Кожны год 15 лістапада Міжнародны ПЭН-клуб і нацыянальныя ПЭН-цэнтры ўшаноўваюць Дзень пісьменнікаў у зняволенні і нагадваюць усяму свету пра аўтараў, якіх несправядліва пасадзілі ў турму, якія зведалі нападзенні, ціск і пагрозы за тое, што выказвалі свае думкі.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам “Пісьменнікі ў зняволенні”. Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-цэнтра — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў свеце было забіта больш за 35 пісьменнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні”, адзначае: “Пісьменнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім свеце ў турмах сядзяць сотні пісьменнікаў, і многія цярпяць пераслед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нервуюць урад. Пісьменнікі — гэта сумленне грамадства, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі”.
Кожны год Міжнародны ПЭН выбірае пяцёх пісьменнікаў, якія аказаліся ў небяспецы і чые гісторыі могуць зрабіцца сімваламі змагання за свабоду слова. Сёлета гэта Ахмед Наджы (Ahmed Naji), егіпецкі пісьменнік і журналіст, які быў прыгавораны да 2 гадоў турмы за публікацыю ўрыўкаў са свайго рамана “Карысць жыцця”; Аслі Эрдаган (Aslı Erdoğan), турэцкая пісьменніца, арыштаваная ў жніўні 2016 за “членства ў тэрарыстычнай арганізацыі”; Чэзарэа Алехандра Фелікс Падзілья Фігероа (Cesario Alejandro Félix Padilla Figueroa), гандураскі журналіст і студэнцкі лідар, што цярпіць уціск за ўдзел у студэнцкіх пратэстах у 2014; Дарын Татур (Dareen Tatour), палесцінская паэтка, якую цяпер судзяць за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі — абвінавачанне звязанае з яе паэзіяй і актыўнасцю ў сацыяльных медыя; Гуі Мінхай (Gui Minhai), кітайскі выдавец, які ў кастрычніку 2015 знік у сваім загарадным доме ў Тайландзе.
“Як і вы, я і многія, многія пісьменнікі веру, што літаратура можа абудзіць прагу да справядлівасці, талерантнасць, чалавечае спачуванне і ўзаемаразуменне. Хоць вы цяпер у турме, вы не адны: за вашу свабоду змагаюцца ПЭН-клубы ва ўсім свеце”, — так канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд напісала ў сваім лісце да Аслі Эрдаган.