• Навiны
  • Галасы
  • Пасляюбілейнае. Алексіевіч: Адамовіч навучыў літаратуру слухаць сведку

Пасляюбілейнае. Алексіевіч: Адамовіч навучыў літаратуру слухаць сведку

Апошняе абнаўленне: 20 жніўня 2026
Пасляюбілейнае. Алексіевіч: Адамовіч навучыў літаратуру слухаць сведку

Пра Алеся Адамовіча часта гавораць як пра пісьменніка вайны, аўтара «Хатынскай аповесці», «Карнікаў», «Я з вогненнай вёскі»… Але ягонае галоўнае адкрыццё было значна шырэйшае. Ён прапанаваў літаратуры новы спосаб гаварыць пра чалавека – і новы спосаб слухаць сведку. Што Адамовіч змяніў у літаратуры і як працягвае гаварыць з намі сёння? Шукаем адказы ў размове са Святланай Алексіевіч.

Калі сёння аглядаць літаратуру другой паловы XX стагоддзя, ці можна сказаць, што пасля Адамовіча стала немагчыма пісаць пра катастрофы так, як пісалі раней?

Напэўна. Але самае галоўнае – ён аказаўся празорцам: першым сфармуляваў і вывеў на літаратурную авансцэну сведку. Менавіта сведка сёння – галоўны герой літаратуры. Алесь Адамовіч здагадаўся пра гэта гадоў на 70-80 раней за ўсіх нас.

Сваю новую літаратурную практыку ён вызначыў у пэўным сэнсе прэтэнцыёзным тэрмінам «звышлітаратура»…

Відаць, натрапіў на гэтую знаходку і не адразу дакладна сфармуляваў яе сутнасць. Кідкасць формулы выклікала пэўнае адчужэнне, хоць насамрэч Адамовіч абсалютна меў рацыю. Мы сёння жывём у свеце, які ён прапанаваў.

Такім чынам, да Адамовіча літаратура найчасцей распавядала пра чалавека, а ў яго чалавек загаварыў сам?

Цяжка сцвярджаць, што гэта быў упершыню знойдзены прыём. Напрыклад, нашмат раней, яшчэ ў 1917-м, Соф’я Фядорчанка, якая працавала сястрой міласэрнасці падчас Першай сусветнай вайны, пачала ствараць з салдацкіх галасоў, размоў і аповедаў кнігу «Народ на вайне». Так што спробы знайсці новыя спосабы сувязі з рэальнасцю існавалі і да нас.

А вы пайшлі следам за славутым земляком выпадкова?

Тут глыбей. Я вырасла ў вёсцы, таму літаратура ў чыстым, стылізаваным выглядзе мяне не прыцягвала. З дзяцінства памятала моцныя ўражанні ад вясковых размоў на лаўках і прызбах, а потым не знаходзіла гэтага рэфрэну ў чыста белетрыстычным афармленні рэальнасці.

Формула «Адамовіч паўплываў на Алексіевіч» даўно на слыху, ды і вы самі не раз называлі яго сваім настаўнікам. Але ці не стаў ён у пэўным сэнсе настаўнікам цэлага літаратурнага пакалення – нават аўтараў, якія яго ніколі не ведалі? Бо фактычна Адамовіч змяніў саму прыроду літаратуры сведчання.

Святлана Алексіевіч пасля выхаду кнігі «У вайны не жаночы твар» размаўляе з адной са сваіх гераінь. 1985 г. Фота: Юрый Іваноў / Scanpix

На жаль, свет мала даведаўся пра Адамовіча. «Я з вогненнай вёскі» была перакладзеная ўсяго на некалькі моў, а для сусветнай літаратуры фактычна засталася невядомай. Таму сумленна было б сказаць так: многае з таго, што сёння пішуць пра мяне, насамрэч належыць Адамовічу. Я пачула гэта ў яго.

