24 траўня на офісе Беларускага ПЭН-цэнтра былі абвешчаныя вынікі прэміі “Кніга году”. Пераможцам зрабіўся Андрэй Хаданоіч з кнігай “Нататкі таткі”.
Увайсці ў журы прэміі мог любы беларускі пісьменнік, які за апошнія 7 гадоў выдаў хаця б адну мастацкую кнігу альбо нон-фікшн. На старонцы прэміі можна знайсці інфармацыю пра галасаванне кожнага сябра журы.
Разам з уручэннем прэміі адбылася дыскусія на тэму “Беларускія пісьменнікі: якімі нас бачаць і якімі мы бачым сябе”, мадэратарка якой, Юля Цімафеева, прапанавала літаратарам паразважаць пра сябе і адказаць на пытанні, як сябе бачыць сам пісьменнік, як яго ўспрымаюць чытачы, крытыкі, выдаўцы і, нарэшце, дзяржава.
Андрэй Хадановіч, разважаючы пра сучаснага пісьменніка, адзначыў, што за ім цягнецца шлейф гісторыяў, якія здараліся з яго папярэднікамі, што пісалі на той жа мове і ў той жа краіне, — усё, што адбылося ў мінулыя стагоддзі, у 1937 годзе, учора. Павал Касцюкевіч расказаў, што пачаў сваю літаратурную дзейнасць як перакладчык, і для яго гэта быў акт нацыяналізму, жаданне перарабіць культуру і зрабіць яе сваёй.
Кастусь Травень выказаў думку, што пісьменнікі павінныя быць лідарамі нацыі, а Сяргей Астраўцоў расказаў, як важна для яго як для пісьменніка ўжывацца ў горад, у якім ён жыве. Кірыл Стаселька, гаворачы пра сацыяльную ролю пісьменніка, адзначыў, што ў сённяшні час, калі ў беларускім грамадстве не хапае аўтарытэтаў, менавіта пісьменнікі могуць задаваць арыенціры і прапаноўваць каштоўнасці, а таксама што пісьменніку варта ўзяць на сябе ролю менеджара і самому шукаць сваіх чытачоў. Ксенія Шталенкова згадзілася з тым, што для пачатку творца абазначыць кола чытачоў, для якіх беларускі пісьменнік піша. Кнігу для ўсіх напісаць немагчыма, адзначыла Ксенія, і таму трэба ўяўляць сваю мэтавую аўдыторыю. Калі беларуская літаратура будзе больш дыферэнцыяванай, яе можна будзе вывесці на новы ўзровень. Валерый Гапееў сказаў, што пісьменнік нікому нічога не павінен, і бяда беларускай літаратуры — у тым, што на яе ўскладаюць абавязкі: культура не можа складацца з абмежаванняў. Раіса Баравікова расказала, што дзесяць гадоў таму яна вырашыла адысці ад любоўнай лірыкі і пачаць пісаць выключна дзіцячую літаратуру: на сённяшні дзень гэта самы важны кірунак.
Наступнае пытанне дыскусіі тычылася таго, як пісьменнікаў бачаць чытачы. Юля Цімафеева прапанавала прысутным паразважаць, якое меркаванне для пісьменніка больш важнае: негатыўнае ці пазітыўнае. Павал Касцюкевіч сказаў, што калі ён пісаў апавяданні, то мог дазволіць сабе пісаць усё, што ён хацеў, аднак узяўшыся за раман, пачаў думаць найперш пра чытача. Андрэй Хадановіч падзяліўся меркаваннем, што негатыўныя водгукі на кнігу карыснейшыя за пазітыўныя, калі, безумоўна, канчаткова не руйнуюць аўтара. Ганна Янкута адзначыла, што, каб зразумець, як беларускія чытачы бачаць беларускіх пісьменнікаў, трэба для пачатку зрабіць так, каб яны іх увогуле заўважылі. Разважаючы пра тое, як выбіраць вартыя кнігі для чытання, Павел Анціпаў сказаў, што яму вельмі дапамагаюць якраз прэміі: ён праглядае шорт-лісты і знаёміцца з творамі, якія туды трапляюць.
Пасля Юля перавяла размову на праблему ўзаемаадносінаў пісьменнікаў і крытыкаў. Кастусь Травень адзначыў, што задача крытыка — шукаць талент і пасля яго раскручваць, а таксама аналізаваць кнігі, разбіраць, як патолагаанатам, а не крытыкаваць: такога крытыка ўсе пісьменнікі будуць насіць на руках. Павал Касцюкевіч сказаў, што любая крытыка, незалежна ад таго, пазітыўная яна альбо негатыўная, — гэта плюс для літаратуры: крытык неабходны ў літаратурным ланцугу, бо ён фармуе густы і асяроддзе. Андрэй Хадановіч прапанаваў пісьменнікам пісаць пра кнігі сваіх калег: менавіта тады можна будзе прэтэндаваць і на ўвагу да ўласных твораў. Валерый Гапееў расказаў пра ўласны досвед напісання водгукаў на кнігі іншых пісьменнікаў і пра цяжкасці, з якімі можна сутыкнуцца, пішучы пра кнігі сяброў.
Калі размова пераключылася на складанасці ў стасунках паміж пісьменнікам і выдаўцом, Павал Касцюкевіч згадаў, што асноўнае патрабаванне да кніг, што выходзяць у выдавецтве “Логвінаў” — гэта іх мастацкі ўзровень. Андрэй Хадановіч паразважаў пра тое, што ціску на пісьменнікаў у беларускіх выдавецтвах няма, аднак маладым творцам досыць цяжка выдаць першую кнігу. Павел Анціпаў паспрачаўся з ім, адзначыўшы, што ў Беларусі першую кнігу нашмат прасцей выдаць, чым у Расіі, дзе сапраўды моцны выдавецкі ціск.
Апошняе пытанне, якое Юля Цімафеева прапанавала абмеркаваць, тычылася ўзаемаадносінаў паміж пісьменнікамі і дзяржавай: ці ўплывае яна на творчасць і ці зважаюць літаратары на гэты ўплыў? Сама Юля выказала думку, што адказ на гэтае пытанне — адмоўны: беларускія пісьменнікі жывуць у сваім коле і з уладамі дачыненняў не маюць. Андрэй Хадановіч згадаў сітуацыю ў Прыбалтыйскіх краінах, дзе дзяржава ўкладае вялікія грошы ў нацыянальную літаратуру, аднак задаўся пытаннем, ці хочуць беларускія пісьменнікі, каб беларускія чыноўнікі звярнулі на іх увагу. Магчыма, тое, што беларускія ўлады не заўважаюць літаратараў — гэта найлепшае, што яны могуць для іх зрабіць. Павал Касцюкевіч падсумаваў яго словы, сказаўшы, што нацыянальная культура — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і што неабходна стварыць Інстытут беларускай кнігі, які будзе прасоўваць беларускую літаратуру за мяжой.