Людзі Слова ў няволі (30)
Пошук

“Буду і надалей рабіць тое, што магу і ўмею, пакуль хопіць сілы”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 13-19 снежня 2021


Фота: з кліпу Лявона Вольскага і Маргарыты Ляўчук да песні "Палон"
“У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме”. Ігар Банцэр, былы палітзняволены, музыка

Спампаваць pdf-версію 63-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка 

Надзея і Уладзімір Калач, фота budzma.by

Надзеі і Уладзіміру Калачам, лідарам гурта Irdorath, прысудзілі 2 гады калоніі за ўдзел у мірных маршах пратэсту. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўцай выступіла Вольга Емельянчанка. Надзею і Уладзіміра абвінавачвалі ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці”. Яшчэ трое музыкаў з гурта Irdorath, затрыманых 2 жніўня, – Пётр і Юлія Марчанкі, Антон Шніп — застаюцца ў СІЗА ў чаканні суда.

У Андрэя Палупанава, заснавальніка мінскай кінашколы-студыі, 16 снежня адбыўся вобшук.

Андрэй Палупанаў, фота BY_culture

Раніцай 16 снежня ў Мастах на працы затрымалі Галіну Цярэнцьеву — выкладчыцу сальфеджыа і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў. Па словах самой Галіны, яе затрымалі за “фота ў Фэйсбуку”.

15 снежня затрымалі 2D-мастачку Галіну Семечка з кампаніі Vizor Games. У “пакаяльным відэа” Галіна “прызнаецца”, што была падпісана на “экстрэмісцкія” тэлеграм-каналы, а ў жніўні 2020 года ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрыцці дарог. У тэлеграм-каналах таксама паведамляецца пра затрыманне яе мужа.

Павел Белавус, менэджар культурнай прасторы і сувенірнай крамы Symbal.by, не выйшаў на волю пасля сканчэння другіх “сутак”. 17 снежня яму дадалі яшчэ 7 сутак адміністратыўнага арышту па артыкуле “дробнае хуліганства”. Павел знаходзіцца за кратамі ўжо больш за месяц.

Павел Латушка, фота people.onliner.by

На Паўла Латушку, палітыка, былога Міністра культуры і дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пачалі чарговую крымінальную справу за “Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў” і шкоду дзяржаве “ў асабліва буйным памеры”. У 2012 годзе тагачасны міністр культуры даў указанне аб уключэнні “шэрагу загадзя незапатрабаваных кінапраектаў” у тэматычны план па вытворчасці фільмаў, якія былі прафінансаваны з дзяржбюджэту. Гаворка ідзе пра фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы, зняты па аповесці выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

Па інфармацыі з медыя, Аляксандр Багданаў (Papa Bo), арт-менеджар і дыджэй і Максім Крук, сцэнограф, 17 снежня былі асуджаныя суддзёй Марынай Клімчук на 3 гады “хіміі” з накіраваннем. Іх затрымалі 2 верасня пасля вобшуку і абвінавацілі ва “ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Паводле індэксу Беларускага Хельсінкскага Камітэта, ацэнка права беларусаў на ўдзел у культурным жыцці – 2,8 з 10. Ацэнка па кампанентах:

 ⁃ Прыняцце ўдзелу ў культурным жыцці – 2,7;

 ⁃ Доступ да культурнага жыцця – 3,5;

 ⁃ Магчымасць унёску ў культурнае жыццё – 2,3;

 ⁃ Абарона культурнай разнастайнасці – 2,6.

У ацэнцы стану права на ўдзел у культурным жыцці прынялі ўдзел эксперты ПЭН.


Жыццё ў няволі

Ігар Банцэр

Ігар Банцэр, палітзняволены музыка, павінен быў выйсці з карцару 15 снежня, а на волю – 17, але 16 снежня стала вядома, што пакаранне карцарам яму працягнулі да дня вызвалення. Яго суседзі па “хіміі” лічаць, што прычына магла быць у тым, што Банцэр сядзеў “на сутках” у ІЧУ за 30 кіламетраў ад месца “хіміі”. Калі б музыка вызваліўся адразу з карцара, то ўжо не лічыўся б зняволеным і за рэчамі палітзняволенаму прыйшлося б дабірацца самастойна. 17 снежня Ігар выйшаў на волю.

