З 26 па 29 траўня ў Амстэрдаме прайшла канферэнцыя камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні” Міжнароднага ПЭН-клуба і ICORN — міжнароднай сеткі рэзідэнцыяў для творцаў у выгнанні. Канферэнцыя насіла назву “Творчы супраціў: Гісторыі з памежжа свабоды”. Удзельнікі канферэнцыі мусілі абмеркаваць сітуацыю, якая склалася ў Еўропе са свабодай слова пасля нападу на Charlie Hebdo, вырашыць, якія кірункі мусіць абраць Міжнародны ПЭН-клуб для сваёй дзейнасці, і падзяліцца досведам правядзення кампаній у падтрымку пісьменнікаў, якія аказаліся ў небяспецы. Кожны з нацыянальных ПЭН-цэнтраў даваў таксама справаздачу пра сітуацыю са свабодай слова і пра становішча пісьменнікаў у сваёй краіне.
У першы дзень канферэнцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё, а таксама ўступная панель з удзелам нідэрландскага выдаўца Герта Мака, праваабаронцы і пісьменніцы Анны Фандэр, егіпецкага музыкі Рамі Эсама, чые песні сталі вядомыя пасля падзей на плошчы Тахрыр у Каіры, і расійскай журналісткі і ЛГБТ-актывісткі Машы Гесэн, якая падзялілася сваім досведам сутыкнення з сённяшняй палітычнай сітуацыяй у Расіі і расказала пра механізмы працы расійскай прапаганды.
Тры наступныя дні прадстаўнікі нацыянальных ПЭН-цэнтраў працавалі ў секцыі “Пісьменнікі ў зняволенні”. Адміністрацыя камітэта зрабіла справаздачу пра працу, якую камітэт выканаў цягам апошніх двух гадоў, — пра праведзеныя кампаніі ў падтрымку пісьменнікаў, якія аказаліся ў небяспецы, выкананыя даследаванні і арганізаваную працу новых нацыянальных ПЭН-цэнтраў, а таксама прэзентавала два тыпы кампаній: адна — у падтрымку пісьменнікаў Гандураса, другая — у падтрымку пісьменнікаў М’янмы. Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута зрабілі справаздачу ад імя Беларускага ПЭН-цэнтра, у якой расказалі пра ціск на беларускіх незалежных пісьменнікаў і выдаўцоў з дапамогай эканамічна матываваных абвінавачанняў і асабліва засяродзіліся на справе выдавецтва і кнігарні Ігара Логвінава.
На наступнай сесіі прайшла дыскусія пра палітыку Міжнароднага ПЭН-клуба ў дачыненні да справы Charlie Hebdo. Пасля дыскусіі камітэт “Пісьменнікі ў зняволенні” прапанаваў ўсім удзельнікам раздзяліцца на тры групы і папрактыкавацца ў правядзенні крэатыўных кампаній у падтрымку пісьменнікаў, што аказаліся ў небяспецы, на прыкладзе трох складаных справаў: справы кітайскай пісьменніцы і журналісткі Гао Ю, якую 17 красавіка прыгаварылі да 7 гадоў зняволення, справы эфіопскіх блогераў з Zone 9, якія трапілі ў турму 25-26 красавіка 2014 года і суд над якімі пераносіўся ўжо 26 разоў, і справы бангладэшскага пісьменніка, перакладчыка і блогера Ананты Біджоя Даса, які быў забіты 12 траўня 2015 года, і гэтае забойства патрабуе пільнага расследавання з боку дзяржавы. Удзельнікі канферэнцыі дапамагалі прадстаўнікам адпаведных нацыянальных ПЭН-цэнтраў распрацаваць планы кампаній і спосабы паўплываць на нацыянальныя і замежныя ўладныя структуры.
На наступнай сесіі нацыянальныя ПЭН-цэнтры вызначалі прыярытэтных кірункаў працы камітэта ў найбліжэйшыя два гады, абмяркоўвалі пытанняў, якія з’яўляюцца для іх краін самымі актуальным, і складалі спіс праблем, якія патрабуюць найбольшых высілкаў. Адной з тэмаў, якая абмяркоўвалася на сесіі і за якую галасаваў у тым ліку Беларускі ПЭН-цэнтр, была тэма лінгвістычных правоў і падтрымкі пісьменнікаў, што працуюць на мовах, якім пагражае небяспека знікнуць. Прадстаўнікі ПЭН-цэнтраў дзяліліся на групы і абмяркоўвалі магчымыя кампаніі, якія камітэт можа правесці дзеля вырашэння гэтых праблемаў.
Вынікам канферэнцыі стаўся шэраг распрацаваных кампаніяў для ПЭН-цэнтраў з краінаў, дзе права на свабоду слова парушаецца самым брутальным чынам, спіс рэкамендацыяў для адміністрацыі камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні” Міжнароднага ПЭН-клуба па працы ў наступныя два гады, а таксама абмен досведам і завязванне кантактаў паміж нацыянальнымі ПЭН-цэнтрамі.