Беларускі ПЭН, Шведскі ПЭН і Дацкі ПЭН запрашаюць беларускіх паэтаў і перакладчыкаў узяць удзел у міжнародным праекце verseXchange – ініцыятыве, якая спалучае літаратуру, пераклад і свабоду выказвання нават у несвабодным свеце.
Каго мы шукаем?
Тых, хто жыве і дыхае паэзіяй і мовай: паэтаў-перакладчыкаў, гатовых да творчага дыялогу з калегамі Даніі і Швецыі, цікавых і здольных творцаў, якія імкнуцца пазнаёміць замежных калег з сучаснай беларускай культурай, літаратурай і рэчаіснасцю.
Перавага будзе аддадзена паэтам, якія працуюць з перакладамі, але мы разгледзім і кандыдатаў, што перакладаюць паэзію, не пішучы ўласных вершаў, а таксама паэтаў без папярэдняга значнага досведу перакладу.
verseXchange – не толькі магчымасць развіць свае навыкі, але і, найперш, выбудаваць міжкультурныя сувязі і аб’яднаць творчыя супольнасці. Удзельнікі змогуць даведацца больш пра культуру Даніі і Швецыі, сустрэцца з мясцовымі паэтамі і перакладчыкамі, а таксама падзяліцца беларускай культурай, мовай і досведам творчасці ва ўмовах рэпрэсій і выгнання. Літаратура стане мостам паміж людзьмі і краінамі, магчымасцю ўзаемна ўзбагаціцца праз дыялог і творчасць, а слова будзе прастораю свабоды.
Што вас чакае ў межах праекту:
- 5 чалавек паедуць у Данію (папярэдне запланаваныя даты паездкі: 19–20 сакавіка 2026 г.)
- 5 чалавек – у Швецыю (папярэдне запланаваныя даты паездкі: 8–9 красавіка 2026 г.)
У кожнай краіне адбудуцца двухдзённыя творчыя майстэрні з мясцовымі экспертамі: перакладныя сесіі, абмеркаванні і абмен досведам. Арганізатары аплачваюць пералёт (з адной з краін ЕС), пражыванне і харчаванне падчас воркшопаў. Візавая падтрымка не прадстаўляецца.
Кожны візіт завершыцца публічнай літаратурнай падзеяй – чытаннямі і прэзентацыяй вынікаў перакладаў.
Прадугледжана таксама серыя з 6-8 анлайн-сесій (удзел у іх абавязковы), прысвечаных практыцы перакладу, наладжванню сувязяў паміж маладымі творцамі і перакладчыкамі з Швецыі, Даніі і Беларусі, а таксама паміж PEN-цэнтрамі.
Моўныя патрабаванні
Свабоднае валоданне англійскай мовай на ўзроўні, дастатковым для камунікацыі падчас сустрэч і творчых майстэрняў, з’яўляецца абавязковай умовай. Веданне шведскай або дацкай мовы не абавязковае, але можа стаць дадатковай перавагай.
Публічнасць
Удзельнікі мусяць быць гатовыя да публічнай актыўнасці: чытанняў, выступаў, фотасесій, а таксама да публікацыі перакладаў у анталогіях і інтэрнэт-часопісах.
Хочаце далучыцца да гэтага літаратурнага падарожжа?
Для ўдзелу неабходна да 9 снежня 2025 года запоўніць заяўку, пазначыўшы ў ёй кантакты 1-2 чалавек з беларускай літаратурнай супольнасці, якія могуць пацвердзіць вашыя кампетэнцыі і даць, пры неабходнасці, рэкамендацыю (гэта неабходна выключна для пацвярджэння інфармацыі і дзеля бяспекі ўдзельнікаў).
Запоўніць заяўку
Працэдура адбору
Пададзеныя заяўкі і пераклады будуць разгледжаны і ацэнены запрошаным экспертам у галіне літаратурнага перакладу, а таксама прадстаўнікамі арганізатараў. Пры адборы будуць улічвацца матывацыя і гісторыя ўдзельніка, якасць перакладаў, пададзеных разам з заяўкай. Пры неабходнасці, мы будзем звязвацца з кандыдатамі дадаткова для ўдакладнення інфармацыі.
Мы свядома не прызначаем строгіх узроставых межаў – важнейшы не ўзрост у пашпарце, а прага ствараць, перакладаць і размаўляць на роўных з калегамі з Даніі і Швецыі. Найперш мы хочам даць магчымасць маладым, але яшчэ не надта вядомым паэтам-перакладчыкам быць пачутымі.
Ментары
Эксперт па літаратурным перакладзе (анлайн-сесіі):
Андрэй Хадановіч – беларускі паэт, перакладчык, лаўрэат шэрагу прэмій, аўтар каля дваццаці кніг паэзіі. Яго вершы і эсэ перакладзены на многія мовы; сам перакладае з англійскай, французскай, польскай, рускай і ўкраінскай.
Ментар у Швецыі:
Мікаэль Нюдаль (Mikael Nydahl) – нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мальмё (Швецыя).
Літаратурны перакладчык з украінскай, беларускай і рускай моваў; выдаўца і рэдактар выдавецтва Ariel.
Ментар у Даніі:
Тынэ Русэн (Tine Roesen) – дацкая даследчыца, дацэнтка Капенгагенскага ўніверсітэта (Данія), спецыялізуецца на беларускай і рускай літаратуры.
Чакаем вашых заявак!
Пытанні можна дасылаць на verse@penbelarus.org