9 лістапада 2025 года на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Познані адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Цёткі за 2023 і 2024 год.
Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі “Першай чытанкі для дзетак-беларусаў”. Прэмія ўручаецца з 2016 года.
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. У гэтым сезоне намінанты і журы маглі зашыфраваць сябе, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
У літаратурнае журы Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду “Кніжны вырай” Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна.
Сярод публічных сябраў мастацкага журы — мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе.
Кароткі спіс прэміі можна паглядзець па спасылцы.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
9 лістапада, нядзеля, 16.30
UAM (al. Niepodległośći, 4, Wydział Neofilologji), пляцоўка В
Уваход вольны.
Мерапрыемства ў Facebook.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, Instagram і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні пра прэмію можна, напісаўшы на [email protected].