнэт, не сацсеткі, а, канечне, кнігі.
«Бібліятэку Свабоды» ўдалося стварыць дзякуючы адмаўленьню, што гэта бібліятэка.
Апошнім маім месцам працы перад пераездам у Мюнхэн было выдавецтва «Беларусь», дзе я быў галоўным рэдактарам. Гэта асобная гісторыя, ня тут і цяпер. Скажу толькі, што першая кніга, якую я як галоўны рэдактар ініцыяваў, называлася «Іншадумцы», была прысьвечаная нефармалам, як тады называлі людзей будучыні, і атрымала дзяржаўную прэмію тады яшчэ дэмакратычнай Беларусі. Новую выдавецкую сэрыю эсэістыкі я назваў «Плошча свабоды», і адкрывала яе кніга Васіля Быкава «На крыжах», потым ішоў «Апакаліпсіс па графіку» Алеся Адамовіча, «Агонія намэнклятуры» дэпутата Івана Герасюка, творы Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча…
Я думаў кнігамі. На радыё трэба было думаць радыё. Але як быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі? Скарына нават мэдычны дактарат, атрыманы ў самой Падуі, прамяняў у Празе на найноўшую тэхналёгію шаснаццатага стагодзьдзя — друк.
— Мы не кнігавыдавецтва, — са шкадаваньнем гледзячы на мяне, казаў начальнік аддзелу маркетынгу Фрэнк Ўільямз, калі я прыйшоў па грошы. Фрэнк раней працаваў на Бі-Бі-Сі, займаўся трэнінгам, як намесьнік дырэктара кіраваў Расейскай службай і быў самым прафэсійным радыёрэдактарам, якога я калі-небудзь сустракаў.
— Гэта ня кнігі, — нахабна гледзячы ў вочы барадатаму валійцу (Фрэнк паходзіў з Ўэльсу і ніколі не называў сябе англічанінам), адказваў я. — Гэта альтэрнатыўны спосаб дастаўкі кантэнту.
Рэч была ў тым, што цалкам ягоны дэпартамэнт называўся «Маркетынг і філіялы», і Фрэнк адказваў за рэтрансьляцыю РСЭ/РС. Ён заключаў дамовы зь мясцовымі радыёстанцыямі, якія трансьлявалі нашыя праграмы на FM-хвалях у Расеі, Казахстане, Грузіі, Малдове, Украіне. Усюды, апроч Беларусі. Беларусь была адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе Свабода ніколі ня мела мясцовай рэтрансьляцыі і працягвала працаваць, як у часы халоднай вайны, — на кароткіх хвалях, зь перадатчыкамі ў Гішпаніі, Нямеччыне і Марока.
Хвалі мяняліся двойчы на год, прыём залежаў ад сонечнай актыўнасьці, часу дня, магутнасьці перадатчыкаў, якасьці прымачоў і цярплівасьці слухачоў. Палова майго часу ішла на выбіваньне зручных частотаў, лепшых перадатчыкаў, маніторынг сыгналу, на адказы на скаргі аўдыторыі.
Аднойчы ў начны жывы этэр дазваніўся слухач са скаргай, што ня можа злавіць наш сыгнал, нічога не чуваць. Вядучая пацікавілася, які ў яго прымач, можа ў гэтым праблема.
— Мой прымач большы за вашу студыю, — абурыўся слухач. — Я званю з радыёрубкі майго карабля, мы ідзем цяпер каля Грэцыі, я капітан.
Вядучая спалохана спыталася, хто ж тады кіруе суднам, як бы не напароліся на скалы, — інтэрвію з капітанам, які быў родам з Гомельскай вобласьці і любіў беларускія перадачы, атрымалася незабыўнае.
Але кароткімі хвалямі займаўся Вашынгтон, і мая супраца з Фрэнкам была спачатку абмежаваная рэклямнымі кампаніямі ў беларускім друку, потым мы патроху пашырылі яе на выраб каляндарыкаў з раскладам вяшчаньня і карцінамі беларускіх мастакоў, выпуск паштовак, постэраў — іншымі словамі, я паціху пасьвіўся на ягоным бюджэтным полі. Аднак кнігі на полі маркетынгу і рэтрансьляцыі не вадзіліся.
Але якраз у той час пачала мяняцца прафэсійная лексыка — папулярнасьць набыў тэрмін «плятформа», як сталі называць і радыёчастоты, і інтэрнэт-сайты, і тэлебачаньне. Кантэнт, ён жа зьмест, адвязваўся ад формы нараджэньня і фармату канкрэтнага носьбіта і разьмяшчаўся на «плятформах». Нават уладальнік The New York Times, самай газэтнай з газэтаў, заявіў, што ён агностык што да плятформаў.
