Людзі Слова ў няволі (19)
Пошук

“Мы словы на вуснах усіх палітзэкаў”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 18-24 кастрычніка 2021


Фота: малюнак Усевалада Уліткі
“Любы кепскі час заканчваецца. Прыйдуць добрыя часы. Нават у самай кепскай сітуацыі можна знайсці добрае. Калі ты не ў турме, гэтаму ўжо можна радавацца. Хоць мы ўжо доўга церпім, аказваецца, трэба яшчэ пацярпець нейкі час”. Зміцер Фурманаў  

Спампаваць pdf-версію 55-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Студзень-верасень 2021

Беларускі ПЭН падрыхтаваў чарговы маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку парушэнняў і падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі з адкрытых крыніц, камунікацыі з дзеячамі культуры за перыяд са студзеня па верасень 2021 года.


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Павел Аракелян

Павел Аракелян, музыка, вымушаны распрадаваць свае інструменты, таму што «з музыкай цяпер усё цалкам спынена, а жыць на нешта трэба».

Гомельскі дабрачынны фонд «Разам тут», які займаўся дапамогай у сацыялізацыі людзей з інваліднасцю, а таксама рознымі творчымі ды тэатральнымі праектамі з удзелам такіх людзей, ліквідавалі праз згадку на гомельскім незалежным партале «Флагшток», чые матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі.

У бабруйскай крэатыўнай прасторы «13:87», дзе праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы — семінары і лекцыі, творчыя майстар-класы, паэтычныя вечары, курсы для пенсіянераў і школьнікаў, — 20 кастрычніка прайшоў ператрус. Ён цягнуўся каля 4 гадзін і пакінуў пасля сябе поўны разгром. Заснавальніцу клуба Наталлю Халанскую і дырэктарку Сэм вечарам адпусцілі, забраўшы тэлефоны.

Аксана Зарэцкая

 

У Аксаны Зарэцкай, культуролага і эксперткі па этыкеце, 21 кастрычніка зноў адбыўся ператрус.

З лістапада ў СІЗА-1 зняволеным уводзяць абмежаванні на падпіску на газеты і часопісы: аформіць падпіску змогуць толькі самі вязні за грошы, што маюць на асабістых рахунках, і толькі на беларускія выданні — раней гэта мог зрабіць хто-заўгодна, а падпісаць можна было яшчэ і на расійскія выданні.


Жыццё ў няволі

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг, заснавальнік Лятучага Універсітэта, піша з-за кратаў:

«Цаніце свабоду, жывіце поўным жыццём. І на азёры не лянуйцеся з’ездзіць і ўсё іншае. У турме разумееш, як шмат рэчаў у свеце, без якіх ты можаш абысціся, але гэта з аднаго боку. А з іншага, разумееш, як шмат усяго, чаму не надаваў патрэбнай увагі, калі гэта было магчыма». 

З ліста Уладзіміра Мацкевіча

Алесь Мінаў

Алесь Мінаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, паэт, затрыманы ў канцы жніўня па справе аб масавых беспарадках, піша з турмы, што вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць дух вершы, шмат якіх ён трымае ў галаве. «Надзвычайна ўздымаюць дух лісты». Не хапае музыкі. Алесь даволі спакойна ўспрымае ўсё і ні пра што не шкадуе.

На Радыё Свабода выйшаў вялікі матэр’ял на аснове лістоў, якія прыходзяць ад Віктара Бабарыкі — у іх ён дзеліцца сваім меркаваннем на тэму культуры і грамадства, расказвае пра сваё жыццё ў калоніі, раіць, якія кнігі пачытаць, выказвае думкі пра Беларусь і паслявыбарчыя падзеі. 

«Не журыся», — пра што піша Алесь Бяляцкі ў лістах з-за кратаў.

Касю Будзько, мастачку, Ксюшу Сырамалот, актывістку, паэтку, Марыю Каленік, студэнтку Акадэміі мастацтваў, асуджаных на 2,5 гады зняволення па «справе студэнтаў», перавялі з СІЗА ў калонію ў Гомелі.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Другі сезон перадачы «Шокінг Культ» з Максімам Жбанковым.

Вышыўка Руфіны Базловай

Гарадзенская творчая студыя А4 стварыла і выдала гульнявыя карты з аўтарскімі выявамі знакамітых постацяў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Вышыўку Руфіны Базловай «Алесь Пушкін» з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі» на аўкцыёне набыў Іван, праграміст з Беларусі, які цяпер жыве ў Грузіі. Ён выказаў намер перадаць свой набытак у Музей Новай Беларусі.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа стварае лічбавую калекцыю выданняў Інстытута беларускай культуры — першай навуковай установы ў найноўшай гісторыі Беларусі. 

