У перыяд 1–15 чэрвеня 2022 года вынесены прысуды ў крымінальных справах сацыёлага Таццяны Вадалажскай, паэта і перакладчыка Андрэя Кузнечыка, рэдактаркі газеты «Новы час», журналісткі і эсэісткі Аксаны Колб. Пачаўся суд над філосафам-метадолагам Уладзімірам Мацкевічам, працягнуўся суд над краязнаўцам Уладзімірам Гундарам (у складзе «групы Аўтуховіча»). Заведзена крымінальная справа ў дачыненні да Паўла Бяланава – музыкі з Гродна. У дачыненні да літаратара і журналіста Сяргея Сацука выстаўлены новыя абвінавачванні. Зняволеных паводле палітычных матываў літаратараў абмяжоўваюць у ліставанні. Працягнуўся пераслед за антываенныя выказванні – у Полацку была затрымана і аштрафавана журналістка і эсэістка Ціна Палынская.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 3 чэрвеня на лецішчы затрыманы Сяргей Гунь, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Сяргей Гунь – дырэктар івэнт-агенцтва «КРОНА» з 2012 года. У 2005 скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, факультэт музычнага мастацтва. У ізалятары часовага ўтрымання Сяргей Гунь абвясціў сухую галадоўку.
2. 7 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна Мінска вынесены прысуд Таццяне Вадалажскай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Рашэнне суда – 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Падчас суда Таццяна Вадалажская ўтрымлівалася ў кайданках. Таццяна Вадалажская – сацыёлаг, метадолаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне.
3. 8 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд Андрэю Кузнечыку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Андрэй Кузнечык – паэт, перакладчык са славенскай мовы на беларускую, суаўтар падручніка славенскай мовы, аўтар беларускамоўнага блога для раварыстаў «БелаВела», у якім расказваў пра побыт і праблемы раварыстаў у Беларусі, перакладчык са славенскай.
4. 8 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненні да Паўла Бяланава – музыкі з Гродна, гітарыста гурта «Deviation» – распачата крымінальная справа. Яго абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса («абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») за татуіроўкі. На момант затрымання ўсе татуіроўкі Паўла Бяланава былі схаваны, як і заўсёды ў публічных месцах. Супрацоўнікі міліцыі выклікалі Паўла Бяланава на допыт і прымусілі раздзецца, каб пабачыць татуіроўкі, у якіх знайшлі абразу.
5. 8 чэрвеня ў гродзенскай турме № 1 падчас разгляду крымінальнай справы «групы Аўтуховіча» перайшлі да допыту краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, які адмовіўся ад дачы паказанняў, але падчас працэсу распавёў пра збіццё падчас затрымання: «Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарыста, патрабавалі прызнання ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным». Уладзіміру Гундару інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
6. 9 чэрвеня стала вядома, што літаратару і рэдактару «Ежедневника» Сяргею Сацуку выставілі абвінавачванні паводле яшчэ двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Беларускай асацыяцыі журналістаў удалося высветліць праз былога сукамерніка Сяргея Сацука, што цяпер яго вінавацяць і ў распальванні варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (арт. 426 Крымінальнага кодэкса). Якіх канкрэтна дзеянняў рэдактара тычацца абвінавачванні, невядома. Сяргей Сацук працаваў рэдактарам аддзела журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты», галоўным рэдактарам партала «Ежедневник» (ej.by). У 1998–1999 гадах апублікаваў фантастычныя раманы на рускай мове «Миротворцы Конуса» і «Спецподразделение Чистки» (пад псеўданімам Сергей Барнатин). 25 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук быў затрыманы ў справе паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару). 26 і 27 сакавіка адбыліся ператрусы ў офісе, Сяргей Сацук быў арыштаваны. 4 красавіка 2020 года рашэнне аб узяцці пад варту Сяргея Сацука было адменена. 8 снежня 2021 года Сяргея Сацука арыштавалі паводле крымінальнай справы 2020 года. У доме Сяргея Сацука прайшоў ператрус, у яго канфіскавалі тэлефоны і ноўтбукі. Сяргей Сацук змешчаны ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску.
7. 9 чэрвеня Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса). Сярод абвінавачваных у справе – Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык.
8. 9 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся суд над філосафам, грамадска-палітычным дзеячам і стваральнікам Лятучага ўніверсітэту Уладзімірам Мацкевічам, якога абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка; ч. 1 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) – за платформу «Сход»; ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) – за відэазапіс на YouTube-канале. Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 года пасля ператрусу ў доме ў межах крымінальнай справы. Яму выставілі абвінавачванне ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 4 студзеня 2022 года яму падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц, да 4 лютага. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Мінска.
