«Пустыя крэслы» на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа

Апошняе абнаўленне: 30 верасня 2025
«Пустыя крэслы» на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа

У Міжнароднага ПЭНа існуе традыцыя «Empty Chairs» («пустыя крэслы») для тых, чый голас не можа, але павінен гучаць. Падчас сустрэч, дыскусій, імпрэз і выступаў на сцэне застаецца адно «пустое крэсла» з партрэтам зняволенага пісьменніка, які не можа быць тут і цяпер фізічна, але сімвалічна яго месца – разам з намі.

Гэтая прыгожая і дзейсная праява салідарнасці праходзіла праз увесь 91-ы Кангрэс Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве. Кангрэс распачаўся 2-га верасня «пустым крэслам» для эсэіста, журналіста і блогера Андрэя Пачобута, а 4-га верасня, у дзень народзінаў юрыста і пісьменніка Максіма Знака, «пустое крэсла» зноў было для беларускага аўтара.

Мы дзякуем Міжнароднаму ПЭНу і ўсім іншым ПЭНам за падтрымку беларускіх Людзей Слова ў няволі і за магчымасць гучаць іх галасам.

У сваю чаргу мы выказваем салідарнасць са зняволенымі пісьменнікамі па ўсім свеце. Мы былі ўсцешаныя, што паміж намі за сталамі Кангрэса сімвалічна прысутнічалі таксама Amanda Echanis (Філіпіны), Amanuel Asrat (Эрытрэя), María Cristina Garrido Rodríguez (Куба), Boualem Sansal (Алжыр), Gui Minhai (Кітай), Alex Barga (Мазамбік), Ashraf Omar (Егіпет), Mohamed Tadjadit (Алжыр), Rory Branker (Венесуэла), Iryna Danylovych (Украіна, акупаваны Крым). Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Беларускі ПЭН працягвае абараняць свабоду слова, правы пісьменнікаў, журналістаў і ўсіх Людзей Слова. Мы паслядоўна баронім свабоду выказвання і намагаемся прыцягваць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў літаратарак і літаратараў.