• Навiны
  • Культурныя правы
  • Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2026 года

Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2026 года

Апошняе абнаўленне: 12 лістапада 2026
Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2026 года

Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.

Нягледзячы на прыманыя меры для забеспячэння дакладнасці і паўнаты звестак, з-за абмежаванасці публічнай інфармацыі могуць мець месца асобныя прабелы, у тым ліку ў частцы вызначэння або аднясення асоб да дзеячаў культуры. Беларускі ПЭН вітае ўдакладненні ці дадатковую інфармацыю, якой вы можаце падзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

Улічваючы сітуацыю ў культурнай сферы Беларусі, ролю дзеячаў культуры ў грамадскім жыцці, а таксама значэнне дзейнасці творцаў для захавання і развіцця культурных правоў, мы прызнаём беларускіх дзеячаў культуры абаронцамі культурных правоў у адпаведнасці з падыходам, сфармуляваным у дакладзе A/HRC/43/50 Спецыяльнай дакладчыцы ААН па культурных правах (2020). Больш пра маніторынг гл. тут.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Умовы ўтрымання дзеячаў культуры ў месцах зняволення
Адвольныя затрыманні, крымінальны пераслед і прысуды дзеячам культуры
Вызваленні паводле памілавання і дэпартацыі дзеячаў культуры
Крыміналізацыя незалежнай культуры
Пераслед бізнесаў, якія папулярызуюць беларускую культуру і сімволіку
Кантроль і «нябачныя рэпрэсіі» ў сферы культуры. Цэнзура і папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Трансгранічны пераслед
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

З 2020 года – ужо болей за шэсць гадоў – за кратамі застаюцца бізнесовец і менеджар культуры Эдуард Бабарыка, анархіст і літаратар Аляксандр Францкевіч, архітэктар Расціслаў Стэфановіч, мастак Іван Вярбіцкі, анархіст і літаратар Ігар Аліневіч.

Станам на 30 верасня 2026 года ў зняволенні паводле палітычна матываваных спраў былі не менш [1] за 65 дзеячаў культуры, яшчэ 50 прадстаўнікоў сферы адбываюць пакаранне ва ўмовах «хатняй хіміі» [2] – агулам не менш за 115 дзеячаў культуры, сярод якіх 19 людзей слова.

У перыяд са студзеня па верасень 2026 года выйшаў на свабоду ў парадку памілавання як мінімум 31 дзеяч культуры. Частцы з іх было дазволена застацца ў Беларусі, кожны трэці з вызваленых быў дэпартаваны з краіны. Такія памілаванні не раўназначныя аднаўленню справядлівасці і працэсу рэабілітацыі пацярпелых, а рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, арганізацый і іншых удзельнікаў культурнага працэсу працягваліся на працягу ўсяго справаздачнага перыяду: арышты, жорсткае абыходжанне ў месцах зняволення, адвольныя прысуды, агляданні пры перасячэнні мяжы, дыфамацыя, трансгранічны пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі, а таксама агульная крыміналізацыя культурнай дзейнасці ўнутры краіны і за яе межамі.

Рэпрэсіі адбываюцца паўторнымі хвалямі. Так, калі 2021 год, сярод іншага, быў адзначаны затрыманнямі незалежных кнігавыдаўцоў і масавым закрыццём камерцыйных крам, якія гандлявалі таварамі з беларускай нацыянальнай сімволікай, то ў 2026 годзе абедзве гэтыя сферы зноў трапілі пад удар і сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам ды мэтавым пераследам.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед, парушэнне права на справядлівы суд і адвольныя затрыманні дзеячаў культуры застаюцца асноўнымі парушэннямі з боку рэжыму Беларусі ў дачыненні да прадстаўнікоў сферы культуры.

Толькі за апошнія тры месяцы зафіксаваны наступныя падзеі:

  • у мастачкі Аксаны Шаляпінай, якая адбывае трохгадовы тэрмін за дапамогу палітзняволеным, дыягнаставана анкалагічнае захворванне. Мастак Іван Вярбіцкі ўжо амаль тры гады ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада. Культуролаг Вацлаў Арэшка амаль цалкам страціў у зняволенні зрок;
  • музыка Ягор Цюшкевіч і фатограф Вадзім Здаравеннаў, якія ўжо адбываюць пакаранне, асуджаныя паўторна;
  • непасрэдна за культурную дзейнасць асуджаны музыка Алесь Чумакоў («граў беларускую народную музыку і там самым гуртаваў пратэснае ядро»); Сяргей Салаш і Дзмітрый Бабіцкі атрымалі па 5 гадоў калоніі паводле справы барысаўскай арт-прасторы «Склад бутэлек»;
  • паралельна з затрыманнямі людзей, быццам бы звязаных з Беларускай Радай культуры ды іншымі замежнымі арганізацыямі, сілавыя органы працягвалі пошук слядоў «заходняга фінансавання» ўнутры краіны і далейшы пераслед паводле справы ЕГУ;
  • кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка прайшоў праз допыты і вобшукі, якія доўжыліся 15 гадзін, пасля чаго тэрмінова пакінуў краіну;
  • адно з першых незалежных выдавецтваў Беларусі «Тэхналогія» (заснаванае ў 1988 годзе) абвешчана «экстрэмісцкай арганізацыяй»;
  • мусілі закрыцца папулярныя брэнды адзення «Honar» і «LSTR», а таксама этна-крама «Ragna»;
  • улады скасавалі правядзенне штогадовага фестывалю сярэднявечнай культуры і музыкі «Наш Грунвальд», які праводзіўся ў Беларусі з 2008 года.

«Паганай мятлой вымецем усю гэтую нацыяналістычную заразу! […] Будзем выкараняць да канца. […] І больш за тое, ні «Рагнай», ні гэтым «Грунвальдам» нічога не скончыцца. […] І паверце, як «Кнігаўку» [3] некалі спапялілі проста, так і далей гэтак будзе», – выказаўся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гісторык і прапагандыст Вадзім Гігін.

Працягваюцца пераслед за данаты (завядзенне крымінальных спраў і практыка «добраахвотных ахвяраванняў» – перавод вялікіх сум грошай на банкаўскія рахункі дзяржаўных арганізацый у абмен на прыпыненні крымінальнага пераследу за раней зробленыя ахвяраванні пацярпелым ад рэпрэсій), агляданні на мяжы (часам аж да распранання дагала), пазасудовыя формы пераследу (выклікі ў якасці сведак, допыты, пагрозы, вобшукі і г. д.), практыка «чорных спісаў» і нядопуск дзеячаў культуры да публічнай прасторы, забарона на прафесію.

Не спыняецца трансгранічны пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі: завочныя прысуды, канфіскацыя маёмасці, вобшукі і візіты да сваякоў, лічбавы пераслед, знявага і грэблівае стаўленне СМІ і прапагандыстаў – у тым ліку да памерлых у эміграцыі дзеячаў культуры.

Дзясяткі дзеячаў культуры дададзены ў агульную з Расійскай Федэрацыяй базу міжнароднага вышуку, што сведчыць пра заведзеныя на іх у Беларусі крымінальныя справы. Сярод іх – і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, вызвалены паводле памілавання 13 снежня 2025 года.

Папоўніліся ўсе магчымыя пералікі для пераследу дзеячаў культуры, арганізацый і прадуктаў культуры: спісы «экстрэмістаў», «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх фарміраванняў/арганізацый», «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама кніг, «здольных нанесці шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Сярод пытанняў дзяржпалітыкі варта адзначыць, што пастановай урада ліквідаваны Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, які ў мінулым годзе адзначыў 10-годдзе сваёй працы. Мясцовыя ўлады атрымалі даручэнне падрыхтаваць адпаведныя дакументы для выключэння са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь «непатрэбных дзяржаве» помнікаў архітэктуры.

Пераслед у перыяд са студзеня па верасень 2026 года ў лічбах:
  • Зафіксавана 1040 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
  • Станам на 30.09.2026 у краіне налічвалася 876 палітычных зняволеных, сярод якіх не менш як 55 дзеячаў культуры. За студзень – верасень 2026 года праваабаронцы прызналі палітзняволенымі не менш як 22 дзеячы культуры.
  • Агулам паводле палітычных матываў у зняволенні (калоніях, турмах, следчых ізалятарах), установах адкрытага тыпу (на «хіміі») або на пакаранні ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш як 115 прадстаўнікоў сферы культуры, сярод іх 19 людзей слова.
  • Самым частым відам рэпрэсій за адзначаны перыяд з’яўляецца прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (302 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (133 выпадкі, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі, – 33). На трэцім месцы – пытанні, звязаныя з неналежным абыходжаннем са спадчынай (82 выпадкі), на чацвёртым – парушэнне права на справядлівы суд / адсутнасць доступу да правасуддзя (71).
  • Адвольнае затрыманне або арышт зазналі не менш за 49 дзеячаў культуры (адна мастачка – двойчы). Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 14 чалавек (складзены 22 пратаколы).
  • Крымінальны пераслед зазналі мінімум 68 дзеячаў культуры ўнутры краіны і ў выгнанні. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 30 прадстаўнікоў сферы (у тым ліку тры чалавекі – завочна).
  • Не менш як 24 дзеячы культуры абвешчаны ўладамі Беларусі ў міжнародны вышук.
  • 13 прадстаўнікоў сферы былі прымусова выгнаны або дэпартаваны з краіны.
  • У «Пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўнесены 27 дзеячаў культуры. Не менш як 59 чалавек унесены ў спіс асоб, якія нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (выдавец Андрэй Янушкевіч – двойчы).
  • Ліквідаваны 7 культурна-асветніцкіх устаноў ці грамадскіх аб’яднанняў. 15 арганізацый і ініцыятыў сферы культуры (і адукацыі), якія працуюць у замежжы, абвешчаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», яшчэ 2 – «экстрэмісцкімі арганізацыямі», у тым ліку адно са старэйшых у Беларусі незалежных выдавецтваў «Тэхналогія».
  • Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» 33 кнігі (мастацкія, гістарычныя або з аналітычнымі матэрыяламі). Спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх «здольны нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы», папоўнены 33 найменнямі. Агулам яшчэ 66 кніг беларускіх і замежных аўтараў афіцыйна забаронены ў Беларусі.