Агнастыцызм, як вядома, рэч філязофская, эпістэмалягічная і тэалягічная — іншымі словамі, цьмяная, і таму дзейсная. Пытаньне было толькі ў тым, наколькі сам начальнік маркетынгу быў агностыкам. Пачуўшы пра «дастаўку кантэнту», Фрэнк задумаўся на сэкунду — і здаўся.
Кажуць, што журналістыка жыве адзін дзень. Радыё да дыгіталізыцыі жыло яшчэ менш — пакуль гучала ў этэры. Але дзень ці хвіліну, журналістыка, як і ўсё жывое, робіць адну справу — змагаецца з энтрапіяй. «Бібліятэка Свабоды» перамагае яе ўжо дваццаць гадоў.
Тэксты, песьні, чытанкі, малюнкі, створаныя на Свабодзе, дастаўляліся аўдыторыі на плятформах радыё, тэле, інтэрнэту. Потым кантэнт разьмяшчаўся на плятформе папяровых аркушаў і дастаўляўся паводле прызначэньня — у рукі чытачоў, у хатнія, навучальныя, дзяржаўныя бібліятэкі, рэдакцыі, розныя ўстановы, на прыватныя і ня надта адрасы па ўсёй краіне і за мяжой.
Мы выпусьцілі дзясяткі кніг, ад сучасных мэмуараў да судовых рэпартажаў, ад турэмных хронік да сатыры, ад мэдычных парадаў да літаратурных эсэ, ад моўных падручнікаў да гістарычных энцыкляпэдыяў, ад аўдыё-кніг да дыскаў з сотнямі бардаўскіх песень. Ёсьць там і кнігі пра Скарыну.
На выданьні «Бібліятэкі» спасылаюцца ў дысэртацыях, манаграфіях, падручніках, у Вікіпэдыі. Гэтая брама скарбаў заўсёды расчыненая.
У Беларусі трэба быць агностыкам.
Панарама эпіграмаў
Лічыцца, што журналіст павінен быць незаўважным у сваіх рэпартажах, не станавіцца часткай гісторыі, якую расказвае. Але сапраўднага стылю інструкцыямі не задушыш, дый ня трэба, і пра карэспандэнтаў Свабоды можна напісаць асобную кнігу.
Калі Радыё Вызваленьне пачынала вяшчаньне на пачатку 1950-х, карэспандэнтаў у сталінісцкай краіне быць і не магло. На радыё працавалі эмігранты, і так працягвалася да 1990 году, калі ўпершыню з 20 траўня 1954-га ў этэры беларускай Свабоды прагучаў голас Яся Валошкі зь Менску.
Алесь Ліпай, які абраў гэты мілагучны псэўданім, працаваў тады ў самай папулярнай газэце Беларусі «Знамя юности». Супрацоўнік мюнхэнскай рэдакцыі набраў нумар менскага тэлефону газэты, каб папрасіць камэнтар — а раптам галоснасьць дайшла і да сталіцы Вандэі, як тады называлі Беларусь? Адказаў Алесь — і астатняе ўжо гісторыя, у тым ліку і стварэньне першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
За трыццаць наступных гадоў дзясяткі чалавек супрацоўнічалі са Свабодай у Беларусі. Карэспандэнты былі ва ўсіх абласных цэнтрах, сярод супрацоўнікаў былі як прафэсійныя журналісты — выпускнікі БДУ, эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтаў, — гэтак і гісторыкі, філёлягі, матэматыкі, адзін прафэсар эканомікі і адзін кандыдат магічных навук. Прынамсі, меў, здаецца, і такое пасьведчаньне.
Афіцыйна акрэдытацыю ў МЗС меў толькі тузін чалавек. Што замінала, але не перашкодзіла стварыць паўнацэнную творчую арганізацыю, якая разьвівалася, расла, мянялася і мяняла жыцьці супрацоўнікаў і аўдыторыі, — і ўсё па-беларуску, ад навінаў у радыё і тэлеэтэры і на інтэрнэт-плятформах да кніг. І само сабой — не само сабой, а людзьмі, свабодаўцамі.
«Бібліятэка Свабоды» хоць і пачалася з кнігі паэзіі, уяўляе сабой калекцыю перш за ўсё дакумэнтальнай літаратуры. Але ёсьць у «Бібліятэцы» адна кніга, якая спалучыла паэзію і нон-фікшн.
