Розныя людзі, розныя кнігі, і толькі адна на ўсіх — турма. Яна аб’яднае каго хочаш, нават самых баявітых апанентаў, не толькі пісьменьнікаў. Але ў тым і справа, што ўспрымаеш іх, хто пабываў там, як нешта цэлае. Мажліва, так яно і трэба. Вось толькі кнігі паказваюць, што ў аднолькавай сітуацыі, нават такой памежна-«быкаўскай», як турэмная, людзі застаюцца самімі сабой — адметнымі ў сваіх адрозненнях.
Уладзімер Някляеў. Лісты да Волі. Вільня, 2011
«Лісты да Волі» — адказ Някляева сотням ананімных дабрахотаў наконт таго, якое месца ў літаратуры ён займае. Адказ, на жаль, не ўсімі пачуты і па заслугах ацэнены, але даволі нечаканы, бо такой сілы экспрэсіі, якая закладзеная ў цэнтральны твор кнігі — паэму «Турма» — беларуская паэзія не ведала ўжо даўно. З другога боку, Някляеў, бясспрэчна, і тут не выходзіць за межы класічнага вершавання, ды і ягоная паэма ёсць працягам цыклу метафізічных дыялагічных постсімвалісцкіх паэм — ад «Маланкі» (1981) праз «Індыю» (1987—1995), «Паланез» (1999—2000) і «Ложак для пчалы» (2003). У лірыцы такой экспрэсіі не прадугледжваецца, і ў «Лістах да Волі» вершы — сапраўды эпісталы-занатоўкі, прытарнаваныя да знакаў, на якіх прыпыняюцца вока і думка, хоць, на першы погляд, не так шмат прасторы і даляглядаў дадзена вязню. Аднак жа, калі зачыняюць далягляд, разгортваецца ўнутраны свет і, бадай, дзеля таго, каб з’явілася ў нашай літаратуры гэтая кніжка і гэтая паэма-вяршыня, варта было совацца не толькі ў палітычную куламесу, але куды заўгодна. Бо гэта застанецца надоўга.
Алесь Бяляцкі. Асвечаныя беларушчынай. Вільня, 2012
Можна сказаць, што Алесь Бяляцкі па-свойму палемізуе з Уладзімерам Някляевым, хоць, пэўна, не столькі з ім самім, а з той асноўнай інтэнцыяй, якая закладаецца паэтам у сказе: «Магчыма, нехта патаемна мяне да нечага вядзе». У кнізе каталіка-Бяляцкага няма ніякай няпэўнасці і дэтэрмінізму. Ён сам, паводле свабоднай волі, вызначае шлях і сваю мэту. Тое, што пасцігае яго на гэтым шляху, прадугледжваецца ім загадзя, ён заўсёды гатовы несці за гэта адказнасць. Бяляцкі сам — творца свайго жыцця, таму і ацэнкі яго — безапеляцыйныя і гранічна суб’ектыўныя. Метафізічнае, няўлоўнае адштурхоўвае яго (так скептычна адгукаецца ён пра зборнікі Ларысы Раманавай і Леры Сом). Кнігу Бяляцкага адрознівае яснасць пазіцыі і яснасць стылю: не захапляючыся літаратурнасцю, ён тым не менш застаецца вытанчаным стылістам, мова яго натуральная і празрыстая. Як і мэта — незалежная нацыянальная прававая дзяржава, дзеля якой ён можа дараваць усё сваім сябрам і ў якой аб’ядноўваюцца ўсе ягоныя рэфлексіі з нагоды беларускай літаратуры.
Павел Севярынец. Беларуская глыбіня. NN.BY. 2013
Кожны раз, адкрываючы новы тэкст Севярынца на сайце «Нашай Нівы», згадваю салжаніцынскую назву «Не стаіць сяло без праведніка». Паўлу Севярынцу (і прозвішча адпавядае) заўсёды хочацца верыць, і гэтай верай ён умее захапіць нават цынікаў і недаверкаў. Памятаю, трапіла мне ў рукі гадоў дванаццаць таму брашурына, выдадзеная «ў бабы Валі ў падвале», зборнік нарысаў «Ды-джэй Адраджэння», і адразу ж захапіла сваёй свабоднай радасцю адчування быцця, беларускага быцця. Мы перадавалі яе з рук у рукі, і я сам бачыў, як вочы абыякавых запальваліся. Цыкл «Беларуская глыбіня», напісаны на «хіміі», паказвае, як далёка Севярынец адышоў ад чыстага энтузіязму. Цяпер ён распрацоўвае падваліны нацыянальнай ідэі, спрабуе вызначыць арыенціры, па якіх лепш за ўсё рухацца ў далейшым Беларусі. Сёння, калі якая-кольвек дыдактычнасць успрымаецца ў штыкі, ён працягвае гаварыць пра нацыю, хрысціянства, мову. А як за гэта працягваюць шальмаваць, уціскаць і кідаць у турмы — то, можа, не так яно яшчэ і састарэла, як здаецца?
Ігар Аліневіч. Еду ў Магадан. Масква, 2013
Тэадор Адорна гаварыў, што пісаць вершы пасля Аўшвіца — варварства. «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча, думаю, узрушыла б філосафа не менш. Пасля прачытання гэтай кнігі з’яўляецца толькі адно жаданне: узяць бензін, выйсці на ўсім вядомае месца і спаліць сябе. Бо сорамна жыць у дзяржаве, дзе на канвеер пастаўленае такое. У той жа час адчуваеш вялікі гонар за чалавека, які не толькі выстаяў, але і змог данесці сведчанне праўды да многіх людзей, застаючыся пры гэтым за кратамі, у небяспецы. Ігар Аліневіч разам з Міколам Статкевічам і іншымі палітвязнямі, бясспрэчна, з’яўляецца сёння прыкладам чалавека, якога нельга зламаць, а таксама і знішчыць, бо гэтым улада сама накінула б на сябе вялізную пятлю.
Александр Федута. Американские стихи. Берлин, 2012
«У чалавека, які напісаў гэтую кнігу, добрае сэрца», — так сказала мая мама, і, шчыра кажучы, ёй я давяраю больш, чым каментатару Бенядзікту. Невялікая кніжка — эсэ, сплеценыя з вершамі — не зусім тыповая для беларускай турэмнай літаратуры, бо напісаная чалавекам, схільным успрымаць усё пазітыўна. Таму нават «амерыканскі» побыт не адымае ў яго пачуцця гумару і ўвагі да трагікамічных выпадкаў. Некалі я праслухаў, бадай, усю, нявыдадзеную яшчэ, кнігу ў аўтарскім выкананні і, у чарговы раз адсмяяўшыся, спытаў: «Аляксандр Іосіфавіч, такое адчуванне, што Вам там было весела і класна». Ён адказаў: «Насамрэч там было вельмі [нецэнзурнае слова]. Але пісаць кнігу па-іншаму я не мог». Можа быць і такі падыход, тут ёсць нешта невынішчальнае, чэстэртанаўскае, з разлікам і светлай надзеяй на будучыню, у якой абавязкова будзе больш чалавечнасці, а значыць, знікнуць як жанр і «амерыканскія» кнігі. Хутчэй бы ўжо.