
Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Афрыканская выспа і архіпелаг Беларусь
Сяргей Дубавец, Занзібар: сталеньне маладой душы.
Прага: Вясна, 2024
…Беларусь нарадзілася для нас з кніг, і як яна цяпер разраслася і ўразнастаілася, якой неабдымнаю стала. А гэта ўсё зрабілі мы ўсе разам. Хоць, папраўдзе, што мы такога зрабілі? Проста вярнуліся да саміх сябе. Вярнулі парадак рэчаў у тое рэчышча, якое было ад пачатку дзён. Было, пакуль нехта ня вырашыў павярнуць нашу раку назад, то бок у нікуды.
У кожнага чалавека ёсць жаданне распавесці іншым людзям пра сваё жыццё, асабліва пра дзяцінства і маладосць. І чым старэйшы робіцца чалавек, тым гэтае жаданне робіцца мацнейшым. Звычайна, яно рэалізуецца ў сямейным коле: удзячнымі слухачамі такіх успамінаў – альбо няўдзячнымі, з прымусу – з’яўляюцца дзеці і ўнукі апавядальніка. Калі ж чалавек – важная ў грамадскім жыцці асоба ці ўвогуле пісьменнік, ён піша і выдае мемуары, альбо, як іх цяпер модна называць, аўтафікшн.
Апошнім часам у беларускай літаратуры з’явілася некалькі выдатных тэкстаў у гэтым жанры. Акрамя кнігі Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала» (2023), якая перамагла ў леташнім конкурсе імя Ежы Гедройця, можна згадаць «Мае дзевяностыя» (2018) Альгерда Бахарэвіча і ягоную ж кнігу «Хлопчык і сьнег» (2023), у якой узнаўляецца савецкая рэчаіснасць васьмідзясятых гадоў ХХ стагоддзя, убачаная дзіцячымі вачыма.
Каб мемуары – успаміны, хронікі, аўтабіяграфічная аповесць, аўтфікшн і іншае – цікава чыталіся, у аўтара мусіць быць цікавая біяграфія, арыгінальны светапогляд, талент апавядальніка. І, пажадана, пачуццё гумару, нават з драбком самаіроніі.
Усе гэтыя якасці ёсць у аўтара кнігі «Занзібар», якога не трэба прадстаўляць чытачу. Напэўна, кожны свядомы беларус нешта ведае ці чуў пра Сяргея Дубаўца – аднаго з лідараў «Майстроўні» і «Тутэйшых», рэдактара адроджанай «Нашай Нівы», сталага аўтара «Радыё Свабода», празаіка, крытыка, эсэіста і гэтак далей. Напэўна, не будзе перабольшаннем назваць Сяргея Дубаўца адным з дэміургаў беларускага нацыянальнага руху васьмідзясятых гадоў мінулага – дваццатых гадоў цяперашняга стагоддзя.
На фоне шматлікіх заслуг Сяргея Дубаўца перад беларускай культурай уражвае шчырасць, а часам і самаіронія, з якімі аўтар апісвае ў кнізе этапы «сталення маладой душы», альбо свой шлях да беларушчыны, шмат у чым падобны да шляху ягоных равеснікаў з пакалення «Тутэйшых». Не буду згадваць «ганебныя ўчынкі» маленькага Сярожы Дубаўца, з сакавітым гумарам апісаныя ў кнізе, але адносіны будучага дэміурга і беларускага пісьменніка ў школьныя гады да роднай мовы – сімптаматычныя і тыповыя для ягонага пакалення.
«Дома, дзе гаварылі па-расейску, тэма нацыянальнасьці ўсплыла толькі аднойчы. Тады дзяцей вайскоўцаў вызвалялі ад вывучэньня беларускай мовы. І я, дурны бэйбус, як сын маёра ці ўжо падпалкоўніка міліцыі, заікнуўся пра гэта маці. На што мая мудрая мама, расейка паводле нацыянальнасьці (якая ў 1990-я пачне гаварыць са мной па-беларуску), сказала: „Ты беларус і павінен ведаць беларускую мову“».
Як і ўсе мы, хто нарадзіўся ў горадзе, а не ў вёсцы, «бэйбус» Сярожа размаўляў у дзяцінстве і ў школьныя гады на рускай мове, а прадмет «беларуская мова і літаратура» быў для яго (і для ўсіх нас) самым нелюбімым. Прычыніліся да гэтага не толькі пагарда гараджаніна да ўсяго вясковага і сялянска-савецкі кшталт праграмы беларускай літаратуры, але і настаўнікі: настаўніца Дубаўца замест выкладання беларускай літаратуры дазваляла вучням слухаць «Deep Purple» (можна пазайздросціць!), нашая чытала ўслых нейкі шпіёнскі раман на рускай мове, а ў крыху маладзейшага Бахарэвіча ўвогуле была настаўніца з мянушкай Жаба, якая выклікала ў вучняў пачуццё нянавісці да «жабінай літаратуры» («Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»).