У 2004 годзе мы прыдумалі гадавы цыкль эсэ на тэму, як беларусы нешта робяць па-беларуску: ходзяць у госьці і сябруюць з суседзямі, ваююць і сэксам займаюцца. Аўтарам апошняга скандальнага эсэ быў паэт Рыгор Барадулін, і мы вырашылі выдаць гэты і іншыя ягоныя выступы на Свабодзе кніжкай. Але выдаваць кнігу паэта бязь вершаў было б непрыстойна. У той год мы адзначалі юбілей — 50-годзьдзе выхаду ў этэр, і я папрасіў Барадуліна, майстра імправізацыі, напісаць эпіграму на кожнага нашага калегу.
Віртуоз рыфмаў ведаў палову калектыву, дасьціпны рэдактар кнігі Саша У. ахарактарызаваў паэту другую палову — так зьявілася самая неверагодная ў беларускай журналістыцы і беларускай паэзіі партрэтная галерэя, семдзесят эпіграмаў на журналістаў Свабоды, створаных народным паэтам Беларусі.
У Барадуліну ўжываліся дзьве душы, як відаць зь ягоных дзёньнікаў, дзе чорныя чалавечыя слабасьці часам засьцяць вочы. Але эпіграмы нарадзіла сьветлая частка. Усе яны надрукаваныя ў кнізе «Дуліна ад Барадуліна».
Свабодаўцы!
Вяшчуйце сьветлы дзень,
Каб ён не затрымаўся
У дарозе.
Каб зь Беларусі сплыў
Калючы цень.
І падарыце ўсьмешкі
Перамозе…
У верасьні 2022-га, калі я цытую гэтыя радкі з нашай даўняй кніжкі, з усьмешкамі складана. Але перамога, як і параза, — ня вынік, а стан. Кніга свабоды ня мае канца.
Nobel і Google
Самая важкая і самая важная кніга ў нашай «Бібліятэцы» называецца «Імёны Свабоды». Яна энцыкляпэдычна дакладная і гістарычна пазачасовая, гэта біблія веры ў краіну, народ і будучыню. Там пад тысячу старонак, яна ўжо вытрымала пяць выданьняў, і сьпіс герояў — людзей, якія сваім ужо завершаным жыцьцём павялічвалі свабоду Беларусі, увесь час расьце.
А самая рэдкая кніга «Бібліятэкі» — адначасна і самая рэдкая ў сусьветнай спадчыне нобэлеўскіх ляўрэатаў. На яе вокладцы імя Сьвятланы Алексіевіч, і яна выйшла ў лістападзе 2015 году, празь месяц пасьля абвяшчэньня ляўрэатаў, але яшчэ перад Нобэлеўскай лекцыяй. Наклад — адзін асобнік.
На паліцах «Бібліятэкі» цяпер яшчэ тры кнігі ляўрэаткі, апошняя — «100 цытатаў на Свабодзе», адразу на чатырох мовах, па-беларуску, па-ўкраінску, па-расейску і па-ангельску.
Але шлях да іх пралёг праз Стакгольм — літаральна.
Калі было абвешчанае імя ляўрэаткі ў кастрычніку 2015 году, мы адразу вырашылі выдаць кнігу, сабраць усё, што было сказана ёй і пра яе на нашых хвалях і сайце. Я паслаў Сьвятлане віншаваньне і паведаміў пра наш намер. Яна падзякавала і адмовілася. Ня бачыць сэнсу ў зборы сваіх выказваньняў для журналістаў.
Пару год перад тым я напісаў быў любоўны, але трохі іранічны агляд часопісу «Дзеяслоў», дзе быў надрукаваны яе «Час second hand», і параўнаў Алексіевіч з Джойсам, бо абое не атрымалі Нобэля. Агляд перадрукавала адна папулярная газэта, зьмяніўшы загаловак на «Аляксандар Лукашук зьнішчальна крытыкуе Сьвятлану Алексіевіч». Артыкул пайшоў гуляць па расейскамоўным інтэрнэце зь перакладам Google: «Александр Лукашук истребительно критикует Светлану Алексиевич».
Я ведаў Сьвятлану з канца 1980-х, хадзіў падтрымаць яе на судах за афганскія публікацыі. У выдавецтве, дзе я быў галоўным рэдактарам, мы выпусьцілі яе «Цынкавых хлопчыкаў» па-беларуску. Яна таксама ведала мае антысталінскія публікацыі, якія падтрымлівалі Быкаў і Адамовіч, як некалі падтрымлівалі Сьвятлану. Ці была яе адмова ў супрацоўніцтве зьвязаная з маёй «истребительной» крытыкай — ня ведаю. Хутчэй не, Сьвятлана сапраўды скептычна ставілася да прамоўленага слова, якое на паперы выдае сябе за напісанае. Верагодна, на яе ўплывала яе ўласная практыка пяць-шэсьць разоў распытваць суразмоўцу пра тое самае, каб дакапацца да праўды.
