Прэміяй «Голас пакалення свабоды» былі ўганараваны 18 выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаны пакінуць краіну, але працягваюць сваю творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні.
15 лістапада 2025 года (субота) а 17:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная дыскусія з удзелам лаўрэатаў і лаўрэатак і прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
Падчас сустрэчы мы пазнаёмімся з семярымі лаўрэатамі і лаўрэаткамі, якія падзеляцца асабістымі гісторыямі, досведам выгнання і развагамі пра свабоду слова. Гэта нагода пачуць голас пакалення, што не страціла веры ў свабоду і годнасць. Таксама старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай будзе прадстаўлена электронная кніга «Голас пакалення свабоды» – зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.
У дыскусіі возьмуць удзел:
Зоя Белахвосцік | акторка тэатра і кіно
Аляксандр Капуцкі | грамадскі дзеяч, праваабаронца
Аляксандр Класкоўскі | журналіст, грамадскі дзеяч
Тамара Мацкевіч | педагог, грамадская актывістка
Уладзімір Мацкевіч | філосаф, грамадскі дзеяч
Андрэй Завадскі | эксперт у мясцовым самакіраванні, праваабаронца
Наталля Дуліна | лінгвістка, выкладчыца, грамадская дзяячка
Павел Сапелка, сябра журы ад Праваабарончага цэнтра «Вясна»: «Лаўрэаты прэміі – гэта галасы сумлення ў часы, калі ў навакольным свеце так шмат гвалту, страху і цэнзуры. Мы глядзім на іх шлях і бачым прыклад таго, што нязломнасць і сумленне важнейшыя за ўсё. Цяпер яны сталі для нас сімвалам адвагі, непадуладнай рэпрэсіям і страху. Іх голас працягвае нашую гісторыю, нагадваючы, што нават у часы таталітарызму можна заставацца свабодным. Гэтая ўзнагарода – не толькі знак удзячнасці, але і спроба натхніць на працяг такой важнай і каштоўнай працы».
Сустрэча будзе на беларускай мове з сінхронным перакладам на польскую. Анлайн-трансляцыю можна будзе паглядзець на нашым Youtube-канале.
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
- Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025 а 19:00
- Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне (пачынаючы ад 11:30)
Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Запрашаем усіх ахвочых далучыцца!
Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».
Яна прызначаная для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+, якія пасля 2020 года вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу ў Польшчы, Чэхіі ці Літве.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.