Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 красавіка 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 18 красавіка 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 красавіка 2022 года)

У перыяд 1–15 красавіка 2022 года ў Беларусі адбылося ўзмацненне рэпрэсій супраць Людзей Слова. За краты на падставе крымінальнага артыкула змешчаны Зміцер Дашкевіч, публіцыст, аўтар кнігі прозы «Чарвяк». Перададзены ў суд крымінальныя справы філосафа Уладзіміра Мацкевіча, паэта і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава. На 2 гады зняволення асуджаны рэдактар «Вікіпедыі» Павел Пернікаў. У Мінску затрымалі рэдактарку Аляксандру Макавік. Стала вядома, што акадэмік Аляксандр Лукашанец звольнены з пасады галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пад пераслед трапілі незалежныя кніжныя выдавецтвы – Міністэрства інфармацыі на 3 месяцы прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Медысонт» і «Галіяфы», якія спецыялізуюцца на выпусках літаратуры па-беларуску і пра Беларусь.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 4 красавіка Генеральная пракуратура перадала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні працаўнікоў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай, Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай. Дата разгляду пакуль не прызначана. Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай выстаўлены абвінавачванні ў «падрыхтоўцы з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) – аплата адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаванне ў месцах адбывання адміністрацыйных арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў адміністрацыйных і крымінальных працэсах. Таксама ім выстаўлена абвінавачванне ў аказанні дапамогі недзяржаўнай арганізацыі «BY_help» у дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса.

Сярод абвінавачваных у справе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН – Андрэй Аляксандраў, журналіст, медыяменеджар, паэт, аўтар тэкстаў песень. У 2016 годзе ўкраінскі гурт «Колір» выпусціў беларускамоўны трэк «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава. У 2015 годзе аргкамітэт конкурсу «Заспявай 2.0» адзначае гурт «Колір» за песню «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі «Спяваная паэзія». Андрэй Аляксандраў стварыў «Беларусский журнал» — інтэлектуальнае анлайн-выданне, дзе планаваў развіваць свабодную і незалежную беларускую думку, сутыкаць розныя ідэі, погляды і меркаванні, часам цалкам супрацьлеглыя. Затрыманы 12 студзеня 2021 года. За кратамі працягвае пісаць вершы, што дасылае ў лістах сябрам і калегам.

2. 6 красавіка ў Гомелі распачата крымінальная справа ў дачыненні Мікіты Слепянка, адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала «Rezystans». Яго абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Тэлеграм-канал «Rezystans» чытаюць 284 падпісчыкі, 29 сакавіка МУС прызнаў яго «экстрэмісцкім фарміраваннем». Мікіту Слепянка змясцілі ў СІЗА на вуліцы Кніжная ў Гомелі.

3. 6 красавіка не выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту Зміцер Дашкевіч, следчы паведаміў, што распачата крымінальная справа. Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. У 2016 годзе арганізаваў збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зміцер Дашкевіч неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у мірных пратэстах, быў прызнаны палітвязнем. 23 сакавіка 2022 года ў Мінску ў кватэры Змітра Дашкевіча адбыўся ператрус. ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале напісаў пра затрыманне Змітра Дашкевіча і паведаміў, што на актывіста «сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, таксама ідзе праца для кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальвання нянавісці праз адміністраваныя інтэрнэт-супольнасці». 24 сакавіка 2022 года Зміцер Дашкевіч асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, змешчаны ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю, яго абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