«Творчая кухня» з шорт-лістарамі сёлетняй прэміі Гедройця Сяргеем Абламейкам і Таняй Скарынкінай.

«Замецены след» — выйшла новая кніга апавяданняў Вінцэся Мудрова.

Конкурс «Кот на Валадарцы» ў падтрымку Валяціна Стэфановіча, праваабаронцы за кратамі:

Вольга Якубоўская, «Вяртанне ката Валянціна»; Валер Вішчэня.

 

Новая тэматычная песня Паліны Дабравольскай (Chornabrova)

 

Андрэй Хадановіч прэзентаваў ва Уроцлаве сваю новую беларуска-польскую кнігу.

Андрэй Хадановіч

Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадстаўляе Віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» ў раздзеле, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага.

Прэм’ера «0908» — першага з 12 арт-фільмаў праекта Revolution, прысвечаных беларусам і іх барацьбе за свабоду. Над праектам працуюць: Даша Брыян, рэжысёрка. і Марыя Крук, прадзюсарка, — у партнёрстве з Беларускім моладзевым хабам.

Выйшарў 114-ы нумар літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», які выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў, ліквідаваны рэжымам.


Галасы асобаў

Сяргей Верамяюк, фота svaboda.org

Сяргей Верамяюк, музыка, адлічаны з БНТУ студэнт, пра свой удзел у пратэстах:

«Гэта перш за ўсё годнасць. Мой прадзед прыпісаў сабе ўзрост, каб трапіць на фронт. Прапрадзед ваяваў у трох войнах. А я буду сядзець, калупацца ў носе, казаць, што мне трэба скончыць вучобу? Ды гары яно агнём! І потым, што я сваім унукам раскажу? Што сядзеў і супрамат вучыў, пакуль у краіне адбываліся перамены?»

 

Ганна Севярынец, пісьменніца, даследчыца літаратуры:

«Гэты цяжкі час, безумоўна, міне, проста таму, што ўсё мінае. Перажываць яго няпроста: нас гэтаму не вучылі. Нейкія рэцэпты выпрацоўваюцца сам-насам, для кожнага — свой, але ёсць і агульныя».

Таццяна Грыневіч, беларуская спявачка, “першая скрыпка» Плошчы Незалежнасці летам і ўвосень 2020 года, пасля турнэ па гарадах Польшчы:

Таццяна Грыневіч

«Запомніліся слёзы на вачах слухачоў — гэта быў накал эмоцый беларусаў, якія вымушаныя пасля несправядлівых выбараў пакінуць Радзіму. Адбыліся сустрэчы на чужыне, дзе пачулі і заспявалі разам песні, якія блізкія кожнаму з іх, зладзілі танцы, так, як калісьці танчылі іхнія продкі, а самае галоўнае, што ў поўнай ступені адчулі сябе беларусамі, некаторыя можа нават і ўпершыню. Запомніліся словы падзякі за мае выступы ў Беларусі, за Плошчу…»


Міжнародная салідарнасць

23-га кастрычніка ў Мульцікультурным цэнтры ў Варшаве распачала сваю працу выстава «Штучная кома». На ёй прадстаўлены працы маладых беларускіх мастакоў, вымушаных уцячы з краіны.

Уручэнне прэміі Мікіту Ільінчыку

Віртуальнае пасяджэнне ААН, падчас якога быў прадстаўлены маніторынг Беларускага ПЭНа, а таксама абмеркаваная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, парушэнні культурных правоў, адбылося 22 кастрычніка.

У польскім горадзе Быдгашч адбылося ўручэнне драматургічнай прэміі «Аўрора» за выбітны твор сучаснай драматургіі. Пераможцам стаў беларус Мікіта Ільінчык з п’есай «Dark room». Пераможцу абірала экспертнае журы, старшынёй якога была Святлана Алексіевіч.

Акцыя ў падтрымку ліквідаваных Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭНа на Франкфурцкім міжнародным кніжным кірмашы .


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стану на 23 кастрычніка ў Беларусі 817 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц. 

Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У кастрычніку 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Андрэй Пятроўскі, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні (5 кастрычніка); Аляксандр  Нурдзінаў, мастак (11 кастрычніка); Анжаліка  Борыс, старшыня «Саюза палякаў Беларусі» (14 кастрычніка) і Павел Мазько, дызайнер адзення (21 кастрычніка).

Адрасы для лістоў:

Андрэю Пятроўскаму – Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1;

Аляксандру  Нурдзінаву – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8;

Анжаліцы  Борыс – Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А;

Паўлу Мазько – СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.