Спампаваць pdf-версію 62-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Паўла Белавуса, заснавальніка Symbal.by, культурнага мэнэджара, арыштавалі яшчэ на 13 сутак па артыкуле за “дробнае хуліганства”. Мужчына, які быў з Паўлам у адной камеры на Акрэсціна, расказаў медыя, што Паўлу не змаглі за кнігу даць “суткі” і вырашылі аформіць пікетаванне татуіроўкай — у Белавуса на запясці ёсць невялікая татуіроўка з бел-чырвона-белым сцяжком.
5 снежня ў Пружанах затрымалі Юрыя Зялевіча, які ў мінулым 20 гадоў працаваў дырэктарам музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. У снежні 2020 года ён быў вымушаны пакінуць працу “па дамоўленасці бакоў”.
Наталлю Капыцько, музыку і педагога, жонку Віктара Капыцько, вядомага кампазітара, затрымалі за тое, што 12 лістапада, у дзень гадавіны гібелі Рамана Бандарэнкі, у іх акне гарэла свечка. У якасці доказу паслужыла відэаздымка, якая вялася з вуліцы.
З Беларускай акадэміі мастацтваў за два дні звольнена 25 супрацоўнікаў. Год таму яны адмовіліся падпісаць адзін з праўладных лістоў, а таксама не захацелі ўступаць у дзяржаўны прафсаюз. Сярод зволеных — прарэктарка Алена Бохан, якая бараніла адлічаных па пратэстных справах студэнтаў.
9 снежня пачаўся суд супраць Надзеі і Уладзіміра Калач, палітзняволеных удзельнікаў гурта “Irdorath”. Музыкаў абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці. Пракурор запрасіў для іх два гады турэмнага зняволення.
З 8 снежня дзейнасць крэатыўнай прасторы “13:87” ў Бабруйску прыпынена па распараджэнні Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях; таксама мэнэджары атрымалі чарговы штраф ў памеры 20 базавых адзінак (580 беларускіх рублёў). Сем год у прасторы праводзіліся адукацыйныя мерапрыемствы: семінары, воркшопы, лекцыі, вечарыны паэзіі, гульнятэкі, клубы аматараў кіно і кніг.
У Сяргея Палажэнкі, арт-дырэктара мінскага клуба “Брюгге”, прайшоў вобшук. Сяргей звязвае гэты візіт з рэйдамі да былых назіральнікаў за выбарамі 2020 года. Ён праходзіць сведкам па справе аб масавых беспарадках і падпісаў паперу аб неправамернасці ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах.
Раберта Вальдэса Касануэву, дызайнера і сябра Беларускага саюза дызайнераў, якога затрымалі 11 лістапада 2020 года за пратэсты, пасля года на Акрэсціна 10 снежня дэпартавалі з Беларусі на Кубу. Мужчына жыў і працаваў у Беларусі 30 гадоў. У яго ёсць сям’я і трое дзяцей.
Жыццё ў няволі
Надзея Калач, палітзняволеная, вакалістка гурта “Irdorath”, даслала ліст з-за кратаў, у якім пералічыла пяць сваіх улюбёных беларускіх песень. Стала вядома, што за час знаходжання ў турме — чатыры з паловай месяцы — у Надзеі пагоршыўся стан здароўя, патрэбна хірургічнае ўмяшальніцтва.
Ігару Банцэру, палітзняволенаму музыку, дадалі яшчэ 10 сутак ў ШІЗА. За што — пакуль невядома. Агулам са жніўня Ігар Банцэр адседзеў у ШІЗА 70 сутак.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Беларускі Свабодны Тэатр у лонданскім Барбікан-цэнтры рыхтуе пастаноўку паводле рамана “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча, пісьменніка, сябра ПЭНа.
Кампанія “Філосаф_у_турме” прадставіла кнігу “Адказваючы за сябе. Запіскі філосафа са шкодным характарам”, у якой сабраныя тэксты Уладзіміра Мацкевіча, філосафа, метадолага і літаратара, якія публікаваліся на яго старонцы ў Фэйсбуку як серыя разваг з лютага па травень 2019 года.
11 снежня ў Менску адбыўся творчы вечар Яўгена Папакуля, літаратара і перакладчыка. Аўтар распавёў пра “Паэтычную” і “Празаічную Эду”, асаблівасці перакладу са старажытнаісландскай мовы і розныя іншыя цікавосткі.
