Калі кніга – гэта, сярод іншага, візуалізацыя сімвалаў, дык кніжная выстава становіцца іх павелічальным шклом. Што ж убачылі ў гданьскім Цэнтры еўрапейскай салідарнасці наведнікі візуальнага праекта, прысвечанага літаратуры, забароненай уладамі Беларусі? Якім было іх прачытанне арыгінальна аформленых постараў і моцнай інфармацыі ад каманды Беларускага ПЭНа?
Мішэні: пісьменнікі і чытачы
Выстава ўжо дэманстравалася на пачатку восені ў Кракаве – на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа – і выклікала вялікую ўвагу. Бо гэта праблема не толькі нашая: спробы кантраляваць слова – на жаль, сусветная практыка. Іншая рэч, як на гэтым фоне выглядае нашая айчынная кнігарубка. І тут адкрываецца катастрафічная культурная і палітычная прорва. Прычым у дынаміцы.
Калі ў верасні канстатавалася забарона 222 кніг і 179 аўтараў, то ўжо ў сярэдзіне лістапада лічбы падняліся адпаведна да 258 і 208. За паўтара месяца – павелічэнне на 16,2 і 16,9 %!
Каб жа гэтак рэкордна раслі, напрыклад, заробкі літаратараў і чытачоў… Але не. Наадварот: пісьменнікам, абвешчаным «экстрэмістамі», пагражае шырокая вілка зняволення, а чытачам-рызыкантам, нават выпадковым, – адмінстрацыйка да 15 сутак і штраф да 1260 рублёў. Нават калі рашэнне пра забарону прымаецца пазней за фіксацыю даты куплі кнігі.
Народ учытваецца ў тэксты выставы і хуценька калькулюе:
– Прыкладна 350 еўра. Ого, у мяне дома засталося штук пяць такіх кніжак абсалютна дакладна – гэта адносна недабіты форд.
Такі цяпер курс свабоды чытання ў Беларусі: амаль дзве траціны сярэдняга месячнага заробку.
Спадарыня Вольга спыняецца ля постара, прысвечанага кнізе «Белорусский Донбасс» аўтарства Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша.
– У 2020-м я была проста ў захапленні ад рэпартажаў Каці з мінскіх вуліц. А глядзела таму, што якраз чытала яе кніжку, вельмі мне блізкую. Бо нарадзілася ва Украіне і жыла там да пятага класа. Многа сваякоў і знаёмцаў, дакладна ведаю з радзімы: усё там верна апісана. І за гэта, за сумленнасць – восем (!) гадоў турмы! Дай Божа і ёй, і Ігару здароўя вытрымаць такі здзек за праўду.
Дзеля справядлівасці, удакладнім: аўтарам такіх вось кніг, паводле крымінальнай логікі рэжыму, свеціць да шасці гадоў зняволення. Але, як вядома, у Беларусі ад 2020-га бясконца «не да законаў». Вось і Кацярыне Андрэевай з двух гадоў дакруцілі ажно васьмёрку: 8 гадоў і 3 месяцы за нібыта «перадачу замежнай дзяржаве, міжнароднай ці замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь»…
Яўген, колішні віцебскі прадпрымальнік:
– Выстава выклікае найперш павагу да людзей, чыю працу з нейкіх надуманых прычын, несучасных, дзікунскіх уяўленняў назвалі «экстрэмізмам», «разбурэннем дзяржаўнасці і маральнасці». Палічылі, што яна мусіць быць пад забаронай. Пад аховай. А найлепш знішчанай: спаленай у кацельнях, закапанай бульдзерамі ў брацкай кніжнай магіле. Маё шанаванне літаратарам, салідарнасць з людзьмі слова. І падзяка арганізатарам гэтай экспазіцыі.
Звяртаемся да публіцыста, аўтара шматлікіх твораў, бібліятэкара «Свабоды» Аляксандра Лукашука:
– Дзве кнігі з цяперашняга шорт-ліста Гедройця – вашая і Клёка Штучнага – ужо абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Леташні пераможца («Сізіф» Акудовіча) таксама ўжо там. Гэта супадзенне ці тэндэнцыя? Новая форма цэнзуры, якая ператварае літаратурны поспех у крымінальны след? І што з ім рабіць?