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ Ў МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ

Сітуацыя з умовамі ўтрымання і стаўленнем адміністрацыі да палітычных зняволеных дзеячаў культуры не адпавядае мінімальным стандартам выканання правоў чалавека і ніяк не змяняецца ў лепшы бок. Умовы пазбаўлення волі суправаджаюцца сістэмным прэсінгам, пераследам, няякасным ці нясвоечасовым аказаннем медыцынскай дапамогі, працяглай ізаляцыяй.

Мастак Іван Вярбіцкі, асуджаны на 10 гадоў і 1 месяц, знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2020 года. Ён зазнае моцны ціск з боку адміністрацыі, а апошнія тры гады – са жніўня 2023 года – утрымліваецца ў стане поўнага інкамунікада.

У вельмі складаных умовах знаходзіцца і анархіст ды літаратар Ігар Аліневіч, асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі. Ён зняволены з канца кастрычніка 2020 года і на сёння ўтрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Ужо шосты год цалкам пазбаўлены спатканняў, званкоў, медыцынскіх і рэчавых перадач, а таксама грашовых пераводаў. Як і Іван Вярбіцкі, Ігар рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар (ШІЗА).

Умовы ўтрымання прыводзяць да сур’ёзных праблем са здароўем, з якімі сутыкнуліся многія зняволеныя дзеячы культуры.

Так, аператар Яўген Глушкоў у жніўні гэтага года выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну пакарання, прабыўшы ў зняволенні больш за 2,5 года. Адразу пасля вызвалення ён быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу і быў тэрмінова шпіталізаваны ў сувязі з трафічнай язвай нагі.

У мастачкі Аксаны Шаляпінай, якая пазбаўлена волі з чэрвеня 2025 года, выяўлена анкалагічнае захворванне. Большую частку часу яна цяпер праводзіць у медсанчастцы калоніі.

Пра стан журналіста і пісьменніка-фантаста Сяргея Сацука, які знаходзіцца за кратамі ўжо амаль пяць гадоў, знаёмы з сітуацыяй чалавек распавядае наступнае:

«Са здароўем вялікія праблемы. Пра сэрца лекар сказаў, што трэба ставіць кардыястымулятар, без якога кожны дзень як латарэя. Але ў калоніі ніхто гэтага рабіць не будзе. Плюс сур’ёзныя праблемы з падстраўнікавай залозай і хрыбетнікам, а ўсе патрэбныя лекі дасылаць не дазваляюць. Яму вельмі складана».

Пра рэзкае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста і нон-фікшн літаратара Ігара Ільяша, які знаходзіцца за кратамі ўжо два гады, вядома ад яго жонкі, былой палітзняволенай Кацярыны Андрэевай:

«Па выхадзе з ШІЗА Ігар адразу пачаў скардзіцца на ацёкі: у яго была ацёчнасць ног і рук. А пасля ШІЗА яго адправілі на працу, на перапрацоўку гумы, прыкладам, шынаў. І гэта таксама вельмі кепска адбілася на здароўі – пачаў адчуваць недахоп каардынацыі руху, асабліва правай рукі. А калі ён апошні раз выйшаў з ШІЗА, то бачылі, што ён кульгае. Ну і дадайце сюды тое, што праз ШІЗА рэзка пагоршыўся зрок».

Алесь Чумакоў распавёў, што сур’ёзныя праблемы са здароўем мае стрыт-арт мастак Алег Ларычаў:

«Яго прыцягнулі сведкам на мой суд, ён выглядаў няважна».

Да таго ж вядома, што не ўсё ў парадку са здароўем і ў палітзняволенага музыкі Алега Хаменкі.

Надзвычай трывожная сітуацыя склалася са станам здароўя 71-гадовага прафсаюзнага актывіста і культуролага Вацлава Арэшкі, які знаходзіцца за кратамі ўжо 4,5 года. Былы палітзняволены Дзмітрый Семчанка, які адбываў пакаранне ў адной калоніі з Арэшкам, распавёў, што калі культуролаг губляў зрок, яму ніхто і нічым не мог дапамагчы:

«У яго адслаілася так званая сятчатка, і было ўсё горш і горш. Мы вадзілі яго ўжо, каб патэлефанаваць, мы яго вадзілі да кухні літаральна. Ён ходзіць, але ён нічога не бачыць».

За ўвесь час зняволення Вацлаў Арэшка цалкам пазбаўлены спатканняў са сваякамі.

Уяўленне пра пенітэнцыярную сістэму Беларусі і яе сутнасць у стаўленні да асоб, пераследаваных з палітычных матываў, дае расповед музыкі Алеся Чумакова. Пасля вызвалення ён падзяліўся дэталямі катаванняў падчас следства і зняволення – і гэта толькі адзін з прыкладаў:

«У яго [аднаго з супрацоўнікаў КДБ] былі адмысловыя каваныя боты, нейкія берцы, прызначаныя менавіта для гэтай працэдуры (ніхто з іншых такія не насіў). І ён збіваў мяне ўсю дарогу ад Следчага камітэта да Акрэсціна. Праз кожныя тры-пяць секунд я атрымліваў удар па галаве: ззаду, спераду, згары. Да таго ж увесь гэты час яны не проста збівалі мяне, але і пагражалі згвалтаваннем. Потым ён пачаў лупіць мяне нагамі. Уся правая палова цела – ногі, бок, рука – была сіняя. Адзін удар каваным ботам прыляцеў прама ў локаць. У мяне адказаў цэнтральны нерв, два пальцы проста выключыліся. Іх адчувальнасць вярнулася толькі праз чатыры месяцы. Я ў СІЗА не мог ні асадку трымаць, ні нават кубікі для нардаў узяць – яны пастаянна выпадалі з рук».

Пасля збіцця і катаванняў Алесь трапіў у ІЧУ на Акрэсціна, дзе знаходзіўся ў перапоўненай камеры-карцары з антысанітарнымі ўмовамі і немагчымасцю нармальнага сну. Перад адпраўкай у СІЗА ён не пазнаў сябе ў люстэрку, бо твар быў проста зялёны.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД І ПРЫСУДЫ ДЗЕЯЧАМ КУЛЬТУРЫ

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ

У перыяд са студзеня па верасень 2026 года не менш за 49 дзеячаў і работнікаў сферы культуры трапілі пад адвольныя затрыманні або арышты (адзін чалавек – двойчы).

У лютым – сакавіку адбыліся масавыя затрыманні сярод выдаўцоў, кнігараспаўсюднікаў і літаратараў – былі затрыманы не менш за 10 чалавек, частка з іх атрымала адміністрацыйныя арышты на 14–15 сутак (найчасцей для гэтага выкарыстоўваўся арт. 24.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях  – за нібыта «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню»). Падстава для пераследу – выпуск і распаўсюд беларускіх кніг. Перакладчык і выдавец Зміцер Колас, адзін з адвольна арыштаваных паводле справы кнігароў, правёў у выніку 7 месяцаў у СІЗА (з абвінавачаннямі паводле арт. 361-4 КК) да таго, як 16 верасня апынуўся ў групе 25 памілаваных і дэпартаваных з Беларусі палітычных зняволеных.

У сярэдзіне ліпеня гэтага года беспадстаўна чарговы раз была затрымана на вуліцы актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская. Вядома, што без усялякіх тлумачэнняў прадстаўнікамі сілавых структур было праведзена агляданне яе асабістых рэчаў і канфіскавана кніга (назва невядомая), што была ў яе сумцы.

22 ліпеня АМАП і КДБ прыйшлі да кінарэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Падчас ператрусаў у ягонай кватэры і ў кінашколе «КінаКалайдар» удзельнічалі 8 супрацоўнікаў АМАПа і 2 супрацоўнікі КДБ, ператрусы працягваліся 15 гадзін. У Кудзіненкі забралі пашпарт і тэлефон (усе яго месенджары і акаўнты ў сацыяльных сетках знаходзяцца пад кантролем КДБ). Пасля допытаў і пагроз пра пазбаўленне волі на 8–12 гадоў Кудзіненка быў адпушчаны, пасля чаго змог выехаць з Беларусі. Больш падрабязна пра гэты пераслед гл. у раздзеле маніторынгу пра крыміналізацыю незалежнай культуры.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

Вядома пра крымінальны пераслед у дачыненні да мінімум 68 дзеячаў культуры ўнутры краіны і ў выгнанні. Што тычыцца апошніх, то ў шэрагу выпадкаў пра завядзенне супраць іх крымінальных спраў робіцца вядома праз з’яўленне іх прозвішчаў у базе вышуку РФ, куды яны трапляюць паводле запыту МУС РБ. Агулам у інтэрвале са студзеня па верасень 2026 года ў яго дададзены імёны больш як двух дзясяткаў дзеячаў культуры: Кацярыны Ваданосавай, Сяргея Мельянца, Паўла Мажэйкі, Алеся Бяляцкага, Яна Гардзеева, Ігара Клешчука, Надзеі Зелянковай, Дар’і Жук, Алены Макоўскай, Ніны Шыдлоўскай, Аляксандра Ждановіча, Сяргея Падсасоннага, Руслана Кулевіча і шэрагу іншых.

Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА менеджарка культуры і дырэктарка мінскай творчай прасторы «Парасон» Інга Казючыц, затрыманая 10 лютага ў сябе дома. Вядома, што першапачатковай падставай для затрымання стаў пераслед паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу), пазней дадаліся абвінавачанні ў ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У арт-прасторы «Парасон» праходзілі лекцыі, курсы і майстар-класы на разнастайныя тэмы беларускай, пераважна традыцыйнай, культуры. Дзейнасць прасторы ўвесь час маніторылася, на мерапрыемствы прыходзілі «наглядчыкі». Некаторыя з лекцый выклікалі асабліва бурную рэакцыю – напрыклад, пасля рэзкай крытыкі з боку праўладных Telegram-каналаў у 2025 годзе не адбыўся вечар памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. На сёння дзейнасць прасторы спынена.