Электронны каталог традыцыйнага беларускага адзення канца ХІХ — пачатка ХХ стагодзяў выйшаў на 8 мовах свету: англійскай, нямецкай, партугальскай, іспанскай (Kindle), беларускай, польскай, украінскай і рускай (Lulu). Строі не адзін год збіралі, аднаўлялі і рэканструявалі паводле старых фотаздымкаў Воля Дземка, спявачка, кінавытворца і прадзюсарка, якая жыве ў Сіэтле, ЗША, і яе паплечніцы з фальклорнага гурта VOLYA.
Наталка Харытанюк выпусціла калядную анлайн-кнігу “Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі”. Яна заканчваецца метафарай, “якой заканчваліся ў гісторыі таталітарныя рэжымы: зло знішчае само сябе”. У стварэнні кнігі ўдзельнічалі таксама ілюстратарка Лізавета Ганчарова, і рэдактар Макс Шчур. Кніга будзе даступна па-грузінску, па-англійску і па-руску на наступным тыдні.
Маргарыта Ляўчук і Сяржук Доўгушаў прадставілі новае відэа і сваё прачытанне беларускай народнай песні “Сівы конь”.
Прайшлі мерапрыемствы да 130 годдзя з нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта. Майстэрня карысных кампетэнцый “DzeЦікава” зрабіла праект пра жыццё класіка. Адбылася прэзентацыя кнігі “Максім Багдановіч” з удзелам Народнага студэнцкага тэатра “Жывое слова”. Платформа Wir.by разам з музыкам Андрусём Такіндангам стварылі мультфільм па матывах вершаў вечна маладога паэта. Сваімі ўспамінамі пра музей Максіма Багдановіча працягвае дзяліцца Алесь Бяляцкі, палітзняволены праваабаронца, сябра ПЭНа.
9 снежня адбылася прэм’ера новага дакументальнага фільма “Галасы новай Беларусі”, знятага па сцэнары Андрэя Курэйчыка. У фільме гучаць 16 галасоў беларусаў, якія трапілі ў жорны рэпрэсій падчас масавых пратэстаў 2020 году.
Галасы асобаў
Наталля Каляда, сузаснавальніца Беларускага Свабоднага Тэатра, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз пераслед:
“Само па сабе існаванне Беларускага Свабоднага тэатра і тое, што ён яшчэ працуе, — вялікая пагроза дыктатуры. Воля людзей працягваць казаць праўду — самая значная праява сілы, што толькі можна ўявіць.
Мы ведаем, што мы мацнейшыя, чым рэжым. Улады больш баяцца мастакоў, чым нейкіх палітычных заяваў. Усе мы верым, што ў Беларусі ўсё зменіцца, але пакуль што нашай трупе трэба адчуваць бяспеку”.
Уладзімір Някляеў, пісьменнік, сябра ПЭНа, расказаў пра новы раман “Гэй Бэн Гіном” і 2020 год:
“Я пачынаў раман як гістарычны, але калі дапісваў — ён стаў сучасным, бо зноў турмы, пераследы, арышты і кладзешся дома спаць і не ведаеш, дзе прачнешся. Гісторыя павярнулася, і стала як 100 гадоў таму — ніхто не думаў, што так можа быць.
Знішчаць беларушчыну — у вас нічога не было і ніколі не будзе… Усё было! І ўсё будзе. Калі паможа беларускі бог. А паможа ён не тады, як пачуе тваю малітву, а тады, калі мы нешта рэальна зробім дзеля таго, каб была Беларусь”.
Святлана Алексіевіч, пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка па літаратуры, сябра ПЭНа, расказала пра радасці ў 2021 годзе:
“Я знайшла ў памяці моцнае ўражанне і пачуццё радасці. Гэта было, калі я чытала апошнія словы ў судах беларускіх пратэстоўцаў. Я была ў захапленні ад гэтай моцы, ад упэўненасці ў сябе, ад веры. Таксама мяне ўразіла апошняе слова нашых маладых хлопцаў і дзяўчат — студэнтаў. Божа мой, ім жа толькі па 19 гадоў, але як годна, як прыгожа яны гаварылі. Я глядзела на іх твары, на твары іх бацькоў. У мяне было пачуццё гонару і адкрыцця. Мы не ведалі ўласны народ, мы яго адкрылі на маршах у жніўні. І мы адкрываем яго для сябе цяпер, падчас судоў”.
