З 17-га верасня, кожны дзень, Анатоль Санаценка выкладвае ў сваім блогу на «Бабруйскім
кур'еры» са спасылкай у «Фэйсбуку», па адным вершы Гіёма Апалінэра.
Справа ў тым, што дзевятага лістапада спаўняецца сто гадоў з дня смерці гэтага выдатнага паэта, празаіка, драматурга, тэарэтыка літаратуры, які прыдумаў паняцце «сюррэалізм».
Пачаўся літаратурны марафон з першай паэтычнай кнігі Апалінэра – «Бестыярыюм, або Картэж Арфея» (1911 г.). У ёй 30 невялікіх вершаў – паэтычных «подпісаў» пад гравюрамі французскага мастака таго часу Рауля Дзюфі. На гравюрах Дзюфі – звяры, казуркі і міфічныя істоты. Трыццаць істот, 30 вершаў – «бестыярыюм» або «картэж» Арфея.
Сярод публікуемага будуць, у тым ліку, такія творы, што ніколі не перакладаліся – ні на беларускую, ні на рускую мовы.
«Гіём Аполлнер – важны для беларушчыны паэт, фактычна «наш чалавек у Парыжы», – кажа Анатоль Санаценка. – І – гэта маёй любімы паэт, – яшчэ з часоў юнацтва. Таму я і заняўся перакладам на беларускую мову менавіта яго паэтычных твораў. У цяперашні час такіх ужо каля 80…».
Працягнецца Літаратурны марафон прынамсі да 9-га лістапада.
Анатоль Санаценка з’яўляецца галоўным рэдактарам «Бабруйскага кур’ера», а таксама – сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра. Ім выдадзена сем кніг вершаў і прозы.
Гіём Апалінэр (Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінарый Вонж-Кастравіцкі), гады жыцця: 1880-1918, паходзіў з беларускага шляхетнага роду. Яго маці, Анжаліка Кастравіцкая, была дачкой штабс-капітана расійскага войска Міхала-Апалінарыя Кастравіцкага, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Родавы маёнтак Кастравіцкіх Дарожкавічы (Дзісненшчына) быў канфіскаваны пасля паўстання расійскім урадам. Дзед Апалінэра з сям’ёй эміграваў у Італію, дзе і нарадзіўся Апалінэр і дзе прайшло яго дзяцінства.