Ляўрэатка відавочна недаацэньвала саму сябе. Сабраныя за некалькі дзесяцігодзьдзяў інтэрвію, камэнтары і тэксты пра яе складаліся ў цікавую драму. І ўсё ж выдаваць кнігу насуперак волі першай нобэлеўскай ляўрэаткі зь Беларусі мая «истребительная» рука не падымалася.
Зь нявыкруткі ёсьць толькі адзін шлях — нешта зрабіць. Мы аддрукавалі адзін асобнік і перадалі сяброўцы Сьвятланы Юліі Чарняўскай, якая ляцела ў Стакгольм на Нобэлеўскую цырымонію.
Прайшлі ўрачыстасьці, мінуў тыдзень, другі. І раптам — мэйл: я прачытала кнігу, сама зьдзівілася, як цікава, вельмі добра папрацаваў рэдактар, Сяргей Н., я ня супраць, друкуйце.
Радасьці не было межаў. Сьвятлана прадэманстравала нобэлеўскую клясу.
Мы дапоўнілі кнігу нобэлеўскімі рэпартажамі, і другое выданьне кнігі «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе» выйшла масавым накладам спачатку па-беларуску, потым па-расейску.
Пераклад ня Google.
Узяць тэлеграф
Кожная кніга «Бібліятэкі Свабоды» мела сваю прэм’еру на сцэне — прэзэнтацыю. Менскія адрасы кніжнай свабоды — Палац мастацтва, Дом літаратара, сядзібы БНФ, «Вясны», музэй Багдановіча, амбасада ЗША, Кнігарня «Ў», « Галерэя Ў», крэатыўныя прасторы ОК, «Гарызонту», карчма ў Траецкім прадмесьці, канфэрэнц-залі гатэляў… Поўныя залі і сьціплыя кватэрнікі, менскія двары і летнікі пад адкрытым небам, ня толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх рэгіёнах і за мяжой, жывыя трансьляцыі, чэргі па аўтографы, выступы аўтараў і чытачоў — усё гэта было сьвятам.
Некаторыя адрасы былі сакрэтныя: на спэктакль Свабоднага тэатру паводле кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы» аўдыторыю дастаўлялі адмысловыя праваднікі: забіралі гледачоў ва ўмоўленым месцы і вялі дварамі на паказ.
Але два сьвяточныя адрасы стаяць асобна — імі распараджаліся ўлады. Кнігу «Як. Азбука паводзінаў» прэзэнтавалі ў Дзяржаўнай філярмоніі. Адкрываў імпрэзу хор «Унія», заля была перапоўненая, унізе ахоўнікі не прапускалі жадаючых з прычыны пажарнай небясьпекі — гэтым разам рэальнай, правілы не дазвалялі займаць усе праходы. На фуршэце пасьля прэзэнтацыі адзін госьць з марксісцкай адукацыяй сфармуляваў пытаньне: Свабода ўзяла філярмонію, што наступнае — пошта, тэлеграф, масты?
Цяпер ніхто артыкулаў Леніна не вывучае, але тады ягоныя «парады збоку», як браць уладу, зубрылі перад экзамэнамі.
Выступ у філярмоніі сапраўды быў маленькай рэвалюцыяй — хоць узялі мы будынак на плошчы Якуба Коласа звычайнай настойлівасьцю. Там нават дырэктара не зьнялі.
Для прэзэнтацыі зборніка адзінай у Беларусі нобэлеўскай ляўрэаткі мы з Саюзам пісьменьнікаў шукалі сцэну месяц — СП меў афіцыйную рэгістрацыю і банкаўскі рахунак, зь якого аплаціць арэнду. Нам адмовілі ў шасьці месцах, выглядала, што па ўсім Менску адбываліся кастастрофы: замыкала праводку, прарывала трубы, лютавала санэпідэмстанцыя, пачынаўся рамонт. Напружанасьць нарастала, мы ўжо думалі пра сустрэчу пад голым красавіцкім небам, не было толькі адказу з Палацу рэспублікі — і раптам палац здаўся. У арэнду.
Мы выставілі пару соцень запросінаў на ўваход у інтэрнэце, і іх разьмялі за хвіліны. Дыпляматы, творчыя саюзы, журналісты асаджалі просьбамі — гэта была першая шырокая публічная сустрэча зь першай нобэлеўскай ляўрэаткай.
Трансьляцыю з гэтага сьвята можна знайсьці ў YouTube. На наступны дзень я напісаў свае нататкі пра тое, што ня трапіла ў этэр, якія я назваў «Шэсьць ручак Алексіевіч». Нататкі, натуральна, складаліся з шасьці частак.
