Прэмію “Дэбют” 2018 года атрымалі Зараслава Камінская за аповесць “Русалкі клічуць” і Ганна Комар, Юля Цімафеева і Наталля Бінкевіч за сумесную перакладчыцкую працу над зборнікам выбраных вершаў Чарльза Букоўскі “Святло, і паветра, і месца, і час” (з ангельскай мовы).
Таксама журы вырашыла адзначыць спецпрэміяй паэта і перакладчыка Ігара Кулікова “за маштабнасць і адвагу ў перакладніцкіх праектах, адкрыццё новых магчымасцяў і вымярэнняў мовы”. Такім чынам, за пераклад з санскрыту кнігі “Рыгведа. Кола І” ён атрымаў ад фонда “Вяртанне” грашовую ўзнагароду, аналагічную першым прызам у намінацыях “Проза” і “Пераклад”, — 2000 $ па курсе Нацбанка.
Астатнія фіналісты атрымалі заахвочвальныя прызы ў памеры 500 $ па курсе Нацбанка. У намінацыі “Проза” гэта Аліна Длатоўская з кнігай “Ген зямлі” і Іван Стома з кнігай “Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў”, у намінацыі “Пераклад” — Алена Казлова з перакладам кнігі для дзяцей фінскага пісьменіка Ціма Парвела “Эла і сябры” і Андрэй Кім з перакладам Клайва Стэйплза Льюіса “Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і Гардэроб”.
Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў “Грай-кафэ” ў Мінску.
Сёлета ў журы прэміі ўваходзілі: Ігар Бабкоў, Міхал Бараноўскі, Павал Бераговіч, Марына Весялуха, Сяргей Дубавец, Марыя Мартысевіч, Усевалад Сцебурака.
Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Андрусь Горват, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Міхал Бараноўскі, Адэля Дубавец, Ганна Янкута, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Оаро, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач і інш.