Спампаваць pdf-версію 61-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Медыя паведамляюць пра чысткі ва ўстановах культуры па ўсёй Беларусі: вядома пра больш за 150 звольненых з Дзяржаўнай філармоніі, Гістарычнага музея, Нацыянальнай бібліятэкі, Тэатра оперы і балета, Акадэміі мастацтваў, Музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Гродненскага абласнога тэатра лялек ды іншых арганізацый. Ёсць інфармацыя пра існаванне спісаў на масавае звальненне, якія трымаюцца ў сакрэце. Людзей звальняюць пад рознымі датамі і з розных прычынаў, каб схаваць чыстку.
Уладзіміра Булаўскага, вядомага актывіста і арганізатара культурніцкіх імпрэзаў, якога затрымалі 26 лістапада ў Віцебску, пакаралі 7 суткамі арышту. 1 снежня ён выйшаў на волю.
Прыгодніцкі фільм “Авантуры Пранціша Вырвіча” па творы Людмілы Урублеўскай знялі з пракату ў Беларусі. У фільме здымаліся некалькі актораў-купалаўцаў, якія ў 2020-м пакінулі тэатр на знак пратэсту.
У Гродна звольнілі Ірыну Сільвановіч, дырэктарку выстаўнай залы, якая падтрымала пратэсты ў 2020-м.
Фёдара Чаранкова, вакаліста гурта “Ня Варта”, звольнілі з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода пасля 8 гадоў працы. Музыка быў асуджаны на 5 сутак за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы, у турме захварэў на каронавірус, а пасля вызвалення быў на бальнічным. Пасля выздараўлення, Фёдар прыехаў на месца працы, аднак яму паведамілі, што ён быў звольнены з-за адбывання адміністрацыйнага арышту.
У мінскай філармоніі пасля даносу “неабыякавага” грамадзяніна скасавалі канцэрт “Жоўтыя зоркі” памяці ахвяр Халакосту, запланаваны на 20 і 22 студзеня. У лісце некага пад імем Іван Нікіфараў, гаворыцца, што “Так званыя “праекты” падаюцца як дабрачынныя, але насамрэч сродкі ад іх ідуць на падтрымку апазіцыйных арганізацый (напрыклад, Гродненскі хоспіс), і да ўдзелу прыцягваюцца артысты, задзейнічаныя ў апазіцыйных акцыях.”
Павел Белавус, заснавальнік культурніцкай пляцоўкі “Арт Сядзіба” і крамы сувеніраў з нацыянальнай сімволікай Symbal.by, не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Яго мусілі вызваліць 3 снежня а 15:40. Блізкія Паўла не ведаюць, чаму яго працягваюць утрымліваць у няволі.
Жыццё ў няволі
Аляксей Мінаў, беларускі літаратар і настаўнік беларускай мовы і літаратуры, палітзняволены, напісаў верш, пабачыўшы перад судом у калідорах Вольгу Залатар, палітзняволеную актывістку і шматдзетную маці, якая бадзёра і жыццярадасна казала ўсім па-беларуску “добрай раніцы” і пасміхалася. Верш мае радкі “Помні, гэта хутка-хутка міне, ведай, нехта дыхае тваім смехам”.
Мікола Папека, палітзняволены і паэт, асуджаны па “карагоднай” справе, даслаў на волю новы верш і расказаў, што працуе ў яслях-садзіку, а таксама сумуе па сябрах і сваёй пчалярні.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Ва Уроцлаве, Польшча, адбыўся музычны перформанс Паліны Дабравольскай, беларускай актрысы, рэжысёркі і музыкі, па кнізе Марыі Мартысевіч “Сарматыя”. У перформансе пра трагічную гісторыю немагчымасці прыжыцца на чужыне спалучаюцца фолк-музыка і хіп-хоп.
У прасторы “Вершы” ў Мінску 22 лістапада адбылася сустрэча з Андрэем Янушкевічам, дырэктарам выдавецтва “Янушкевіч”; гутарка вялася пра спецыфіку працы кніжнага выдавецтва ў Беларусі і сучасную беларускую літаратуру.
