Падчас вайны ва Украіне ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні актывістаў грамадзянскай супольнасці, удзельнікаў антываенных акцый і тых, хто выказваў прыхільнасць да Украіны і яе культуры. У Брэсце былі затрыманы людзі, якія прынеслі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку. Сярод затрыманых падчас антываенных акцый – дзеячы культуры і іх родныя. У месцах няволі яны зазналі катаванні: іх білі, зневажалі словамі, у камеры на чацвярых трымалі 16 чалавек, не было перадач, бялізны, матрацаў, сродкаў гігіены.
У перыяд 1–16 сакавіка 2022 года суды ў Мінску вынеслі 5 прысудаў паводле крымінальных палітычна матываваных спраў у дачыненні дзеячаў культуры. Пачаўся разгляд крымінальнай справы мастака і перформера Алеся Пушкіна.
I. Суды над затрыманымі падчас антываенных акцый дзеячамі культуры, аўтарамі і выканаўцамі
1. 1 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся суд над 27-гадовым удзельнікам гуртоў «Pylai» і «Irdorath» Елеўферыем Гайко. Паводле пратакола на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, Гайко на праспекце Незалежнасці, 35 прыняў удзел у масавым мерапрыемстве і выкрыкваў лозунг «Нет войне». Рашэнне суда –14 сутак адміністрацыйнага арышту.
2. 1 сакавіка перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 80 базавых велічынь за ўдзел у антываеннай акцы 27 лютага каля выбарчага ўчастка на тэрыторыі школы № 134. У Ленінскім РУУСе на яе склалі пратакол паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях («непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»). Вольга Калацкая пераклала на беларускую англамоўныя тэксты пра Беларусь Тыматы Снайдэра ды іншых даследчыкаў, у тым ліку самы вялікі англамоўны тэкст пра беларускую літаратуру (і пра Беларусь увогуле) Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» (Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day), а таксама мастацкія творы Вірджыніі Вулф, Уільяма Голдынга, Тэнесі Уільямса, Дэна Браўна, Пола Остэра, Гаральда Пінтэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, Маргарэт Этвуд і іншых брытанскіх і амерыканскіх аўтараў. 15 студзеня 2021 года Вольгу Калацкую затрымалі і змясцілі ў ІЧУ Мінска на вуліцы Акрэсціна, потым у турму № 8 Жодзіна і, урэшце, у СІЗА № 1 Мінска. Спачатку яна праходзіла як падазраваная паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней Вольгу Калацкую абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) – нібыта падчас адной з мірных акцый пратэсту яна двойчы дала поўху прапагандысту дзяржаўнага канала СТВ Рыгору Азаронку. Да суда Вольга Калацкая знаходзілася за кратамі. У сакавіку 2021 года крымінальную справу разглядаў Фрунзенскі суд Мінска. 24 сакавіка суддзя А. Скуратовіч пакарала перакладчыцу двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). У траўні 2021 года Следчы камітэт скасаваў рашэнне аб спыненні вядзення справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. У выніку Вольга Калацкая зноў падазраваная паводле гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. За кратамі Вольга Калацкая вяла турэмны дзённік, які публікуе. Адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».
3. 2 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна на 15 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі мастака Дзмітрыя Дарашэнку (aka Doctor_oy). Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавым мерапрыемстве» (арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях) 27 лютага.
4. 2 сакавіка пісьменніцу і даследчыцу літаратуры Ганну Севярынец не пусцілі ў залу суда, калі судзілі яе дзвюх дачок за ўдзел у антываеннай акцыі. Дачок – Жэню і Любу – асудзілі на 15 сутак арышту. Пра гэта Ганна Севярынец напісала ў Facebook: «Трымаліся добра, Жэня спыталася ў сведкі-міліцыянта, ці не сорамна яму. Мяне ў залу не пусцілі, слухала пад дзвярыма. Напісала скаргу на дзеянні суддзі». Дзяўчат затрымалі 28 лютага падчас антываенных пратэстаў побач з чыгуначным вакзалам у Мінску.
