
Беларуская праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне ў адпаведнасці з артыкулам 8 Факультатыўнага пратаколу да Канвенцыі. Беларускі ПЭН падтрымлівае калег і публікуе іх зварот ніжэй.
Мы сабралі і прадставілі шырокія доказы таго, што ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, уключаючы пыткі, прыніжэнні і дыскрымінацыю па прыкмеце гендэра. Ідзе гаворка не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязынак.
Гэтыя парушэнні падпадаюць пад вызначэнне дыскрымінацыі ў сэнсе артыкулаў 1, 2, 3, 5(a), 7 і 12 Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, у тым ліку ў інтэрпрэтацыі Камітэта ў Агульных рэкамендацыях № 19, № 24, № 28 і № 35. Іх працяг, у спалучэнні з нежаданнем дзяржавы выконваць папярэднія рэкамендацыі CEDAW, патрабуе неадкладнай рэакцыі ў межах працэдуры расследавання.
Наш зварот ужо падтрымалі:
- Праваабарончы цэнтр «Вясна»
- Беларускі Хельсінкскі Камітэт
- Respect-Protect-Fulfill
- Human Constanta
- Беларускі ПЭН
Мы заклікаем міжнародныя і нацыянальныя недзяржаўныя арганізацыі, эксперт_ак у галіне правоў чалавека, а таксама палітык_ес публічна падтрымаць гэты зварот, распаўсюдзіць інфармацыю пра задокументаваныя парушэнні і аказаць ціск на ўлады Беларусі дзеля спынення катаванняў, жорсткага абыходжання і дыскрымінацыі жанчын у месцах пазбаўлення волі.
Падпісаць гэты зварот можна па спасылцы:
https://forms.gle/NTgrwj4KeVWTQ2mQ6 (па-руску)
https://forms.gle/ACmPQ8Rsoun3msSbA (па-англійску)
Што мы зафіксавалі
Мы сабралі шматлікія сведчанні жанчын, якія прайшлі праз ізалятары часовага ўтрымання, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, следчыя ізалятары і папраўчыя калоніі. У тым ліку дзве калоніі, у якіх утрымліваюцца толькі жанчыны — ІК № 4 у Гомелі і ІК № 24 у Зарэччы.
Сярод найбольш сур’ёзных парушэнняў:
- Адсутнасць належных гігіенічных умоў і даступных сродкаў асабістай гігіены. Напрыклад, выдаецца толькі 6 пракладак на 3 дні або 10 у месяц, часам іх не выдаюць увогуле; душ дазваляюць прымаць толькі раз на тыдзень або радзей; у камерах вядуцца клопы, тараканы, вошы.
- Прыніжальныя асабістыя вобшукі і адсутнасць прыватнасці, уключаючы распрананне перад мужчынамі-супрацоўнікамі месцаў пазбаўлення волі, адкрытыя прыбіральні, відэаназіранне.
- Сексісцкія выразы, жарты пра сексуалізаваны гвалт, пагрозы.
- Адмова ў медыцынскай дапамозе і прадастаўленні лекаў, што вядзе да яшчэ больш сур’ёзных праблем са здароўем, у тым ліку рэпрадуктыўным.
- Публічныя прыніжэнні, у тым ліку выкарыстанне «клеткі сораму» ў ІК № 4 (такой практыкі няма ў мужчынскіх калоніях).
- Асаблівы ціск на жанчын-палітвязынак — перапоўненыя камеры, пастаяннае штучнае асвятленне, адсутнасць матрацаў, забарона на атрыманне пасылак, пагрозы і псіхалагічны ціск.
Гэта сістэмная праблема
CEDAW ужо двойчы — у 2009 і 2020 гадах — прызнаваў Беларусь вінаватай у парушэннях правоў жанчын у зняволенні. Аднак за 15 гадоў сітуацыя толькі пагоршылася, асабліва пасля падзей 2020 года.
Масавыя арышты жанчын-актывістак, праваабаронцаў і журналістак працягваюцца: па дадзеных на 15 жніўня 2025 года ў Беларусі налічваецца 178 жанчын-палітвязынак; толькі ў 2024 годзе беларускія суды разглядзелі больш за 7 500 палітычна матываваных спраў — чвэрць з іх супраць жанчын.
Парушэнні фіксуюцца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у розных установах на працягу многіх гадоў. Гэта сведчыць пра тое, што пыткі і жорсткае абыходжанне з’яўляюцца ўсталяванай практыкай, якая падтрымліваецца бяздзеяннем дзяржавы і нежаданнем выконваць рэкамендацыі ААН.
Чаго мы патрабуем
Мы заклікаем CEDAW пачаць расследаванне і запатрабаваць ад уладаў Беларусі адказаў на ключавыя пытанні:
- Якія меры рэальна прыняты для спынення пытак, жорсткага абыходжання і гендэрна абумоўленага гвалту?
- Як забяспечваецца права жанчын на прыватнасць, медыцынскую дапамогу, гігіену?
- Чаму палітычныя зняволеныя жанчыны ўтрымліваюцца ў асабліва цяжкіх умовах?
- Як гарантуецца магчымасць бяспечна паведамляць пра гвалт і атрымліваць дапамогу ў месцах несвабоды?
- Ці праводзяцца расследаванні парушэнняў і ці пакараныя вінаватыя?
- Якія праграмы навучання супрацоўнікаў месцаў пазбаўлення волі існуюць і наколькі яны эфектыўныя?
- Як дзяржава адсочвае доўгатэрміновыя наступствы зняволення для здароўя жанчын?