Пры ўсім тым ён не вучыў мяне так, як некаторыя ўяўляюць – маўляў, прыносіла яму кавалкі кнігі, а майстар чытаў, нешта падказваў. Нічога падобнага! Ён паставіў мне мысленне – праз свае кнігі і, зразумела, нашыя размовы. Так навучылася бачыць, адчуваць, думаць па-за межамі адной культуры – глабальна. Адамовіч сапраўды меў сусветнае мысленне, хоць яно, на жаль, усё роўна засталося ў досыць вузкім коле. У гэтым вінаватая і нашая тагачасная абмежаванасць: мы былі аддзеленыя ад іншага свету, нават тая самая Расія нас не надта ведала…

Неяк ён падзяліўся задумай кнігі пра жанчын на вайне, якую сам хацеў бы напісаць. Я захапілася гэтай ідэяй, бо ў газетных камандзіроўках сустракалася з такімі жанчынамі і яны рабілі на мяне моцнае ўражанне. Ды і з дзяцінства памятала ўдоў загінулых партызан… А потым проста прынесла яму ўжо гатовую кнігу.

«У вайны не жаночы твар»…

І пачула: «Якое шчасце, што не я, а вы ўзяліся за гэтую тэму»… – «Чаму, Алесь Міхайлавіч?» – «Мне ў галаву не прыйшло б пра нейкія рэчы спытаць, я нават не ведаў, што вы так мысліце, жанчыны, так глядзіце: час па-іншаму, страх па-іншаму – у вас усё неяк інакш». Вось, вось такая была вучоба!

Чаму, на ваш погляд, ён так відавочна цягнуўся ў творчасці да «мы», да суаўтарства?

Сапраўды, «мы» гучала пастаянна. Навошта яму так патрабавалася калектыўнасць: ад недахопу часу, або яны з Брылём, Калеснікам, Граніным па ходу асэнсоўвалі ўсё гэта, або яшчэ нешта іншае?.. Не ведаю.

Збор матэрыялу для кнігі «Я з вогненнай вёскі». Янка Брыль і Алесь Адамовіч. 1970-1973-я гг. Фота: adamovich.1387.io

Асабіста я з вучобы ў Адамовіча вынесла ідэю новага жанру. Да тонкасцяў і глыбіні абмеркавання, далейшага шляху не даходзіла: ён быў моцна заняты сваёй дарогай, меў вельмі шмат спраў і сустрэч. Ну і жыў на два дамы і на дзве краіны – гэта ўсё вельмі складана.

Таму далей ішла абсалютна самастойна. І, па-мойму, пасля другой кнігі зразумела, што павінен нарадзіцца цыкл з пяці-сямі кніг, каб закрануць усю нашую гісторыю. Вядома, тады я яшчэ не ўяўляла, чым гэтая гісторыя скончыцца. Потым ужо проста ішла следам за жыццём.

У масавым уяўленні Адамовіч – найперш пісьменнік вайны. Хоць, на маю думку, насамрэч ён пісаў нешта больш універсальнае – пра тое, як чалавек прывыкае да зла і як зло робіцца нормай.

Калі згадваю даўнія размовы, то мы гаварылі сапраўды менавіта пра чалавечую прыроду, як ён адкрываў для сябе еўрапейскі досвед, а той рабіўся яго асабістым – вось пра што разважалі.

Тады ў паветры літаральна вісела праблема новай сусветнай катастрофы, мы непакоіліся, што ўсё магло скончыцца выбухам.

Недзе ў 1984-м ці 85-м у Мінску нават прайшла канферэнцыя, прысвечаная пагрозе ядзернай вайны. Пасля аднаго з асноўных дакладчыкаў выклікалі ў ЦК і загадчык аддзела культуры Іван Антановіч пачаў прафілактычную гутарку на павышаным голасе: «Што вы ўсё палохаеце атамнай бомбай? Адкуль вы ўзялі, што загіне ўсё чалавецтва?!» А пасля аргументаў Адамовіча сказаў яму: «Калі нават ад усяго нашага народа застанецца ў жывых дзесяць чалавек, задача ў тым, каб яны былі савецкімі людзьмі». Скончыў прыблізна наступным: «У гэтым я бачу мэту сваёй працы, але і вашай, пісьменніцкай, таксама».