5. 2 сакавіка затрыманая на антываеннай акцыі 28 лютага мастачка і фатографка Кацярына Малама, паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Мінска, была асуджана на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Кацярына Малама – аўтарка фотапраекту «Лица белорусов».
6. 2 сакавіка затрыманая на антываеннай акцыі 28 лютага сямейная фатографка Жанна Антонава, паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Мінска, была асуджана на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
7. 3 сакавіка ў Мінску на выхадзе з праваслаўнага Кафедральнага сабора Святога Духа затрыманы ўдзельнікі супольнай Малітвы беларускіх маці за мір. Сярод затрыманых – журналістка выдання «Новы Час» Дзіяна Серадзюк і яе муж Яўген Батура. Ноч яны правялі ў ізалятары на Акрэсціна. 4 сакавіка іх асудзілі ў Цэнтральным судзе Мінска. Яўгена Батуру асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях за «непадпарадкаванне» міліцыі. Дзіяну Серадзюк паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях асудзілі таксама на 15 сутак.
8. 3 сакавіка ў Мінску на выхадзе з праваслаўнага Кафедральнага сабора Святога Духа затрымана Ксенія Фёдарава – менеджарка культуры. Уладальніца мінскага бара «Сіняя каза» і творчай прасторы «Месца», у якіх праходзілі канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы. Ксенія Фёдарава ўдзельнічала ў супольнай Малітве беларускіх маці за мір.
9. 14 сакавіка ў Віцебску Уладзімір Булаўскі, актывіст і менеджар культуры, мусіў выйсці на волю пасля адміністрацыйнага арышту, але дадому яго прывезлі пяцёра сілавікоў і ўчынілі ператрус. Уладзімір Булаўскі быў затрыманы 27 лютага і арыштаваны на 15 сутак.
II. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 3 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска вынес рашэнне паводле крымінальнай справы Алега Груздзіловіча: 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 56 000 рублёў. За стрым з мірнага маршу пратэсту яго прызналі вінаватым у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Алег Груздзіловіч – журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?» пра падзеі вакол тэракта ў мінскім метро, што адбыўся 11 красавіка 2011 года. Кніга была выдадзена ў 2012 годзе ў серыі «Бібліятэка Свабоды». Пракуратура вынесла папярэджанне Алегу Груздзіловічу за тое, што сваім тэкстам ён паставіў пад сумнеў справядлівасць і празрыстасць судовай сістэмы. Алег Груздзіловіч шмат разоў затрымліваўся падчас журналісцкай працы на акцыях пратэсту. Летам 2020 года асвятляў масавыя пратэсты ў Беларусі. У жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС. 23 снежня 2021 года затрыманы пасля таго, як МУС назвала «экстрэмісцкім фарміраваннем» інтэрнэт-рэсурсы «Радыё Свабода». Алега Груздзіловіча змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
2. 10 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы мастака і перформера Алеся Пушкіна. Пачатак суда, паводле аповедаў прысутных, нагадваў перформанс: Алесь Пушкін у белай робе з надпісам «Белрэстаўрацыя» ляжаў у клетцы на лаўцы, пасля запатрабаваў ад канвою зняць кайданкі і паставіць яго на ногі. У будынак суда яго занеслі, бо сам ісці адмовіўся. У другой палове дня пасяджэнне зрабілі закрытым, з залы суда выдалілі нават жонку мастака, Яніну Пушкіну. З тых, хто прыйшоў падтрымаць Пушкіна, былі затрыманы мастак Алесь Цыркуноў і Віталь Борыс, іх арыштавалі на 15 сутак. Мастака Алеся Пушкіна абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму і здзеку з дзяржаўных сімвалаў» паводле ч. 3 арт. 130 (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2019 года) і арт. 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. Падчас следства прэтэнзіі паўсталі да цыкла карцін «Беларускі супраціў», мастак ствараў яго з 90-х гадоў XX стагоддзя. Акрамя гэтага, Алеся Пушкіна абвінавачваюць, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года ён зладзіў у Кіеве перформанс, «падчас якога зневажаў дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», г. зн., яго абвінавачваюць у паўторы ў сакавіку 2021 года (падчас выставы сучаснага беларускага мастацтва ў Кіеве) перформансу «Гной для прэзідэнта», упершыню выкананага мастаком у 1999 годзе. У 2019 годзе Алесь Пушкін за кнігу «Турэмны альбом» стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
3. 15 сакавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска вынесены прысуды галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэю Скурко. Суд прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса. Рашэнне суда: Ягору Марціновічу – 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Андрэю Скурко – 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Андрэй Скурко – аўтар газеты «Наша Ніва» і часопіса «Наша гісторыя», а таксама вандроўных нататак, казак, вершаў, сцэнарыяў коміксаў для дзіцячых выданняў. У зняволенні піша дзіцячыя вершы, прысвечаныя сыну Тамашу.
