• Навiны
  • Культурныя правы
  • Выступ Святланы Алексіевіч перад Саветам ААН, пратэставая творчасць і падтрымка з усяго свету – у 9 выпуске

Выступ Святланы Алексіевіч перад Саветам ААН, пратэставая творчасць і падтрымка з усяго свету – у 9 выпуске

Апошняе абнаўленне: 8 снежня 2020
Выступ Святланы Алексіевіч перад Саветам ААН, пратэставая творчасць і падтрымка з усяго свету – у 9 выпуске
Пакуль “в серое небо грустно смотрит народ, ждёт, когда упадёт вертолёт”, творцы прыдумляюць новыя спосабы жыць і працаваць ва ўмовах, калі іх працягваюць звальняць і затрымліваць, калі ўжывую немагчыма праводзіць дваровыя канцэрты, а ў краіне не спыняецца тэрор і за сцяг ва ўласным акне можна трапіць на Акрэсціна.

Затрыманні і суды

Міколу Папеку, паэта і пчаляра з Пружанаў  затрымалі 1 снежня і 72 гадзіны трымалі ў ІЧУ Брэста. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў карагодзе на вуліцах у Берасці, які рабілі пратэстоўцы 13 верасня, арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Віну Мікола не прызнаў і патрабаваў перакласці ўсе дакументы справы на беларускую мову. Для допыту яму выклікалі перакладчыка з беларускай, універсітэцкага выкладчыка, бо ў РАУС ніхто не гаворыць па-беларуску. 

Яўгену Атцецкаму, затрыманаму ў нядзелю 17 лістапада падчас марша памяці Рамана Бандарэнкі, суд Цэнтральнага раёна 1 снежня прысудзіў штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Дзяніса Філіпенку, вакаліста гурта Rahis, асудзілі на 13 сутак, аднак ён яшчэ чакае даты адбыцця па прысудзе, таму што месцаў не хапае. 

Зміцер Вайноўскі

Змітра Вайноўскага, рэкламіста, фатографа, які займаецца грамадсказначнымі праектамі, партнёра Беларускага ПЭНа па розных праектах, 30 лістапада затрымалі, і 1 лістапада суддзя Карсюк прысудзіў Змітру 13 сутак.

Уладзіміра Міранюка, музыку і кіраўніка студыі гуказапісу Хата44 з Берасця, затрымалі 25 лістапада і з таго дня не выпускалі з ізалятара часовага ўтрымання, дадаючы суткі арышту. 

Аляксей Санчук, барабаншчык з гурта “Требуем разойтись”, затрыманы 4 лістапада на рэпетыцыйным пункце разам з барабаншчыкамі, якія задавалі рытм мінскім пратэстным маршам, не выйшаў з ізалятара пасля сутак адміністрацыйнага арышту. На яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сілавікі лічаць, што ён быў адмінам нейкага чата на некалькі чалавек і там “арганізоўваў дзеянні, накіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку”. 

Падчас маршу двароў 6 снежня былі затрыманыя:

Уладзімір Лянкевіч, паэт, перакладчык, музыка, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра (атрымаў 15 сутак арышту). У верасні ён ужо быў затрыманы і адседзеў 6 сутак. 

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін, актор Беларускага свабоднага тэатра, актывіст, партнёр Беларускага ПЭНа (два гады запар ён быў вядоўцам прэміі Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад на беларускую мову).

Мікіта Кузьмін, перкусіяніст гурта Botanic Project, атрымаў 10 сутак арышту. 

Валерыя Граблюк, скрыпачка, атрымала 13 сутак арышту

Сяргей Смірноў, лідар гурта Cross B Band, атрымаў 10 сутак арышту


Ціск, звальненні

Раберта Вальдэс Касануэва – займаецца графічным дызайнам, амаль 30 гадоў жыве ў Беларусі, якая стала яго другой Радзімай, мае тут сям’ю і трох дзяцей. Ён быў затрыманы падчас мірнага марша 8 лістапада, цяпер вядзецца працэс яго дэпартацыі, бо яму не працягнулі від на жыхарства праз яго актыўную грамадзянскую пазіцыю. Рабэрта былы член Саюза дызайнераў, у яго падтрымку саюз накіраваў характарыстыку-хадайніцтва для суда з просьбай адмяніць рашэнне.

Юліі Савіч, якая дваццаць гадоў працавала ў Акадэміі мастацтваў, не працягнулі кантракт. Юлія працавала вядучай спецыялісткай у аддзеле дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. Калегі лічаць, што гэта адбылося выключна праз яе грамадзянскую пазіцыю. 