Частка 1. Нобэлеўская арэнда
— Чаму вам далі Палац рэспублікі? — гэтае пытаньне задаюць знаёмыя, малазнаёмыя і незнаёмыя.
— Далі, бо Саюз беларускіх пісьменьнікаў — аўтарытэтная арганізацыя, — аўтарытэтна адказвае старшыня саюзу Барыс П., які падпісваў дамову арэнды ад імя СБП.
Я спрабую пажартаваць пра душу, якую прадалі д’яблу, але журналісты аказваюцца атэістамі, адразу пытаюцца пра камэрцыйную таямніцу — за колькі.
Палацавае начальства шматлікае і разнастайнае, і вэрсіі адказу мяняюцца ад неверагоднага зьдзіўленьня («А што тут такога, у нас вось нават гурт «Рамштайн» выступаў!»), да канстатацыі відавочнага («Пустуюць залі, няма чым запоўніць, на траціну ўжо штат скарацілі…»). У канцы нават даходзіць да намёкаў («Мы самі прымаем рашэньне цалкам самастойна, але было яшчэ некалькі інстанцый, ня ведаем колькі»).
Не пытаецца адна Сьвятлана, яна адразу адказвае: відаць, усё ж хочуць у Эўропу.
Частка 2. Нобэлеўская расчоска
Таксі са Сьвятланай не прапускаюць праз шлягбаўм, і мы з Барысам П., пісьменьніцай і яе сяброўкай абыходзім Палац вакол. Даволі доўга ісьці. Вецер, дождж, на агульным уваходзе натоўп, знаёмыя — і кожнаму (адмысловая рыса Алексіевіч) яна знаходзіць час, слова, задае пытаньні. Выслухоўвае, прычым усё гэта неяк безь мітусьні, спакойна, здаецца, нават павольна. Але ўсё ж праходзім у грымёрку, і нават не спазьняемся. І тут Сьвятлана кажа, што забылася расчоску.
Першы з краю ў залі сядзіць вядомы крытык Ціхан Чэ, і я спрабую пазычыць у яго расчоску. У крытыка расчоскі няма.
— У нашым саюзе крытыка непрычасаная, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — А ў другім усе лысыя.
Выратоўвае дзяўчына ў бэзавай кофтачцы. Сьвятлана прычэсваецца перад люстэркам, потым я вяртаюся ў залю — але дзяўчыны няма. Аддаю расчоску Ціхану Чэ. Што-та цяпер будзе з крытыкай?
Частка 3. Нобэлеўскае фае
Як толькі была абвешчана аўтограф-сэсія, палова залі апынулася на сцэне, і жывая чарга апляла Сьвятлану злева, справа, ззаду, сьпераду, а некаторыя асабліва энэргічныя асобы наладзілі чаргу зьверху, над ляўрэаткай.
— Высокага палёту людзі, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — Гэта нічога, галоўнае, каб з падпольля не палезьлі.
Час арэнды сканчаецца праз гадзіну, становіцца відавочна, што нават палова ахвочых не атрымае аўтограф, і я прапаноўваю людзям у канцы чаргі паставіць факсымільны аўтограф — Сьвятлана дазволіла зрабіць пячатку зь ейным подпісам. Падыходзяць некалькі чалавек, якія больш ня могуць чакаць, трэба на цягнік ці аўтобус, — я стаўлю можа з два дзясяткі пячатак. Рэшта на спакусу не паддаецца і стойка працягвае чакаць цуду.
І невялікі цуд здараецца: нам даюць бонус, дваццаць хвілін, а потым даюць дазвол працягнуць сэсію ў фае.
— Дажыліся, — кажа адна жанчына. — Нобэлеўская ляўрэатка падпісвае кнігі ў калідоры.
— Не ў калідоры, а ў фае, — аўтарытэтна папраўляе Барыс. — Потым шыльду павесяць: тут працавала Сьвятлана Алексіевіч.
Над вяртаньнем у Эўропу, хочацца дадаць мне.
Частка 4. Нобэлеўскія абдымкі
Сьвятлана падпісвае кнігі, быццам у чарзе ня сотні людзей, а адзін чалавек.
Пытаецца імя, адкуль, дзе вучыцца, на каго. Адна дзяўчына кажа, што вывучае статыстыку. І як потым, ці можна пражыць з такой адукацыяй, пытаецца Алексіевіч з такім шчырым зацікаўленьнем, што ў мяне на сэкунду ўзьнікае думка, можа, яна сама хоча зьмяніць прафэсію.
— Падпісвае кнігі так, як іх піша, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — Для аднаго і пра аднаго. Галоўнае, каб абдымаліся па адным.
