Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 верасня 2025 года

Апошняе абнаўленне: 1 кастрычніка 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 верасня 2025 года

На 30 верасня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 33, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 151.

Вынесены прысуд журналісту і літаратару Ігару Ільяшу за каментары незалежным СМІ – 4 гады калоніі і 100 базавых велічынь штрафу на карысць дзяржавы. 

Стаў вядомы прысуд сужэнцам-мастакам Ігару Рымашэўскаму і Людміле Шчамялёвай

Выкладчыцу вакалу Марыну Рапавец асудзілі за ўдзел у пратэстах.

Стала вядома пра арышт заснавальніка арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірыла Краўцова.

Сужэнскую пару педагогаў-баяністаў Лілію Пажарыцкую і Аляксандра Пажарыцкага асудзілі на абмежаванне волі. 

У парадку «спецыяльнага вядзення» вынесены прысуд мастачцы з Петрыкава Віялеце Майшук

У дачыненні да журналіста і літаратара Андрэя Мялешкі заведзены тры крымінальныя справы.

Спявак, гід і педагог Аляксей Галіч адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна. 

У аўтара турэмнай літаратуры Міколы Дзядка ў калоніі канфіскавалі рукапісы. 

Праваабаронцу і літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму зрабілі аперацыю ў турэмным шпіталі. 

Былы палітвязень Яўген Меркіс паведаміў, што вязняў у калоніі дадаткова караюць за беларускую мову. 

У спіс выданняў, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», дадалі 32 кнігі, сярод іх – антываенны раман Сашы Філіпенкі «Слон».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 16 верасня 2025 года  ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд журналісту і літаратару Ігару Ільяшу за каментары незалежным СМІ паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі). Прысуд: 4 гады калоніі і 100 базавых велічынь штрафу на карысць дзяржавы (4200 беларускіх рублёў = 1382 долараў). Ігар Ільяш – філосаф паводле адукацыі, суаўтар дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас» (К. Андреева, И. Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1), напісанай разам з жонкай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні паводле палітычна матываванай справы. У кнізе «Беларускі Данбас» сабраны гісторыі грамадзян Беларусі, якія ваявалі як на баку Украіны, так і на баку расійскіх акупацыйных войскаў. У 2021 годзе кнігу абвясцілі ў Беларусі «экстрэмісцкай».

2. 18 верасня стала вядома, што выкладчыцу вакалу Марыну Рапавец асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 года на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яе імя з’явілася ў «спісе экстрэмістаў», які вядзе МУС. Марыю Рапавец затрымалі ў чэрвені 2025 года. 

3. 24 верасня стаў вядомы прысуд, які Мінскі гарадскі суд вынес 23 жніўня мастакам, мужу і жонцы Ігару Рымашэўскаму і Людміле Шчамялёвай – 1 год і 2 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін мастакі знаходзіліся ў СІЗА (з кастрычніка 2024 года), таму былі вызвалены пасля суда па адбыцці тэрміну пакарання. Ігара Рымашэўскага абвінавачвалі ў знявазе прэзідэнта і распальванні варожасці. Людмілу Шчамялёву асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі былі арыштаваны на падставе палітычна матываванай справы ў кастрычніку 2024 года. 2 жніўня 2025 года сталі вядомыя дэталі іх затрымання – звесткі праваабаронцам дала зняволеная, якая была з Людмілай Шчамялёвай у ізалятары часовага ўтрымання: «Прыйшлі з ператрусам да мужчыны, у якога вісела яе [Шчамялёвай] карціна. Яна была без БЧБ, не пратэсная, але проста ім не спадабалася. Таму яны прыйшлі з ператрусам да Людмілы і яе мужа Ігара Рымашэўскага». 

4. 25 верасня стала вядома пра арышт заснавальніка арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірыла Краўцова, які быў арыштаваны ў чэрвені 2025 года і ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА з абвінавачаннем паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яго арыштавалі ў межах «справы Гаюна», разам з сотнямі чалавек, якія адпраўлялі паведамленні ў чат «Беларускі Гаюн» пра перамяшчэнні расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Кірыл Краўцоў – заснавальнік арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне), дзе арганізаваў сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы. Удзельнік акцыі «З табурэтам да акіяна», падчас якой аб’ехаў паўсвету аўтаспынам.

