Спампаваць pdf-версію 50-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
У МУС заявілі пра затрыманне ўладальніка падпольнай друкарні: 47-гадовы жыхар пасёлка Тарасава Мінскага раёна вырабляў у сваёй друкарні пад Мінскам сцягі, налепкі, стыкеры і «іншую атрыбутыку з незарэгістраванай сімволікай».
Сяргея Марозава, гродненскага фатографа, выклікалі ў міліцыю на «прафілактычную гутарку». Узялі пробу сліны, адбіткі пальцаў, а таксама пад подпіс папярэдзілі, што за выхад на акцыі прадугледжана крымінальная, а не адміністратыўная адказнасць. Да выбараў Сяргей 5 гадоў супрацоўнічаў з міліцыяй Гродненшчыны: ствараў для іх сацыяльную і іміджавую рэкламу, за што атрымліваў дыпломы і ўзнагароды. У жніўні мінулага году, у адказ на гвалт з боку сілавікоў, ён запісаў відэа, на якім выкідвае ў сметніцу ўсе гэтыя ўзнагароды.
Юрась Копцік, затрыманы 4 верасня падчас фестывалю “Аршанская бітва” і асуджаны на 10 сутак за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», атрымаў яшчэ 12 сутак адміністратыўнага арышту.
Затрыманы Кірыл Салееў, сын культуролага, выкладчыка Акадэміі мастацтваў Вадзіма Салеева.
Аляксандр Багданаў (Papa Bo) і Максім Крук, супрацоўнікі культурнага цэнтра “Корпус”, не выйшлі пасля 10 сутак арышту – яны затрыманыя ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК.
Як стала вядома, у межах крымінальнай справы па арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) у ліпені быў затрыманы Дзмітрый Падрэз (Dream), стрыт-арт мастак.
Уладзіміра Пунько, дырэктара віцебскага прадпрыемства, кінулі на 20 сутак за краты за БЧБ-сурвэтку, якой ён выціраў вокны ў аўтамабілі.
Мікалай Янкойць, музычны журналіст і музыка, быў затрыманы 15 верасня і аштрафаваны на 2900 рублёў за непадпарадкаванне міліцыянту.
Вадзіма Ермашука, блогера (Vadimati), падазраюць па крымінальных справах арт. 368 КК «абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Юліі Чарняўскай падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай.
Беларускі фолк-метал гурт Znich атрымаў ад чыноўнікаў адмову ў гастрольным пасведчанні для канцэрту на іх 25-годдзе ў менскім клубе “Re:Public”.
Суд ліквідаваў краязнаўчую арганізацыю «Талака», якая праіснавала 35 гадоў.
Улады ліквідавалі «Таварыства беларускай школы».
Адбылася спроба ўзлому рэсурсаў кіраўніцтва і менеджмэнта Беларускага свабоднага тэатру.
Жыццё ў няволі
Эдуард Бабарыка не можа атрымаць дазвол на заняткі спортам у камеры (ён актыўна практыкаваў ёгу), але на прагулках ён працягвае бегаць, адціскацца, прысядаць і г.д. Вучыцца маляваць, а вось набыць кнігі не атрымліваецца.
Алесь Бяляцкі, праваабаронца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, ужо два месяцы знаходзіцца ў зняволенні. За кратамі ён піша ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Панк-музыку Ігара Банцэра 15 верасня выпусцілі з ШІЗА, дзе ён адбыў 40 содняў, і прывезлі на «хімію» ў Віцебску, дзе ён адбывае пакаранне. Апошнія 19 дзён у ШІЗА Банцэр на знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў у дачыненні яго трымаў галадаванне. Цяпер ён адчувае сябе кепска.
Віктара Бабарыку перавялі на іншую працу: укладчык хлебабулачных вырабаў. Тэмпература ў пякарні перавышае 30 градусаў, памяшканне практычна не вентылюецца, вокны адчыняць не дазваляецца.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Журы зацвердзіла доўгі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана. Прэмія ўручаецца з 2016 г. за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд “Вяртанне”.
Сустрэча з Адамам Глобусам, беларускім пісьменнікам, паэтам і мастаком, адбылася 14 верасня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. Кніга «Сям’я», пра якую ішла размова на сустрэчы, увайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройця ў 2018 годзе.
Невялікія, але важныя акцыі творчага грамадзянскага супратыву:
Жанчыны ў бел-чырвона-белых колерах чытаюць беларускія кнігі ў электрычцы – за гэта раней групу жанчын пакаралі штрафамі і суткамі
Жыхары Мінска праспявалі «Магутны Божа» ля касцёла Святога Яна Хрысціцеля
Відэасэрвіс VOKA выпусціў дакументальны фільм «Набіраючы вышыню» пра Алу Касабуцкую — першую беларуску, якой удалося ўзысці на Эверэст.
Аляксандр Васілевіч у СІЗА напісаў для сваёй дачкі Адэлі зборнік казак “Тата і пінгвін”, у якім да Таты ў турму прыводзяць новага сукамерніка — Пінгвіна. Надзея Зелянкова, яго жонка, выклала ў свабодны доступ файлы для друку кнігі.
Форум рэстаўратараў культурнай спадчыны адбыўся ў Мінску.
Юрый Стыльскі з гурта “Дай дарогу!”, які быў вымушаны з’ехаць пад пагрозай затрымання ў межах справы аб прызнанні “экстрэмісцкім” кліпа на песню “Баю-бай”, зладзіў імправізаваны кватэрнік.
⬅️Аўтапартрэт Алеся Пушкіна.
Стартаваў дабрачынны аўкцыён, дзе выстаўлены ўнікальны асобнік кнігі Альгерда Бахарэвіча “Тэатр шчаслівых дзяцей” з персанальным аўтографам ад пісьменніка.
Беларуска Таццяна ван дэн Брынк выдала ў Нідэрландах кнігу пра беларускую міфалогію для дзетак.
Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык, у калонцы для Еўрарадыё піша пра прычыны звальненняў і перспектывы Опернага пасля іх.
Галасы асобаў
Алесь Пушкін у лісце з-за кратаў:
“Мастакі Беларусі (асабліва маладыя) баяцца і цураюцца палітыкі, служаць Прыгажосці і проста абстрактнаму мастацтву, а я ж больш старэйшы, я пасля войска (служыў у Афганістане ў верталётным палку) – перастаў баяцца ўлад. І са студэнцкіх гадоў – актыўны з першага мітынгу Дзяды-88 у Курапатах. За яго я атрымаў свае першыя 15 сутак. Я заняў акрэсленую пазіцыю, я стаў на пазіцыі Праўды, якой бы цяжкай яна ні была… Вось гэта і апынулася цяжкім і для мяне і для грамадства. Беларускае грамадства яшчэ не можа выйсці, запатрабаваць асуджэння, як у Нюрнбэргу – тых, хто расстрэльваў у Курапатах. Так, людзі выходзяць, але жменькамі. І мы вось так і пакутуем – і я, і Беларусь… Хаця і есці ёсць што, і апрануцца, і рэстараны поўныя людзей, і фестывалі і г.д.”
“Дзеці — гэта зброя. Немагчыма змяніць дарослую, сфармаваную асобу. З дзяцей жа, як з пластыліну, можна зляпіць што заўгодна. І менавіта гэтым зараз зоймецца школа, пакуль стомленыя змаганнем бацькі будуць прыходзіць у сябе і шукаць выйсце са сваіх ПТСР.
Ідэалагічная вайна прабралася ў нашы дамы з іншага боку — адтуль, куды наш уласны кантроль не распаўсюджваецца. І адзіным спосабам змагання ў вайне я бачу размову. Дзікуну, герою Хакслі, давялося тлумачыць людзям, што такое любоў, праўда, шчырасць. Нам трэба размаўляць адно з адным, са сваімі дзецьмі, бацькамі, даводзіць ім нашу праўду — пастаянна тлумачыць, упарта, нават калі хочацца здацца”.
Міжнародная салідарнасць
Выстава беларускага плакатнага пратэставага мастацтва ў нямецкім горадзе Эссэн.
Прадстаўніцы Міністэрства культуры Польшчы і польскіх арганізацый культуры сустрэліся з Паўлам Латушка і абмеркавалі магчымасці для беларускіх творцаў, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.
У царкве Braunschweiger Dom нямецкага горада Браўншвейге прайшла сустрэча з Вольгай Шпарагай, падчас якой прысутныя гаварылі пра беларускую рэвалюцыю і чыталі ўрыўкі з Вользінай кнігі “Жаночы твар рэвалюцыі”.
“Беларуская пятніца” ў Львове – 17 верасня на розных пляцоўках горада прайшоў шэраг імпрэзаў, прысвечаных беларускай літаратуры.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
У верасні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Максім Знак, юрыст, літаратар і музыка (4 верасня); Аляксандр Васілевіч, менеджар культуры (14 верасня) і Даніла Ганчароў, мастак па святле (27 верасня).
Адрасы, на якія можна дасылаць віншаванні:
Максіму Знаку і Аляксандру Васілевічу – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Даніле Ганчарову – Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.