4. 15 сакавіка судовая калегія крымінальных спраў Мінскага гарадскога суда вынесла прысуд у справе стрыт-арт-мастака і IT-спецыяліста Дзмітрыя Падрэза, якога арыштавалі за перадачу звестак супрацоўнікаў міліцыі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прысуд: 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і выплата кампенсацыі траім пацярпелым – 11 000 рублёў.
5. 16 сакавіка ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе Паўла Вінаградава – 5 гадоў пазбаўлення волі. Павел Вінаградаў – блогер, інтэрнэт-аўтар у жанры нон-фікшн, грамадскі актывіст. Пісаў у Facebook прозу пра штодзённасць горада Беразіно ў Мінскай вобласці, куды пераехаў жыць з Мінска. Вёў тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі». 24 лістапада 2021 года Генеральная пракуратура прызнала экстрэмісцкім тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі», які меў 429 падпісчыкаў. 22 снежня 2021 года Паўла Вінаградава абвінавацілі за адзін пост у Facebook. Першая лінгвістычная экспертыза не выявіла складу злачынства. Следчы прызначыў новую экспертызу, з перафармуляванымі пытаннямі і засакрэчаным прозвішчам эксперта, пасля яе «злачынныя» словы былі выяўлены. Абвінавачванні былі выстаўлены паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У студзені 2022 года Паўла Вінаградава перавялі з ІЧУ АУС Бярэзінскага раёна ў Жодзіне ў следчую турму № 8, дзе паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструкцыйнай дзейнасці».
III. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 сакавіка ў вёсцы Старыя Ранчыцы ў Бешанковіцкім раёне затрыманы журналіст, паэт і бард Георгій Станкевіч. Ад 3 сакавіка ўсю ноч каля яго дома дзяжурыла міліцэйская машына. Зранку супрацоўнікі міліцыі затрымалі Георгія Станкевіча і ўчынілі ў яго ператрус, забралі тэлефон і камп’ютар. Георгій Станкевіч, затрыманы раніцай, вярнуўся дахаты каля 18-й гадзіны. На яго склалі пратакол аб правапарушэнні на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях і асудзілі, прызнаўшы вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні. Пікетам палічылі фотаздымак, дзе Георгій Станкевіч сфатаграфаваны на фоне сцяга партыі «Народная Грамада». Георгія Станкевіча аштрафавалі на 70 базавых велічынь (2240 рублёў). На думку Георгія Станкевіча, сапраўдная прычына пераследу ў тым, што ён заклікаў спыніць вайну ва Украіне, а каб людзі ведалі праўду пра напад Расіі на Украіну, публікаваў інфармацыю пра вайну на сайце http://beshankovichy.by.