4. 7 красавіка 2022 года суд Маскоўскага раёна Брэста прысудзіў Паўлу Пернікаву два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Павел Пернікаў – аўтар і папулярызатар свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.org, рэдактар «Вікіпедыі» з 2014 года, унёс больш за 84 тысячы правак. У 2021 годзе рэдагаваў артыкулы, прысвечаныя беларускім СМІ, затрыманаму журналісту выдання «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзю Мажэйку, журналістцы TUT.by Кацярыне Барысевіч, гуртам «IQ48» і «Ляпіс Трубяцкой». 28 сакавіка пракуратура Брэсцкай вобласці перадала ў суд крымінальную справу Паўла Пернікава, які абвінавачваўся ў публікацыі «заведама лжывых звестак». 6 і 7 красавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разгледзелі крымінальную справу Паўла Пернікава паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Паўла Пернікава судзілі за праўкі ў «Вікіпедыі». У снежні 2020 года ён унёс праўкі ў артыкул «Вікіпедыі» – «Спіс смерцяў, звязаных з пратэстамі ў Беларусі (2020–2021)». Змены былі зроблены ў адзін артыкул на дзвюх мовах – рускай і беларускай («тарашкевіцы»): у раздзел пра забойства ў Брэсце ўдзельніка мірных пратэстаў Генадзя Шутава, а таксама ў прэамбулу (дзе сцвярджаецца, што МУС і ўлады не прызналі адказнасці за смерць пратэстоўцаў). 6 сакавіка 2021 года ў рускамоўнай «Вікіпедыі» Павел Пернікаў дадаў у артыкул «Цэнзура ў Беларусі» радок: «20 кастрычніка 2004 года ў Мінску была забіта журналістка апазіцыйнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава». У красавіку 2021 года на сайце «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» (Германія)» змясціў артыкул пра беларускую пенітэнцыярную сістэму са словамі: «У цэнтры Еўропы людзей катуюць, забіваюць».

5. 12 красавіка ў Маладзечне пасля ператрусу быў затрыманы музыка Аляксандр Казакевіч. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Аляксандра Казакевіча змясцілі ў турму ў Жодзіне. Аляксандр Казакевіч граў у гурце «Канфлікт».

6. 14 красавіка пракуратура Мінска накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Паводле матэрыялаў справы, Уладзіміра Мацкевіч 25 кастрычніка 2020 года на тэрыторыі Мінска прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Паводле пракуратуры, ён са жніўня 2020 года да 4 жніўня 2021 года стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб’яднання групы грамадзян (ч. 1 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса). Уладзімір Мацкевіч – заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт». Удзельнічаў у стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97», з’яўляецца аўтарам тэксту дэкларацыі ініцыятывы. Рэгулярна выступаў з публічнымі лекцыямі і прамовамі, у тым ліку для «дваровых супольнасцяў» у 2020 годзе. Зʼяўляецца аўтарам вялікай колькасці публіцыстычных артыкулаў і каля 50 навуковых прац у пытаннях філасофіі, палітыкі, культуры і трансфармацыі адукацыі. Суаўтар серыі кніг у пытаннях грамадзянскай супольнасці, дыялогу і каштоўнасцяў «Беларусь для пачаткоўцаў» (2006–2009). Аўтар шэрага відэакурсаў па філасофіі і трансфармацыі грамадства.

7. 14 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе вынесены прысуд паводле крымінальнай справы бас-гітарыста гурта «TerraKod» Віктара Катоўскага, затрыманага ў Брэсце 29 верасня 2021 года паводле крымінальнай справы за каментарыі наконт «справы Зельцара». Віктара Катоўскага абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 ч. 1 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады); арт. 368 ч. 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Віктара Катоўскага пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на 3 гады ў калоніі агульнага рэжыму і штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 12 красавіка гітарыст Уладзіслаў Плюшчаў арыштаваны на 25 сутак. Уладзіслаў – гітарыст «Pomidor/off», граў у «Крамбамбулі» і «Zet». 

2. 14 красавіка ў Мінску затрымалі Аляксандру Макавік, рэдактарку, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і рэдагаванні кніг, працавала ў газеце «Наша Ніва», часопісе «ARCHE», рэдагавала дакументальную кніжную серыю «Бібліятэка Свабоды».

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. 4 красавіка у Брэсце выйшаў на волю з ізалятара Алег Вялаў, асуджаны за ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку. У знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду ўсе 12 сутак, што Алег Вялаў знаходзіўся ў ізалятары Ленінскага РАУС, ён правёў у галадоўцы на адной вадзе. У камеры не было матраца, бялізны, магчымасці ляжаць днём, магчымасці чытаць. Ноччу двойчы адбываліся праверкі, падчас якіх трэба было ўставаць, называць сваё імя і артыкул.