Стужка “Дапаможнік” мінчаніна Паўла Мажара пра катаванні падчас беларускіх пратэстаў прызнана лепшым кароткаметражным фільмам на самым аўтарытэтным сусветным форуме дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме.
Беларуская Рада Культуры запусціла дабрачынны калядны аўкцыён, дзе можна набыць новую карціну з коцікамі Вольгі Якубоўскай, якая прысвяціла яе ўсім беларусам.
Лявон Вольскі, культавы беларускі музыка, дасць тур па гарадах Польшчы.
Фільм “Courage” Аляксея Палуяна пра мінулагоднія пратэсты ў Беларусі кваліфікаваўся на прэмію Оскар у катэгорыю лепшых дакументальных поўнаметражных фільмаў.
“Купалаўцы”, трупа з калектыва Купалаўскага тэатра, якія звольніліся ў 2020 годзе, абвясціла прэм’еру першага спектакля другога сезона: “Запіскі афіцэра чырвонай арміі” паставіў Мікалай Пінігін паводле аднайменнага раману Сяргея Пясецкага. Першы паказ адбыўся 4 снежня 2021 года ў Кракаве, Польшча, у рамках фестывалю Boska Komedia.
Запусцілася анлайн-выстава “MADE IN BELARUS / MADE OF PAIN” пра Беларусь у поствыбарны перыяд 2020 года. Аўтар праекта – Аляксандр Сушчэўскі, фатограф, рэжысёр-пастаноўнік.
Галасы асобаў
Андрэй Куціла, беларускі рэжысёр-дакументаліст, аўтар стужкі “Калі кветкі не маўчаць” аб гераінях беларускіх пратэстаў, якая стала лепшым дакументальным фільмам на Варшаўскім кінафестывалі, – падзяліўся ў інтэрв’ю:
“Я ніколі так не плакаў над сваім жа матэрыялам, як над здымкамі з пратэстаў. У мяне няма асаблівага расчаравання сёння, бо не было і ілюзій. Наадварот, натхненне: мы не маем права так казаць, бо ёсць ахвяры, але з пункту гледжання вызначэння, хто мы і куды мы ідзем, сітуацыя лепшая, чым яшчэ жыць так дваццаць гадоў. І нашмат лепшая, чым была”.
Аліна Коўшык, заснавальніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці ў Варшаве:
“Важна, каб усё было, жыло, каб беларускае жыццё віравала! Беларуская хваля стала бачнай, і гэта цудоўна. Я заўважаю, што мы, беларусы, тут, у Варшаве, абʼядналіся, адчулі сябе часткай аднаго цэлага і большасці людзей наша родная культура стала цікавай. Беларуская імпрэза — гэта не абавязкова шэсце з бела-чырвона-белымі сцягамі, гэта можа быць выстаўка, канцэрт, дваравая вечарынка ці звычайная сустрэча за кавай. Беларускасць праяўляецца ва ўсім”.
Дзмітрый Шыманскі, дудар з гурта “Яварына”, які быў асуджаны на тры гады «хіміі» за тое, што граў на маршы 16 жніўня 2020 года, але змог пакінуць Беларусь, расказаў:
“Пакуль я сядзеў, змог зрабіць духавы інструмент: былі такія вузкія цыліндрычныя баначкі з-пад вітамінаў. Я назбіраў іх штук шэсць, злучыў паміж сабой, выразаў дзіркі і атрымаўся імправізаваны кавал (флейта пастуха, інструмент, які распаўсюджаны ў Азіі і Паўднёва-Усходняй Еўропе). Гэта парушэнне, але ў нейкія моманты я ціхенька граў на ім.
100%, што я вярнуся ў Беларусь. Вера ў перамены нікуды не знікла — яны будуць, проста, можа, не так хутка. Але нікуды ад гэтага не падзецца”.