– Рэдактура адрозніваецца ад цэнзуры тым, што першая мае справу з прыгажосцю, а другая з уладай. Улада ўвогуле мае не толькі права, а часам і абавязак забараняць тое, што шкодзіць свабодзе чалавека і грамадства.
У Беларусі ўлада забараняе, бо баіцца. Баіцца за сябе, і таму баіцца словаў, баіцца маўчання, баіцца заўтрашняга дня, баіцца ўчорашняга, баіцца мовы, баіцца Гедройця.
Чалавек, які баіцца, не можа пісаць. Чалавек, які піша, не баіцца.
Але яшчэ страшнейшы для ўлады чалавек, які чытае. Пісьменнікаў можна перастраляць, перасаджаць, а чытачы – вось каго насамрэч баіцца ўлада, калі забараняе кнігі.
Мішэні: Беларусь і свабода
Гутарым з Мікалаем Сапенькам, які апынуўся ў вымушанай палітычнай эміграцыі і жыве цяпер у Гданьску. На просьбу падзяліцца ўражаннямі пра выставу ён адказаў пытаннем:
– Калі разважаць пра маштабы цяперашняй цэнзуры і пераслед за іншадумства, то ці выстаяў бы сёння перад ідэалагічнай экспертызай сам Францішак Скарына?
Выдатная рэфлексія! Думаем, спадар Мікалай, пры збегу абставін і яго могуць «забараніць», як Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ці Ларысу Геніюш, Максіма Гарэцкага… Бо ў кнігах нашага светача – роздум пра нацыянальную годнасць, адкрытасць фактычна еўрапейскую… Хіба не падазрона для сучаснай улады?
Меркаванне Мікалая, які працуе цяпер у гданьскім порце стропальшчыкам, а ў Брэсце быў інжынерам:
– Даведаўся цяпер, што гісторыя забароны беларускіх кніжак доўжыцца больш за 185 гадоў, што яе запачаткавалі расійскія імперцы ў 1840-м. Ясна ж, што і «Сабакі Еўропы» Бахарэвіча трапілі пад анафему менавіта за наш адрыў ад «матухны-Русі» ў бок Еўропы. Гэта сучасны працяг традыцый царскай цэнзуры.
Чытаем разам, чым сама кніга тлумачыць сваю забарону:
«…Бо я прапаную змрочную візію будучыні, у якой Беларусь анексаваная Расійскай імперыяй. Бо расказваю пра расійскі фашызм і пра тое, як гэтая імперыя распачынае новую сусветную вайну. Бо я ёсць еўрапейскай літаратурай, напісанай вольным пісьменнікам па-беларуску. Бо маёй галоўнай тэмай ёсць свабода».

Дарэчы, наведнікі ацанілі крэатыўнасць арганізатараў выставы ў тым ліку і за вось такую падачу інфармацыі, ад імя «расстрэльных» кніжак. Высокай адзнакі заслужыла і праца мастака-дызайнера творчай кампазіцыі.
Каментуе палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк», лаўрэат прэміі «Голас пакалення свабоды» Аляксандр Класкоўскі:
– Улады Беларусі старанна вядуць аж два спісы забароненых кніг: у адным – «экстрэмісцкія» выданні, у другім – тыя, што здольныя «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Абодва ярлыкі – крывадушныя. Гэта ў значнай ступені палітычны пераслед. Пад забарону трапляюць кнігі Паўла Севярынца, Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш – тых, хто не гнуўся перад уладай.
І смех і грэх: Лукашэнка наракае, што ніхто не можа прыдумаць добрую нацыянальную ідэю, а ягоныя чыноўнікі ўнеслі ў чорны спіс зборнік «Беларуская нацыянальная ідэя». Відаць, думкі з той кнігі не ўкладаюцца ў пракрустаў ложак лукашызму.
Улады хочуць мець манаполію на трактоўку гісторыі, таму забанілі, напрыклад, кнігу «НКВД забіваў у Курапатах…», творы Уладзіміра Арлова.
Калі коратка сфармуляваць, што рухае цэрберамі рэжыму, – дык гэта цемрашальства і тупасць. З першым усё зразумела. А тупа гэта выглядае таму, што ў эпоху сеціва тыя чорныя спісы – пусты нумар. Вольнае слова ўсё адно даходзіць да чытача.