У канцы красавіка ў рамках крымінальнай справы датычна Беларускай Рады культуры (9 красавіка 2026 года ўжо другі раз прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем») былі затрыманы і дасюль знаходзяцца за кратамі слонімскія актывісты, папулярызатары беларускай культуры і лакальнай гісторыі Алесь Масюк, Павел Севасцьян і Віктар Марчык, якія бралі ўдзел у некаторых культурных сустрэчах. Вядома пра зняволенне і іншых дзеячаў культуры.

КРЫМІНАЛЬНЫЯ ПРЫСУДЫ

Мінімум 30 дзеячаў культуры (3 – завочна) былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле палітычна матываваных спраў у перыяд са студзеня па верасень 2026 года.

Сярод адвольна асуджаных у трэцім квартале дзеячаў культуры – бард, перакладчык, мультыінструменталіст і вакаліст Алесь Чумакоў, адзін з 25 памілаваных і дэпартаваных 16 верасня 2026 года. У жніўні музыка быў асуджаны паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса быццам бы за ўдзел у Беларускай Радзе культуры, пры тым што не меў да арганізацыі дачынення. У яго справе фігураваў альбом беларускіх песень (на судзе іх нават паслухалі), гучалі абвінавачанні накшталт «граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэснае ядро». За творчую дзейнасць Алесю Чумакову прызначылі 2 гады калоніі. Ён быў вызвалены з СІЗА, дзе знаходзіўся ў чаканні вынікаў апеляцыі.

9 верасня быў вынесены прысуд на 3 гады пазбаўлення волі адвакату і музыку Дзмітрыю Лаеўскаму – яго ўзялі пад варту ў зале суда. Крымінальная справа была заведзена ў жніўні 2025 года, тады Лаеўскага затрымлівалі, але на працягу следства ён знаходзіўся на волі. У 2020–2021 гадах Дзмітрый Лаеўскі быў абаронцам палітыка і мецэната Віктара Бабарыкі, а таксама адваката і літаратара Максіма Знака. Пасля прысуду Бабарыку быў выключаны з калегіі адвакатаў. Канчатковае абвінавачанне ўключала 9 эпізодаў – інтэрв’ю розным беларускім незалежным медыя, дадзеныя пераважна да 2021 года, у якіх Лаеўскі каментаваў крымінальныя справы ў дачыненні да сваіх кліентаў, пазбаўленне адвакацкага статусу і пераслед адвакатаў у краіне агулам.

14 верасня быў агучаны прысуд у справе барысаўскай арт-прасторы «Склад бутэлек», у лістападзе 2025 года прызнанай КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем». Сяргея Салаша і Дзмітрыя Бабіцкага, якіх назвалі датычнымі да дзейнасці прасторы, асудзілі на 5 гадоў калоніі і вялікія штрафы.

«Колькі яны добрых справаў зрабілі, колькі выставаў, колькі праглядаў кіно, колькі канцэртаў, колькі сустрэчаў для моладзі! Дзяржава для людзей і блізка столькі не тое што не робіць, а імкнецца рабіць, каб гэтага не было, каб людзі не гуртаваліся, каб больш за тры не збіраліся», – распавёў былы палітзняволены, які перасякаўся з імі за кратамі.

29 верасня палітзняволенага фатографа Вадзіма Здаравеннава, які адбываў пакаранне ў калоніі і меўся выйсці на волю ў лістападзе 2026 года, асудзілі паводле другой крымінальнай справы. Паводле наяўных звестак, падставай для пераследу сталі каментары і фотаздымкі, знойдзеныя пазней у ягоным ноўтбуку. У выніку сукупнага прысуду палітзняволенаму прызначылі 4 гады і 7 месяцаў калоніі і штраф.

Сярод дзеячаў культуры, асуджаных у перыяд са студзеня па верасень 2026 года: журналістка і нонфікшн-аўтарка Ціна Палынская (інкрымінавалі арт. 361-1 КК, асуджана на 2 гады калоніі і штраф); музыка, даследчык, лідар фолк-мадэрнавага гурта «Палац» Алег Хаменка (арт. 361-4 КК, 3 гады калоніі і больш за 20 000 BYN / ~7000 USD штрафу); адзін з кіраўнікоў ювелірнага брэнда «Bielaruskicry» Ягор Бужылаў (арт. 361-1 КК, 4 гады «хіміі»); рамесніца Ірына Якаўлева, якая займалася царкоўным мастацтвам (арт. 357 КК, 8,5 года калоніі і штраф 45 000 BYN / ~16 000 USD); старшыня Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктар Яўмененка (арт. 361 КК, калонія); музыка, супрацоўнік брэсцкага Тэатра лялек Ягор Цюшкевіч (артыкул і тэрмін невядомыя, другі суд); барабаншчык Цімафей Пугачоў (арт. 361-4 КК, 3 гады калоніі); музыка Уладзімір Патапенка (арт. 361-4 і 328 КК, «хатняя хімія» – памілаваны 20 сакавіка 2026 года); фатографка дзікай прыроды Наталля Бачурынская (арт. 361-4 КК; пасля апеляцыі прысуд на 3 гады калоніі са штрафам 22 500 BYN / ~8000 USD быў заменены на 3 гады «хатняй хіміі»); дызайнерка Яна Сырэвіч (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); гісторык, экскурсавод Міхаіл Масалевіч (арт. 361-4 КК, 3 гады «хатняй хіміі»); супрацоўніца БДУКМ Наталля Дзядуля (арт. 130 і 361-4 КК, «хатняя хімія»); дызайнерка-ілюстратарка Яна Маскалёва (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); удзельнік духавога аркестра «ChurchBrass» Кірыл Лойка (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); вакалістка, выкладчыца вакалу Святлана Каралёва (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); журналіст і краязнаўца Аляксандр Любянчук (арт. 361-4 і арт. 130 КК, 1 год калоніі – прысуд 4 гады калоніі, з іх 3 былі залічаны ў раней адбытае пакаранне паводле папярэдняга прысуду – выйшаў на волю 12.05.26, адбыў пакаранне); бізнесовец, былы старшыня грамадскага аб’яднання «Спадчына Палесся» Аляксандр Баранаў (арт. 361-4 КК, 3 гады «хіміі» – пасля прысуду эміграваў); былы кіраўнік аб’яднання «Памяць Айчыны» Ігар Свірыдзенка (арт. 361-4 КК, прысуд дакладна невядомы – калонія або «хімія»); комік Васіль Краўчук (арт. 369 КК, «хатняя хімія» – другі прысуд; знаходзячыся ў міждзяржаўным вышуку, быў затрыманы ў Расіі і экстрадаваны, пасля прысуду эміграваў); бард, перакладчык, мультыінструменталіст Алесь Чумакоў (арт. 361-1 КК, 2 гады калоніі – памілаваны і дэпартаваны 16 верасня 2026 года); настаўніцы гісторыі Кацярына Жогаль і Вольга Вострыкава (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); рэдактарка выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Святлана Дзеўдзера (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); адвакат і музыка Дзмітрый Лаеўскі (арт. 361-4 і 369-1 КК, 3 гады калоніі); папулярызатары беларускай культуры Сяргей Салаш і Дзмітрый Бабіцкі (5 гадоў калоніі са штрафам 36 000 BYN / ~12 000 USD кожнаму); фатограф Вадзім Здаравеннаў (арт. 342, арт. 130 і арт. 203-1, агулам 4 гады і 7 месяцаў калоніі са штрафам 22 500 BYN / ~8000 USD, другі прысуд).

Топ-3 артыкулаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу дзеячаў культуры ў Беларусі (вочнае вядзенне):
  1. арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – мінімум у 17 з 27 чалавек;
  2. арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) – мінімум у 3 чалавек;
  3. арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу) – мінімум у 3 чалавек.

Амаль у кожным другім выпадку дзеячы культуры асуджаны на пазбаўленне свабоды ў калоніі (мінімум 11 чалавек з 27).

Завочныя прысуды

У межах працэдуры спецыяльнага вядзення:

  • 27 ліпеня вынесены завочны прысуд на 5 гадоў калоніі і вялікі штраф культурнаму менеджару і кіраўніку фонду «Okno na Wschód» Паўлу Міцкевічу, які ўжо больш за дваццаць гадоў жыве ў Польшчы. Яму інкрымінавалі арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі);
  • 4 жніўня вынесены завочны прысуд на 4 гады калоніі музыку Сяргею Міхалку, заснавальніку і лідару гуртоў «Ляпис Трубецкой» і «Brutto», які жыве ва Украіне: абвінавачаны паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу) і арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта);
  • 14 жніўня завочны прысуд у выглядзе пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі вынесены ў дачыненні да вакалісткі гурта «Dymna Lotva» Кацярыны Манкевіч, якая жыве цяпер у Польшчы. Ёй інкрымінавалі пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 289-1 (прапаганда тэрарызму), 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы) і 368 (знявага прэзідэнта).

Паводле Кацярыны, падставай для апошняга абвінавачання стала лялька вуду ў выглядзе Лукашэнкі, якую яна вырабіла для свайго першага па прыездзе бясплатнага канцэрту ў Варшаве. Гэтая акцыя праводзілася дзеля таго, каб вярнуць грошы за абсталяванне: наведвальнікам прапаноўвалася бясплатна тыркаць шпількі ў ляльку, аднак самі шпількі былі платнымі – за любы данат у скарбонку, што дазволіла музыкам добра сабраць сродкі.

Прозвішчы ўсіх трох завочна асуджаных дзеячаў культуры былі дададзены ў спіс так званых экстрэмістаў, які вядзе МУС РБ. Кацярыны Манкевіч – яшчэ і ў спіс «тэрарыстаў», які вядзе КДБ.

ВЫЗВАЛЕННІ ПАВОДЛЕ ПАМІЛАВАННЯ І ДЭПАРТАЦЫІ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

Цягам студзеня – верасня 2026 года ў Беларусі адбыўся шэраг памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшаў не менш [4] за 31 дзеяч культуры, 12 з іх былі адразу дэпартаваны з краіны.