І расказвае, як пасьля вяртаньня са Стакгольму адзін сябра саюзу ў парыве пачуцьцяў так сьціснуў ляўрэатку, што тая потым тыдзень з хаты не магла выйсьці. Я з жахам узгадваю, што калі сустракаў Сьвятлану ля шлягбаўма на вуліцы, таксама абняў яе.
— Ты ж у касьцюме выскачыў, Сьвятлана бачыла, што замёрз, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — Здалёк можна было падумаць, што гэта яна цябе абняла.
Я яму веру.
Частка 5. Нобэлеўскія ахоўнікі
Трэцяя гадзіна аўтограф-сэсіі падыходзіць да канца, апошнія дзьве кнігі Сьвятлана падпісвае свайму любімаму карэспандэнту Свабоды Зьмітру Б., які, аказваецца, стаў у чаргу другі ці трэці раз, бо першы раз народ закрычаў, каб больш дзьвюх кніжак у адны рукі не падпісвалі. Сьвятлана ізноў цытуе Бартосікава падарожжа ў яе вясковую школу — яна перанялася ягоным прызнаньнем, што пасьля гутарак зь яе настаўніцамі Зьміцер ледзь не звар’яцеў.
Але ў гэты момант я падумаў, што звар’яцеем мы: з-за вугла і калёнаў на нас рушыць група супрацоўнікаў службы бясьпекі ў спэцформе. Будуць браць, з жахам думаю я, — і не памыляюся. Прыйшлі браць аўтографы.
У кожнага некалькі кніг «Бібліятэкі Свабоды» ў руках, просяць сабе, дзецям, маці, адзін кажа, што для бацькі, той быў дырэктарам школы.
— І мой бацька быў дырэктарам школы, — кажу я.
— Праўда? І мой таксама быў дырэктарам школы, — Сьвятлана глядзіць на мяне і ахоўніка з салідарнасьцю, пакуль я зьбіраюся зрабіць фота двух дырэктарскіх дзяцей.
— Нас фатаграфаць забаронена, прыбярыце камэру, — раптам строга кажа ахоўнік.
— Таму іх так і завуць у народзе — байцы нявідзімага фронту, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс.
Частка 6. Нобэлеўскія ручкі
Зусім магчыма, што ў гэты дзень нараджаецца новы нобэлеўскі рэкорд. Людзі прыйшлі на сустрэчу з кнігамі ляўрэаткі розных гадоў выданьня, на розных мовах, плюс кожны яшчэ атрымаў у падарунак асобнік «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Гэта была першая ў Беларусі публічная сустрэча набэліянткі з чытачамі пасьля цырымоніі ў Стакгольме, і Сьвятлана наладзіла маратон — падпісвае ўсім усё. Адну гадзіну, другую, трэцюю…
Потым я пытаю, ці ўмее яна даіць карову — проста каб ручку трымаць столькі часу, трэба мець вельмі моцную руку. Ну як у даяркі. Сьвятлана кажа, што ніколі не даіла, нічога практычнага рукамі рабіць ня ўмее, бярэ маю руку і з усіх сілаў паціскае — але нобэлеўскі поціск не сакрушальны, проста ўпэўнены, нармальны такі поціск. І я так магу. Нават мацней.
— Пісьменьнікі пішуць не рукой, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс.
— Ручкай! — здагадваюся я. Дакладней, ручкамі. Адзін з рэкордаў дня — шэсьць сьпісаных нобэлеўскіх ручак. У Сьвятланы было дзьве ці тры, сьпісаліся, пазычылі яшчэ адну, потым зноў, і ў канцы на стале ляжалі шэсьць сьпісаных ручак.
Я іх сабраў і паклаў сабе ў кішэню — па-першае, каму трэба сьпісаныя ручкі. Па-другое — а раптам там яшчэ што засталося. Спатрэбяцца для наступнага разу.
***
У гэтай гісторыі пакуль няма сёмай часткі, але яна абавязкова будзе.
Я нават ведаю дзень, калі тое адбудзецца. Як і абедзьве згаданыя прэзэнтацыі, у філярмоніі і Палацы рэспублікі, — у пятніцу.
Дырэктар і яго месца
З 2004 да 2010 году я займаў найлепшы кабінэт у Празе.
Дзьве сьцяны майго офісу ў куце чацьвертага паверху былога парлямэнту Чэхаславаччыны былі шкляныя. Падымеш вочы ад кампутара — на залатых трубах граюць і танчаць анёлы на даху дзяржаўнага тэатру опэры і балету, помніка нэаракако. Адразу за тэатрам расхінуў залатыя крылы арол на самым вялікім помніку ар-дэко ў Чэхіі, будынку вакзалу. Ажурныя аркі са шкла і чыгуну вісяць над бліскучымі сталёвымі рэйкамі. Унізе дзьве плыні аўтамабільнага патоку абцякаюць будынак радыё і зьліваюцца на мосьце праз Влтаву.
