İlkyaz – гэта літаратурная платформа, якая публікуе творы маладых аўтараў і аўтарак (да 35 гадоў) з Турцыі. Гэта непалітычны спосаб барацьбы супраць прыцяснення свабоды слова ў Турцыі, а таксама спроба падтрымаць будучых пісьменнікаў. Ініцыятары праекту спадзяюцца, што гэта таксама дапаможа прыцягнуць увагу маладых літаратараў да дзейнасці ПЭНа, да якога яны ў будучыні маглі б далучыцца.
Штомесяц İlkyaz аб’ядноўваецца з ПЭН-цэнтрамі з розных краін, і творы турецкіх маладых літаратараў гучаць на розных мовах свету. На беларускую мову творы для праекта пераклала Таццяна Урублеўская-Токер.
Ачэлья Кызгын
Узрост: 18 гадоў.
Нарадзілася ў Стамбуле ў 2001 годзе. Пасля школы паступіла ў Роберт Каледж, які мае скончыць у чэрвені 2020 года. Першыя спробы ў пісьменніцтве зрабіла ў дванаццаць гадоў, калі пад кіраўніцтвам школьнага настаўніка ўдзельнічала ў конкурсе апавяданняў. У Роберт Каледжы з’яўляецца рэдактарам школьнай газеты, якая выдаецца на англійскай мове, а таксама літаратурнага часопіса “ODA”. У 2019 годзе атрымала другую прэмію на конкурсе апавяданняў Суны Кырач. Тады ж узяла ўдзел у конкурсе, арганізаваным французскім ліцэем Святой Пульхерыі ў Стамбуле, на якім прадставіла артыкул “Крызіс інтэлігенцыі ў раманах Адалет Агааглу”, за які атрымала ўзнагароду з рук Ойі Байдар.
Старая ўбачыла дзверы – замкнёныя, абадраныя, цяжкія, драўляныя, іржавыя дзверы. Яна прайшла і паўз іх, кульгаючы, не гледзячы ні на жанчын з кветкай за вухам, ні на мужчын з цыгарэтай у зубах. Тады старая думала пра акрабатаў, што хадзілі па канаце. Прайшло шмат часу, пакуль яна знайшла свой дом з пабітым шклом. За ўсе гэтыя гады яна ні разу не бачыла дом звонку, адно толькі дзверы, і цяпер намагалася пазнаць яго. Яна дакранулася да дзвярной ручкі і пазнала – тая была вельмі халодная, бо ўжо даўно ніхто за яе не браўся.
Сэма Думан
Узрост: 22 гады.
З’яўляецца студэнткай Універсітэта Боазыджы (г. Стамбул), аддзяленне турэцкай мовы і літаратуры. Піша вершы.
Калі загашу стомленасць ад небыцця
і ўвечары
прыслухаюся да цьмянага святла,
ці гэта абудзіць усю лёгкасць цудаў,
і дакладнасць словаў,
і невыразнасць пачуццяў?
Калі намалюю аблокі,
ці захавае памяць
вандроўныя думкі
пасля вяртання?
Бурак Эзцюрк
Узрост: 25 гадоў.
З маленства цікавіўся літаратурай, філасофіяй і кіно, у гэтых галінах напісаў шмат розных твораў. Цяпер працягвае вучобу ва Універсітэце Дзявятага верасня, факультэт мастацтваў, аддзяленне кінематаграфіі і пісьменніцтва.
Бацькі ў тое лета так і не вярнуліся на працу. Некаторы час нам давялося прасядзець на макаронах і вадзе. Дзядуля перажыў інсульт. Памерла цётка Айсэль. Стрыечныя браты і сёстры пераехалі ў іншы горад. Татаў брат зачыніў краму. Пасля гэтага лета яны толькі адзін раз прыязджалі на пахаванне, я ж да іх не ездзіў ніколі.