23 дзеячы культуры, якія выйшлі на волю ў першым квартале 2026 года, пералічаны ў квартальным маніторынгу. 28 красавіка ў межах абмену зняволенымі паміж Беларуссю/Расіяй і Польшчай на свабоду выйшаў Андрэй (Анджэй) Пачобут, журналіст, паэт і сябра Саюза палякаў на Беларусі, які правёў за кратамі больш за 5 гадоў.

16 верасня, падчас апошняга прыезду ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла, у абмен на зняцце ЗША санкцый з двух беларускіх прадпрыемстваў былі памілаваны 25 чалавек, сярод якіх 7 дзеячаў культуры – усе яны былі дэпартаваны ў Літву. Такім чынам праз больш чым 5,5 года ў зняволенні за дапамогу ўдзельнікам мірных пратэстаў на свабоду выйшаў медыяменеджар і паэт Андрэй Аляксандраў; праз амаль 5 гадоў – менеджар культуры і прадпрымальнік, сузаснавальнік незалежнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў «Symbal.by» Павел Белавус; музыкі гурта «Tor Band» Яўген Бурло, Зміцер Галавач і Андрэй Ярэмчык, якія за сваю творчасць правялі ў зняволенні амаль чатыры гады; бард, перакладчык і мультыінструменталіст Алесь Чумакоў, таксама асуджаны за выкананне беларускіх песень; перакладчык, дырэктар пазбаўленага ў Беларусі ліцэнзіі аднайменнага выдавецтва Зміцер Колас (апошнія два дзеячы культуры правялі за кратамі дзевяць і сем месяцаў адпаведна).

Ніякіх афіцыйных дакументаў пра вызваленне дэпартаваным, як і раней падчас памілаванняў, не выдалі.

Варта разумець, што памілаванні не азначаюць спыненне рэпрэсій у Беларусі. Як адзначае праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі, вызваленне палітычных зняволеных у абмен на змякчэнне санкцый не закранае асновы палітычнай сістэмы Беларусі і не змяняе фундаментальнай сутнасці рэжыму ў Беларусі. Пераслед іншадумцаў і ўзровень рэпрэсій у краіне не зніжаюцца: так, са студзеня па верасень 2026 года быў памілаваны 31 дзеяч культуры, але за той самы перыяд праз арышты ці затрыманні прайшлі не менш за 49 работнікаў сферы, а 22 прадстаўнікі былі прызнаны палітзняволенымі. Далейшы пераслед зазнаюць і самі памілаваныя: супраць іх заводзяцца новыя крымінальныя справы, сацсеткі прызнаюцца «экстрэмісцкімі», адбываюцца ператрусы паводле месца прапіскі, былыя палітзняволеныя абвяшчаюцца ў вышук – як, напрыклад, і сам Бяляцкі, памілаваны і дэпартаваны 13 снежня 2025 года.

КРЫМІНАЛІЗАЦЫЯ НЕЗАЛЕЖНАЙ КУЛЬТУРЫ

Дзяржава крыміналізуе незалежную культуру па абодва бакі мяжы – як праз масавае абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» арганізацый і ініцыятыў, так і праз адкрыты гвалт і прымусовае закрыццё праектаў унутры краіны, дзе ўжо само слова «незалежнае» ўспрымаецца ўладамі як пагроза.

АБВЯШЧЭННЕ АРГАНІЗАЦЫЙ КУЛЬТУРЫ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»

У перыяд са студзеня па верасень 2026 года 15 беларускіх арганізацый сферы культуры (і адукацыі), якія легальна працуюць у замежжы, былі абвешчаны КДБ ці МУС Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». У гэты спіс трапілі: культурна-асветніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», літаратурная і праваабарончая арганізацыя «Беларускі ПЭН», незалежныя беларускія выдавецтвы «Gutenberg Publisher», «Логвінаў» і «Янушкевіч», беларуская інтэрнэт-бібліятэка і выдавецтва фонду «Kamunikat», культурна-адукацыйная ініцыятыва ва Уроцлаве «Спадчына Беларусі», кінафестываль «Паўночнае ззянне», ініцыятыва для захавання супольнай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі і Польшчы «Брама спадчыны», супольнасць экспертаў, менеджараў і творцаў «Беларуская Рада культуры» (і яе асобныя праекты «Магістрат», «Васьміног» і «ArtPower Belarus»), брэнд беларускага адзення і мерчу «Znivien», беларускі шоурум і інтэрнэт-крама «The Krama Store» і маркетплэйс беларускіх тавараў «Kamaroŭka», моўная анлайн-школа «LVS. Language School», сатырычны праект «ЧинЧинЧенэл».

Акрамя таго, рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь статус «экстрэмісцкай арганізацыі» атрымаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) у Вільні (Літва), рашэннем Эканамічнага суда Мінска – незалежнае выдавецтва «Тэхналогія».

ПЕРАСЛЕД АНДРЭЯ КУДЗІНЕНКІ І ПРЫВАТНАЙ КІНАШКОЛЫ «КІНАКАЛАЙДАР» [5]

Гісторыя пераследу рэжысёра Андрэя Кудзіненкі і разгрому кінашколы «КінаКалайдар» з’яўляецца наглядным прыкладам таго, як сістэма ў адзін дзень знішчае незалежную культурную прастору, а рэпрэсіўны ціск суправаджаецца цэлым комплексам грубых парушэнняў правоў чалавека.

Беларускі кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка (чый фільм «Акупацыя. Містэрыі» займае другі радок у топ-50 беларускіх стужак за ўсю гісторыю паводле версіі Беларускай незалежнай кінаакадэміі BIFA) у канцы ліпеня 2026 года быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за жорсткага ціску з боку сілавых структур. Пераслед пачаўся адразу пасля таго, як Кудзіненка перарэгістраваў на сябе прыватную кінашколу «КінаКалайдар», якая да гэтага працавала ў Мінску каля трох гадоў і навучала рэжысуры, акторскаму майстэрству ды анімацыі.

Раніцай 22 ліпеня да рэжысёра з сілавым штурмам уварваліся восем супрацоўнікаў АМАПа і два супрацоўнікі КДБ. Яны ішлі са шчытамі, свецячы ў вочы, з крыкам: «На падлогу! На падлогу падай!» Кудзіненка не ўпаў – таму яго заштурхалі, і пачаўся «шмон».

«Я быў у кайданах. Не давалі ні лекаў выпіць, ні вады, у прыбіральню не давалі хадзіць доўгі час», – прыгадвае Кудзіненка.

Прадстаўнікі сілавых органаў шукалі «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», сцвярджаючы: «Ну, тыпу, вось вы ж грошы з Захаду бераце». Сярод іх прэтэнзій да кінашколы былі, напрыклад, спробы падаць заяўкі на гранты ад фондаў ЮНЭСКА і амерыканскага кінафестывалю «Sundance Film Festival». На пытанне Кудзіненкі, чаму найбольш вядомы ў свеце фестываль кінадэбютаў лічыцца «экстрэмісцкім», адказ быў: «Ну гэта ж незалежнае кіно» – маўляў, любое фінансаванне (непадкантрольнае дзяржаве) з’яўляецца «экстрэмізмам».

Пасля вобшуку ў кватэры супрацоўнікі спецслужб не пакінулі ні дакументаў, ні копій пратаколаў. Яны забралі грошы, праглядзелі тэлефон і дапыталі рэжысёра пра ягоныя кантакты (пазней да некаторых людзей з нататніка Кудзіненкі таксама прыйшлі з беспадстаўнымі ператрусамі). Далей вобшук і допыт з псіхалагічным ціскам працягнуліся ў офісе кінашколы, куды прывезлі і былую дырэктарку арганізацыі. Былі заявы пра быццам бы грошы ад Сяргея Будкіна [6], згадкі Беларускай незалежнай кінаакадэміі ды іншых недзяржаўных культурных ініцыятыў у эміграцыі.

Не знайшоўшы ні «экстрэмісцкіх дакументаў», ні забароненай (бел-чырвона-белай) сімволікі, супрацоўнікі КДБ пагражалі Кудзіненку тэрмінам ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі, агучваючы артыкулы пра махлярства і вымаганне. Усе дакументы кампаніі забралі, датычна яе далейшай працы сказалі, што «лавачка прыкрыта».

ПЕРАСЛЕД БІЗНЕСАЎ, ЯКІЯ ПАПУЛЯРЫЗУЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ КУЛЬТУРУ І СІМВОЛІКУ

У трэцім квартале 2026 года вымушана закрылася некалькі беларуска арыентаваных бізнесаў, якія працавалі ў краіне больш за дзесяць гадоў.

8 ліпеня дызайнерскі брэнд адзення і аксесуараў з беларускімі матывамі «Honar», створаны ў 2013 годзе сямейнай парай Паўлам Доўнарам і Карынай Адзесенкай у Мінску, паведаміў у Instagram пра сваё хуткае закрыццё: «Сябры, новая інфармацыя. Крама honar.by будзе працаваць да 19 ліпеня. Пасля мы спыняем працу. Дзякуй, што вы з Гонарам».

10 ліпеня стала вядома пра закрыццё этна-крамы «Ragna», якая працавала ў цэнтры Мінска з лета 2013 года і прадавала вырабы беларускіх майстроў: «Наша крама зачыняецца. Але ў вас ёсць яшчэ магчымасць набыць любімыя тавары ў інтэрнэт-краме ragna.by» – паведамлялі ў рагнаўскім Threads-акаўнце.

13 ліпеня абвясціў пра сваё закрыццё яшчэ адзін брэнд беларускага адзення і сувеніраў – «LSTR Adzieńnie». Створаны Іллёй Аксёнавым у 2011 годзе, праект выпускаў адзенне і сувеніры з беларускімі нацыянальнымі матывамі. «Дарагія сябры! Наш брэнд спыняе сваю працу. Шчыра дзякуем вам за тое, што ўвесь гэты час былі побач з намі, за ваш давер і падтрымку!», – паведаміла каманда ў Instagram.