9. 13 чэрвеня ў Пружанах у адкрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над Аленай Гнаўк – актывісткай і публіцысткай. Больш за 5 месяцаў Алена Гнаўк застаецца ў зняволенні. За апошнія два гады ў Алены Гнаўк было 17 затрыманняў, 10 адміністрацыйных спраў і штрафаў, у яе дачыненні распачаты 4 крымінальныя справы. Па дзвюх з іх яе асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі».
10. 15 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд рэдактарцы газеты «Новы час», журналістцы і эсэістцы Аксане Колб паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Рашэнне суда – 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Аксану Колб вызвалілі ў зале суда да накіравання адбыцця тэрміну. Аксана Колб – журналістка, эсэістка, рэдактарка газеты «Новы Час» з 2015 года.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 3 чэрвеня ў Мінску затрыманы Аляксей Гурскі (Ральф) – адзін з заснавальнікаў караоке-бара «Шум». У траўні дамова на арэнду бара была скасаваная. Аляксей (Ральф) Гурскі – рэканструктар, удзельнік ваенна-гістарычнага клуба «17-ы ўланскі полк Вялікага Княства Літоўскага» (Мінск), вайскова-гістарычнага клуба «Канфедэрацыя». Займаўся рэканструкцыяй эпохі напалеонаўскіх войнаў, сярэднявечча. У допісах у сацыяльных сетках падтрымліваў Украіну.
2. 3 чэрвеня затрымалі і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту Наталлю Дуліну, былую дацэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, ёй інкрымінавалі «дробнае хуліганства» (арт. 19.1) – нібыта Наталля нецэнзурна лаялася і размахвала рукамі. Гэта трэцяе затрыманне за 2022 год. 10 траўня Наталля Дуліна выйшла на волю пасля 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», перад была зняволена на 15 сутак за ўдзел у антываеннай акцыі 27 лютага.
3. 5 чэрвеня ў Полацку затрымалі журналістку і эсэістку Ціну Палынскую. Затрыманне адбылося пасля ператрусу. Нагодай для затрымання і ператрусу стаў крытычны пост на Facebook-старонцы пра візіт у Беларусь патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Кірыла Гундзяева, вядомага тым, што актыўна падтрымлівае ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну. 7 чэрвеня адбыўся суд, Ціну Палынскую аштрафавалі за жоўта-сінія стужкі на торбе і фотаапараце, заўважаныя ў яе супрацоўнікам міліцыі каля Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра падчас візіту патрыярха Кірыла Гундзяева ў Полацк. Жоўта-сінія стужкі былі кваліфікаваны судом як несанкцыянаванае пікетаванне. Вынік суда – штраф 100 базавых велічыняў (3200 беларускіх рублёў – 1200 еўра). Тэксты Ціны Палынскай з сацыяльных сетак накіраваны на лінгвістычную экспертызу.
4. 13 чэрвеня ў Мінску затрымалі фатографа Яўгена Ерчака. 15 чэрвеня суд Савецкага раёна асудзіў Яўгена Ерчака на 15 сутак арышту паводле абвінавачвання ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
5. 13 чэрвеня затрымалі выкладчыцу гісторыі наваполацкай СШ № 2 Алену Зубраву. 14 чэрвеня адбыўся суд паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за тое, што яна ў траўні зрабіла рэпост з «Радыё Свабода» пра смерць палітычнага дзеяча і навукоўца Станіслава Шушкевіча. Рашэнне суда – арышт 15 сутак.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Журналісту і эсэісту Андрэю Пачобуту (Andrzej Poczobut) адміністрацыя СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску блакуе ліставанне з сынам, бо яны пішуць на польскай мове. Жонка Андрэя Аксана Пачобут паведаміла, што вярнуўся чарговы ліст з пазнакай «не прошло цензуру». Зняволенаму Андрэю Пачобуту вярнуліся тры лісты, напісаныя па-польску сыну Яраславу.
2. Літаратара і праваабаронцу Алеся Бяляцкага абмяжоўваюць у ліставанні – да яго ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску не даходзяць лісты з волі.
3. Зняволеную актывістку і публіцыстку Алену Гнаўк абмяжоўваюць у магчымасці пісаць тэксты і адказы на лісты – выдаюць ручку толькі на 30-60 хвілін на дзень.
IV. Звальненні
1. З 1 чэрвеня з часопіса «Мастацтва» звольнілі рэдактарку аддзела сучаснага мастацтва Алесю Белявец і вярстальшчыцу Аксану Карташову.
2. 6 чэрвеня зняты з пасады Аляксандр Вашкевіч, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» – кнігагандлёвага прадпрыемства Рэспублікі Беларусь, што мае 87 кніжных крамаў ва ўсіх рэгіёнах краіны.