У перыяд 1–15 траўня 2022 года працягнулася вынясенне прысудаў паводле крымінальных спраў удзельнікаў мірных акцый пратэсту 2020 года. Сярод асуджаных – акторка, дызайнерка і настаўніца рускай мовы і літаратуры. Следства паводле крымінальнай справы сацыёлага Таццяны Вадалажскай завершана, дата суда можа вызначыцца на працягу месяца. Зняволеных з палітычных матываў працягваюць абмяжоўваць у ліставанні, паглыбляючы ізаляцыю. Міністэрства інфармацыі прыпыніла з 16 траўня на тры месяцы дзейнасць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». У Гродне праз патрабаванні цэнзуры закрылася выстава сучаснай скульптуры, а ў Мінску да ўдзелу ў фестывалі «Арт-Мінск» у апошні момант былі не дапушчаны работы 42 мастакоў у сувязі з грамадзянскай пазіцыяй творцаў.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 7 траўня ў Савецкім судзе Мінска асудзілі 2D-мастачку Галіну Семечку паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1. арт. 317.2 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання). Галіну Семечку, 2D-мастачку з кампаніі «Vizor Games», затрымалі 14 снежня 2021 года. Ёй прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда.
2. 6 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска асудзілі былую акторку Слонімскага тэатра Веру Цвікевіч і настаўніцу рускай мовы і літаратуры Насту Кухараву. У супрацоўнікаў міліцыі было фота, на якім Наста Кухарава і Вера Цвікевіч ідуць у адным шэрагу на адным з мірных шэсцяў у Мінску ў 2020 годзе. Суд прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Насту Кухараву пакаралі 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і вызвалілі ў зале суда. Веру Цвікевіч асудзілі на 1 год калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Вера Цвікевіч – былая акторка Слонімскага драматычнага тэатра, грамадзянка Расіі з відам на жыхарства ў Беларусі. Яе затрымалі 27 студзеня 2022 года ў Мінску. 25 жніўня 2020 года фотаздымак Веры Цвікевіч, зроблены падчас мірных пратэстаў̆ у Мінску, трапіў на першую паласу «Комсомольской правды». У дачыненні да Веры Цвікевіч распачалі крымінальную справу паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Вера Цвікевіч з 2015 года была акторкай Слонімскага драматычнага тэатра, у 2019 годзе звольнілася і пераехала ў Мінск.
3. 6 траўня стала вядома, што следства ў крымінальнай справе Таццяны Вадалажскай завершана. Дата суда можа вызначыцца на працягу месяца. Таццяна Вадалажская – сацыёлаг, метадолаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне. 23 сакавіка 2022 года Таццяну Вадалажскую затрымалі падчас візіту ў Следчы камітэт, куды яна звярнулася з хадайніцтвам пра дазвол выехаць на лячэнне ў Літву. У Следчым камітэце выдалі пастанову пра змяшчэнне яе пад варту і адвезлі Таццяну Вадалажскую ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
4. 10 траўня Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргу на прысуд журналісту і літаратару Алегу Груздзіловічу і пастанавіў пакінуць прысуд у дзеянні. Алег Груздзіловіч – аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?» пра падзеі вакол тэракта ў мінскім метро, што адбыўся 11 красавіка 2011 года. Летам 2020 года асвятляў масавыя пратэсты ў Беларусі. У жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС. 3 сакавіка 2022 года суд Савецкага раёна Мінска вынес рашэнне паводле крымінальнай справы Алега Груздзіловіча: 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 56 000 рублёў. За стрым з мірнага маршу пратэсту Алега Груздзіловіча прызналі вінаватым у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх».
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 5 траўня ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі Андрэя Задзяркоўскага, аўтара электроннай музыкі. Андрэй Задзяркоўскі паводле адукацыі гісторык, скончыў гістарычны факультэт БДУ.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. У краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара ў турме канфіскавалі ўсю перапіску. Уладзімір Гундар – падазраваны паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
2. Палітзняволенай літаратарцы і былой студэнтцы філасофскага факультэта БДУ Ксеніі Сырамалот у калоніі забаранілі наведваць тэатр і спартзалу. Ксенія Сырамалот — фігурантка «справы студэнтаў». 16 ліпеня 2022 года асуджана на 2,5 года калоніі. З кастрычніка адбывае свой тэрмін у гомельскай калоніі № 4.
3. У зняволенага аўтара нон-фікшн твораў Міколы Дзядка адміністрацыя калоніі ў Горках працягвае знішчыць лісты, што дасылаюць яму з волі.
IV. Пераслед незалежных выдавецтваў
1. З 16 траўня Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць выдавецтваў ТАА «Лімарыус» і ПВУП «Кнігазбор». Падставай для прыпынення дзейнасці ў Міністэрстве інфармацыі назвалі невыкананне тэрмінаў звароту ў ведамствы з паведамленнем аб змяненні звестак, што падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў.
Выдавецтва «Лімарыус» заснавана ў 1994 годзе. Заснавальніца і дырэктарка выдавецтва – Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, які быў «рухавіком і генератарам працы» выдавецтва. Аляксандр Фядута, палітзняволены літаратар, перакладчык і даследчык літаратуры, застаецца ў СІЗА КДБ паводле абвінавачання ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Выдавецтва «Лімарыус» спецыялізуецца на выданні навуковай, мемуарнай і мастацкай літаратуры, пераважна па-беларуску.
Выдавецтва «Кнігазбор» вядомае як пачынальнік праекта «Беларускі кнігазбор». Выдавецтва «Кнігазбор» дзейнічае з 1995 года, спецыялізуецца на выданні класічнай і сучаснай беларускай літаратуры і літаратуры пра Беларусь.
V. Цэнзура
1. У Гродне зачынілася выстава сучаснай скульптуры, што мелася дзейнічаць да канца траўня. Выстава адкрылася 29 красавіка і праіснавала ўсяго чатыры гадзіны пасля адкрыцця ў галерэі «400 квадратаў» у гандлёва-забаўляльным комплексе «Triniti». З патрабаваннем закрыць выставу выступіла праўладная актывістка Вольга Бондарава, бо, маўляў, некаторыя ўдзельнікі выставы вядомыя «антыдзяржаўнымі выказваннямі». Як каментуе куратар выставы Іван Арцімовіч, частку работ прапанавалі прыбраць, але ён з такой прапановай не пагадзіўся: «Я не лічу правільным выкрэсліваць з экспазіцыі будзь-каго з аўтараў (ці некаторыя іхныя працы) паводле абсалютна надуманых прычын, агучаных непрафесіяналамі».
2. 12 траўня стала вядома, што ў Мінску ў Палацы мастацтва да ўдзелу ў фестывалі «Арт-Мінск» у апошні момант не былі дапушчаны работы 42 мастакоў. Сярод іх – Андрэй Равякаў, Аляксандр Бельскі, Надзея Леановіч, Кірыл Хлопаў, Слава Наваслаўскі, Аня Радзько, Ганна Сілівончык, Ліза Хіхлушка ды іншыя.