Рэцэнзіі на шорт-ліст: Сучасная Беларусь – якая яна?

Апошняе абнаўленне: 5 лістапада 2025
Рэцэнзіі на шорт-ліст: Сучасная Беларусь – якая яна?

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

Сучасная Беларусь – якая яна?

Клёк Штучны. Забойства на вуліцы Макаёнка.
Аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч», 2024

Сучасная Беларусь – якая яна? Як жыць у аўтарытарнай дзяржаве пад пастаянным наглядам уладаў? Якая сувязь паміж забойствам мінскай артысткі і з’яўленнем здані ў адной з мінскіх кватэр? Чаму ў той жа кватэры нечакана з’явіўся праход у Еўразвяз?

На ўсе гэтыя пытанні чытач знойдзе адказы ў ходзе развіцця падзей. Кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка» – тэкст, у якім знайшлося месца для самых важных праблем Беларусі, што паўсталі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Аднак усе падзеі кнігі звязаны забойствам і спробаю разгадаць тую крымінальную загадку. 

Дзеянне адбываецца ў Мінску праз два гады пасля пратэстаў. Змяніліся не толькі ўмовы жыцця, але і гарадская прастора. З горада зніклі амаль усе тумбы, на якіх раней віселі афішы – няма чаго абвяшчаць. Незалежная культура амаль уся задушана. Мастакі або ў турме, або за межамі Беларусі. Нават спорт, які раней прыцягваў гледачоў, выклікае цяпер толькі здзіўленне. Сусветныя федэрацыі байкатуюць Беларусь з-за рэпрэсій, таму ўлады з гонарам абвяшчаюць першы ў гісторыі сусветнага баскетбола матч паміж прадстаўнікамі жаночай і мужчынскай зборнай Рэспублікі Беларусь.

Як ужо згадвалася, усе падзеі маюць сувязь з забойствам: мінскую артыстку Жанну Танцэн задушылі ля дзіцячай чыгункі аўтаматычным жгутом. Гэтае забойства паказвае стаўленне следчых да грамадзян: Жанна Танцэн прымала ўдзел у маршах пратэсту – таму ўлады не будуць займацца забойствам. Следчы выконвае неабходны мінімум, каб закрыць справу. Жанна мела татуіроўку «23.34» на перадплеччы, якую маюць усе арыштаваныя пратэстоўцы. Татуіроўка забітай жанчыны выклікае больш хвалявання, чым само злачынства.

Таямніцу смерці Жанны хоча адкрыць Якубік. Ягоная баба Ханя была імпрэсарыа гарадскіх вар’ятаў – і дзеля бабулі ўнук хоча знайсці забойцу. Многія сябры Якубіка пакінулі радзіму, эмігравалі ў дэмакратычныя краіны. Уцякаючы, яны даверылі яму клопат пра свае кватэры. Маці скардзіцца, што Якубік жыве чужым жыццём і не мае свайго ўласнага. 

Менавіта цяжкія ўмовы жыцця і няспынны тэрор прыводзяць да разрыву рэальнасці. У кватэры Якубіка з’яўляецца здань бабы Хані і Адтуліна ў Еўразвяз. Адтуліна пускае ў іншае жыццё толькі тых, хто мае досвед уцёкаў. Яна прапускае дакументы, грошы, рэліквіі, аднак не дазваляе займацца кантрабандай. 

Адтуліна з’яўляецца ў той жа дзень, што і здань бабы Хані. Здань можа размаўляць толькі на палітычныя тэмы, прамаўляць рыторыкай рэвалюцыі 2020-га, яе няпроста зразумець. Мова бабы Хані – чарговая загадка, з якой сутыкаецца герой. Ці зможа ён раскрыць тое, што ведае здань?

Цікавы момант – гісторыя пра Гільдыю і яе няпісаныя правілы, якія, відаць, парушыла Жанна Танцэн. Мастаком нельга займацца палітычнай дзейнасцю. З парушэннем законаў звязана прысутнасць загадкавага Купца. Ён мусіць выкупіць віну артыстаў, іх адыход ад кодэкса Гільдыі – забойствам члена Гільдыі. 

Калі задаць простае пытанне, пра што кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка», можна смела адказаць, што найперш яна – пра забойства і інтрыгу, сямейныя адносіны і таямніцы, якія мае кожны чалавек, пра рэпрэсіі, мастацтва, жаданне свабоды, рэальнасць, фантастыку. І тым уласна цікавая. 

Катажына Дрозд-Урбаньска