А першае, што бачылі наведнікі, якія заходзілі ў мой кабінэт, была адна з самых казачных панарамаў сьвету — тысячагадовы Град, адзін з найвялікшых у Эўропе замкавых комплексаў, сядзіба імпэратараў Сьвятой Рымскай імпэрыі, каралёў і прэзыдэнтаў Чэхіі. Нэагатычныя шпілі касьцёлу Сьвятога Віта праколвалі неба на блізкім гарызонце, які складаўся зь фігурных крыжоў, зубчатых вежаў, медных купалаў, чырвоных дахаў сярэднявечнай Прагі.
Адразу праз дарогу масіўным шэрым кубам стаяў нэаклясыцыстычны палац Пэтшэка, пабудаваны як мадэрны банк, які пазьней набыў сумную славу як сядзіба гестапа. Празь яго падвалы прайшлі 37 тысяч асобаў. На сьцяне можна прачытаць заклік да пільнасьці закатаванага там журналіста Юліюса Фучыка.
— Наш мэта — Градчаны, сядзіба Вацлава Гаўла, а шлях да яе вядзе праз палац Пэтшэка, — як падсумаваў маршрут беларускай дэмакратыі адзін мой калега.
Пасьля пераезду зь Мюнхэну гэты пакой паводле права гаспадароў заняла Славацкая служба — парлямэнт быў усё ж чэхаславацкі. Калі празь некалькі гадоў яе закрылі, мне ўдалося, пасьля кароткай вайны з суседзямі, захапіць свабодную тэрыторыю для Беларускай службы.
Наступная фраза сама пішацца клявіятурай: хто тут толькі ня быў! Васіль Быкаў і Барыс Нямцоў, Зянон Пазьняк і Алесь Бяляцкі, дачка былога прэзыдэнта ЗША Эйзэнгаўэра і цяперашні рэдактар часопісу The New Yorker, былыя савецкія дысыдэнты і беларускія кандыдаты ў прэзыдэнты, старшыня Рады БНР і першы кіраўнік Беларусі, госьці з усяго сьвету і з усіх паверхаў будынку, якія заглядвалі на келіх віна пятнічнымі вечарамі.
Умова была — прыносіць келіх з сабой. Калега з Расейскай службы пісьменьнік Пеця Вайль аднойчы прынёс партвэйн «Агдам», — ня той, легендарны, а новы яго разьліў, які быў такім самым шпалаўкладніцкім, як колішні арыгінал. Знаёмы чэх, былы саліст балету, пабачыў праз вакно сваю грымёрку пад дахам тэатру, якую пакінуў пасьля савецкай акупацыі 1968 году. Ён танчыў разам з Рудольфам Нурэевым на розных сцэнах сьвету і марыў прывезьці яго ў Прагу, каб пахваліцца выглядам са свайго акна. Не, я б прывёў яго сюды, казаў ён мне потым, адсюль выгляд лепшы.
Апошнім госьцем зь Беларусі, які пабываў у гэтым пакоі, стала Сьвятлана Алексіевіч.
Радыё тады ўжо даўно пераехала з цэнтру гораду, хоць і засталося на той самай Вінаградзкай вуліцы. З майго новага кабінэту цяпер можна пабачыць магілу Франца Кафкі, за пару соцень мэтраў далей, нябачныя за густымі кронамі на Альшанскіх могілках, спачываюць два прэзыдэнты БНР. З другога боку нашага будынку, праз дарогу, у сьцяне касьцёлу на Вінаградзкіх могілках, пахаваны Вацлаў Гавэл — усё і ўсе побач.
— Зьлева і справа — наша будучыня, — як аптымістычна характарызаваў новы адрас той самы калега, што тлумачыў шлях да дэмакратыі выглядам з майго першага кабінэту.
Стары будынак радыё заняў Нацыянальны музэй. Алексіевіч прыехала ў Прагу на тэатральны фэстываль, і мы дамовіліся з музэем, што нобэлеўскай ляўрэатцы пакажуць Біблію Францішка Скарыны. Нас правялі знаёмымі калідорамі, далі белыя ніцяныя пальчаткі і асьцярожна вынесьлі фаліянт, які ў свае паўтысячы гадоў выглядаў, быццам адціснуты ўчора.
Алексіевіч з павагай пагартала, прачытала пару радкоў з Кнігі Ісуса Сірахава, але не сказаць, каб сустрэча зь першадрукам яе ўсю перавярнула. Мы зрабілі фатаздымак, на якім яна трымае Біблію, падзякавалі — і я запрапанаваў заглянуць у мой былы кабінэт.
