Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра Міхась Булавацкі накіраваў на наш адрас свае думкі пра механізм падліку галасоў на прэміі “Кніга году”. Прыводзім ягоны ліст з захаваннем аўтарскага стылю, арфаграфіі і пунктуацыі.
Падведзены вынікі кнігі году-2016. Журы зь 74 пісьменьнікаў выбрала лепшую кнігу з 82-х намінаваных. Формула выбару самая простая: кожны сябра журы называе адну кнігу, на яго погляд лепшую; якая кніга названая часьцей, тая і становіцца “кнігай году”. У выніку кнігай году стала кніга, якую назвалі лепшай 7 сябраў журы, сем зь сямідзесяці чатырох. Адпаведна абранай формуле усё тут справядліва і правільна. Таму я ніколькі ня стаўлю пад сумненьне атрыманы вынік. Я хочу паразважаць пра формулу выбару.
Ініцыятары ідэі, мабыць, вельмі не любілі ў школе матэматыку і таму абралі варыянт, які дазваляе не замарочвацца на падліках. Але калі меркаваньне дзевяці-дзесяці адсоткаў складу журы становіцца вырашальным, а меркаваньне астатніх дзевяноста адсоткаў неістотным, то правільнасьць такога выбару пад вялікім пытальнікам. Тады як інакш?
Справа ў тым, што конкурсы падобнага роду праводзяцца даволі часта. І формула выбару там напрацаваная. Я паспрабую яе тут агучыць.
Зробім так. Кожны сябра журы называе не адну, а, напрыклад, пяць кніг у пэўным парадку. Названую першай ён лічыць лепшай кнігай году, названую другой – лепшай з астатніх і гэтак далей. Першай названай кнізе налічваецца пяць балаў, другой – чатыры, трэцяй – тры, чацьвёртай – два, пятай – адзін. Так робіць кожны сябра журы.
Сябра журы можа назваць не пяць, а меншую колькасць кніг, напрыклад, тры, пранумараваўшы іх, скажам, так: 2; 3; 5. Гэта будзе азначаць, што кнігі на 5 балаў, якая павінна быць пад нумарам 1, і кнігі на 2 балы, якая павінна быць пад нумарам 4, ён у сьпісе не знайшоў. Можа ўвогуле не назваць ніводнай кнігі.
Потым балы падсумоўваюцца і кніга з большай сумай балаў абвяшчаецца лепшай.
Натуральна, можна прапанаваць назваць не пяць, а тры кнігі (з баламі ад трох да аднаго) ці дзесяць (з баламі ад дзесяці да аднаго), як вырашыць аргкамітэт. Мне ў дадзенай сітуацыі пяцёрка падаецца аптымальным варыянтам.
Пры такім выбары лепшай можа апынуцца кніга, якую ніхто з журы не назаве першым нумарам, але калі яе сума балаў вышэйшая, то трэба разумець, што значная частка сябраў журы ўключыла гэтую кнігу ў пяць імі абраных.
Я прапаную праверыць такі варыянт у нашым выпадку. Няхай кожны сябра журы назаве пяцёрку лепшых кніг на адрас [email protected] (натуральна, з той жа ўмовай: не называць сваю). Падліковую апрацоўку у самым адкрытым фармаце гатовы выканаць Міхась Булавацкі.
Што б там ні атрымалася, гэта ніяк не паўплывае на ўжо зроблены выбар, бо, паўтаруся, той выбар адпаведна раней вызначанай формуле справядлівы і правільны. Проста ў нас атрымаецца нейкі іншы варыянт выбару як падстава для параўнаньня, роздуму і абмеркаваньня.
Магчыма, сама мая прапанова выведзе на спрэчкі. Гатовы выслухаць контраргументы. Мой e-mail вышэй.
Разумею, што і ў адным, і ў другім варыянтах сумненьні застануцца. Бо галоўнае тут у тым, што большасьць сябраў журы пасьпелі азнаёміцца (не кажу прачытаць) хаця б зь дзесяцьцю-пятнаццацьцю з названых кніг (як быў бы рады памыліцца ў меншы бок!) па прычыне малых накладаў кніг і іх адсутнасьці ў кнігарнях. Людзі выбіраюць лепшую не з 82-х, а з дванаццаці ці нават з васьмі. Але гэта сёньняшняя рэальнасьць, зь якой пакуль трэба прымірыцца.
Ваш Міхась Булавацкі