Збор заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча 2025

Апошняе абнаўленне: 2 кастрычніка 2025
Збор заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча 2025

Беларускі ПЭН распачынае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зняволення.

Да ўдзелу прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах – апублікаваныя, часткова апублікаваныя ці неапублікаваныя. Разглядаюцца працы, створаныя з кастрычніка 2024 да верасня 2025 года.

На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэгламентам.

Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць адпаведную google-форму і дадаць да яе творы. Тэрмін падачы заявак – да 15 кастрычніка 2025 года (23:59 беларускага часу).

Заснавальнікі прэміі, Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода», абвесцяць вынікі прэміі 15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка.


Часта задаваныя пытанні пра прэмію 

Калі мой твор напісаны ўжо не ў турме, я магу падацца?

Так, бо прымаюцца творы, напісаныя альбо ў зняволенні, альбо на тэму зазнанага зняволення.

Калі я пішу па-руску?

Так, бо на разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах. Таксама адсутнічаюць абмежаванні паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў.

Калі мой твор нідзе не надрукаваны?

Так, мы прымаем як апублікаваныя творы, так і неапублікаваныя. А яшчэ ў конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.

Я магу ўдзельнічаць ананімна?

Так. Факт намінацыі, перамога, імёны і прозвішчы аўтараў могуць зашыфроўвацца і не раскрывацца публічна. Прозвішчы будуць абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.

Ці магу я падаць заяўку за сваіх блізкіх, якія знаходзяцца ў зняволенні?

Так, гэта могуць зрабіць блізкія сваякі аўтара або іншыя ўпаўнаважаныя асобы. Але твор можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў).

Ці магу я намінавацца зноў пасля перамогі ў мінуля годы?

Так, лаўрэаты прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах.

Мая кніга выйшла ў 2023 годзе – ці магу яе намінаваць?

Не, на разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з кастрычніка 2024 да верасня 2025 года.


Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў і катаванняў штогод ускладняе публікацыю твораў, напісаных у няволі. Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння за кратамі застаюцца не менш як 33 Людзі Слова. Беларускі ПЭН вядзе хроніку, прысвечаную зняволеным літаратарам, перакладчыкам, даследчыкам літаратуры, публіцыстам і інтэлектуалам — усім, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.

Арганізатары прэміі прапануюць пры жаданні захаваць ананімнасць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам  і сваякам зняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозвішчы будуць публічна абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.

Прэмія  імя Францішка Аляхновіча будзе ўручацца, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але арганізатары спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць. Першую прэмію атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».

Прэмія праводзіцца пры падтрымцы яе сузаснавальніка і інфармацыйнага партнёра «Радыё Свабода». Даведацца больш пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна на сайце Беларускага ПЭНа.