Апытанне пісьменнікаў ва ўсім свеце, якое праводзілася Амерыканскім ПЭН-цэнтрам, паказала: абсалютная большасць аўтараў глыбока ўстрывожаная назіраннем дзяржаваў за дзейнасцю сваіх грамадзянаў. Многія з пісьменнікаў адзначылі, што ў выніку гэтага яны пазбягаюць закранаць супярэчлівыя тэмы ў сваёй працы ці ў прыватных размовах.
Даследаванне паказала: пісьменнікі лічаць, што свабода слова ва ўсім свеце (як у дэмакратычных краінах, так і ў недэмакратычных) знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай. Каля 75% рэспандэнтаў у краінах, што класіфікуюцца як свабодныя, 84% — у часткова свабодных краінах і 80% ў краінах несвабодных адзначылі, што яны “вельмі” ці “ў пэўным сэнсе” ўстурбаваныя назіраннем дзяржавы за грамадзянамі ў іх краіне.
Апытанне праводзілася ананімна анлайн у другой палове 2014 года і ахапіла 772 рэспандэнты, сярод якіх былі пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы і іншыя прафесійныя літаратары з 50 краінаў.
Частка рэспандэнтаў адзначыла, што яны пазбягаюць пісаць ці гаварыць на пэўныя тэмы: у свабодных краінах — 34%, у часткова свабодных — 44%, у несвабодных — 61% пісьменнікаў паведамілі, што так ці інакш прыбягаюць да самацэнзуры. Прыкладна такая ж колькасць рэспандэнтаў напісала, што кантралюе сваю актыўнасць у сацыяльных сетках, бо падазрае, што за імі назіраюць.
У даследаванні ўзялі ўдзел толькі пісьменнікі, якія ўваходзяць у нацыянальныя ПЭН-цэнтры, то бок тыя аўтары, якія надаюць свабодзе слова асаблівую ўвагу, аднак іх меркаванне не абавязкова адлюстроўвае меркаванне ўсіх пісьменнікаў. Кіраўнік Амерыканскага ПЭН-цэнтра Сюзана Носэль адзначыла, што новае даследаванне разам з тым, што рабілася на гэтую ж тэму ў 2013 годзе і тычылася толькі пісьменнікаў у ЗША, паказвае, што паўсюднае назіранне за грамадзянамі пагражае свабодзе слова і свабоднай цыркуляцыі інфармацыі ў свеце.
“Пісьменнікі адчуваюць пагрозу свабодзе слова мацней і раней за іншых, — сказала Сюзана Носэль. — Нас вельмі трывожыць той факт, што мы бачым аднолькавыя працэсы ў свабодных краінах і тых, якія традыцыйна лічацца несвабоднымі”.
Вынікі апытання, якое праводзілася незалежнай даследчай кампаніяй FDR Group, з’явіліся ў разгар дыскусіі вакол праграмаў па зборы інфармацыі Агенцтва нацыянальнай бяспекі, а таксама пацвердзілі сумневы адносна бяспекі прыватнай інфармацыі пасля шэрагу інфармацыйных узломаў і атак, у тым ліку кібератакі на Sony.
Брытанскі пісьменнік Хары Кунзру, сябар Брытанскага ПЭН-цэнтра, які цяпер жыве ў Нью-Ёрку, зазначыў, што страх перад наглядам дзяржавы — гэта сур’ёзная праблема: нават калі інфармацыя не будзе трапляць і выкарыстоўвацца ўрадам, ужо сам факт яе збору выклікае трывогу.
“Думка пра тое, што інтэрнэт цяпер сочыць за намі з-за пляча, аказваецца цяпер усеагульнай, — сказаў ён. — Аднак неабходныя для гэтага тэхналогіі і інструменты ёсць менавіта ва ўрада. У будучыні гэтая сістэма можа выкарыстоўвацца тыранамі”.
Апытанне паказвае, што татальнае назіранне, якое праводзіў урад ЗША, знішчыла рэпутацыю краіны-абаронцы свабоды слова: каля 36% пісьменнікаў са свабодных краінаў і 32% з менш свабодных пазначылі, што свабода слова ў ЗША абароненая менш, чым у іх краінах.
Пасля апублікавання вынікаў даследавання 2013 года сярод амерыканскіх пісьменнікаў з’явіліся каментары, што страхі пісьменнікаў занадта раздзьмутыя і што няма дакладных доказаў таго, што амерыканскія ўлады неяк асабліва цікавяцца прыватнымі камунікацыямі пісьменнікаў.
Аднак Сюзана Носэль сказала, што суб’ектыўныя прадчуванні наконт назірання з боку дзяржавы маюць значэнне, асабліва сярод тых, для каго свабода слова — гэта “крыніца жыццёвай сілы”.
“Толькі сам факт, што столькі пісьменнікаў так моцна турбуецца з гэтай нагоды і таму выбірае іншыя стратэгіі паводзінаў, ужо вельмі важны, — кажа яна. — Незалежна ад таго, верым мы пісьменнікам ці не, ігнараваць іх меркаванне нельга”.
Прачытаць справаздачу па-ангельску цалкам можна на сайце Амерыканскага ПЭН-цэнтра.
Jennifer Schuesslerjan
http://www.nytimes.com