Афіцыйна прычыны закрыцця не называліся, аднак на наступны дзень, 14 ліпеня, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што закрыццю магазінаў «Honar», «Ragna» і «LSTR Adzieńnie» папярэднічалі затрыманне і допыт аднаго з уладальнікаў гэтых брэндаў.

Прапагандыст Грыгорый Азаронак у сваім стрыме з дэпутатам Вадзімам Гігіным наступным чынам пракаментаваў закрыццё крам з беларускай сімволікай:

«Яны крычаць пра тое, што ўсё “галеча, заняпад, усё адмянілі, усё прыбралі, не будзе нічога, што мы так любілі”. Дык таму што вы гэта любілі! Таму што – я ведаю, чаму. Таму што гэтыя ўсе арганізацыі – хто шмоткі прадаваў, хто яшчэ штосьці – гэта вашы мімікрыраваныя з фігай у кішэні ждуны. Якія яшчэ намёкі, такія вось падміргванні сваім робяць: “Мы тут, мы побач, вось вазьмі маечку, вось яна як бы і нічога не значыць […] Мне не лянота сядзець і глядзець, дзе што прадаюць, дзе што якія паэткі збіраюцца выступаць”».

5 траўня 2026 года, за два месяцы да закрыцця «Honar», «Ragna» і «LSTR Adzieńnie», два іншыя брэнды, якія працуюць у эміграцыі, былі прызнаны КДБ Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»: гэта «Znivien» і «The Krama Store». «Znivien» – брэнд беларускага адзення і мерчу, заснаваны ў 2021 годзе ў Польшчы Уладзімірам Маляўкам і Паўлам Дзеркачом. «The Krama Store» – заснаваны ў Польшчы беларускі шоурум і інтэрнэт-крама, спецыялізаваныя на продажы адзення, аксесуараў і сувеніраў з нацыянальнымі матывамі.

8 ліпеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» была абвешчана «Kamaroŭka» – «спецыялізаваны міжнародны маркетплэйс беларускіх і беларускатэматычных тавараў розных катэгорый», зарэгістраваны ў Нямеччыне, дзе прадаюцца кнігі, адзенне, дэкор і іншыя тавары.

Сайт, YouTube, і (або) старонкі ў сацыяльных сетках брэндаў, якія трапілі ў спіс так званых фарміраванняў, знаходзяцца ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: «Znivien» (сайт, Facebook, Threads, Instagram і лагатып [7]), «The Krama Store» (Instagram), «Kamaroŭka» (сайт, YouTube, Facebook, Х, Instagram, LinkedIn, TikTok), што робіць іх небяспечнымі для карыстальнікаў з Беларусі.

Сярод іншых акаўнтаў у сацыяльных сетках праектаў, якія працуюць з тэмай беларускай сімволікі, апынуліся ў справаздачны перыяд у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» наступныя:

  • «Сымболіка Батумі» (акаўнт у Telegram),
  • «Šufliadka» (Facebook і Instagram),
  • «kalinouski.shop» (Instagram),
  • «kramapahonia» (Threads),
  • «Pavetra» (Instagram).
Пераслед крам з нацыянальнай сімволікай да 2026 года

Пераслед, у тым ліку закрытых уладамі «Honar» і «LSTR Adzieńnie», пачаўся не ў 2026 годзе. Агулам праблемы ў камерцыйных арганізацый, якія стваралі бізнес на нацыянальным сегменце (сімвалы, сувеніры), пачаліся ў 2020 годзе – на хвалі пратэснага руху і ўздыму цікавасці грамадства да гістарычных сімвалаў. Так, стваральнік крамы «Symbal.by» Павел Белавус казаў: «Пачынаючы з лета [2020-га] нас спрабуюць пастаянна прыструніць». Ужо тады мытня не прапускала пасылкі са сцягамі і іншай сімволікай. Сам Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года; 11 траўня 2023 за сваю культурную дзейнасць – у тым ліку ў сегменце нацыянальнай сімволікі – быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі і вялікі штраф; выйшаў на волю паводле памілавання 16 верасня 2026 года, прабыўшы за кратамі амаль пяць гадоў; дэпартаваны з Беларусі.

Яшчэ ў 2021 годзе па ўсёй краіне фіксаваліся факты стварэння адміністрацыйных перашкод для дзейнасці нацыянальна арыентаваных камерцыйных крам (пра гэта было ў выніковай справаздачы за 2021 год): «Князь Вітаўт», «Symbal.by», «Росквіт», «Мой модны кут», «Vokladki», «БЧБ.бел», «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», «LSTR Adzieńnie», «majsternia moj rodny kut», брэнд дызайнерскага адзення «Honar». З пачатку 2021 года ў крамах пачаліся праверкі, у некаторыя з іх візіты правяральшчыкаў працягваліся да сярэдзіны года. Так, у крамы і/або да ўладальнікаў з праверкай, вобшукамі або допытамі прыходзілі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС), Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР), аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ), аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК), міліцыі, атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП), інспекцыі па ахове працы, Дзяржстандарту, прадстаўнікі аддзела ідэалогіі гарвыканкама і іншыя. Фіксаваліся факты канфіскацыі тавараў, тэхнікі і дакументаў, скасавання дамоў арэнды з крамамі etc.

На канец 2021 года было вядома, што некаторыя з крам былі вымушаны цалкам спыніць працу: брэсцкая інтэрнэт-крама «Князь Вітаўт», гродзенская «Адметнасць», аршанская «Цудоўная крама», мінскія «Будзьма-крама» і «Мой модны кут» (афлайн-крама), гомельская «Мроя» (з эканамічных прычын).

У верасні 2022 год прыпыніла ўжо анлайн-продажы крама сувеніраў і адзення з нацыянальным каларытам «Мой модны кут». З сярэдзіны кастрычніка 2022-га закрыты «Росквіт» у Баранавічах.

20 сакавіка 2024 года інтэрнэт-крама тавараў з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць», працу якой уладальнікі аднавілі ў эміграцыі, была абвешчана МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем», а супраць Сяргея і Вольгі Верамеенкаў было распачата спецвядзенне. Абое ўладальнікі трапілі ў базу вышуку Расійскай Федэрацыі.

КАНТРОЛЬ І «НЯБАЧНЫЯ РЭПРЭСІІ» Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ. ЦЭНЗУРА І ПАПАЎНЕННЕ СПІСА «ЭКСТРЭМІСЦКІХ МАТЭРЫЯЛАЎ»

КАНТРОЛЬ І «НЯБАЧНЫЯ РЭПРЭСІІ» Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Сённяшняя сітуацыя ў беларускай культурнай прасторы, як мы не раз адзначалі ў маніторынгах, вызначаецца татальнай зацэнзураванасцю, забюракратызаванасцю і пастаяннымі рэпрэсіямі. Зачысткі ва ўстановах праходзяць хвалямі, змяняючы адна адну праз паўгода, год і г. д., бо сістэма ўвесь час «кагосьці знаходзіць».

Як кажа рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які знаходзіцца ў «чорных спісах» Міністэрства культуры яшчэ з 2005 года, пасля забароны фільма «Акупацыя. Містэрыі», чыноўнікі самі заблыталіся ў тых спісах забароненых, што існуюць у дзяржаўных структурах:

«Яны з гэтымі спісамі самі не могуць разабрацца: іх пяць, шэсць, нават сем. Яны не супадаюць. Пад гэтыя забароны трапляюць лаяльныя людзі, дарэчы, вельмі смешна гэта часта атрымліваецца».

Дзяржаўны апарат і чыноўніцтва панічна баяцца любой ініцыятывы, актуальнасці ці сапраўднага мастацтва. Усе спробы стварыць нешта жывое сутыкаюцца з цэнзурай:

«Няма ў Беларусі ні наркаманаў там, ні нейкіх жанчын, якія робяць аборты – пра гэта нават увогуле нельга казаць. Можна сказаць, што гэта недзе ў Расіі, а ў Беларусі гэта павінна быць, як у іх там выйшаў фільм «Класная», дзе ўсе ходзяць, бегаюць у чырвона-зялёным у аграгарадку і ўсміхаюцца, як ідыёты».

Прыватныя ініцыятывы вымушаны хавацца, адмаўляцца ад публічнай рэкламы і спадзявацца толькі на «сарафаннае радыё» ды вузкае кола падпісчыкаў, аднак і гэта не заўсёды ратуе. Адметная рыса цяперашняга стану незалежнай сферы – «нябачныя рэпрэсіі» і сістэма татальнага сачэння. Калі раней ціск быў публічным і дэманстратыўным, то цяпер усё робіцца ціха – праз унутраных назіральнікаў, агентаў і даносчыкаў у мастацкіх асяродках. За культурнымі пляцоўкамі і творцамі, нібы ў 1930-я гады, замацоўваюць афіцыйных «назіральнікаў» (напрыклад, ад Саюза кінематаграфістаў), на публічныя мерапрыемствы і майстар-класы засылаюць людзей для фіксацыі і фатаграфавання прысутных. Гэтыя людзі, апроч таго, распытваюць пра сувязі з іншымі ініцыятывамі, падштурхоўваюць да нелегальных разлікаў наяўнымі ці прапануюць «дапамогу» ў ліквідацыі канкурэнтаў.

Афіцыйны заклік «Не займайцеся палітыкай!» аказваецца цынічнай хлуснёй, што відаць на прыкладзе згаданага «КінаКалайдара»: кінашкола займалася выключна асветніцтвам, працавала цалкам «у белую» і плаціла падаткі, што не ўратавала яе ад разгрому. Вядома, што ўладальнікаў яшчэ шэрагу прыватных кінашкол таксама «настойліва папрасілі» не працаваць.

ЦЭНЗУРА

За дзевяць месяцаў 2026 года зафіксаваны 133 выпадкі цэнзуры (улік фактаў прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі» вядзецца асобна). У справаздачах паводле вынікаў першага квартала і паўгоддзя больш падрабязна апісаны ранейшыя забароны: непажаданыя кнігі, «стоп-лісты» выканаўцаў, адмены мерапрыемстваў (у тым ліку афіцыйна зацверджаных), адмена штогадовых музычных фэстаў, пераслед за святкаванне традыцыйнага абраду Гуканне вясны, забарона экспанаваць карціны нелаяльных мастакоў і інш.