Аднак Адамовіч жыў іншай філасофскай дылемай: націснуць ці не кнопку з ядзернай бомбай. Ён імкнуўся літаратурна асэнсаваць, што станецца пасля таго з чалавецтвам і звычайным чалавекам, і не толькі савецкім або камуністам… У сваіх эсэ ён быў бліскучым мысляром, асобай сусветнага маштабу.

Алесь Адамовіч выступае на мітынгу падчас першага «Чарнобыльскага шляху». 1989 г. Фота: Сяргей Чырык

Дарэчы, тая класічная дыскусія ў ЦК здарылася літаральна напярэдадні Чарнобыльскай катастрофы… Прадчуванне спраўдзілася, хоць і ў другой форме. Але ў роздумах пра маштабнае не выпадала і пастаянная пільная ўвага Адамовіча да перажыванняў так званых простых людзей. Наогул, да сведкаў важных падзей. Урок?

Яшчэ раз: гэта было вельмі важна – прызнаць сведку галоўнай асобай літаратуры.

Заўсёды ўспамінаю, як адзін верталётчык, што скідаў мяшкі з пяском на рэактар, папрасіў сустрэцца, а я кажу, што не маю часу. Ён: «Не, яго няма ў мяне…» Сустрэліся: чалавек быў як шкілет – не жылец… І сказаў: «Добра, што вы не з нататнікам, а з дыктафонам, бо раскажу, што бачыў, але не зразумеў. Можа, і вы не даберацеся да праўды, але настане час, калі людзі гэта зразумеюць».

Галоўны пасыл Адамовіча, як я сама для сябе яго сфармулявала, ход яго думак быў пра гэта: убачыць жыццё, рэальнасць вачамі і вушамі сведкаў. Так лягчэй дабрацца да праўды.

Адкуль у Адамовіча такая ўвага да сотняў адценняў трагедыйнага? З уласна перажытага ў вайну?

Не толькі ў яго. Быкаў, Астаф’еў, Кандрацьеў – іх шмат. Гэтае пакаленне вырасла ў жаху і крыўдзе… Выскачыць з такога кола вельмі цяжка. А тое, што гэта ўдалося некаму з майго пакалення ці мне ў прыватнасці, – не таму, што мы разумнейшыя, а таму, што разумнейшыя на пяцьдзясят гадоў. Проста мы на час разумнейшыя. Нам ужо іншае дасталася.

І пры ўсім тым – ізноў новы круг у вайны, ізноў «Цынкавыя хлопчыкі»… Няхай цяпер дроны лётаюць і ўжо не патрэбныя тысячы танкаў, але пытанні ўсё тыя ж. Чалавек пакуль не выкараскаўся з цемры бездані. Напэўна, людзі гэтак жа доўга адвучваліся ад людаедства.

Каб сёння можна было выбраць: нешта спытаць у Адамовіча ці нешта яму расказаць – што б вы выбралі?

Я ўважлівая слухачка, якая любіць пры гэтым задаваць пытанні. Распытвала б, напрыклад, чаму мы не можам вырвацца з гэтага кола гвалту. Чаму так і не наступіў «Канец гісторыі» Фукуямы?

Быў час, калі Адамовіч гаварыў з Далай-Ламам. Мелася выйсці кніга размоў пра зло і дабро, пра тое, куды мы выбраліся і ці выбраліся наогул, пра філасофскае разуменне жыцця. На жаль, нешта перашкодзіла – кніга не з’явілася.

