
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна паэта і перакладчыка Звіада Раціяні.
«На працягу многіх гадоў Звіад Раціяні неаднаразова станавіўся мішэнню грузінскіх уладаў з-за сваіх незалежных поглядаў. Ягоны прысуд выразна сведчыць пра намер уладаў падавіць любыя праявы нязгоды. Мы заклікаем спыніць палітычна матываваныя пераследы пратэстоўцаў у Грузіі і забяспечыць захаванне іх асноўных правоў», — заявіла Ма Тіда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International.
10 кастрычніка 2025 года: паэт і перакладчык Звіад Раціяні павінен быць вызвалены з турмы, а ягонае права на справядлівы судовы разгляд — гарантавана. Пра гэта сёння заявілі PEN International і PEN Georgia пасля таго, як Раціяні быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі на палітычна матываваных падставах. PEN International і PEN Georgia таксама заклікаюць улады Грузіі спыніць усё больш жорсткае падаўленне нязгоды.
9 кастрычніка 2025 года Тбіліскі гарадскі суд прысудзіў вядомага паэта і перакладчыка Звіада Раціяні да двух гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 353(1) Крымінальнага кодэксу Грузіі — «супраціў, пагроза або гвалт у дачыненні да службовай асобы». Раціяні быў затрыманы паліцыяй 23 чэрвеня 2025 года пасля таго, як ударыў па шчацэ паліцэйскага падчас пратэсту каля парламента ў Тбілісі. Яму былі прад’яўлены непрапарцыйна цяжкія абвінавачанні ў нападзе на супрацоўніка паліцыі, за што прадугледжана ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі. PEN International і PEN Georgia праглядзелі відэазапіс інцыдэнту, які паказвае, што ўдар не нанёс ніякай шкоды паліцэйскаму — той не атрымаў траўмаў. Літаратурная супольнасць Грузіі выступіла ў падтрымку Раціяні, усе ягоныя хадайніцтвы аб вызваленні пад заклад былі адхілены.
У апошнія гады Раціяні неаднаразова станавіўся мішэнню як дзяржаўных, так і недзяржаўных суб’ектаў. 29 лістапада 2024 года PEN Georgia зафіксаваў жорсткае збіццё Раціяні паліцыяй у Тбілісі. Паэт атрымаў сур’ёзныя траўмы, у тым ліку пераломы носа і спіны. 2 снежня 2024 года Тбіліскі гарадскі суд прысудзіў яму васьмідзённае адміністрацыйнае зняволенне па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаванні законным патрабаванням паліцыі» (артыкулы 166 і 172 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Грузіі). Пасля вызвалення Раціяні зноў быў збіты невядомымі асобамі каля свайго дома. Раней ён жыў у выгнанні ў Аўстрыі пасля гвалтоўнага інцыдэнту з паліцыяй у 2017 годзе, які прывёў да яго арышту. Падчас судовага пасяджэння 2 кастрычніка 2025 года Раціяні паведаміў, што яму не дазваляюць мець пісьмовыя прыналежнасці ў турме, у адрозненне ад іншых зняволеных.
Справа Раціяні падкрэслівае больш шырокую праблему палітычна матываваных пераследаў у Грузіі, якія ўзмацніліся пасля антыўрадавых пратэстаў у краіне ў мінулым годзе. Мірныя пратэстоўцы і журналісты, што асвятляюць падзеі, працягваюць сутыкацца з паліцэйскім гвалтам, уключна з катаваннямі і іншымі формамі жорсткага абыходжання, прычым з поўнай беспакаранасцю вінаватых. Судовыя працэсы таксама груба парушаюць стандарты справядлівага суда.
Трывожнае ўзмацненне ціску грузінскіх уладаў на незалежныя галасы не мае прыкмет спынення. PEN International і PEN Georgia зноў заклікаюць улады выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязанні і поўнасцю гарантаваць асноўныя правы чалавека.