Сёння адбыўся напад на вядомага пісьменніка, былога прэзідэнта ПЭНа Амерыкі Салмана Рушдзі
Мужчына, асоба якога пакуль не ўстаноўленая, напаў на пісьменніка перад ягонай лекцыяй у мястэчку Чаўтоква (штат Нью-Ёрк). Журналіст Associated Press паведаміў, што нападаючы прарваўся на сцэну адукацыйнага цэнтра Чаўтоква і 10-15 разоў ударыў 75-гадовага Рушдзі кулакамі і нажом.
«Міжнародны ПЭН рашуча асуджае жорсткі напад на Салмана Рушдзі. Салман з’яўляецца паважаным і знакамітым пісьменнікам і ганаровым членам ПЭН-супольнасці, які на працягу многіх гадоў сутыкаецца з пагрозамі за сваю працу. Ніхто не павінен быць мішэнню, не кажучы ўжо пра напады, за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Жадаем нашаму дарагому сябру хутчэйшага выздараўлення. Нашы думкі з ім і ягонай сям’ёй»,
– заявіў прэзідэнт PEN International Бурхан Сонмез.
Брытанец індыйскага паходжання Салман Рушдзі – аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку рамана «Сатанінскія вершы». Многія мусульмане палічылі гэтую кнігу блюзнерскай, і ў 1988 годзе вярхоўны лідэр Ірана аятала Хамейні выдаў фетву-ўказ забіць Рушдзі. За галаву пісьменніка, які жыве на Захадзе, адзін іранскі ісламскі фонд абяцае 3,3 млн долараў.