Мішэні: гісторыя і сучаснасць
Да нашай гутаркі падцягваюцца іншыя наведнікі выставы. Вось палякі Лукаш і Магдалена – праграмісты, працуюць з беларускімі калегамі, разам з якімі і прыйшлі на выставу.
– Нам цікавы гэты постар: Ханья Янагіхара. Ну чым не дагадзіла «Маленькае жыццё»?! Каб кніга пра сорам, любоў, траўму, прыняцце сябе стала бестселерам – гэта ж фантастыка! Свет, Польшча зачытваюцца, а ў Беларусі забараняюць…
Тыповая рэакцыя наведнікаў выставы: ну вось чым небяспечныя такія кнігі для лукашэнкаўскага чыноўніка?
Тым, што выклікаюць эмпатыю і прымушаюць суперажываць, а таму здымаюць страх перад інакшасцю.
Паводле зводнага пераліку Беларускага ПЭНа, на пачатак жніўня 2025 года ў краіне пад забаронай – больш за 80 кніг замежных аўтараў. Сярод «ворагаў рэжыму» – сусветна вядомыя творцы: Эн Эплбаўм, Джэймс Болдуін, Фрэдрык Бакман, Джын Шарп… Усе яны пішуць пра годнасць, свабоду і права чалавека на выбар – тое, што рэжым трактуе пагрозай для сябе.
Улада баіцца кніг, якія вучаць думаць самастойна, памятаць гісторыю, сумнявацца, браць адказнасць. Але менавіта гэтыя тэксты адкрываюць «свет пасля страху», дзе свабода разумеецца як удзел і павага, а справядлівасць – як штодзённая практыка грамадзянскай адвагі.
Калі ж чытаць праз лупу абсурду, то «датумкацца» можна да неверагоднага…
– Нават рускія творцы трактуюцца чужымі, – разважае спадар Зміцер, колішні магілёвец. – Ну ладна ўмоўны Сувораў, але кніжка традыцыйнай паэзіі Бродскага…
Пачынаем разбірацца разам і высвятляецца: прычынай стаў просценькі малюнак на вокладцы цалкам мірнага зборніка – караблік у выпадковай бчб-афарбоўцы.
Чую з гэтай нагоды рэпліку: «Абы дакалупацца…»
Як пайшлі фальклорныя матывы, тут можна прыгадаць і даўняе трапнае назіранне: у страху вялікія вочы. Страху рэжыму перад праўдай жыцця, якая разбурае карціну рэальнасці ў інтэрпрэтацыі прапагандыстаў.
Пэнаўская выстава пераконвае: вердыкты ідэалагічных камісій і судоў пра забароненыя кнігі маюць практычна нулявую аргументацыю, што напоўніцу кампенсуецца морам шаблонаў. Гэтыя дакументы выглядаюць як копіі аднаго і таго ж канцылярскага тэксту: набор агульных фраз з заканадаўства пад адну капірку – што да дакументальнай прозы, што да лірычнай паэзіі.

Каментуе паэтка, кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
– Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, геаграфіяй, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Гэтыя творы і іх аўтары не ставяць межаў ні эмоцыям, ні думкам – і таму небяспечныя.
Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё, ловіць яго дыханне і праз гэта і адлюстроўвае, і фармуе новы грамадскі парадак. Не прыслужвае – вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай.
У павелічальнай да абсурду чыноўніцкай оптыцы нават у нашага першадрукара можна адшукаць «небяспечныя» радкі. А колькі «мінаў запаволенага дзеяння» бачаць ідэолагі ў Купалы, Арсенневай, Ластоўскага, Някляева, Бахарэвіча, Севярынца… У нашых класікаў, сучаснікаў, замежных аўтараў.
У краіне, дзе праўда лічыцца пагрозай, а служэнне людзям – падазроным учынкам, словы свабодных творцаў гучаць як выклік. З’яўляюцца нагодай для забароны. Бо гаворка не пра пакору чарговаму начальству, а пра адказнасць перад сабой і Беларуссю.
Жыццё вучыць: у гісторыі няма цэнзара, які перамог бы слова. Кнігу можна спаліць, але не знішчыць сэнс. Думку можна зняволіць, але не прымусіць маўчаць. І менавіта таму літаратура застаецца наймацнейшай формай свабоды. Якая перажыве любы рэжым.
Больш падрабязна пра сітуацыю з забаронай кніг у Беларусі можна даведацца з сайта bannedbooks.penbelarus.org.
Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз.