Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 жніўня 2025 года

Апошняе абнаўленне: 18 жніўня 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 жніўня 2025 года

На 15 жніўня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 41, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 158.

МУС дадаў прамоўтарку культуры Ніну Багінскую ў «пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Telegram-канал «Fundacja Tutaka» абвешчаны «экстрэмісцкім». 

Інфармацыйную прадукцыю Instagram-акаўнта «Беларускі мартыралог» абвясцілі «экстрэмісцкай». 

На маркетплэйсе «Wildberries» знялі з продажу антываенны раман «Слон» пісьменніка Сашы Філіпенкі.

Міністэрства інфармацыі дадало 31 пазіцыю ў спіс «забароненых кніг», сярод іх – «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасці».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 2 жніўня сталі вядомыя дэталі затрымання мастачкі Людмілы Шчамялёвай і мастака Ігара Рымашэўскага. Звесткі дала праваабаронцам зняволеная, якая была з Людмілай Шчамялёвай у ізалятары часовага ўтрымання: «Прыйшлі з ператрусам да мужчыны, у якога вісела яе [Шчамялёвай] карціна. Яна была без БЧБ, не пратэсная, але проста ім не спадабалася. Таму яны прыйшлі з ператрусам да Людмілы і яе мужа Ігара Рымашэўскага. З іх зрабілі экстрэмісцкую суполку і выставілі абвінавачванне паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса». Інфармацыя, што мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі арыштаваны на падставе палітычна матываванай справы, пацвердзілася 29 лістапада 2024 года. 

2. 15 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў дадало прамоўтарку культуры Ніну Багінскую ў «пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». 30 траўня 2025 года ў судзе Першамайскага раёна Мінска супраць 78-гадовай Ніны Багінскай адбыўся судовы працэс паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за дэманстрацыю нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе. Абвінавачанні грунтавалася на адміністрацыйных пратаколах і судовых пастановах за 2024 год, якія тычыліся выкарыстання нацыянальнай сімволікі; адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!». Ніну Багінскую прызналі вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», але суд скарыстаў арт. 79 Крымінальнага кодэкса (асуджэнне без прызначэння пакарання) і прызначыў «прафілактычнае назіранне».

ІІ. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

На мяжы пры заездзе ў Беларусь працягваецца дадатковы кантроль: праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Затрыманых змяшчаюць да суда ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) у найбліжэйшым горадзе, пасля чаго або прызначаюць штраф і вызваляюць, або прысуджаюць суткі зняволення. Ад затрыманых вядома пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў брэсцкім ІЧУ: недахоп кіслароду ў сутарэннях, антысанітарыя, вельмі шмат клапоў, укусы якіх прыводзяць да моцнага свербу і ацёкаў, а ў некаторых выпадках пачынаецца алергічная рэакцыя.

III. Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх ініцыятыў 

1. 1 жніўня рашэннем суда Быхаўскага раёна «экстрэмісцкімі матэрыяламі» абвешчаны Telegram-канал «Fundacja Tutaka», на якім папулярызуецца беларуская культура. 

2. 5 жніўня 2025 года суд Савецкага раёна Мінска абвясціў «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю Instagram-акаўнта belarusianmartyrology (https://instagram.com/belarusianmartyrology). «Беларускі мартыралог» – гэта больш за 1000 партрэтаў палітвязняў Беларусі, створаных мастачкай Ксішай Ангелавай. Праект рэалізуецца ініцыятывай «Хрысціянская візія» пад каардынацыяй Наталлі Гарковіч і прысвечаны захаванню памяці пра рэпрэсаваных. Выстава партрэтаў пабывала ў розных краінах, у тым ліку ў сталіцах Італіі і Даніі, дзе суправаджалася перформансамі і публічнымі дыскусіямі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы 

1. 3 жніўня ў Беларусі з продажу на маркетплэйсе «Wildberries» знялі антываенны раман «Слон» пісьменніка Сашы Філіпенкі. Раман афіцыйна выдадзены ў Расіі выдавецтвам «Время». 3 жніўня Саша Філіпенка даў у Facebook спасылку на «Wildberries», дзе можна было набыць раман, і напісаў: «”Слон” нарэшце перайшоў мяжу, і цяпер яго можна купіць не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі! І побач». На допіс звярнулі ўвагу прапагандысты, пасля чаго «Слон» знік з продажу. Кніга выйшла па-беларуску раней за рускі варыянт, у выдавецтве «Gutenberg Publisher». Саша Філіпенка падтрымаў пратэсты 2020 года, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь. 14 лютага 2024 года стала вядома, што супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці і разладу). 

2. 4 жніўня Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс «друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У спіс дададзена 31 кніга, у тым ліку: «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасці»; «Таемная гісторыя» Доны Тарт; «Жыццё на продаж» Юкіа Місіма; «Трыццатае каханне Марыны» Уладзіміра Сарокіна; «Нябачныя» Чака Паланіка; «Тапаз» і «Экстаз» Ру Муракамі.