«Мы салідарныя з бясстрашнымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі беларускай культуры, якія працягваюць тварыць у найскладанейшых умовах – як у Беларусі, так і ў выгнанні. У гэты лёсавызначальны дзень мы зноў заклікаем міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае дзеля падтрымкі беларускай культуры, а таксама забеспячэння справядлівасці і прыцягнення вінаватых да адказнасці», – заявіла старшыня камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні» Ма Тыда.
7 жніўня 2026 года: Праз шэсць гадоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ўлады Беларусі працягваюць сістэматычна душыць любыя формы іншадумства, заявілі сёння Беларускі ПЭН і Міжнародны ПЭН. Рэпрэсіі, што пачаліся з пераследу ўдзельнікаў мірных пратэстаў, перараслі ў дзяржаўную сістэму кіравання, у якой мова, гістарычная памяць, літаратура, мастацтва і ўдзел у культурным жыцці ацэньваюцца праз прызму палітычнай лаяльнасці.
Нягледзячы на вызваленні з турмаў у 2025 і 2026 гадах у выніку перамоў, скіраваных на зняцце эканамічных санкцый, многія беларускія літаратары па-ранейшаму пазбаўлены волі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. На момант падрыхтоўкі гэтай заявы ў зняволенні знаходзіліся не менш як 122 дзеячы культуры, у тым ліку 22 літаратары і іншыя прафесіяналы літаратурнай сферы. Вызваленні адбываліся адначасова з новымі затрыманнямі і завядзеннем крымінальных спраў паводле беспадстаўных абвінавачанняў. Многія дзеячы культуры былі прымусова высланы з Беларусі і вызвалены непасрэдна ў выгнанні; у іх канфіскоўвалі пашпарты; яны працягваюць заставацца ў спісах «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», якія вядуць улады Беларусі. Адначасова колькасць забароненых кніг вырасла як мінімум да 369.
Агульны маштаб і структура парушэнняў сведчаць, што рэпрэсіі з боку ўладаў Беларусі не аслаблі, а змянілі форму. Беларускі ПЭН зафіксаваў 1435 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў 2025 годзе ў параўнанні з 1348 парушэннямі ў 2024 годзе. Яшчэ 738 парушэнняў было зафіксавана толькі за перыяд са студзеня да чэрвеня 2026 года. Цэнзура і абвяшчэнне культурных матэрыялаў, кніг і старонак у сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі» сталі найбольш распаўсюджанымі практыкамі. Сукупныя звесткі маніторынгу паказваюць, што дзяржаўная культурная палітыка ўсё больш інстытуцыяналізуе рэпрэсіі, душыць разнастайнасць і падпарадкоўвае культурную сферу ідэалагічнаму і адміністрацыйнаму кантролю.
За апошні год улады Беларусі пашырылі рэпрэсіі на цэлыя культурныя экасістэмы. Супрацоўнікі незалежных выдавецтваў і кнігараспаўсюднікі сутыкнуліся з масавымі затрыманнямі і крымінальным пераследам. Выдавецтвы, якія працуюць за мяжой, кінафестывалі, адукацыйныя праекты, ініцыятывы ў сферы спадчыны і сам Беларускі ПЭН былі абвешчаны «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Такія рашэнні крыміналізуюць не толькі культурную дзейнасць, але і супрацу з незалежнымі ініцыятывамі, іх фінансавую падтрымку і доступ да іх матэрыялаў. Тым часам унутры Беларусі Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў ператварыўся ў механізм ідэалагічнага ліцэнзавання. Фестывалі і спектаклі адмяняюцца, неафіцыйныя чорныя спісы працягваюць пашырацца, а незалежная культурная інфраструктура або закрываецца, або пераходзіць пад непасрэдны дзяржаўны кантроль.
Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць застаецца адной з галоўных мішэняў гэтай палітыкі. Беларуская мова, нацыянальная сімволіка і незалежныя інтэрпрэтацыі гісторыі ўсё часцей разглядаюцца як маркеры «апазіцыйнасці». Людзей у зняволенні караюць за карыстанне беларускай мовай; кнігі выдаляюць з турэмных бібліятэк; рукапісы, створаныя ў няволі, турэмныя ўлады канфіскоўваюць або знішчаюць. Гістарычная памяць перапісваецца праз цэнзуру, а таксама знішчэнне і скажэнне мемарыяльных мясцін, у той час як афіцыйная культурная палітыка спрыяе русіфікацыі, мілітарызацыі і глыбейшай інтэграцыі з расійскімі дзяржаўнымі інстытутамі. У дакладзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2026 год культурныя правы, мова і гістарычная ідэнтычнасць знаходзяцца ў цэнтры ацэнкі працяглых рэпрэсій з боку ўладаў.
Унутры Беларусі незалежнае культурнае жыццё ўсё больш выцясняецца ў падполле, ананімнасць і самацэнзуру. За межамі Беларусі выгнанне дае адносную бяспеку, але не гарантуе поўнай абароны: дзеячы культуры сутыкаюцца з завочнымі судамі, канфіскацыяй і продажам маёмасці, пагрозамі, ціскам на сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі, ануляваннем дакументаў, што сведчаць асобу. Адначасова незалежныя выдавецтвы, мастакі, фестывалі і культурныя арганізацыі за мяжой працягваюць захоўваць беларускую мову, культурную памяць і прафесійную пераемнасць – менавіта тую дзейнасць, якую ўлады Беларусі цяпер імкнуцца крыміналізаваць.
«Права гаварыць, пісаць, ствараць, памятаць і ўдзельнічаць у культурным жыцці належыць кожнаму і з’яўляецца неабходнай умовай вольнай будучыні Беларусі», – заяўляе старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
Беларускі ПЭН і Міжнародны ПЭН заклікаюць улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх дзеячаў культуры і іншых людзей, пазбаўленых волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў. Улады мусяць спыніць усе праявы цэнзуры, прымусовую высылку былых зняволеных, транснацыянальныя рэпрэсіі, а таксама знішчэнне творчых прац і рукапісаў. Антыэкстрэмісцкае заканадаўства не можа выкарыстоўвацца для задушэння ўдзелу ў культурным жыцці.
Беларускі ПЭН і Міжнародны ПЭН заклікаюць міжнародную супольнасць не разглядаць вызваленні, дасягнутыя ў выніку перамоў, як сведчанне прагрэсу, пакуль асноўныя прычыны і механізмы рэпрэсій застаюцца нязменнымі. Урады і міжнародныя інстытуты мусяць патрабаваць прыцягнення вінаватых да адказнасці, абараняць дзеячаў культуры, якія знаходзяцца пад пагрозай, забяспечваць устойлівую падтрымку незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і ў выгнанні – у тым ліку дапамагаць з атрыманнем дакументаў, што сведчаць асобу, урэгуляваннем прававога статусу, медыцынскай дапамогай і прафесійнай інтэграцыяй.