Маніторынг парушэнняў правоў у сферы тэатра
У дадатак да агульнай справаздачы паводле маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за 2020 год, Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў экспертны аналіз парушэнняў правоў і рэпрэсій у сферы тэатру.
Затрыманні, прысуды, пераслед
Аксану Манкевіч, гіда, прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і прысудзілі да 15 сутак адміністратыўнага арышту. Цэлую экскурсійную групу з 7 чалавек затрымалі ў сталіцы на праспекце Незалежнасці 31 студзеня, калі ў горадзе адбываліся кропкавыя затрыманні сілавікамі.
Ксеніі Міклашэўскай і Мікіту Броўку, супрацоўнікам крамы Symbal.by, прысудзілі 20 сутак арышту за “пікетаванне шляхам размяшчэння прадукцыі з сімволікай на прылаўку крамы”. Анастасія Трафімчык і Вольга Ігнатовіч атрымалі па 15 сутак арышту.
На Крысціну Іванову, уладальніцу лідскай крамы сувеніраў з сімволікай і рэкламнага агенцтва «Хамелеон», склалі пратакол па артыкуле 23.34 за пікет – продаж нататнікаў з «Пагоняй» і бел-чырвона-белых сцяжкоў. Дагэтуль крама перажыла 8 праверак.
Ангеліна Бібік і Мацвей Копач атрымалі год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову за знявагу дзяржаўнага сцяга. 7 лістапада яны сарвалі сцяг з будынка на вуліцы Куйбышава ў Мінску, а потым спалілі яго.
Іван Канявега, дырэктар канцэртнага агенцтва Horse&Vega, 4 лютага атрымаў 3 гады калоніі за тое, што ў ноч з 9 на 10 жніўня спрабаваў спыніць машыну ДАІ, каб яна не заехала ў людзей.
Руслан Акостка, які 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам, атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і абавязаны выплаціць матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 2 000 рублёў міліцыянту, нібыта пацярпеламу пры затрыманні Руслана.
Аляксандр Нурдзінаў, мастак, які 9-10 жніўня кідаў у бок амапаўцаў кветкі, атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ціск, звальненні, забароны
Дуэт “Арыстакратычная бледнасць” (Вольга Барышнікава і Алеся Селядцова), які спявае прыпеўкі па матывах апошніх навін, абвясціў аб прыпыненні сваёй дзейнасці праз пільную ўвагу да іх з боку органаў.
Святлана Воцінава, галоўная рэдактарка часопіса “Маладосць”, звольненая са сваёй пасады рашэннем Міністэрства інфармацыі.
Актораў Гродзенскага драматычнага тэатра, звольненых за палітычную пазіцыю ў верасні 2020, выклікалі ў міліцыю, верагодна, за навагодняе віншаванне, у якім яны зычылі 2021-му стаць “годам вольнай Беларусі, годам права і перамогі, годам беларускай мовы і бел-чырвона-белага сцяга”. З тымі, хто 2 лютага прыйшлі ў міліцыю па позве, правялі прафілактычную гутарку.
Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выклікае на гутарку ўсіх вытворцаў, з якімі кампанія symbal.by працавала апошнія два гады, на прадмет таго, ці выраблялі яны прадукцыю бел-чырвона-белых колераў і з гербам “Пагоня”.
З крамай “Мой модны кут” у Маларыце разрываюць дамову арэнды памяшкання. 1 лютага ў краму прыходзілі з маларыцкай інспекцыі аховы працы.
У выдавецтве «Кнігазбор» канфіскавалі ўсе асобнікі рамана «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча.
У СІЗА КДБ забаранілі ўключаць “Аўтарадыё” падчас прагулак зняволеных – многім з іх падабалася, што па радыё ставілі рок-музыку.
Спектакль “Белый кролик, красный кролик”, які збіраўся паказваць тэатр HomoCosmos, адменены, таму што гастрольнае пасведчанне на яго паказ было ануліравана.
Рэпрэсіі за сімволіку
За бел-чырвона-белыя сцягі па-ранейшаму караюць: за сцяг раёна Новая Баравая (10 содняў), за сцягі, знойдзеныя ў лесе (штраф 10 базавых велічынь), за выхад у горад з бел-чырвона-белым сцягам на плячах (10 сутак).
100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сцяга, які ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкім.
Творчы супраціў
У новым выпуску відэапраекта «Словы мацней» кінакрытык Тарас Тарналіцкі чытае ўрывак з «Зацемак аб характары беларусаў» публіцыста і мысляря Станіслава Грынкевіча.
