Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае грашовы прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.
Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2019 годзе. Пераможцу вызначаць прафесійныя перакладчыкі і літаратуразнаўцы, склад журы будзе абвешчаны неўзабаве.
Каб падаць заяўку, запоўніце форму, а электронную версію і вокладку (jpeg) выдання дашліце на [email protected] з пазнакай у тэме “Імя і прозвішча перакладчыка, назва кнігі”. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5 кніг) трэба перадаць у Беларускі ПЭН-цэнтр (адрас: вул. Залатая горка, 2, 101, кожную сераду з 10.00 да 19.00, дамовіцца на сустрэчу і атрымаць код ад дамафона можна па тэлефоне +37544 7994047).
Калі падача электроннага варыянта перакладзенай кнігі немагчымая, намінатар павінен прадаставіць не менш за 4 папяровыя асобнікі кнігі.
Падрабязней з умовамі прэміі можна азнаёміцца, прачытаўшы яе статут і рэгламент.
Заяўкі прымаюцца да 20 траўня (уключна).
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.
У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад кнігі “Панядзелак” Мойшэ Кульбака, Антон Францішак Брыль за пераклад вершаў Марка Валерыя Марцыяла і Надзея Кандрусевіч за пераклад кнігі “Ёрдзіс” Юі Вісландэр.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас: [email protected].