2. 6 сакавіка ў Мінску затрымалі былога актора Тэатра імя Горкага Арсенія Сячко, склалі пратакол за пікетаванне паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. Арсенія Сячко збілі ў Фрунзенскім РУУСе, зламалі тры рабры. 7 сакавіка асудзілі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту і паклалі ў бальніцу. 13-сутачны арышт ён павінен адбыць пасля выпіскі.
3. 11 сакавіка мастак Алесь Цыркуноў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Мастака затрымалі 10 сакавіка ў Мінску перад судом паводле крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна. Алеся Цыркунова асудзілі за тое, што ў яго на адзенні былі бел-чырвона-белая і блакітна-жоўтая стужкі.
4. 11 сакавіка на 15 сутак асуджаны Віталь Борыс, які прыйшоў у суд над мастаком Алесем Пушкіным. Яго асудзілі за вокладку пашпарта з гербам «Пагоня».
5. 10 сакавіка былую выкладчыцу філалагічнага факультэта БДУ Алу Кожынаву арыштавалі на 13 сутак. Ала Кожынава – былая прафесарка кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства, выбітная даследчыца ў галіне паланістыкі. У 2020 годзе яна ўдзельнічала ў відэазвароце супраць гвалту і была звольнена.
6. 12 сакавіка на 15 сутак паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) асудзілі IT-спецыяліста і папулярызатара інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.оrg Марка Бернштэйна. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа апублікавана фота Марка Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасійскія матэрыялы».
7. 15 сакавіка ў Віцебску супрацоўнікамі міліцыі затрыманы і дастаўлены ў РАУС Чыгуначнага раёна грамадскі актывіст і распаўсюднік беларускай літаратуры Барыс Хамайда. У 2021–2022 годзе ў Барыса Хамайды некалькі разоў забіралі для экспертызы «на экстрэмізм» беларускія кнігі, якія ён распаўсюджваў.
IV. Затрыманні каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Брэсце
8 сакавіка чацвярых жыхароў Брэста затрымалі каля помніка Тарасу Шаўчэнку напярэдадні дня народзінаў класіка ўкраінскай паэзіі. Вядома асоба аднаго затрыманага – Алег Вялаў.
V. Пераслед за ўкраінскую сімволіку
1. У Полацку на 15 сутак асудзілі Сяргея Хлебадара, які 27 лютага прыйшоў на выбарчы ўчастак у блакітна-жоўтым шаліку. Суд прызнаў Сяргея вінаватым паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях («несанкцыянаванае пікетаванне»).
2. У Гомелі Валянціна Міронава, маці гомельскага палітвязня Іллі Міронава, была змешчана на 2 сутак у ізалятар часовага ўтрымання за жоўта-блакітны сцяжок у акне, які заўважыў мясцовы ўчастковы. Паводле рашэння суда Валянціну Міронаву таксама аштрафавалі на 160 рублёў (5 базавых велічынь).
3. У Бабруйску 4 сакавіка дырэктарка школы № 27 выклікала АМАП на настаўніцу гісторыі Ларысу Секержыцкую за жоўта-сінюю стужку ў валасах. Настаўніцу затрымалі на ўроку гісторыі ў школе.
VI. Ліквідацыя няўрадавых арганізацый, што дзейнічалі ў сферы культуры
Ліквідавалі «Таварыства польскай культуры на Лідчыне». Грамадскае аб’яднанне «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» знаходзілася ў працэсе ліквідацыі з 1 сакавіка 2022 года паводле рашэння Гродзенскага абласнога суда. «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» было заснавана ў 1995 годзе для «грамадскага і культурнага развіцця грамадзян польскай нацыянальнасці». Арганізацыя займалася ўсталяваннем мемарыяльных шыльдаў і помнікаў (у тым ліку паўстанцам 1863 года), адкрыццём музеяў, арганізацыяй канцэртаў і літаратурных вечарын, экскурсіямі па Беларусі, Польшчы і Літве.