Гэтую навіну пракаментаваў прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа Бурхан Сонмез:
Міжнародны ПЭН цёпла ўспрыняў рашэнне Нарвежскага Нобелеўскага камітэту прысудзіць у гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру Алесю Бяляцкаму, «Мемарыялу» і «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў». Гэта годная даніна павагі іх нястомнай працы ў падтрымку свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі, Украіне і Расіі, дзе працягваюцца рэпрэсіі і парушэнні.
ПЭН-супольнасць вядзе кампанію за Алеся Бяляцкага, сябра Беларускага ПЭНа, з моманту яго першага арышту ў ліпені 2021 года. Сёння мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго і зняць з яго ўсе абвінавачванні. Мы яшчэ раз заяўляем пра сваю салідарнасць з адважным народам Беларусі, які працягвае змагацца за свае правы чалавека, нягледзячы на нястомную кампанію ўладаў па падаўленні іншадумства.
Год таму мы асудзілі рашэнне расійскіх уладаў закрыць Міжнароднае таварыства «Мемарыял» і Праваабарончы цэнтр «Мемарыял», дзве найбольш паважаныя праваабарончыя арганізацыі ў краіне, як напад на незалежную грамадзянскую супольнасць. Сёння мы працягваем падтрымліваць «Мемарыял» і яго бясстрашных актывістаў, а таксама заклікаем улады адмяніць законы, якія абмяжоўваюць свабоду слова і міжасобасныя кантакты.
Літаральна некалькі дзён таму на нашым 88-м Сусветным кангрэсе ў Упсале (Швецыя), ПЭН-супольнасць аб’ядналася ў адзін голас, каб рашуча асудзіць гвалт, учынены расійскімі войскамі ва Украіне, і заклікаць Расійскую Федэрацыю неадкладна спыніць вайну. Мы падтрымліваем нашых сяброў з Цэнтра грамадзянскіх свабодаў і Украінскага ПЭНа, ўсведамляем іх неверагодную сілу і рашучасць.
Кампанія Міжнароднага ПЭНа ў падтрымку Алеся Бяляцкага і «Мемарыялу» ўваходзіла у спіс спраў на 2021 год. Каб далучыцца да нашай кампаніі па вызваленні Алеся Бяляцкага, націсніце тут.
27 лютага 2022 г. Міжнародны ПЭН апублікаваў ліст, падпісаны больш чым 1000 пісьменнікамі з усяго свету, у тым ліку Нобелеўскімі лаўрэатамі Святланай Алексіевіч, Орханам Памуком, Марыяй Рэсай, Вольгай Такарчук і Марыём Варгасам Льёсай. У ім выказваецца салідарнасць з пісьменнікамі, журналістамі, мастакамі і народам Украіны, асуджаецца расійскае ўварванне і заклікаецца да неадкладнага спынення кровапраліцця.