
Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2024 года. З дваццаці выданняў, якія трапілі ў доўгі спіс, у фінал сёлета выйшлі шэсць кніг, што ўражваюць адметнасцю візуальных рашэнняў, выразнай канцэпцыяй і тонкім пачуццём матэрыялу.
У кароткім спісе:
- Андрэй Пакроўскі, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Гіброіды» Сяргея Прылуцкага (Мяне Няма, 2024)
- Маша Мароз, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, Валерыя Мароза, Ігара Бабкова, Ганны Карпенкі (самвыд, 2024)
- Артур Вакараў – вокладка кнігі «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка (Kamunikat.org, 2024)
- Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Залатое» Наталкі Кучмель (Пфляўмбаўм, 2024)
- Ігар Юхневіч, Маша Мароз – вокладка кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024)
- Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Верна Харт – вокладка кнігі «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» Таццяны Заміроўскай (Мяне Няма, 2024)
Сябра журы пад творчым псеўданімам Тадора Ёда расказвае пра кароткі спіс за 2024 год:
«Сёлетні кароткі спіс — гэта свята стылю, сэнсавых гульняў і павышанай чуллівасці да літараформаў.
Кнігі “Пфляўмбаўм” вылучаюцца аголенымі ніткамі хрыбтка і ручной афарбоўкай зрэзаў, а таксама двухтонавай гамай і тытуламі на ўсю вокладку, выкананымі кантраснай камбінацыяй літар з абранай ультраварыяцыйнай шрыфтавой сям’і.
Вокладкі “Мяне Няма” лёгка пазнаць па кампазіцыйным танцы нязменнага акуратнага серыфу, адзінкавай мастацкай рэпрадукцыі і белым паветраным фоне, а таксама па графічных сюрпрызах на форзацах і клапанах.
Адмысловы герой дызайнерскіх пошукаў 2025 — звычайна сціплы хрыбток вокладкі. Недзе назва цалкам збягае з фронту на хрыбток, недзе, наадварот, хрыбток бессаромна распранаецца, цалкам аддаючы літары фронту, а недзе тэкст-жэўжык апынаецца напалову там, напалову тут, запрашаючы нас чытаць на зломе».
Сябра журы Надзея Зелянкова апісвае свае ўражанні ад сёлетняга кароткага спіса наступнымі словамі:
«Чакала пабачыць у кароткім спісе вокладкі, у якія аўтары ўклалі бездакорны ўзровень прафесіяналізму і шматслаёвую ідэю, што стварае багацце інтэрпрэтацый і вымагае задаваць пытанні, браць кнігу ў рукі ды шукаць адказы.
І — убачыла такія кнігі. Тыя, што хочацца адразу прачытаць, узяць з сабой у дарогу ці набыць сябру.
Цікава бачыць кнігі з розным падыходам: больш класічныя і прадказальныя ў дызайне, але ад гэтага не менш прафесійныя; смелыя — што дазваляюць сабе эксперыментаваць і нават хуліганіць.
Асабліва каштоўна, калі відаць стаўленне да кнігі як да асобнага мастацкага праекта, са стварэннем ілюстрацый ці нават распрацоўкай уласных шрыфтоў.
Упэўненасці ў поспеху дадае і тое, што такія эксперыменты падтрымліваюць самі чытачы: частка кніг друкуецца пасля аплаты пакупнікамі сваіх асобнікаў».
Пра прэмію
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».
За апошнія гады прэмія адзначыла цэлы шэраг таленавітых дызайнераў і выданняў, якія фармуюць твар сучаснай беларускай кнігі.
Імя пераможцы будзе абвешчана падчас вялікага канцэрту фестывалю «Бардаўская восень» у Бельску-Падляскім 25 кастрычніка.
Сачыце за навінамі — даведаемся разам, хто атрымае бронзавага анёла за новы подых у дызайне беларускай кнігі!