Сярод фактаў цэнзуры ў трэцім квартале 2026-га варта адзначыць наступныя:

⇒ 10 ліпеня стала вядома, што адменены XVII міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд 2026», які меўся прайсці ў канцы ліпеня ў музейным комплексе «Дудуткі». Арганізараты паведамілі ў сацсетках, што «абставіны склаліся так, што правесці фестываль у запланаваныя даты мы не зможам», прычыны адмены ў публічнай заяве не называліся.

⇒ У вёсцы Лятохі пад Віцебскам вывесілі абвестку пра забарону традыцыйнага народнага свята Купалля. За святкаванне людзям пагражалі адміністрацыйным пакараннем – штрафамі да 100 базавых велічынь і 15 суткамі арышту.

⇒ У Мінску адмянілі рэйв-вечарыну «Станция метро Горьковская» творчага аб’яднання з Ніжняга Ноўгарада (Расія), запланаваную на 15 жніўня. Каманда праекта падрабязна расказала пра атрыманне і наступнае рэзкае адкліканне гастрольнага пасведчання:

«Перамовы пачаліся ў лютым, калі мы падалі дакументы для атрымання гастрольнага пасведчання. Праз 6 месяцаў нашая заяўка была разгледжана, мы атрымалі дазвол і выйшлі ў анонс. Праз два тыдні пасведчанне было адклікана, а продажы квіткоў прыпынены. Нашая каманда і партнёры падзеі ў Мінску змагаліся, каб захаваць укладзеныя сілы і правесці задуманае. Але, на жаль, гэтых высілкаў не хапіла».

⇒ Фільм Дэстына Дэніэла Крэтана «Чалавек-павук: Новы дзень» выйшаў у беларускі пракат 13 жніўня (у абыход санкцый, у межах закона аб выкарыстанні кантэнту без дазволу праваўладальнікаў). Як і ў выпадку з паказамі ва Украіне ды Расіі, стужка трапіла пад цэнзуру: з беларускай пракатнай версіі цалкам выразалі сцэну з песняй «Монополия» расійскай спявачкі Манетачкі, якая адкрыта падтрымлівае Украіну.

⇒ У жніўні з палітычных прычын канчаткова спыніла дзейнасць французская медыятэка, якая трыццаць гадоў працавала ў прасторы Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. У прэс-рэлізе французскай амбасады адзначаецца, што гэтая чытальная зала дапамагала пазнаваць культуру Францыю, яе мову і служыла месцам правядзення музычных, мастацкіх і філасофскіх сустрэч.

⇒ З’езд Саюза палякаў Беларусі, запланаваны на 13 верасня, быў адкладзены на няпэўны час.

⇒ У Беларускай вікіпедыі з’явіўся акаўнт з назвай «Мінінфарм Беларусі», які пачаў хаваць змест артыкулаў на шэраг «непажаданых» тэм – у тым ліку пра пратэсты ў краіне, секс і ЛГБТ-супольнасць.

⇒ У верасні трапіў пад забарону культурна-асветніцкі праект пісьменніка і мастака Сяргея Філіпава. У межах ініцыятывы на працягу года ладзіліся творчыя сустрэчы з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і краязнаўцамі, у тым ліку на базе згаданай вышэй Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.

ПАШЫРЭННЕ СПІСА «ЭКСТРЭМІСЦКІХ МАТЭРЫЯЛАЎ»

Працягам дзяржаўнага ціску стала і папаўненне спісаў забароненай літаратуры. Цягам трэцяга квартала ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадаліся новыя кнігі: творы Вінцука Вячорка «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі», Станіслава Шушкевіча «Неокоммунизм в Беларуси», Уладзіміра Коласа «Лёс ліцэя. Аўтабіяграфічныя запісы», Паўла Севярынца «Пакаленьне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970–1985 гг.», Анатоля Санаценкі «Вяртанне на Радзіму», Марка Леві «Ноа», самвыд Аляксандра Баля «Безжалостный вальсок» і  «Ночь. А ты…», зборнік «Быкаў на Свабодзе» і іншыя.

За дзевяць месяцаў 2026 года ўжо 33 кнігі папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (а агулам са спісам выданняў, здольных «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», іх налічваецца 66). Поўны пералік кніг з абодвух спісаў знаходзіцца на адмысловым сайце Беларускага ПЭНа (за выключэннем рэлігійных і шэрагу іншых неадназначных твораў).

Апроч кніг, «экстрэмісцкімі» за гэты перыяд былі прызнаны інфармацыйныя рэсурсы і старонкі дзеячаў культуры ў інтэрнэце:

⇒ Медыярэсурсы і ініцыятывы: Instagram анлайн-медыя пра беларускае мастацтва «Chrysalis Mag», «Інстытута беларускай кнігі», праекта «MALDZIS», Youtube-канал гурта «Dzieciuki», сайт і шэраг акаўнтаў польскай арганізацыі і выдавецтва KEW (Kolegium Europy Wschodnej), Instagram і Telegram краязнаўчага праекта «Пошукі старога Гомеля», старонкі праекта пра сталінскія рэпрэсіі «Хайсы – Витебские Куропаты», песня «Номера» гурта «ЛСП», сайт і Instagram незалежнага фотаагенцтва і архіва «LookByMedia» і іншыя.

⇒ Асабістыя старонкі творцаў і дзеячаў культуры: Instagram Крысціны Дробыш, Касі Будзько, Аліны Герашчанкі, Аляксандра Чарнухі (мерч), старонка ў «Аднакласніках» Паўла Севярынца, TikTok Піта Паўлава, Threads Маргарыты Ляўчук і Іллі Міронава, Facebook Кацярыны Ваданосавай, Кацярыны Андрэевай, Міколы Дзядка, YouTube-канал з вершамі Сяргея Ціханоўскага і іншыя.

Калі тая ці іншая старонка ў сацыяльных сетках паўторна трапляе ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», мы не ўлічваем яе другі раз. Аднак такія дубляванні добра ілюструюць якасць працы дзяржаўнага апарату нават на ўзроўні бюракратычнага ўліку і сістэматызацыі: рэпрэсіўная машына штампуе забароны механічна і хаатычна, без элементарнай праверкі ўжо прынятых рашэнняў. Так, напрыклад, 3 жніўня 2026 года суд Чыгуначнага раёна Віцебска дадаў у пералік старонку ў Instagram «Вольнага хору» з адрасам https://www.instagram.com/volnychor/. За два месяцы да гэтага, 9 чэрвеня, суд Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ўжо прызнаў гэты самы акаўнт «экстрэмісцкім матэрыялам».

ТРАНСГРАНІЧНЫ ПЕРАСЛЕД

23 верасня эксперты ААН па правах чалавека, сярод іх Спецдакладчык па Беларусі, апублікавалі супольную заяву, якая вызначае транснацыянальныя рэпрэсіі (ад фізічнага пераследу да лічбавых узломаў і злоўжывання Інтэрполам) як пагрозу правам чалавека, дэмакратыі і вяршэнству права, падкрэслівае міжнародныя абавязацельствы дзяржаў у абароне ахвяр і перадухіленні такіх дзеянняў, а таксама змяшчае рэкамендацыі для краін, міжнародных арганізацый і тэхналагічных кампаній для барацьбы з гэтай з’явай.

Трансгранічны пераслед у дачыненні да беларускіх дзеячаў культуры ў палітычнай эміграцыі – значная частка маніторынгу парушэнняў. Мы ўвесь час фіксуем выпадкі завядзення крымінальных спраў, арыштаў і канфіскацыі маёмасці, вобшукаў у сваякоў, спецыяльнага вядзення і завочных крымінальных прысудаў, абвяшчэння дзеячаў культуры ў вышук, іх сацсетак – «экстрэмісцкімі матэрыяламі», факты прыніжэння чалавечай годнасці і дыфамацыі ў медыя, а таксама іншыя формы ціску і пераследу.

У гэтым матэрыяле больш падрабязна спынімся на наступных двух тыпах пераследу:

  • лічбавыя рэпрэсіі;
  • пасмяротная дыскрэдытацыя і перашкоды ў пахаванні на радзіме.
ЛІЧБАВЫЯ РЭПРЭСІІ

Сёння са шматлікімі выклікамі ў лічбавай бяспецы – ад фішынгу і махлярства да іншых сеткавых пагроз – можа сутыкнуцца любы карыстальнік інтэрнэту. Аднак у выпадку з беларускімі актывістамі ў выгнанні гэтыя рызыкі набываюць мэтавы і сістэмны характар, што пацвярджае супольнае даследаванне арганізацый «Digital Freedoms Lab» і «Human Constanta».

Праваабаронцы рэгулярна фіксуюць у інтэрнэце актыўнасць асоб, імаверна звязаных са спецслужбамі Беларусі. Ключавая мэта іх анлайн-аперацый – стварыць у людзей пачуццё нявызначанасці і страху, выклікаць асцярогі адносна любой публічнай дзейнасці. Дзеля гэтага ўлады перанеслі інструменты ціску ў лічбавую прастору і актыўна выкарыстоўваюць пераслед за межамі Беларусі праз сетку праўладных Telegram-каналаў, разведвальныя аперацыі, доксінг, а таксама стварэнне сінтэтычнага кантэнту з дапамогай штучнага інтэлекту. Пагрозы і ціск у перапісках, збор звестак за грашовую ўзнагароду, публікацыі відэа і фота разгромаў маёмасці, прыватнай перапіскі і персанальных дадзеных,  умяшанне ў адкрытыя фарматы працы, DDoS-атакі на лічбавую інфраструктуру – гэтыя і іншыя формы пераследу адбываюцца ў дачыненні да асобных палітычных мігрантаў, груп людзей ці арганізацый.