Юля Чарняўская, вядомая культуролаг, пісьменніца, журналістка, прафесарка, сябра Каардынацыйнай Рады, звольнілася з Інстытута культуры. 

“Я трымалася доўга, але ступень неабходных кампрамісаў паміж прафесіяй і службай з кожным днём расце. Ёсць людзі, якія могуць з гэтым справіцца дзеля самых розных мэтаў: паклікання або непыльнай работкі; адліку наменклатурнай кар’еры або, наадварот, камфортнага заходу; дзеля “стабільнасці” або дзеля ідэалу — зрабіць хоць нешта добрае знутры, выгадаваўшы студэнтаў. Ёсць і іншыя памкненні самага рознага кшталту. Але ўжо не маё…”

Юля Шаўчук, акторка Свабоднага тэатра, атрымала паведамленне ад “міліцыі з Кобрына”. У паведамленні Юлю просяць “перазваніць пільна”.

З этнакрамай “Цудоўня” ў Гародні датэрмінова спынілі дамову арэнды 4 снежня, напярэдадні ў краму прыходзіла міліцыя з праверкай наконт бел-чырвона-белага сцяга на ўваходзе.

“Цудоўня” – важная культурніцкая пляцоўка горада, дзе можна набыць вырабы беларускіх майстроў, кнігі і сувеніры. 


Творчы супраціў

Беларускі гурт Intelligency запісаў акустычны live на песню ZLO разам з вольнымі Купалаўцамі

Магілёўскі праект MNOY прэзентаваў пераканаўчае відэа на сінгл “Верталёт” – пра катаванні і чаканні беларускага народа

В серое небо грустно смотрит народ,
ждёт, когда упадёт вертолёт… 

Адказ Магілёўскага тэатра свайму звольненаму кіраўніку. 

Гурт Laudans выпусціў відэа на песню “У сэрцы свабода”, з малюнкамі @na_yawu, як маральную падтрымку ўсім, хто прайшлі праз затрыманне і зняволенне. 

Увесь снежань, штовечар у 19:30, Маляваныч чытае казкі ў рамках праекта “Калядны каляндар”, глядзець яго можна на каналах Беларускага фонда культурнай салідарнасці: у Facebook і Youtube. 

Казачны свет у малюнках увасабляе цудоўны Андрусь Такінданг. 


Падтрымаць дзеячаў культуры ды іх новыя творчыя праекты можна, ахвяруючы любую суму ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці.


5 снежня Беларускі Фонд Культурнай Салідарнасці зладзіў анлайн-паказ спектакля “З жыцця выкапняў” у падтрымку супрацоўнікаў Новага драматычнага тэатра. Трупа НДТ далучылася да Агульнанацыянальнай забастоўкі, за што адміністрацыя тэатра падала ў суд, які прызнаў забастоўку незаконнай. У выніку 11 акцёраў і тры супрацоўнікі напісалі заявы на звальненне, двое з іх – пад ціскам адміністрацыі тэатра. Паводле загаду зверху, актораў забаронена браць у іншыя дзяржаўныя тэатры. Спектакль можна глядзець тут.

Анлайн-канцэрт Рыгора Лайкова, лідара гурта PyLai, які быў затрыманы і моцна збіты 15 лістапада. 

Уладзіслаў Стальмахоў, мастак і дызайнер, які быў затрыманы разам з дачкой Настай Стальмаховай 8 лістапада і адбыў 8 сутак арыштку, зрабіў замалёўкі пра свой досвед у Жодзіна

Беларускія паэткі, пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, правялі паэтычны анлайн-марш 5 снежня. Сваімі вершамі падзяліліся Крысціна Бандурына, Дарʼя Бялькевіч, Ганна Комар, Наста Кудасава, Вальжына Морт і Юля Цімафеева.


Галасы асобаў

Алена Гіронак, актрыса тэатра і кіно, якую затрымалі 29 лістапада падчас “Маршу суседзяў” і 1 снежня аштрафавалі на 810 рублёў, двое сутак правяла на Акрэсціна. Алена распавяла пра свой досвед. У бусе сілавікі “вельмі хацелі размаўляць”, але збольшага гэта была аднабаковая размова. 

“Яны лічаць нас здраднікамі радзімы, кажуць, што мы ўсе хочам з’ехаць у Польшчу, быццам бы да іх часам спецыяльна падыходзяць і просяць затрымаць, маўляў, яшчэ два разы і можна будзе ў Польшчу». Спрэчка ў нас, канешне, была не вельмі на роўных, але я сказала, што гэта яны здраднікі радзімы”. 