Мікола Дзядок, фота racyja.com

Адміністрацыя магілёўскай турмы аказвае ціск на Мікалая Дзядка, палітзняволенага актывіста і літаратара, складаючы рапарты за “парушэнні”, якія ён не здзяйсняў. Таксама вязню адмаўляюць у аказанні медыцынскай дапамогі.

Андрэй Пятроўскі, палітзняволены настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, даслаў з-за кратаў спіс кніг, якія лічыць вартымі ўвагі: сярод іх кнігі Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі, Францішка Аляхновіча і іншых.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Беларусі Свабодны тэатр, фота dw.com

Беларусы Ірына Паўловіч і Антось Сівых пераехалі ў польскі горад Лодзь. Маладыя людзі знялі фільм “Праз рэйкі” пра студэнтаў, якія зведалі такую ж дарогу з Беларусі ў Польшчу. 

Беларускі Свабодны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды пераехаў у Польшчу, дзе працягне сваю працу над спектаклямі.

Таццяна Вадалажская, каардынатарка праграм Лятучага ўніверсітэта, і Марыя Мартысевіч, перакладчыца, паэтка, эсэістка, літаратуразнаўца, былы член праўлення ПЭНа, абмеркавалі вынікі літаратурнага года ў праграме “Што гэта было?”: выбух творчасці ў 2020-21 гг., феномен турэмнай творчасці і творчасці рэпрэсаваных, а таксама цікавасць да беларускай культуры ў свеце. 

Лявон Вольскі і Маргарыта Ляўчук прэзентавалі анімацыйны кліп на песню “Палон”. Песня была запісана на словы Аляксандра Лукашука некалькі год таму і  прысвечана палітвязням. Мастачка анімацыйнага кліпа — Маргарыта Ціхановіч.

Суполка беларусаў ва Уроцлаве, Польшча, 19 снежня правяла калядны канцэрт, на якім выступілі Зміцер Цярэнцьеў з праектам “Добрая музыка”, пісьменнік і бард Зміцер Бартосік, а таксама Алесь Дзянісаў, лідар рок-гурта “Дзецюкі”. 

З 18 снежня Сяржук Доўгушаў з камандай Tradycyja адправіўся ў святочнае турнэ па ЗША і Канадзе з інтэрактыўным канцэртам, госці якога змогуць навучыцца спяваць традыцыйныя беларускія песні, калядаваць і разам правесці калядны абрад.


Галасы асобаў

Мікалай Статкевіч, фота Wikimedia Commons

Мікалай Статкевіч, палітзняволены палітык, якога 14 снежня асудзілі на 14 гадоў зняволення, даслаў  з следчай турмы свае разважанні пра сэнсы жыцця, грамадства і з парадамі:

“Прымай у якасці ўласных жыццёвых сэнсаў тыя чалавечыя, грамадзянскія, маральныя абавязкі, якія адпавядаюць твайму пачуццю справядлівасці. Чалавецтва выжыла і развілася дзякуючы салідарнасці супляменнікаў, палоў і пакаленняў. Ты прыйшоў на шмат што гатовае. Не будзь няўдзячны і зрабі свой унёсак. Імкніся жыць у адпаведнасці са сваім маральным пачуццём і не ахвяруй уласнай годнасцю. Гэтыя якасці закладзеныя шмат каму з нас генетычна. Грэбуючы імі ты ствараеш унутранае напружанне і запускаеш працэс унутранага самаразбурэння, якое праявіць сябе ў фізічных і псіхічных хваробах, у неабходнасці алкагольнай ці наркатычнай кампенсацыі”.

Крысціна Дробыш, фота Budzma.by

Крысціна Дробыш, актрыса з трупы Купалаўцы — былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту, паведаміла пра вымушаны ад’езд з Беларусі:

“Мае чалавечыя рэсурсы ў нейкі момант проста развіталіся са мной. За апошнія 490 дзён я аддала усё, што ў мяне было, акрамя аднаго — маёй фізічнай свабоды. Са мной забаронена працаваць на радзіме. Хтосьці і сам баіцца супрацоўнічаць, хтосьці проста знікае. Не асуджаю і бясконца ўдзячная тым, хто дагэтуль застаецца побач. Часам адчуванне, што краіна пражавала мяне і выплюнула. Кажучы словамі аднаго мудрага чалавека, я працую і жыву ў Беларусі, толькі не фізічна. Не маю ні злосці, ні расчаравання. Як заўсёды бясконца веру ў людзей. Была, застаюся і буду Купалаўцам. Буду рабіць і надалей тое, што магу і ўмею, пакуль хопіць сілы”.