Калі хадзіла па чарнобыльскай зямлі, то думала: чаму старажытныя індзейцы, калі забівалі жывёліну дзеля свайго жыцця, прасілі ў яе прабачэння і ніколі не забівалі больш, чым было патрэбна? А мы да гэтага ўзроўню не дацягнулі. Мы кінулі тых жывёлін і сышлі, а потым вярнуліся салдаты і пачалі расстрэльваць гэтых братоў меншых, асабліва свойскіх. Яны даверліва цягнуліся да людзей, а пасля расправы ацалелыя жывёлы пачалі людзей баяцца.

То-бок шмат новых пытанняў, якія толькі-толькі пачалі падымацца, ізноў сышлі і распусціліся ў гэтай культуры гвалту.

Хачу пад канец размовы вярнуцца да самага пачатку вашага знаёмства…

Ледзь скончыла ўніверсітэт, калі атрымала заданне зрабіць з ім інтэрв’ю. Якраз выйшла «Я з вогненнай вёскі». Рыхтуюся, перачытваю кнігу – што ні драбніца, то філасофія чыстага жаху… Датэлефанавалася, прашу сустрэцца. «Добра». Але без прызначэння часу.

Праз колькі дзён сяджу ў рэдакцыі, раптам адчыняюцца дзверы – Адамовіч.

«Хто Алексіевіч? Вы тэлефанавалі мне». – «Ой, упершыню класік сам прыходзіць сюды…»

Смяецца. У яго паводзінах было нешта хлапечае, добрае – і ўвогуле вельмі шмат якасцяў, якім можна павучыцца.

Прыгожы, разумны чалавек, жывы класік без п’едэстала. Пра сябе ў бронзе ён, напэўна, не думаў. Яму многія тэлефанавалі з просьбамі і запрашэннямі. Жонка сварылася: «Сэрца… Беражы сябе!» Куды там – гэтага ён не ўмеў: тут жа адгукаўся, тут жа ішоў.

Яго шалёна цікавіла жыццё. Так і казаў: «жывое жыццё». Ён наогул любіў дакладныя фармулёўкі: жыццё мёртвае, жыццё жывое… Але заўсёды – жыццё.

І побач з гэтым – смерць. Чаму, разумеючы свой маштаб, не захацеў быць пахаваным ні на прэстыжных маскоўскіх, ні на мінскіх могілках, а выбраў родную Глушу?

Гэта філасофія сувязі з той зямлёй, адкуль ты. Я была на яго магіле не раз… Той выбар – абсалютна думка мастака. Пра пачатак і канец.

Алесь Адамовіч у глушанскім лесе. Фота: adamovich.1387.io

У цэлым мы далёкія ад таго сэнсу жыцця, пра які вялікія розумы толькі здагадваліся. Адамовіч таксама прабіваўся да яго – і хацеў пра гэта сказаць, і спрабаваў. З ім было цікава гаварыць на ўзроўні такіх ідэй. І падобную размову цяжка ўявіць з кімсьці з іншых пісьменнікаў.

Памятаю сваю апошнюю сустрэчу з Алесем Міхайлавічам. Я была ў яго дома, мы доўга гутарылі. Потым ён спахапіўся: «Мне трэба ісці ў Дом літаратараў! – і працягвае: – Давайце спачатку вас правяду, а потым спушчуся ў метро».

Я нават не думала, што гэта развітанне. Здаецца, ужо каля падземкі спытала пра самаадчуванне. Памаўчаў і кажа: «Ну, не вельмі добра, але… Але, ведаеце, Света, цікава будзе паглядзець: а што ж там? А што ж там? Няўжо ўсё толькі заканчваецца?»

Развярнуўся, пайшоў, а я думаю: божа, нават туды яму хочацца зазірнуць і прадумаць… І ўсё – цягам месяца памёр.

Містычная гісторыя…

Нібыта простая, але вельмі моцная. Гэта – Адамовіч.