Новыя творы пратэставага мастацтва: Ліля Квацабая; elizabeth.batori_art; Уладзімір Цэслер
“Для каго” – песня Кацярыны Ваданосавай і кліп Аляксандры Канафальскай – пранізлівае мастацтва, у якім мы пазнаем многа знаёмых твараў.
Беларусы замежжа правялі канферэнцыю і канцэрт салідаранасці “Жыве Беларусь!”.
Галасы асобаў
Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“Гэты сцяг [бел-чырвона-белы] сімвалізуе сумленнасць і дэмакратыю, гэта сімвал перспектывы развіцця Беларусі. Адпаведна робяцца ўсе захады, каб забараніць яго, ідзе пераслед усёй такой жа каляровай гамы. Гэта сведчыць пра тое, што на тым баку дзейнічаюць антыбеларускія і антынацыянальныя сілы”.
Мікола Купава – аўтар эталона дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга, прынятага Вярхоўным Саветам у 1991 годзе:
“Упершыню бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся на гравюры 1444 года! На той гравюры – бітва з туркамі пад Варнай, у якой таксама ўдзельнічалі войскі ВКЛ. Бел-чырвона-белыя сцягі масава паказаныя на славутай карціне “Бітва пад Оршай 1514 года”. У 1917-м, яшчэ да абвяшчэння БНР, вайскоўцы-беларусы былой царскай арміі ўпрыгожвалі свае мундзіры бел-чырвона-белымі стужкамі і значкамі. Таму Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1918-м, ствараючы сцяг для БНР, нічога не выдумляў, ён проста ўзяў правераны стагоддзямі сімвал”.
Карына Хацкалёва, рэжысёрка і крэатыўны капірайтар, якая 31 студзеня прыйшла пад Акрэсціна сустрэць Дзяніса Іванова і была затрыманая, пра тое, што здарылася.
“Мне здаецца, у нас развіваецца культура прыніжэння. Проста той факт, што ты не ведаеш, дзе парушаеш закон, ужо прыніжае, прымушае баяцца. Затрымаюць цябе ці не – проста нейкі рандом. Фабрыка па фабрыкаванні спраў робіць сваю працу. Адзінае, што застаецца нам – гаварыць пра гэта, не замоўчваць. Ну і салідарнасць”.
Руслан Вашкевіч, мастак, куратар мастацкіх праектаў:
“Ролю мастака ў гэтай рэвалюцыі, мне здаецца, узяў на сябе народ, людзі. На гэты раз людзям не былі патрэбныя нейкія маніфесты, намаляваныя плакаты, нейкія яркія карцінкі, зробленыя прафесійнымі мастакамі. А ўсё гэта цяпер умеюць выдатна рабіць самі людзі. Тым больш яны натхнёныя не нейкім там эстэтычным пачуццём, а самімі падзеямі, якія навокал адбываюцца”.
Міжнародная салідарнасць
З 3 па 7 лютага ў Штутгарце праходзіў музычны фестываль эксперыментальнай музыкі ECLAT. Падчас фестываля Марыі Калеснікавай уручылі прэмію ў вобласці правоў чалавека імя Герхарта Баўма.
Максім Знак намінаваны на Міжнародную прэмію імя Трар’е – гэта самая прэстыжная прэмія ў галіне правоў чалавека.
Чэшскі слэмер Роберт “Тукан” Нэтука запісаў “Слэм пра Беларусь”.
У Швецыі ў межах праекта «Готландскія размовы» пры выдавецтве Ariel выйшла кніга-эсэ беларускага паэта Дзмітрыя Строцава «Искусство народного неповиновения» ў перакладзе на шведскую Мікаэля Нідаля. Разам з ёй выйшла кніга рускай пісьменніцы Марыі Сцяпанавай «Письма в счастливое время» (пераклад Нільса Хокансана), прысвечаная адкрытаму лісту Святланы Алексіевіч да расійскай інтэлігенцыі «Чаму вы маўчыце?» і адказам вядомых расейцаў на гэты зварот.
Літаратурная пляцоўка Nuyorican Poets Cafe (Нью-Ёрк) супольна з PEN America 6 лютага зладзілі перакладчыцкі слэм, прысвечаны падзеям 2020 года ў Беларусі.
Еўрапейская пісьменніцкая і перакладчыцкая супольнасць заклікае міністраў культуры прыняць меры супраць палітыкі Лукашэнкі, дзе “пісьменнікаў і перакладчыкаў запалохваюць і саджаюць у турмы”.
Кліп на палескую баладу “Стояла дзевчына”, зняты ў Ізраілі.
Cпевакі з 24 краінаў свету, ад Аргентыны да Японіі, запісалі разам гімн «Магутны божа».
Спампаваць pdf-версію 18-га выпуску маніторынга культурнага супраціву