Дзьверы былі зачыненыя, мы пастукалі, увайшлі — і затрубілі анёлы, узмахнуў крыламі залаты арол, ірвануліся ў неба гатычныя вежы Градчанаў.
— Можна зрабіць фота? — спытала Сьвятлана, якая цярпець ня можа фатаграфавацца.
Новы гаспадар пакоя дазволіў. Ён меў усе паўнамоцтвы — гэта быў камэндант будынку. Гэта сур’ёзна. Гэта вам не дырэктар.
Дыханьне кніг
Каб перавесьці дыханьне… Калі ў сьнежні 2021-га Свабоду ўнесьлі ў сьпіс экстрэмістаў, тое мела наступствы ня толькі для журналістаў. Гэты аповед я пачуў ад нашай даўняй слухачкі, якая на той час ужо пабывала за кратамі:
«Мой кніжны стэляж імгненна зрабіўся доказам злачынства. Некалькі паліцаў кніг з сэрыі «Бібліятэка Свабоды», якія выдаваліся легальна, урачыста прэзэнтаваліся ў вялікіх залях і трапілі ў каталёгі бібліятэк краіны, цяпер зрабіліся нагодаю для крымінальнай справы, і пакідаць іх дома было рызыкоўна — хто ведае, які артыкул Крымінальнага кодэксу дадаўся б з нагоды захаваньня гэтых зьнянацку экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Раздаць, спаліць, закапаць? Я падумала, што ўначы можна занесьці іх у зімовы парк і раскласьці на халодныя лаўкі: ціха падае сьнег у сьвятле ліхтароў, сьцюдзёны вецер гартае старонкі. Сцэна з кіно ці з опэрных дэкарацыяў. На досьвітку кнігі разьбяруць выпадковыя мінакі.
Потым я зірнула на мапу відэасачэньня за горадам, нехта зь сяброў даслаў яе мне дзеля бясьпекі: няспыннае назіраньне ў жывым этэры з распазнаваньнем твараў ахапіла практычна ўсе вуліцы, кавярні, крамы, паркі і зоны адпачынку. На кожным пад’езьдзе камэра, у ліфце і грамадзкім транспарце таксама. Ідэя з начным буккросінгам у парку пацягнула б на экстрэмісцкую акцыю: распаўсюд забароненых матэрыялаў з асаблівым цынізмам. Дарогу туды і назад зафіксавалі б усе відэа-камэры праграмы «Кіпод».
Кнігі ледзьве зьмясьціліся ў дзьве валізкі, я напісала сяброўцы, папрасіўшы яе пакінуць тэлефон дома, і выклікала таксоўку на суседнюю вуліцу. «Што слова — зброя, гэта рэч бясспрэчная, але што ажно такая цяжкая зброя, ты мусіла мяне папярэдзіць», — казала мая спадарожніца, калі мы па ледзяным бруку цягнулі валізы да таксоўкі.
Ехалі доўга, ледзь не ў прадмесьце. Пачалася завіруха, дарогаю мы спыняліся. «А вы пэўныя, што гэта слушны адрас?» — зьдзівіўся таксовец, выцягваючы валізы з багажніка. На пустой вуліцы завея, і ён хацеў дапамагчы нам занесьці багаж у кватэру. Аднак аматарская кансьпірацыя прадугледжвала, што і канечную частку маршруту мы пройдзем пешкі.
Гараць шчокі, на вейках тае сьнег. Старыя сарайчыкі туліліся ў дварах, да аднаго зь іх мы мелі ключ (не пытаюся, каму ён належыць). Замок ці замерз, ці даўно не адмыкалі, сьнегу за калена, дзьверы не расчыняліся. Добра, што не аказалася нікога на дварэ, або што ніхто з суседняга дома ня выклікаў міліцыю на дзьве цёмныя постаці, што бязладна сьвяцілі ліхтарыкам, — ужо ў прыцемках сарая. Драўляныя санкі, слоікі салёных агуркоў, рыдлёўка, граблі, куфар з бульбаю, побач бурачкі, стары ровар. І кнігавыдавецкі плён Бібліятэкі Свабоды, ледзь ня дваццаць гадоў этэру, што зрабіліся паперай. Дыханьне, занатаванае літарамі».
Кнігі, што нараджаюцца з радыёперадачаў, пачынаюцца як дыханьне.
Немагчыма навучыцца дыхаць свабодна бяз кніг, хоць за іх часам даводзіцца расплачвацца найвышэйшай цаной — свабодай.
∗∗∗
Чытайце другі фрагмэнт з кнігі Аляксандра Лукашука па спасылцы.