Шлях да беларушчыны вёў праз паступовае выкараненне ў сабе прымусовай расейшчыны і афіцыйнай савецкасці; усведамленне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці з’яўлялася з прачытаных кніг (у кагосьці – твораў Уладзіміра Караткевіча, у кагосьці – шэкспіраўскага «Караля Ліра» ў перакладзе Юркі Гаўрука), з тужлівых песняў уласнай бабулі, якія сталіся неймаверным «адкрыццём» і запісваліся на магнітафон, калі ўнук з бэйбуса-маладзёна ператвараўся ў неафіта-беларуса:
«Тады, у 1970-я, мы адкрылі для сябе сваю краіну і палюбілі яе з кніг, зь песьняў, з мовы. Проста адчулі, што яна наша і як шмат хавае ў сабе таямніц, і што гэтыя таямніцы – пра нас. Зьнешне мы бачылі чэзлыя руіны старой архітэктуры, аднастайныя шэрыя мікрараёны, вёскі з кароўнікамі на месцы колішніх „панскіх“ сядзібаў, размоклыя дарогі з наторканымі паўсюль лёзунгамі архітэктуры малых формаў: „Слава КПСС!“»
Сяргей Дубавец, які вырас у Мінску ў сям’і палкоўніка міліцыі і загадчыцы цэкоўскага дзіцячага садка, з удзячнасцю згадвае сваю бабулю Хвядору, якая сваім магнетызмам рабіла з яго – «ніякага чалавека» – свядомага беларуса, пэўнага сваёй культуры і ментальнасці. Але так папраўдзе трансфармацыя з савецкага маладзёна ў свядомага беларуса была часам невытлумачальнай (мой бацька-гараджанін таксама здзіўляўся, якім цудам з «простого русского парня получился беларуский писатель и польский профессор»). Сяргей Дубавец шчыра прызнаецца:
«Ува ўсім, што мяне кімсьці рабіла, я не знаходжу рацыянальнага вытлумачэньня, заўсёды быў нейкі штуршок знутры, нейкі ўнутраны голас. Інакш мае прыхільнасьці можна было б бачыць на ўсім пакаленьні, а гэтага не адбывалася ні сярод тых, з кім мы пілі чарніла на лаўцы ў сквэрыку Панамарэнкі, ні сярод раўналеткаў, зь якімі працавалі на заводзе…»
Пакручасты шлях да беларушчыны героя кнігі і ўсяго пакалення ў сямідзясятыя – васьмідзясятыя гады ХХ стагоддзя – галоўная тэма і ідэя кнігі Сяргея Дубаўца. Аўтар падрабязна распавядае пра сваё савецкае дзяцінства, сям’ю, школьныя і студэнцкія гады ў Мінску, працу ў Гомелі і вяртанне ў сталіцу ў перыяд гарбачоўскай перабудовы і нацыянальнага адраджэння другой паловы васьмідзясятых – пачатку дзевяностых. Побач з вобразам аўтара ўзнікаюць постаці ягоных сяброў і паплечнікаў, знаных асоб беларускай культуры: Вінцука Вячоркі, Ігара Герменчука, Анатоля Сідарэвіча, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Асташонка, Таццяны Сапач… Але адметнасць гэтай кнігі, яе індывідуальны фенатып, музычная аўра тоіцца не ў тэме, а ў мастацкай форме. Бо гэтая кніга не толькі пра «архіпелаг Беларусь» (яе ўжо напісаў Валянцін Акудовіч), але і пра афрыканскую выспу Занзібар: з яе каланіяльнай гісторыяй, тыбульцамі, каровамі, варонамі, лялькамі вуду, наіўным жывапісам Эдуарда Цінгацінга, легендай Фрэдзі Мэркуры і раманамі Абдулразака Гурнаха… Жанр мемуараў спалучаны ў кнізе з жанрам падарожных нататак, а ўспаміны аўтара пра савецкую Беларусь пераплятаюцца з падзеямі 2020–2021 гадоў, калі супрацоўнік «Радыё Свабода» Сяргей Дубавец вымушаны быў спешна пакінуць Мінск, каб пазбегнуць арышту.
Закінуты воляй лёсу на далёкую афрыканскую выспу Занзібар (для кагосьці такім Занзібарам стала Польшча, Чэхія, Германія і гэтак далей), герой-выгнаннік згадвае далёкую Радзіму, сваё жыццё, змаганне за беларушчыну, сяброў, якія засталіся ў Беларусі альбо з’ехалі ў іншыя занзібары ці адляцелі ў вечны вырай, і спявае на беразе бязмежнага акіяна «Купалінку» на матыў «Рэквіема» Моцарта.
Фінальныя радкі кнігі з’яўляюцца яе эмацыянальнай кульмінацыяй, настальгічнай і тужлівай:
«А сьпяваць любіце? Шкада. Я сам часьцяком пяю. Выходжу на бераг акіяну і запяваю. Ведаю процьму народных песень. Неяк раз запяяў „Купалінку“. […] Пяю натхнёна, гучна, патасна – і раптам лаўлю сябе на думцы, што замест звычайнага матыву сьпяваю на матыў „Лякрымозы“… Смарагдавы акіян зрабіўся сталёвым. Мяне аж скаланула ўсяго. Як такое магло здарыцца? Можа, гэта таму, што абедзьве песьні – плачы? […] Моцарт, складаючы рэквіем, памёр, а аўтараў „Купалінкі“ расстралялі. Што тут скажаш… У кожным разе, тады, пасьля сьпеваў на беразе, я вярнуўся ў гатэль, і жонка, пабачыўшы мяне, сказала, што я ўвесь сьсівеў».
Сяргей Кавалёў
Эфір Еўрарадыё з фіналістам прэміі Гедройця Сяргеем Дубаўцом