Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 кастрычніка 2025 года

Апошняе абнаўленне: 3 лістапада 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 кастрычніка 2025 года

На 31 кастрычніка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 33, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 154.

Беларускамоўны дыджэй з Мсціслава Анатоль Вольскі асуджаны за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Гісторык і экскурсавод Антон Арцюх асуджаны за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Затрыманага ў Пецярбургу коміка з Пінска Васіля Краўчука экстрадавалі ў Беларусь. 

Відэааператар Вячаслаў Лазараў распавёў, як адміністрацыя ПК № 15 дадаткова рэпрэсуе за выкарыстанне беларускай мовы. 

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнана інфармацыя, размешчаная на Telegram-канале «Літарка»

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны YouTube-канал з дзіцячымі казкамі па-беларуску «Будзьма дзецям»

Супрацоўнікі міліцыі дапытвалі блізкіх журналіста, культурніцкага блогера, аўтара вершаў і песень Валера Руселіка. 


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 17 кастрычніка стала вядома, што дыджэй з Мсціслава Анатоль Вольскі асуджаны паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – меркавана, у межах справы «Беларускага Гаюна». Музыка і беларускамоўны дыджэй Анатоль Вольскі кіраваў цэнтралізаванай клубнай сістэмай Мсціслаўскага раёна, арганізоўваў фестывалі і дыскатэкі. Невядома дакладна, што яму прысудзілі: «хімію» з накіраваннем – ці калонію. «Беларускі Гаюн» – незалежны маніторынгавы праект, які займаўся адсочваннем руху расійскіх войск і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

2. 18 кастрычніка стала вядома, што гісторык і экскурсавод Антон Арцюх асуджаны паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – меркавана, у межах справы справы «Беларускага Гаюна». Невядома дакладна, што яму прысудзілі: «хімію» з накіраваннем – ці калонію.

3. 30 кастрычніка стала вядома, што затрыманага ў Пецярбургу коміка з Пінска Васіля Краўчука экстрадавалі ў Беларусь, дзе ён ўтрымліваецца ў адным з СІЗА. 7 лютага 2022 года ў судзе Пінскага раёна і Пінска Васіль Краўчук быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (знявага прадстаўніка ўлады). Падставай для крымінальнай справы стаў каментар у Telegram-канале «Каратели Беларуси» ў дачыненні да супрацоўніцы Інспекцыі па справах непаўналетніх. Праз тры месяцы пасля прысуду Васіль Краўчук перастаў выходзіць на сувязь і быў абвешчаны ў вышук. 17 снежня 2024 года суд Пінскага раёна і Пінска прыняў рашэнне аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

ІІ. Пераслед за беларускую мову ў месцах пазбаўлення волі

Відэааператар, былы палітвязень Вячаслаў Лазараў распавёў, як адміністрацыя ПК № 15 дадаткова рэпрэсуе за выкарыстанне беларускай мовы: «Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі, Так адбывалася пяць разоў запар».

III. Рэпрэсіі ў дачыненні да культурна-асветніцкіх ініцыятыў

1. 20 кастрычніка рашэннем суда Мёрскага раёна Віцебскай вобласці «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнана інфармацыя, размешчаная на Telegram-канале першай беларускай анлайн-кнігарні ў ЗША «Літарка» https://litarka.com.

2. 29 кастрычніка судом Пружанскага раёна «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны YouTube-канал з дзіцячымі казкамі па-беларуску «Будзьма дзецям», на якім апублікавана 5 частак беларускамоўнага лялечнага відэаспектакля «Прыгоды мышак». «Экстрэмісцкі спіс» папоўнілі культурна-асветніцкія TikTok-старонкі «Budzma_razam», супольнасць «Будзьма Беларусамі! Budzma Belarusami!» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники», старонка «Budzma» на анлайн платформе для збору ахвяраванняў.

IV. Пераслед у Беларусі сем’яў культурных дзеячаў, якія выехалі за мяжу

22 кастрыніка стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі дапытвалі блізкіх журналіста, культурніцкага блогера, аўтара вершаў і песень Валера Руселіка. «Распытваюць пра мяне, пра маю сям’ю. Пры гэтым не паведамляюць прычыны сваіх візітаў і распытванняў», – паведаміў Валер Руселік на Facebook-старонцы. Валер Руселік вядзе YouTube-канал «daroha», дзе распавядае пра падзеі ў Беларусі, публікуе анімацыю і песні; TikTok-канал «Vytok» пра Беларусь. У ліпені 2023 года яго сацыяльныя сеткі былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 2 жніўня 2023 года праект «daroha» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». У сакавіку 2024 года супраць Валера Руселіка распачалі палітычна матываваную крымінальную справу.