Аляксей Палуян, фота Novayagazeta.ru

Аляксей Палуян, беларускі рэжысёр, выступіў у Еўрапарламенце:

“Я не кажу вам ратаваць беларусаў, а кажу вам зрабіць тое, што вы самі абяцалі. У беларусаў засталося мала моцы і часу, таму я прашу вас не забыць 10-мільённы еўрапейскі народ, які жыве толькі ў 2 гадзінах палёту ад Брусэлю, так блізка і адначасова далёка гэта. Калі Еўропа насамрэч абараняе правы чалавека і свабоду слова, то чаму за гэтыя каштоўнасці дагэтуль забіваюць у беларускіх турмах?”

Сцяпан Стурэйка, старшыня праўлення беларускага ICOMOS — супольнасці экспертаў у сферы аховы спадчыны: рэстаўратараў, музейшчыкаў, грамадскіх актывістаў:

“Найперш хочацца паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца. І ў мінулым, і сёння з’яўляюцца рэстаўрацыйныя праекты без перабольшвання сусветнага ўзроўню”.

Марыя Калеснікава, фота pravda.com.ua

Марыя Калеснікава, палітзняволеная актывістка і музыка, згадала пра добрае ў 2021 годзе:

Цешыць кожны новы дзень майго жыцця. Нават у турэмнай клетцы мой свет — гэта выдатныя, дарагія мне людзі, якія хоць і далёка, але побач са мной, гэтае вялікае, вечнае мастацтва, музыка, кнігі, добрыя лісты і каханне. Я дакладна ведаю, што гэтыя дзіўныя часы скончацца, а ўяўляеце, як мы будзем шчаслівыя бачыць і абдымаць адно аднаго?

Аляксандр Чахоўскі, выканаўчы дырэктар Беларускай Рады Культуры:

“Сіла беларусаў у тым, што ў моманты яднання можам забывацца на крыўды, быць напраўду мудрымі і разам дасягаць неверагодных вынікаў. Разам мы можам пабудаваць сапраўды выдатную краіну, і культура будзе важным складнікам яе жыцця”.


Міжнародная салідарнасць

18 снежня ў Лодзі адбыўся першы Дзень Беларускай Культуры. На фестывалі зайграў культавы музыка Лявон Вольскі разам з Вольным аркестрам, адбылася выстава “Лісты палітвязням”, сустрэча з Аляксеем Дзікавіцкім, аўтарам кнігі на палескай гаворцы “Оньдэ”, прэм’ера фільма пра беларускае студэнцтва Лодзі “Праз рэйкі”. 

“Хросны” Антона Шніпа. Фота BY_culture

З 13 снежня ў Львове каля ратушы пачала дзейнічаць выстава, на якой прадстаўлены партрэты актывістак з Беларусі і Украіны. Сярод іх — Марыя Калеснікава, палітзняволеная актывістка і музыка. Работы выкананы маладымі журналісткамі, удзельніцамі ўкраінска-беларуска-нямецкага праекта “МедыяЛаб Фем”.

У Антона Шніпа, палітзняволенага музыкі з гурта Irdorath, з’явіўся “хросны” Юліян Пальке з Нямецкага Бундэстага. Еўрапейскія палітыкі бяруць на сябе сімвалічныя абавязкі хросных бацькоў беларускіх палітвязняў у межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, зладжанай Libereco.  


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стану на 12 снежня ў Беларусі 913 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. 

Беларускі ПЭН як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У снежні 6 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Ксенія Сырамалот, паэтка і студэнтка (19 снежня); Аляксандр Галкоўскі, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (24 снежня); Мікалай Папека, паэт і пчаляр (28 снежня); Валерыя Кацюгава, палітолаг і аналітык, рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» (30 снежня ), Павел Севярынец, пісьменнік, сузаснавальнік партыі БХД (30 снежня ) і Мія Міткевіч, менеджарка ў сферы культуры (31 снежня). 

Павіншуйма палітвязняў з днём нараджэння і надыходзячым Новым годам паштоўкай ці лістом! Адрасы для лістоў:

Ксенія Сырамалот і Мія Міткевіч: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;

Аляксандр Галкоўскі: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39;

Мікола Папека: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №21. 247760, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24;

Валерыя Касцюгава: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Павел Севярынец: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.