Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 кастрычніка 2025 года

Апошняе абнаўленне: 16 кастрычніка 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 кастрычніка 2025 года

На 15 кастрычніка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 33, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 153.

Краязнаўца Яўген Старавойтаў асуджаны паводле палітычна матываванай крымінальнай справы. 

Былая палітзняволеная беларуская лінгвістка, спецыялістка ў галіне вывучэння італьянскай мовы Наталля Дуліна распавяла пра катаванне холадам. 

У палітвязня, журналіста і эсэіста Анджэя Пачобута сур’ёзныя праблемы са здароўем. 

Былы палітвязень Максім Вінярскі распавёў, што ў калоніі яго пераследавалі за напісанне вершаў. 

«Экстрэмісцкімі» прызнаны старонкі ў сацыяльных сетках музычнага гурта «Naviband». 

Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі праекта аматараў аўдыякнігі на беларускай мове «Бел.Read».


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

12 кастрычніка стала вядома, што краязнаўца і стваральнік відэаблога «Могилёвские хроники» Яўген Старавойтаў асуджаны ў Магілёўскім абласным судзе на падставе ч. 1, 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»). Яўген Старавойтаў быў затрыманы ў траўні 2025 года, больш за тры месяцы ўтрымліваўся ў следчым ізалятары. 3 кастрычніка 2025 года ўнесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Яўген Старавойтаў скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта са спецыялізацыяй «археалогія – культура жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі», працаваў у Клічаўскім краязнаўчым музеі.

II. Страта здароўя ў месцах пазбаўлення волі 

Старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс 1 кастрычніка паведаміла пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у палітвязня, журналіста і эсэіста Анджэя Пачобута: у яго гіпертанія і арытмія. 

III. Пераслед за літаратурную дзейнасць у месцах пазбаўлення волі

Былы палітвязень Максім Вінярскі, якога 11 верасня вызвалілі і вывезлі з Беларусі, 2 кастрычніка распавёў, што ў калоніі яго пераследавалі за напісанне вершаў: «У ПКТ [памяшканне камернага тыпу] мяне перавялі, каб я менш кантактаваў і ўзаемадзейнічаў з іншымі людзьмі. Каб не “заражаў іх экстрэмізмам”, не паказваў, што можна гаварыць і пісаць праўду. Каб не дэманстраваў сваю палітычную пазіцыю. Адна з магчымых прычын – тое, што я пісаў вершы і іх змест не спадабаўся адміністрацыі. ПКТ, па сутнасці, адрозніваецца ад штрафнога ізалятара толькі тым, што там ёсць пасцельныя прыналежнасці (якія выдаюцца на ноч), кнігі і тэарэтычная магчымасць адпраўляць і атрымліваць лісты. У астатнім гэта такі ж карцар: зачыненае акно, ніякага натуральнага святла, свежага паветра ці прасторы».

IV. Катаванні ў месцах пазбаўлення волі

Былая палітзняволеная беларуская лінгвістка, спецыялістка ў галіне вывучэння італьянскай мовы Наталля Дуліна распавяла пра катаванне холадам: «Самым цяжкім для мяне было ШІЗА [штрафны ізалятар]. Гэта сапраўды былі пакуты. Хаця я не першы раз апынулася ў такіх умовах. Мікола Дзядок [былы палітзняволены, літаратар, актывіст анархічнага руху] казаў, што дарослыя мужыкі вылі ад холаду. Дзяўчаты нашыя не вылі, але яны таксама скардзіліся на холад. Я ўжо аднойчы перажыла такое, калі была на адміністрацыйным арышце. Там мяне разам з іншай палітычнай памясцілі ў халаднючую камеру. Тады ў ізалятары, як і ў калоніі ў ШІЗА, у нас забралі ўсё верхняе адзенне. Ад холаду стаяць на месцы было невыносна. Я бегала-скакала, займалася фізкультурай, каб толькі спыніць гэтыя выпрабаванні холадам. У ШІЗА ў нас было ўсё паводле раскладу: трохразовае харчаванне, 8-гадзінны сон. Але прабачце, які можа быць сон, калі ты курчышся ад холаду?»

V. Рэпрэсіі ў сферы музыкі

9 кастрычніка судом Докшыцкага раёна «экстрэмісцкімі» прызнаны старонкі ў сацыяльных сетках музычнага гурта «Naviband»: Facebook-старонка «Naviband – Belarus» і Instagram-старонкі «naviband» і «ksunaviband». 

VІ. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы 

9 кастрычніка суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі праекта аматараў аўдыякнігі на беларускай мове «Бел.Read» у Тiktok, Іnstagram і Youtube. 

VII. Русіфікацыя бібліятэчнай сферы

14 кастрычніка стала вядома, што дзяржпрадпрыемства «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» выдаткоўвае больш за 16,5 тыс. рублёў на новыя кнігі: у закупах – больш за 1000 выданняў на рускай мове, пры гэтым кнігі па-беларуску ў спісе адсутнічаюць. Сітуацыя паўтараецца і ў іншых гарадах: у Рагачове ўвесну 2025 года ўсе 3475 новых кніг для бібліятэкі імя класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча былі па-руску. 

VIII. Забароненыя кнігі

6 кастрычніка стала вядома, што пракурор Савецкага раёна Мінска вынес уладальнікам дзвюх інтэрнэт-пляцовак прадпісанні, у якіх запатрабаваў прыбраць з прапаноў для набыцця «забароненыя друкаваныя выданні». Пры маніторынгу маркетплэйсаў пракуратура Савецкага раёна Мінска выявіла на інтэрнэт-пляцоўках кнігі, уключаныя ў спіс «Друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Гэта кнігі Алены Малісавай і Кацярыны Сільванавай «Лето в пионерском галстуке», «О чём молчит Ласточка», Рыны Кейт «Испорченный король», «Стальная принцесса», Х. Д. Карлтан «Преследуя Аделин».