5. 25 верасня стала вядома, што сужэнскую пару педагогаў-баяністаў Лілію Пажарыцкую і Аляксандра Пажарыцкага асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») за ўдзел у пратэстах 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

6. 25 верасня Гомельскі абласны суд завочна, у парадку «спецыяльнага вядзення» вынес прысуд мастачцы з Петрыкава Віялеце Майшук – 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). 

7. 30 верасня стала вядома, што ў дачыненні журналіста і літаратара Андрэя Мялешкі заведзены тры крымінальныя справы: паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім), арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

II. Адміністрацыйныя арышты дзеячаў мастацтва

16 верасня стала вядома, што спявак, гід і педагог Аляксей Галіч у верасні адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна за «несанкцыянаванае пікетаванне» ў інтэрнэце. 

III. Канфіскацыя рукапісаў у месцах пазбаўлення волі

20 верасня аўтар турэмнай літаратуры Мікола Дзядок паведаміў, што пры вызваленні з калоніі ў яго канфіскавалі лісты і рукапісы.

IV. Страта здароўя ў месцах пазбаўлення волі

1. 23 верасня відэааператар Вячаслаў Лазараў, вызвалены 11 верасня, распавёў пра стан здароўя палітзняволенага літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты: «Бачыліся з Фядутам, размаўлялі. Хаця ўсіх папярэдзілі, што да яго лепш не падыходзіць, таму што адразу адправяць у ШІЗА. Ён вельмі моцна схуднеў. Ходзіць з кіёчкам, часцей за ўсё ходзіць з суправаджэннем, бо самому перасоўвацца цяжка. Асноўная праблема Фядуты – сэрца. Яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, апошні раз, здаецца, некалькі месяцаў таму вазілі. Але трымаецца, жартуе, з ім цікава пагаварыць на любыя тэмы. За стасункі з Фядутам кідаюць у штрафны ізалятар, раней на 10 сутак, зараз на 15».

2. 25 верасня стала вядома, што праваабаронцу і літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму летам зрабілі аперацыю на нагах у турэмным шпіталі ў Калядзічах пад Мінскам. У шпіталь яго даставілі з калоніі ў Горках.

V. Пераслед за беларускую мову ў месцах пазбаўлення волі

17 верасня былы палітвязень Яўген Меркіс паведаміў, што за выкарыстанне беларускай мовы вязні ў калоніі маюць дадатковае пакаранне: іх ставяць на прафілактычны ўлік і на турэмную робу нашываюць жоўтую бірку. Таксама за беларускую мову пагражалі ШІЗА. 

VI. Пераслед сям’яў літаратараў, якім давялося выехаць з Беларусі 

30 верасня стала вядома, што да маці і сястры журналіста і літаратара Андрэя Мялешкі прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта Андрэй Мялешка напісаў у «Фэйсбуку»: «Сёння я даведаўся, па якіх артыкулах прыходзілі “па маю душу” дадому да маёй маці. І яны шчэ прасілі сястру і маці, каб я пакаяўся, і напісаў пакаянне ў камісію па вяртанні, і вярнуўся…»

VII. Цэнзура 

29 верасня стала вядома, што спектакль «Сёстры Грым» у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек забаронены і не пабачыць сцэны. 13 верасня была адменена прэм’ера, тады паведамілі, што «з тэхнічных прычын». 

VIII. Забароненыя кнігі

1. 30 верасня Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс выданняў, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», яшчэ 32 кнігі. Цяпер у гэтым спісе 173 кнігі. Сярод новых выданняў – антываенны раман «Слон» Сашы Філіпенкі. Пісьменнік Саша Філіпенка падтрымаў пратэсты 2020 года, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь. 14 лютага 2024 года стала вядома, што супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці і разладу). 

2. 30 верасня Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» – у яго дадалі сайт і старонкі праекта «Kamunikat.оrg»,  тры нумары часопіса «Беларусь і свет», кнігу Цімаці Снайдэра «Пра свабоду», а таксама кнігі «Код адсутнасці» і «Трэба ўявіць сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча.