14 чэрвеня закончыўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Прэтэндаваць на перамогу могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2018 года.
Падчас першага пасяджэння журы разгледзела дасланыя заяўкі і зацвердзіла поўны спіс намінаваных на прэмію кніг. Сёлета ён складаецца з 34 пазіцый.
Поўны спіс намінантаў
1. Міхал Андрасюк. Поўня. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”
2. Яўген Аснарэўскі. Трыкутнік Караля. — Электронная кнігарня Янушкевiч
3. Алесь Аркуш. Спадчына. — Полацак: Выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда”
4. Сяргей Белаяр. Расследаванні інспектара Сарвы. — Мінск: Галіяфы
5. Алена Брава. Садомская яблыня. — Мінск: Галіяфы
6. Алесь Бычкоўскі. Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры. — Мінск: Галіяфы
7. Зміцер Вішнёў. Калі прыгледзецца — Марс сіні. — Мінск: Янушкевіч
8. Валер Гапееў. Пазл. — Мінск: Галіяфы
9. Радзім Гарэцкі. Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меландж-2. — Мінск: Кнігазбор
10. Адам Глобус. Казкі сталічныя. — Мінск: Кнігазбор
11. Андрэй Горват. Прэм’ера. — Мінск: Медысонт
12. Зоя Доля. Час пасля Саюза. — Мінск: Медысонт
13. Сяргей Дубавец. Д’ябал запрэжаны ў плуг. — Вільня: Логвінаў
14. Зінаіда Дудзюк. Гонды. — Брэст: Альтэрнатыва
15. Кацярына Захарэвіч. Час Вогненнага Птушкалова. — Мінск: Кнігазбор
16. Яўген Зубовіч. Беларускі палкоўнік. Кніга 1. — Мінск: Пазітыў-цэнтр
17. Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць. — Вільня: Логвінаў
18. Мікола Калядны. Судуманьне. — Мінск: Галіяфы
19. Алесь Кіркевіч. Самурай. — Мінск: Кнігазбор
20. Сцяпан Корф. Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. — Мінск: Кнігазбор
21. Алесь Мара. Ад Магніта-Балабуя да Готланда. — Мінск: Галіяфы
22. Уладзімір Мароз. Тры сшыткі (Том 2. Выбранае ў трох тамах). — Мінск: Галіяфы
23. Віктар Марціновіч. Ноч. — Мінск: Кнігазбор
24. Вінцэсь Мудроў. Помнік літары Ў. — Мінск: Янушкевіч
25. Людміла Рублеўская. Пантофля Мнемазіны. — Мінск: Янушкевіч
26. Ільля Сін. Libido. — Мінск: Кнігазбор
27. Дар’я Трайдэн. Крыштальная ноч. — Мінск: Кнігазбор
28. Станіслава Умец. Сэрца Сакры. — Мінск: Мастацкая літаратура
29. Андрэй Федарэнка. Сузіральнік. — Мінск: Кнігазбор
30. Каміла Цень. Сакрэт фірмы. — Электронная кнігарня Янушкевiч
31. Каміла Цень. Я прыду за табой у аўгусце. — Электронная кнігарня Янушкевiч
32. Сяргей Шапран. У пошуках сэнсу. Інтэрв’ю і дыялогі са Святланай Алексіевіч. — Смаленск: Інбелкульт
33. Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт. — Мінск: Янушкевіч.
34. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Асобна журы спынілася на намінацыі кнігі Альгерда Бахарэвіча “Мае дзевяностыя”. Выдавецтва “Янушкевіч” вылучыла шэраг кніг на прэмію, але гэтай у спісе не згадала. Маючы права намінаваць кнігу самастойна, журы настойліва прапанавала сакратарыяту ўзнагароды звярнуццца да выдаўца і аўтара з просьбай прадаставіць электронную версію выдання і такім чынам выканаць вымогі Статуту да намінацыі кніг. У выніку праведзеных перамоваў сакратарыят атрымаў ліст ад Альгерда Бахарэвіча з адмовай удзельнічаць у сёлетняй Прэміі Гедройца: “Гэтым лістом я хачу афіцыйна паведаміць Вам, што мной было прынятае рашэньне не ўдзельнічаць сёлета ў розыгрышы прэміі Ежы Гедройца. Такое рашэньне прынятае з шэрагу самых розных прычын, якія маюць як сьветапоглядны, так і творчы, а таксама асабісты характар. Мае погляды на літаратуру і літаратурны працэс не дазваляюць мне браць удзел у прэміяльнай гонцы”. Такім чынам, кніга “Мае дзевяностыя” не была ўключаная ў агульны спіс намінантаў.
У журы Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі: Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнаўца; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018).
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZALA#2, што ў менскім Палацы мастацтваў.