Так, у маніторынгу за 2025 год згадваліся факты дыскрэдытацыі і фэйкавых рассылак – сярод іншага, з быццам бы запрашэннем на кастынг для здымкаў фільма беларускага рэжысёра Андрэя Палуяна «Спадчына», якое суправаджалася пытаннямі пра ўдзел адрасатаў у пратэстах 2020 года ў Беларусі.

Вылучаецца і гендарны аспект лічбавых атак. Так, у красавіку 2025 года ашуканцы згенеравалі голыя фота актывісткі і аўтаркі кнігі «Современная энциклопедия для девочек» Марыны Ментусавай, зрабіўшы падстаўную старонку на парнаграфічным сайце, пра што паведамілі ёй проста падчас ейнага жывога эфіру на YouTube-шоу «Обычное утро». Пазней сітуацыю з дыпфэйкам Ментусава пракаментавала на сваёй старонцы ў Instagram:

«Так працуе прапаганда. Так караюць жанчын, якія не баяцца гаварыць».

Сярод фактаў лічбавага пераследу, якія мы зафіксавалі ў дачыненні да дзеячаў культуры ў эміграцыі са студзеня па верасень 2026 года, адзначым наступныя.

Пагрозы і ціск у прыватных перапісках

У лютым спявак Ap$ent (Арсеній Кісляк), які ў студзені 2022 года з’ехаў з Беларусі, атрымаў праз Telegram паведамленне з незнаёмага акаўнту, дзе яму прапаноўвалі бяспечнае вяртанне ў Беларусь. Музыкант пракаментаваў, што не ўдакладняў абставіны і не ведае, прыватны гэта скам ці дзяржаўны, але прыватныя прапановы эмігрантам з ананімных акаўнтаў вярнуцца і «павырашаць праблемы» ў абмен на інфармацыю, з дэманстрацыяй ведання асабістых звестак, з’яўляюцца вядомай практыкай сілавых структур.

Збор звестак праз псеўдапрацадаўцаў і падстаўных выканаўцаў

Таксама ў лютым, прыкрываючыся імем расійскай журналісткі Ірыны Гарынай (Irina Garina) з выдання «Новая газета Европа», невядомыя асобы пад відам прапановы супрацы спрабавалі ўцягнуць у сваю правакацыю, сярод іншых, медыяменеджарку і аўтарку кнігі «Насі з сабой» Насту Рагатко:

«…Цяпер у нас адкрываецца паўнацэнны беларускі напрамак. Мы хацелі б вам прапанаваць працу аналізу палітычнага становішча і праблемных аспектаў унутры “рэжыму”.
Мы вывучылі вашыя сацсеткі, вы вельмі таленавіты лідар думак і пісьменнік)) Мы зацікаўлены ў вашай кандыдатуры…»

У адказе на запыт беларускага незалежнага медыя «Reform» прадстаўніцтва газеты пацвердзіла, што «гэта зноў фэйкавая Ірына Гарына». У чэрвені 2025 года «яна» ж спрабавала атрымаць запыт на інтэрв’ю з апазіцыйным палітыкам у выгнанні і былым міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам.

У жніўні невядомы акаўнт Mark Fridryh, выдаючы сябе за журналіста ВВС, пісаў з прапановай інтэрв’ю былым палітзняволеным, у тым ліку актывісту і літаратару Міколу Дзядку. Наколькі вядома, пасля размовы аўтар акаўнту прапаноўваў «далейшыя зносіны на сваіх умовах». ВВС, куды было накіравана папярэджанне пра дзеянні «журналіста», назвала сітуацыю «вельмі сур’ёзнай і трывожнай».

Заказныя здымкі акцый і мерапрыемстваў беларускай дыяспары для далейшага запалохвання і пераследу іх удзельнікаў – таксама адзін з кірункаў працы спецслужбаў Беларусі. Святкаванне ў замежжы свята нацыянальнай незалежнасці Дня Волі – чырвоная ануча для рэжыму, таму пагрозы выкрыцця і завядзення крымінальных спраў за ўдзел у мерапрыемствах 25 сакавіка, ідэнтыфікацыя такіх асоб падчас святкавання, а ў далейшым завядзенне крымінальных спраў і вобшукі на месцах прапіскі – тое, што адбываецца цяпер кожны год. Для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў спецслужбы наймаюць праз інтэрнэт людзей, гатовых за грошы здымаць мітынгі і шэсці. Так, у некаторых віленскіх Telegram-суполках беларусаў з’явіліся такога кшталту паведамленні:

«Патрэбныя людзі для масоўкі і ўдзелу ва ўзгодненым з уладамі мерапрыемстве ў Вільні 25 сакавіка з 18:00 да 19:30. Падрабязнасці ў ЛП».

У вышэй згаданым даследаванні гаворыцца пра заказныя здымкі акцыі на Дзень Волі быццам бы для выдання «Новая газета Европа», пасля якіх відэа з тварамі ўдзельнікаў паказалі на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі.

27 сакавіка на тэлеканале СТБ у праграме «Без прикрытия» вядоўца Раман Пратасевіч агучыў некалькі імёнаў «апазнаных» спецслужбамі Беларусі ўдзельнікаў. Сярод прысутных на мітынгу ў Вільні быў названы (і паказаны) Ігар Казмерчак, журналіст і ўладальнік закрытай уладамі ў 2021 годзе «Цудоўнай крамы» ў Оршы, дзе прадаваліся тавары з нацыянальнай сімволікай.

Атакі на інфраструктуру арганізацый і ініцыятыў

У ноч з 6 на 7 траўня адбылася маштабная хакерская атака на беларускую анлайн-бібліятэку «Kamunikat.org», найбольш верагодна, каардынаваная ўладамі Беларусі. Сайт не вытрымаў атакі і прыпыніў працу. 7 траўня дырэктар фонду «Kamunikat» Яраслаў Іванюк распавёў у сацыяльных сетках, што «атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу». 11 траўня ён паведаміў пра здарэнне ў беластоцкую ўправу Цэнтральнага бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю. Аднаўленне сайта пасля атакі трывала больш за месяц. Кібер-атака на сайт – ужо не першая за апошнія гады для фонду «Kamunikat», 3 сакавіка 2026 года абвешчанага КДБ Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

17 верасня культурна-асветніцкія кампанія «Будзьма беларусамі!» (прызнаная МУС Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем» 29 студзеня 2026 года) паведаміла пра DDoS-атаку на свой сайт. Агулам, DDoS-атакі, у прыватнасці на незалежныя медыя ў выгнанні, вельмі распаўсюджаны на сёння від лічбавага пераследу.

Яшчэ адным прыкладам трансгранічных рэпрэсій з’яўляецца пасмяротны пераслед.

ПАСМЯРОТНАЯ ДЫСКРЭДЫТАЦЫЯ І ПЕРАШКОДЫ Ў ПАХАВАННІ НА РАДЗІМЕ

У гэтым раздзеле ўвага прысвечана стратам у беларускім культурным і грамадскім асяродку ў эміграцыі ды перашкодам, з якімі сутыкнуліся блізкія памерлых летам 2026 года пры спробах пахаваць іх на радзіме.

У большасці выпадкаў навіны пра смерць выбітных дзеячаў у эміграцыі не проста замоўчваюцца ў дзяржаўных медыя – страта не згадваецца нават на старонках тых устаноў, якім былі аддадзены гады плённай працы ў Беларусі. Больш за тое, пераслед працягваецца і пасля адыходу апанентаў рэжыму з жыцця: замест элементарнай этыкі ці проста цішыні прапагандысты выкарыстоўваюць трагічныя звесткі для цкавання і правакацый.

Развітанне са Святланай Курс

19 ліпеня 2026 года пасля цяжкай хваробы заўчасна пайшла з жыцця пісьменніца Святлана Курс (творчы псеўданім – Ева Вежнавец). Спачатку сям’я планавала перавезці цела для развітання ў Беларусь і зрабіць там крэмацыю, для чаго быў адкрыты адмысловы збор сродкаў, і беларуская дыяспара хутка сабрала ўсё неабходнае. Але ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання прапагандысты Грыгорый Азаронак і Аляксей Дзермант у адказ на навіну пра смерць пісьменніцы пачалі абражаць яе і разважаць пра тое, як не дапусціць перавозку цела ў Беларусь. Каментуючы збор сродкаў, Азаронак у сваіх развагах дайшоў да ідэі суцэльнага пазбаўлення беларусаў у эміграцыі грамадзянства – каб тых было немагчыма пахаваць на роднай зямлі.

Пасля агучанай праз тэлебачанне рэакцыі прапагандыстаў сям’я баялася празмернай увагі з боку ўладаў да пахавання Святланы. Да таго ж маці пісьменніцы тэлефанавалі ананімы, якія «настойліва рэкамендавалі» не хаваць дачку ў Беларусі. Беспаспяховымі былі і звароты да амбасады Беларусі ў Польшчы, ад якой патрабаваўся афіцыйны дазвол на перавозку цела. У выніку крэмацыя была зроблена ў Польшчы, а урну з прахам Святланы Курс даставілі ў родную вёску Баянічы, дзе 22 жніўня і адбылося пахаванне.

Развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам

Раніцай 11 жніўня ва ўзросце 79 гадоў пайшоў з жыцця апазіцыйны палітык, грамадскі дзеяч, краязнаўца і адзін з арганізатараў Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, які пасля 2020 года разам з сям’ёй жыў у Варшаве. На працягу ўсяго свайго жыцця ён прасоўваў не толькі ідэі дэмакратыі, але і беларускую адукацыю, культуру ды мову.

Цырымонія развітання прайшла ў архікатэдральным касцёле Святога Яна Хрысціцеля, а пахавалі палітыка на Вайсковых могілках. На развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам прыйшлі больш за 300 чалавек, а ягоныя заслугі былі адзначаны і на дзяржаўным узроўні Польшчы: прэзідэнт Караль Наўроцкі пасмяротна ўшанаваў беларускага палітыка Афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча» – «за выдатныя заслугі ў дзейнасці палякаў у Беларусі, за дасягненні ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама за ўдзел у пабудове грамадзянскай супольнасці».

