22 сакавіка а 19.00 ў кнігарні Логвінаў адбудзецца прэзентацыя першай празаічнай кнігі Андрэя Адамовіча “Таўсьціла і лешч”, якую аўтар стварыў падчас знаходжання на Рэзідэнцыі маладога літаратара.
У імпрэзе возьмуць удзел сам аўтар, рэдактар кнігі Андрэй Хадановіч ды іншыя пісьменнікі і аматары рыбнай лоўлі. Гледачоў чакае розыгрыш кніг і сушанага ляшча ад аўтара, зніжка 20 % (танней не будзе), найлепшыя ўрыўкі ў выкананні аўтара, аўтографы. Уваход вольны!
За тры няпоўных месяца продажаў кніга стала адным з бестселераў выдавецтва логвінаЎ.
Гісторыя ў кнізе, з аднаго боку, вельмі простая, а з другога – складаная, і не мае адназначнага прачытання. Тры сябры едуць у рыбу і ловяць яе, але гэта толькі першы відавочны пласт наратыву. Гаворка ў навеле ідзе пра ўнутранную свабоду і супраціў знешнім акалічнасцям. Пры гэтым аўтар поўнасцю адмовіўся ад постмадэрністычнай манеры, а наследуе лепшым прыкладам неарэалізму. Хаця алюзіі ў сюжэце на “Старога і мора”, “З палкоўнікам ніхто не лістуецца” і “Млосць” відавочныя, яны не разбураюць рэалістычнага дыскурсу.
Кніга Андрэя Адамовіча ўжо паспела выклікаць зусім розныя рэакцыі.
Андрэй Хадановіч, рэдактар кнігі:
“Навэла – як назваў яе аўтар, але твор можна назваць і маленькай аповесьцю – патрабуе ад чытача амаль рыбацкага тэмпэрамэнту: уважліва сачыць за тэкстам Адамовіча, нават калі на яго паверхні старонка за старонкай нібыта нічога не адбываецца. І цярплівыя будуць узнагароджаныя. Напрыканцы будзе брацца, ды яшчэ як – эстэтычны катарсіс на шэсць кілаграмаў гарантаваны”.
Павел Анціпаў, пісьменнік:
“Адамович написал роман про рыбалку. Это и есть весь сюжет. Три мужика: собираются на рыбалку, едут на рыбалку, рыбачат и возвращаются.Но это не роман про рыбалку, нет! И сюжет не в этом! Вовсе не три мужика, а один из них – герой – пытается на протяжении книги что-то доказать себе, женщине, обществу.Осознаёт ли герой, чтО он пытается доказать? Осознаёт ли автор, чтО пытается доказать герой? Осознает ли это читатель?Докажет ли герой? Автор? Читатель?Вот, про что написал Адамович.”
Валянцін Акудовіч, філосаф:
“Да канца чытаецца, як хвацкі дэтэктыў”.
Уладзімір Арлоў, пісьменнік:
“Бліскучы фінал!”
Андрэй Адамовіч – паэт, празаік, перакладчык з японскай мовы. Нарадзіўся (1984) і жыве ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2006). За кнігу паэзіі “Дзень паэзіі смерці дзень” (в. 2012) уганараваны прэміяй “Дэбют” Беларускага ПЭН-цэнтра. Тройчы перамагаў у конкурсах маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтра (2006, 2010, 2012). Удзельнік міжнародных літаратурных фестываляў (“Кіеўскіе лаўры”, “Вялікае княства паэзіі”, “Вершы на асфальце” і інш). Творы перакладзены на літоўскую, польскую, грузінску і інш. мовы.
Рэдактар: Андрэй Хадановіч
Дызайнер вокладкі: Анатоль Лазар
Фотаздымак: Настасся Роўда