Міжнародная салідарнасць 

У Беластоку з’явіўся круты арт-аб’ект, прысвечаны гвалту, які ўчыняюць беларускія сілавікі. Чалавек у форме напраўляе стрэльбу на мінакоў, якія ідуць па вуліцы.

У Люблінскай галерэі “Rozdroża” 1 снежня адкрылася выстава рэпарцёрскай фатаграфіі і плаката, натхнёнага падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі, “Беларусь 2020. Траўма і смех”. Фатаграфіі і плакаты таксама можна паглядзець на сайце www.rozdroza.com

Канфедэрацыя бібліятэк Лігі Плюшча ўключыла матэрыялы пратэстнага архіву Chrysalis Mag ў свой вэб-рэестр. Сярод матэрыялаў, якія трапілі ў архіў: «Арт-архив | Август 2020» і падборка «Нина Багинская в творчестве беларусских (и не только) художников»


Euronews знялі сюжэт пра беларускіх музыкаў, якія трапілі за краты.  

Славенскі ПЭН-цэнтр выказаў падтрымку народу Беларусі. 

“Сябры Славенскага ПЭН-цэнтра выказваюць салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія хочуць ануляваць вынікі жнівеньскіх выбараў і імкнуцца да таго, каб у іх краіне панавала дэмакратыя. Мы падтрымліваем тых, хто выкарыстоўвае мірныя формы пратэсту дзеля процідзеяння фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсіям і гвалту, а таксама захапляемся кожным, хто патрабуе свабодных і справядлівых выбараў, павагі да правоў чалавека і вяршэнства права”.

Міжнародны інтэрнэт-часопіс PEN/Opp, над якім працуе Шведскі ПЭН, зрабіў тэматычны выпуск пра Беларусь. У ім на англійскай і шведскай мовах прадстаўленыя інтэрв’ю са Святланай Алексіевіч і пратэставыя вершы Дзмітрыя Строцава

Святлана Алексіевіч, Нобелеўская лаўрэатка і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, выступіла на Савеце ААНЯна папрасіла Савет ААН выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы рэагавання на сітуацыю ў Беларусі і стварыць спецыяльныя механізмы расследавання злачынстваў дзеючай улады.

“Беларусское общество понимает, что процесс выхода из общественно-политического кризиса – долгий и сложный, что необходим диалог. Но для него необходимо обоюдное понимание сторон, что нужна гуманизация ситуации в стране. Общество готово к диалогу, но он невозможен в ситуации, когда власти держат в заложниках политзаключенных и продолжают убивать, истязать и калечить свой народ, преследовать инакомыслящих. Общество готово к новой стране: стране уважающей мнение, разделяющей ответственность, стране без насилия, уважающей закон и правосудие. Готова ли власть к диалогу об этих простых и важных вопросах?”

Зборнік тэкстаў на нямецкай мове BELARUS! Das weibliche Gesicht der Revolution (“Беларусь! Жаночы твар рэвалюцыі”) быў выдадзены ў Берліне ў сярэдзіне лістапада. Сярод беларускіх аўтарак прадстаўленыя Вера Бурлак, Вольга Шпарага, Вальжына Морт, Таня Арцімовіч, Вольга Гронская, Ірына Раманава, Юля Цімафеева і іншыя. Усе тэксты зборніка – арыгінальныя артыкулы, вершы, летапісы – напісаныя выключна жанчынамі. 5 снежня адбылася прэзентацыя зборніка з удзелам Тані Арцімовіч і Ніны Веллер6 снежня адбылася прэзентацыя з удзелам Яраславы Ананка, Ціны Вюншман і Марыны Напрушкінай

9 снежня адбудзецца прэзентацыя з удзелам Юлі Цімафеевай, Ірыны Герасімовіч, Вольгі Шпарагі, Томаса Вайлера і Віёлы фон Крамон.


Аўкцыён

Першая гітара спявачкі і блогеркі Леры Яскевіч 

Гэта інструмент Леры, на якім яна запісала свае першыя песні і грала на першых канцэртах. Гітару блогерцы падарыў спявак Саша Нэма. Атрыманыя сродкі пойдуць на падтрымку дзеячаў культуры, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. 

Зрабіць стаўку.


Рознае

За бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах людзей затрымліваюць, забіраючы наўпрост з уласных кватэр. 


Спампаваць pdf-версію дзевятага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by