У той жа час дзяржаўныя медыя Беларусі цалкам праігнаравалі смерць і пахаванне значнага палітычнага апанента рэжыму, а ў сам дзень пахавання, 22 жніўня, прапагандысты Беларусі сыпалі на ягоны адрас абразамі і выкарыстоўвалі зневажальныя вызначэнні накшталт «польская падсцілка».

Удава Аляксандра Мілінкевіча Інна Кулей распавяла ў інтэрв’ю, што палітык хацеў быць пахаваным у родавым склепе ў вёсцы Бершты і ніколі не хацеў крэмацыі. Аднак, будучы перакананымі, што ў цяперашніх умовах годнага пахавання ў Беларусі не будзе (КДБ будзе пагражаць, блізкім людзям і сябрам забароняць спакойна развітацца), сям’я прыняла рашэнне звярнуцца да мясцовых уладаў і правесці цырымонію ў Варшаве.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Разгледзім некалькі канкрэтных прыкладаў з розных сфер, як дзяржава працуе сёння з пытаннямі спадчыны, мастацтва і аўтарскіх правоў.

1. Ліквідацыя НЦСМ: удар па культурнай разнастайнасці

Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 391 ад 3 жніўня 2026 года і на падставе загаду Міністэрства культуры ад 25 жніўня ліквідаваны Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ). Сродкі, прызначаныя на забеспячэнне працы цэнтра, пастаноўлена размеркаваны паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і Нацыянальным мастацкім музеем.

Інфармацыя пра закрыццё культурнай дзяржаўнай установы, якая ў прошлым годзе адзначыла сваё дзесяцігоддзе, з’явілася ўпершыню ў красавіку. Паводле інфармацыі «Reform.news», ліквідацыю НЦСМ звязваюць з постаццю новага старшыні Саюза мастакоў Андрэя Васілеўскага. Існуе меркаванне, што прызначаны кіраўнік Саюза і яго атачэнне зацікаўленыя ў плошчах НЦСМ. Аднак рашэнне не было б магчымым без непасрэднай падтрымкі з боку Міністэрства культуры.

НЦСП быў унікальнай пляцоўкай, якая актыўна займалася прасоўваннем эксперыментальных кірункаў у выяўленчым, тэатральным і музычным мастацтве, чаго так бракуе сучаснаму афіцыйнаму культурнаму асяроддзю краіны.

2. Масавае прыпыненне квізаў у Гродне: пашырэнне кантролю ў сферы культуры і забаў

У першай палове жніўня ў Гродне разгарэлася сітуацыя вакол папулярных інтэлектуальна-забаўляльных гульняў (квізаў). Першымі пра адмену запланаваных мерапрыемстваў паведамілі арганізатары «VSпомнить VSё», далей прыпынілі працы «Смузи», «Мозгобойня», «Туц-Туц», «Угадай мелодию», «Матрёшка».

Рэч у тым, што мясцовыя ўлады прыраўнялі квізы ў барах і кавярнях да масавых мерапрыемстваў і запатрабавалі ад арганізатараў папярэдне атрымліваць афіцыйныя дазволы ад гарвыканкама. Калі мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, яго арганізатар абавязаны быць у рэестры Мінкультуры і мець гастрольнае пасведчанне.

Праз некаторы час квізы пачалі вяртацца ў расклад.

3. Дазвол на выкарыстанне музыкі на дзяржаўных мерапрыемствах і тэлебачанні: парушэнне аўтарскага права

21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які аптымізуе адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з прававой аховай аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Дакумент прадугледжвае магчымасць вольнага выкарыстання музычных твораў без згоды праваўладальнікаў (з выплатай ім узнагароджання) рэдакцыямі тэлевізійных СМІ, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, а таксама пры правядзенні важных дзяржаўных палітычных, грамадскіх і культурных мерапрыемстваў.

Гэта фактычна азначае грубае абмежаванне правоў уласнасці і страту аўтарамі кантролю над выкарыстаннем іх твораў.

4. Пазбаўленне ахоўнага статусу помнікаў: парушэнне права на спадчыну

У жніўні стала вядома пра рэалізацыю курсу на скарачэнне Рэспубліканскага спіса гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Раённыя выканкамы атрымалі лісты з патрабаваннем падрыхтаваць дакументы на выключэнне шэрагу аб’ектаў. Напрыклад, у Клецкім раёне пад пагрозай апынуліся адразу 7 гістарычных аб’ектаў – амаль выключна шляхецкія сядзібы. Чыноўнікі атрымалі задачу тэрмінова скласці акты пра тое, што гэтыя аб’екты нібыта «страцілі сваю каштоўнасць», каб фармальна абгрунтаваць іх выключэнне са спіса.

Станам на восень у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь налічваецца 5696 аб’ектаў, з якіх толькі каля 3,1 тыс. з’яўляюцца нематэрыяльнымі ці помнікамі археалогіі. Для параўнання:

  • Польшча (якая мае ў 1,5 большую тэрыторыю і ў 4,1 разу большае насельніцтва) трымае пад аховай дзяржавы амаль 80 тыс. аб’ектаў нерухомай спадчыны.
  • Літва (амаль у 3 разы меншая за Беларусь паводле плошчы і насельніцтва) мае 37,7 тыс. аб’ектаў культурнай спадчыны, з іх каля 26,6 тыс. – нерухомыя.

Як адзначае незалежны эксперт, архітэктурныя помнікі, якія цяпер мэтанакіравана прапануецца пазбавіць ахоўнага статусу, былі ўзятыя пад ахову дзяржавы ў адпаведнасці з усімі законамі. Аднак, у адрозненне ад развітых краін, беларуская сістэма аховы спадчыны з’яўляецца цалкам дзяржавацэнтрычнай. Гэта значыць, што менавіта дзяржава бярэ на сябе адказнасць за захаванне аб’ектаў, але за апошнія трыццаць гадоў давяла іх да аварыйнага стану.

Ідэя проста «знішчыць тое, што не можам захаваць» сведчыць пра банкруцтва цяперашняй мадэлі кіравання культурнымі рэсурсамі: чыноўнікі не ўмеюць або не жадаюць наладжваць працэсы такім чынам, каб захаванне гістарычных помнікаў развівалася і прыносіла карысць краіне.

ВЫСНОВЫ

За перыяд са студзеня па верасень 2026 года ў Беларусі зафіксавана 1040 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры: арышты, крымінальны пераслед, катаванні ў месцах зняволення, прымусовыя высылкі з краіны, трансгранічныя рэпрэсіі, а таксама шматлікія праявы цэнзуры і крыміналізацыі культурнага сектара.

5 дзеячаў культуры беспадстаўна і ў вельмі цяжкіх умовах утрымліваюцца ў зняволенні ўжо больш за шэсць гадоў. Яшчэ 11 чалавек – чатыры, пяць і болей гадоў. Станам на 30 верасня 2026 года ў зняволенні на падставе палітычна матываваных спраў застаюцца не менш за 65 дзеячаў культуры, яшчэ 50 прадстаўнікоў сферы адбываюць пакаранне ва ўмовах «хатняй хіміі» – агулам не менш за 115 дзеячаў культуры пазбаўлены волі або абмежаваны ў ёй.

Памілаванні больш як трох дзясяткаў дзеячаў культуры не змянілі сістэмнага характару рэпрэсій, бо вызваленні адбываліся паралельна з новымі хвалямі затрыманняў і прызнаннем людзей палітзняволенымі. Рэпрэсіі разгортваюцца паўторнымі хвалямі: так, масавы пераслед незалежных кнігавыдаўцоў і распаўсюднікаў кніг, а таксама ціск на бізнесы з беларускай нацыянальнай сімволікай, якія набылі сістэмны характар у 2021–2022 гадах, працягнуліся і ў 2026 годзе. Сёння ў краіне само слова «незалежнае» ўспрымаецца ўладамі як пагроза, мастацтва і адукацыя знаходзяцца пад ідэалагічным кантролем, а працаваць робіцца ўсе цяжэй – хоць самі аўтары і творцы працягваюць сваю справу і шукаюць магчымасці для стварэння і развіцця сваіх праектаў, сутыкаючыся з вялікімі рызыкамі.

Улады Беларусі мусяць:

  • неадкладна і безумоўна вызваліць усіх дзеячаў культуры, літаратараў і іншых асоб, пазбаўленых волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, і спыніць іх крымінальны пераслед;
  • спыніць катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання (у тым ліку ўтрыманне ў рэжыме інкамунікада), забяспечыць эфектыўнае расследаванне ўсіх фактаў парушэння правоў чалавека;
  • спыніць трансгранічны пераслед беларускіх творцаў і ліквідаваць законы ды абмежаванні, якія перашкаджаюць свабоднай культурнай дзейнасці.

Надзвычай важна, каб міжнародная супольнасць не спыняла працяглую і сістэмную падтрымку беларускай культуры, мовы і творцаў як унутры краіны, так і за яе межамі. У сітуацыі, калі спецслужбы кваліфікуюць любое некантраляванае «знешняе фінансаванне» як «экстрэмізм», міжнародным партнёрам неабходна распрацоўваць больш гнуткія, бяспечныя і адэкватныя сучасным выклікам інструменты салідарнасці і дапамогі, якія б не стваралі дадатковых пагроз для тых, хто працягвае сваю дзейнасць у Беларусі.


[1] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх іх адразу робіцца вядома.
[2] Абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[3] Кнігарня «Кнігаўка», якую 16 траўня 2022 года адкрыла ў Мінску выдавецтва «Янушкевіч», была закрыта ўладамі ў той жа дзень.
[4] Улады Беларусі паведамлялі таксама пра памілаванні 3 ліпеня і 24 верасня 2026 года, аднак публічнай інфармацыі пра імёны вызваленых няма.
[5] На падставе публікацый у СМІ і размовы Беларускага ПЭНа з Андрэем Кудзіненкам.
[6] Сяргей Будкін – кіраўнік Беларускай Рады культуры.
[7] Лагатып і Instagram брэнда адзення Znivien знаходзіцца ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ад 15.04.2024, сайт і Facebook – ад 15.04.2026, акаўнт у Threads – ад 15.10.2026.