Андрэй Аляксандраў, палітвязень, паэт і медыямэнэджар расказаў:
“Калі я думаю аб тым, што мяне парадавала ў 2021 годзе, я найперш думаю пра людзей, якія сёлета напісалі і адаслалі тысячы лістоў, паштовак і тэлеграмаў. Бадай, ніколі ў жыцці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасці, дабрыні, любові, салідарнасці, чалавечай цеплыні. Мяне радавала, калі людзі праз расчараванне, бездапаможнасць і больш шукалі — і, спадзяюся, знаходзілі — адказы і сэнсы, не здаваліся, не спыняліся. Мяне радавала, калі людзі прызнавалі памылкі і пачыналі задумвацца над важнымі рэчамі, над якімі не задумваліся раней. Мяне парадавала, што я не расчараваўся ў ніводным чалавеку, якога/якую лічыў сябрам — і завёў шмат новых сяброў”.
Андрэй Янушкевіч, заснавальнік выдавецтва “Янушкевіч”:
“[Падзеі 2020 года] падштурхнулі цікавасць да беларускай кнігі. Продаж кніг на беларускай мове за апошні год у нас вырас амаль у тры разы”.
Сяргей Грыневіч, мастак-манументаліст, у інтэрв’ю:
“Аматаршчына – біч гэтай сістэмы і прывядзе яе да злому. Апошні год я цешуся тым, што пераважная большасць дзеячаў культуры перайшла на бок дабра. Па той бок засталося мала прафесійных таленавітых людзей, збольшага гэта аматары. Тое, што яны ствараюць, час ад часу атрымлівае вычварэнскія формы, часам камічныя, узроўню “Дажынак” і “Славянскага базару”. І не мае ніякага дачынення да сапраўднай культуры і мастацтва”.
Міжнародная салідарнасць
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека Андрэй Аляксандраў, палітвязень, паэт, журналіст і медыямэнэджар атрымаў літоўскую прэмію “Надзея Свабоды”.
У брытанскім The Guardian выйшаў вялікі артыкул пра Беларускі Свабодны Тэатр: заснавальнікі і артысты тэатра расказваюць, як забароненую беларускую тэатральную трупу прымусілі пакінуць краіну.
У межах сумеснай кампаніі Amnesty International і Беларуская Рада Культуры заклікаюць беларускіх мастакоў да стварэння паштовак у падтрымку 17-гадовага Мікіты Залатарова, палітзняволенага, якога асудзілі па надуманых абвівачваннях на 4,5 года калоніі. Каб паўдзельнічаць, трэба намаляваць карцінку ў фармаце паштоўкі, падпісаць яе сваім іменем (псеўданімам) і ў электронным выглядзе даслаць на [email protected].
Польскае Радыё Люблін паставіла радыёспектакль “Апоўначы ў лонданскім доме” па апошняй баладзе з кнігі Уладзіміра Арлова “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”.
Karl Strømme, шведскі музыка, напісаў музычную кампазіцыю Bela Waltz пад уражаннем ад падзей у Беларусі пасля жніўня 2020.
Шведскі ПЭН выпусціў артыкул “Нататкі “змрочных часоў” пра закрыццё Беларускага ПЭНу і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У гонар Рамана Бандарэнкі, мастака, збітага да смерці невядомымі, якіх лічаць сілавікамі ў цывільным, у Вашынгтоне назавуць вуліцу каля беларускага пасольства. З такой ініцыятывай выступіла беларуская дыяспара.
9 снежня ў віленскай галерэі Artists’ Union адбыўся дабрачынны аўкцыён у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. З малатка пайшлі 33 працы літоўскіх і беларускіх мастакоў на агульную суму 12 тысяч еўра. Аўкцыён арганізавалі офіс дэпутата Еўрапарламента Пятраса Аўштрэвічуса і Літоўская асацыяцыя мастакоў пад патранажам спікеркі Сейма Літвы Вікторыі Чмілітэ-Нільсэн.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 12 снежня ў Беларусі 913 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца.
Беларускі ПЭН як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У снежні 6 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Ксенія Сырамалот, паэтка і студэнтка (19 снежня); Аляксандр Галкоўскі, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (24 снежня); Мікалай Папека, паэт і пчаляр (28 снежня); Валерыя Кацюгава, палітолаг і аналітык, рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» (30 снежня ), Павел Севярынец, пісьменнік, сузаснавальнік партыі БХД (30 снежня ) і Мія Міткевіч, менеджарка ў сферы культуры (31 снежня).
Павіншуйма палітвязняў з днём нараджэння і надыходзячым Новым годам паштоўкай ці лістом! Адрасы для лістоў:
Ксенія Сырамалот і Мія Міткевіч: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;
Аляксандр Галкоўскі: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39;
Мікола Папека: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №21. 247760, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24;
Валерыя Касцюгава: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Павел Севярынец: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.