У зняволенні Алесь Бяляцкі, сябра ПЭНа, праваабаронца і палітзняволены, піша ўспаміны пра працу дырэктарам у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча з 1989 па 1998 гады:
“Пра любоўную лірыку Максіма Багдановіча можна гаварыць і гаварыць, хапіла бы і на поўную экскурсію. Гэтыя вершы, створаныя пад уплывам пачуццяў да Анны Какуевай, я вучыў на памяць у 17 год, калі адкрыў для сябе паэзію Багдановіча, затым чытаў падчас экскурсій ў чацвёртай зале музея “Жанчыны ў жыцці Максіма Багдановіча”. Яны кранаюць мяне і зараз, калі я сяджу на нары, праглядаю абрапаны томік вершаў Максіма Багдановіча 1968 года выдання з выдранымі некаторымі старонкамі і паглядаю на вежу Пішчалаўскага замка, якая ззяе белізной на сонцы”.
Таццяна Нядбай, старшыня ПЭНа, выказалася пра масавыя чысткі ва ўстановах культуры:
“Па стане на 1 снежня нам вядома больш за 100 імёнаў дзеячаў культуры, звольненых або тых, хто вымушана сышоў пасля гадоў або дзесяцігоддзяў працы. І гэта толькі пачаткі фіксацыі дадзеных па лавіне звальненняў, часам амаль па сотні чалавек толькі ў адной інстытуцыі. Маштаб шакуе. Даходзіць інфармацыя пра існаванне спісаў на масавае звальненне работнікаў культурніцкіх устаноў. Натуральна, гэтыя матэрыялы трымаюцца ў сакрэце; людзей звальняюць пад рознымі датамі і з розных прычынаў. Так бы мовіць – размываюць чыстку, бо калі ўсіх незадаволеных звольніць цягам снежня, то можна атрымаць пратэсты нават ад спакойных музейшчыкаў”.
Марыя Калеснікава, актывістка, музыка, палітзняволеная, распавяла, чым бы хацела заняцца на волі:
“У мяне ёсць шмат ідэй для музычных і культурных праектаў. Напрыклад, з СІЗА хацела б зрабіць культурны асяродак, стварыць прастору, музей ахвяраў камунізму, таталітарызму і іншых “ізмаў”. І сацыяльны праект: цэнтр для сацыялізацыі і рэабілітацыі жанчын пасля зняволення”.
Міжнародная салідарнасць
Міжнародны ПЭН патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Мацкевіча, палітзняволеных сябраў Беларускага ПЭНа.
У Варшаве адкрыўся “Беларускі Моладзевы хаб” для дзейнасці беларускіх ініцыятыў. Цяпер там працуюць курсы беларускай мовы “МОВА Нанова”, рэпетуюць Teatr TuT і Warsaw Freedom Orchestra, праходзяць паказы арт-праекта Revolution.
Рэпер Аксімірон у першым за 6 гадоў альбоме ў трэку “Окно в Париж” згадаў палітычную сітуацыю ў Беларусі: “Блаженны нищие духом” — так учит нас Священное Писание. Путин носит Celine, Лукашенко — Margiela”.
Вітольд Ашурак, палітвязень, які загінуў за кратамі, пасмяротна ўганараваны ўкраінскім крыжом “За годнасць у палоне”. Гэтую ўзнагароду за ўвесь час існавання атрымалі менш за 100 чалавек.
Кнігу “Фарбы паралельнага свету” Міколы Дзядка, палітвязня, літаратара і блогера, выдалі на нямецкай мове. У гэтай кнізе Дзядок распавядае пра тое, як беларуская пенітэнцыярная сістэма ламае асобу.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 5 снежня ў Беларусі 896 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца.
Беларускі ПЭН як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У снежні 6 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Ксенія Сырамалот, паэтка і студэнтка (19 снежня); Аляксандр Галкоўскі, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (24 снежня); Мікалай Папека, паэт і пчаляр (28 снежня); Валерыя Кацюгава, палітолаг і аналітык, рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» (30 снежня ), Павел Севярынец, пісьменнік, сузаснавальнік партыі БХД (30 снежня ) і Мія Міткевіч, менеджарка ў сферы культуры (31 снежня).
Павіншуйма палітвязняў з днём нараджэння і надыходзячым Новым годам паштоўкай ці лістом! Адрасы для лістоў:
Ксенія Сырамалот і Мія Міткевіч: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;
Аляксандр Галкоўскі: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39;
Мікола Папека: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №21. 247760, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24;
Валерыя Касцюгава: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Павел Севярынец: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.