2. 7 красавіка камісія калоніі № 4 Гомеля наклала на Марыю Калеснікаву спагнанне. Яе пазбавілі права на кароткатэрміновае спатканне.

3. 10 красавіка польскае выданне «Rzeczpospolita» паведамла, што ў перыяд з 14 красавіка да 21 траўня 2021 года Андрэя Пачобута ўтрымлівалі ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў частцы, дзе свае апошнія дні праводзяць асуджаныя на смяротнае пакаранне. «Rzeczpospolita» спасылаецца на былога сукамерніка Андрэя Пачобута. Андрэй Пачобут (Andrzej Poczobut) – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка. Аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013).

IV. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю

1. 1 красавіка дырыжору Івану Касцяхіну не працягнулі кантракт у Нацыянальным тэатры оперы і балета.

2. 4 красавіка стала вядома, што акадэмік Аляксандр Лукашанец загадам дырэктара ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ад 23 лютага 2022 года звольнены з пасады галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пасля выбараў 2020 года Аляксандр Лукашанец выступіў у відэазвароце навукоўцаў супраць гвалту. Аляксандр Лукашанец – доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, акадэмік. Лаўрэат прэмій НАН Беларусі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. З 1977 года працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі» (1989–2003), дырэктар ДНУ «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі» (2003–2008), дырэктар ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі» (2008–2012), першы намеснік па навуковай рабоце ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» (2012–2021), галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (2021–2022). Звольнены з працы 2 сакавіка 2022 года.

3. 5 красавіка з’явілася інфармацыі пра звальненне Алены Баяравай, Марыны Здаранковай і Марыі Пятровіч з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Запланаваная на 14 красавіка пастаноўка «Ліфт» паводле п’есы Юліі Чарняўскай, дзе грала Алена Баярава, скасавана.

4. 8 сакавіка не працягнулі кантракт Дзмітрыю Яцэвічу, дырэктару па навуцы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Дзмітрый Яцэвіч узначальваў архіў з 2012 года. У той жа дзень намеснік дырэктара па навуцы Дзяніс Лісейчыкаў, кандыдат гістарычных навук, звольніўся з уласнага жадання.

V. Ціск на незалежныя выдавецтвы

1. 11 красавіка Міністэрства інфармацыі на 3 месяцы прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Медысонт», якое спецыялізуецца на беларускамоўнай літаратуры. Паводле МІністэрства інфармацыі, выдавецтвам «былі парушаны тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з апавяшчэннем пра змяненне звестак (аб месцы знаходжання выдаўца, вытворцы і распаўсюдніка друкаваных выданняў, аб заснавальніках, выдаўцах, вытворцу і распаўсюдніку друкаваных выданняў), якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў». На падставе загада Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2022 г. № 192-1 з 15 красавіка 2022 г. тэрмінам на 3 месяцы прыпынена дзейнасць, што ажыццяўляецца ТАА «Медысонт».

«Медысонт» дзейнічае з 1998 года, у ім была выдадзена кніга Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», у якой Камісія супрацьдзеяння экстрэмізму знайшла «інструкцыі ў выбуховай справе» і на гэтай падставе прызнала кнігу «экстрэмісцкай».

2. 13 красавіка Міністэрства інфармацыі на 3 месяцы прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Галіяфы». Паводле Міністэрства інфармацыі, «у парушэнне п. 3 арт. 28 закона ад 29 снежня 2012 года № 8-З «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства «Галіяфы» парушыла тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем пра змяненне звестак, што падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў». На падставе загада міністра інфармацыі ад 13 красавіка 2022 года № 196 з 18  красавіка тэрмінам на 3 месяцы прыпынена дзейнасць выдавецтва. «Галіяфы» — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе, мае сваю аднайменную кнігарню ў Мінску, а таксама інтэрнэт-краму. Выдавецтва спецыялізуецца на выданні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове, кніг па мастацтве і «выданнях, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь». Дырэктар «Галіяфаў» – літаратар і мастак Зміцер Вішнёў.