Пачынаем знаёмства з цікавосткамі, што чакаюць нас падчас уручэння найбуйнейшай літаратурнай прэміі 7 лістапада ў Гданьску: у фінале вечара з акустычнай праграмай выступіць Лявон Вольскі!
Лявон Вольскі – адзін з найважнейшых беларускіх музыкаў сучаснасці, аўтар песень, якія сталі часткай культурнай спадчыны Беларусі. Заснавальнік і лідар знакавых беларускіх гуртоў Mroja, N.R.M., Zet і Krambambula, якія занялі пачэснае месца ў развіцці незалежнай беларускай музычнай сцэны. Адзін з аўтараў легендарнага «Народнага альбома» – унікальнага музычнага праекта, які стаў адной з найбольш значных падзей у беларускай культуры 1990-х гадоў і дагэтуль застаецца любімым слухачамі.
У акустычнай праграме вядомыя песні паўстануць у больш камерным і асабістым гучанні. Выступ будзе суправаджаць гітарыст Павал Трыпуць, шматгадовы ўдзельнік музычных праектаў Лявона Вольскага, прафесійны музыка і заснавальнік уласнай музычнай студыі ў Варшаве.
Лявон Вольскі добра вядомы польскай публіцы. Яго канцэрты праходзілі ў розных гарадах Польшчы, у тым ліку на гучных фестывалях (BASowiscza, TUTAKA, Festiwal w Jarocinie, Majówka, Rockowizna, Solidarni z Białorusią, Solidarni z Ukrainą ды інш.), а ягоная творчасць стала адным з прыкладаў таго, як беларуская незалежная культура працягвае развівацца і гучаць за межамі краіны.
Музыка неаднаразова падкрэсліваў важнасць культурнага дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай. З нагоды запрашэння на цырымонію ўручэння прэміі Гедройця Лявон Вольскі адзначыў:
«Калісьці я асабіста сустрэўся з Ежы Гедройцам, і ён пераканаўча запэўніў, што ўсё будзе добра. Няма падставаў яму не верыць».
Акустычны канцэрт Лявона Вольскага – гэта сустрэча з адным з самых выразных галасоў беларускай культуры і магчымасць пачуць песні, якія ўжо шмат гадоў аб’ядноўваюць слухачоў у Беларусі і за яе межамі.

Калі: 7 лістапада 2026 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)
Уваход вольны!
Сачыце за навінамі на сайце прэміі.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.
Сёлета прэмія адзначае сваё 15-годдзе. Падчас юбілейнай цырымоніі будуць абвешчаныя пераможцы, пройдуць аўтарскія сустрэчы, дыскусіі, выстава, кірмаш беларускай кнігі ды іншыя падзеі. Далучайцеся да свята беларускай літаратуры!
Фота на вокладцы: Nastya Kassiopea (@nastya_kassiopea)
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання | Беларускі ПЭН, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Польскі ПЭН-клуб
Партнёры прэміі | выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Еўрарадыё, Belsat TV, Reform.news, «Будзьма беларусамі!»
Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.