21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, у мінскай галерэі “Ў” адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Прэмія праводзіцца ўжо трэці год запар традыцыйна ў трох намінацыях: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Арганізатарамі прэміі выступілі Беларускі ПЭН-Цэнтр і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Вядоўца вечарыны, паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч паведаміў, што сёлета ў межах прэміі ёсць спецыяльныя адзнакі — будзе ўручана дзесяць узнагародаў і адзін медаль.
Пісьменнік, сябра журы Уладзімір Арлоў у сваім выступе заўважыў, што бурлівыя публічныя абмеркаванні прэмій — нядаўна ўручанай імя Гедройца і цяпер імя Багдановіча — абвастраюць падзеі літаратурнага працэсу.
Спадар Уладзімір запрасіў на сцэну заснавальніка прэміі “Дэбют” Паўла Бераговіча, які быў уганараваны медалём з партрэтам Максіма Багдановіча як фундатар прэміі.
Андрэй Хадановіч у алфавітным парадку прадставіў фіналістаў у намінацыі “Мастацкі пераклад”. Святлана Богуш расказала пра перакладзеную ёй са славацкай мовы кнігу Рудольфа Слобады “Розум” і агучыла фрагмент. Павел Рааго расказаў пра сваю працу над перакладам рамана Жо Лангеравай “Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л”.
Пісьменнік, першы намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч, а таксама выдавец Зміцер Колас, дзякуючы якому пабачылі свет кнігі ўсіх намінантаў у галіне перакладу, абвясцілі пераможцу.
Лаўрэатам прэміі “Дэбют” стала Ганна Янкута за электронную кнігу “Калядны харал” Чарлза Дыкенса.
У шорт-ліст у намінацыі “Проза” ўвайшлі Андрэй Пакроўскі з кнігай “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза” (кніжная серыя “Пункт адліку”), Юлія Шарова з электронным выданнем “Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік”, а таксама Ксенія Шталянкова з раманам “Адваротны бок люстра”.
Абвяшчаючы лаўрэата-празаіка, Лявон Баршчэўскі адзначыў, што ўсцешаны з’яўленнем маладога пакалення, беларускіх аўтараў новай фармацыі, якія не баяцца эстэтычных эксперыментаў і працуюць у самых розных формах і жанрах. Прэмію “Дэбют” у намінацыі “Проза” атрымала Юлія Шарова.
Спецпрэміяй “Крэатыўны праект. Нечаканка году” быў уганараваны Глеб Лабадзенка за кнігу “Дзіцячая заМова”.
За найлепшы дэбют у паэзіі намінаваліся Андрэй Адамовіч з кнігай “Дзень паэзіі смерці дзень”, Кацярына Макарэвіч са зборнікам “Соль і неспакой” і Наста Манцэвіч з кнігай “Птушкі” (вершы і проза, серыя “Пункт адліку”).
Усе намінанты прысутнічалі, за выняткам Кацярыны Макарэвіч, якая знаходзіцца за межамі Беларусі. Яе творчасць прадставіла яе сяброўка Ірына.
Філосаф, літаратар, сябар журы Валянцін Акудовіч абвясціў лаўрэата ў паэтычнай намінацыі. Ім стаў Андрэй Адамовіч.
Музычную частку вечарыны забяспечылі Андрусь Такінданг і гурт “Рэха”.