Ёсць у сёлетнім кароткім спісе прэміі Гедройця асаблівасць, якая аўтаматычна звяртае на сябе ўвагу: адразу некалькі аўтараў з рознай ступенню мастацкай пераканаўчасці выходзяць за межы звыклай рэальнасці, звяртаюцца да містыкі, фантастыкі, сюррэалізму, ствараюць светы з іншымі законамі, а рэальнае пераплятаюць з фантастычным.
Таму мы гутарылі з шортлістарамі і прадстаўнікамі журы не пра шанцы на літаратурныя ўзнагароды. І нават не толькі пра кнігі. Акцэнтаваліся на іншым: што сённяшняя беларуская проза спрабуе ўбачыць у мінулым, каго заўважае ў сучаснасці і якую будучыню здольная ўявіць.
Кароткі спіс прэміі Гедройця можна паглядзець тут.
Аляксандр Карнаўх: «У шорт-лісце сапраўды шмат такіх твораў, але гэта яшчэ не сведчыць, што белліт сёння насамрэч звяртаецца да іншых светаў больш, чым раней. Магчыма, гэта эфект выбаркі: шэсць кніг – малая колькасць, якая адлюстроўвае сёлетні стан і рашэнне журы, таму і з’яўляецца ўражанне, быццам гэта нейкая характэрная плынь. Корпус тэкстаў, якія былі напісаныя або апублікаваныя летась, значна большы за шэсць кніг».
Гэта жанравая выпадковасць ці новая літаратурная тэндэнцыя? Або нешта больш істотнае – рэакцыя на сучаснасць апошніх гадоў?
Арцём Шуканаў: «У маім выпадку я лічу, што адбылося проста супадзенне. Мой характар, адукацыя, чытацкі вопыт і лад жыцця не пакінулі мне іншых опцый: калі нешта і пісаць – дык фантастыку. Праца над кнігай ішла вельмі доўга: больш за дзесяць гадоў ад пачатку працы да моманту, калі я трымаў у руках друкаваны асобнік. За гэтыя дзесяць гадоў свет змяніўся кардынальна і незваротна, і рэальнасць на моманты выхаду кнігі вельмі адрозніваецца ад рэальнасці на момант пачатку яе напісання. Тады яшчэ ўсё было не так цяжка і абсурдна».

Ганна Янкута: «Гэта сапраўды нешта новае – у спісах прэміі за папярэднія гады я такога не заўважаю. Але пакуль цяжка сказаць, ці тэндэнцыя гэта – або проста збег абставінаў. Магчыма, у наступным годзе такіх твораў ізноў будзе менш. Хоць цікава, што ў Беларусі цяпер таксама друкуецца прыкметна больш фантастыкі і фэнтэзі, чым раней. Можна дапусціць, што гэта сапраўды адзнака часу – калі на фоне войнаў, рэпрэсій, масавых міграцый, кліматычнай катастрофы, злому прывычнага ладу жыцця пісьменнікі і чытачы альбо шукаюць спосабу ўцячы ад рэальнасці, альбо, наадварот, спрабуюць намацаць новую глебу пад нагамі, адшукаць выхады з крызісу. І ўяўленне – гэта якраз тое, што можа ў гэтым дапамагчы».
Сяргей Кавалёў: «Безумоўна, ёсць такая тэндэнцыя. Гэта і сімптом часу, і літаратурная з’ява. Своеасаблівая альтэрнатыва іншай тэндэнцыі, папулярнасці апошнімі гадамі такіх жанраў, як дакументальнай літаратуры, нонфікшну, аўтафікшну і гэтак далей».
Але ж у надзённасці насамрэч багата матэрыялу для самых неверагодных сюжэтаў: замнога абсурду і трагізму, але ёсць і гераізм з рамантыкай, падзеі сягаюць да фантастычных…
Арцём Шуканаў: «Пад уплывам новых фактаў і з’яў мая кніга, безумоўна, змянялася ў працэсе стварэння, але не радыкальна. Яна была б амаль такой самай пры любой камбінацыі знешніх умоў. У ёй няма рэакцыі на навакольную рэчаіснасць, цяжкую ці не, але я спадзяюся, што здолеў адлюстраваць у ёй больш глыбокую і шырокую плынь, не лакалізаваную ў нашым кантэксце, плынь зменаў успрыняцця асобы як такой. І дрэйф стаўлення да галоўных пытанняў чалавека наконт самога сябе».
Калі панарама рэальнасці ў пэўным сэнсе фантасмагарычная, то навошта шукаюць іншыя светы? Каб уцячы ад надзённасці? Адшукаць неабходную мастацкую дыстанцыю? Ці таму, што традыцыі рэалізму ўжо не ў стане адлюстраваць няўлоўную пераменлівасць?
Аляксандр Карнаўх: «Кніга – заўсёды кампраміс паміж рэчаіснасцю і ўяўленнем. Значныя гістарычныя падзеі выклікаюць нястрымную прагу паведаць праз мову рэалізму тое, што бачыў на ўласныя вочы. Але гэтыя ж падзеі абуджаюць і ўяўленне: чалавек пераасэнсоўвае падзеі праз прызму адвечных міфаў, таемных сімвалаў, неўсвядомленых жэстаў.
У глыбінных пластах падсвядомасці адлюстроўваецца нашае стаўленне да рэчаіснага, нашае бачанне лепшага свету, у якім мы хацелі б жыць, і нашыя страхі і асцярогі датычна магчымай, але непажаданай будучыні».

Дзяніс Трусаў: «Мне цяжка адназначна адказаць. Бо гаворка ж не толькі пра кнігі, якія пішуцца сёння, але і пра тыя, якія журы адабрала ў сёлетні шорт-ліст. Гэта ўсё ж не адно і тое ж: ёсць літаратурная прапанова, ёсць выбар журы, а паміж імі, магчыма, і пэўны попыт – тое, што ў гэты час здаецца важным і аўтарам, і чытачам.
Зразумела, у беларускай літаратуры ёсць відавочны грамадска-палітычны складнік, у тым ліку траўматычны. Але мне здаецца, што гэтым усё не тлумачыцца. Магчыма, тут працуе яшчэ і пэўны Zeitgeist, дух часу.
Прыгадваецца канец дзевяностых і пачатак нулявых. Тады з’явілася шмат твораў, у якіх ставілася пад сумнеў сама рэальнасць: “Матрыца”, “Шоу Трумана”, “Цёмны горад”, “Трынаццаты паверх”, “eXistenZ”, “Газонакасільшчык”, “Пакаленне П” Пялевіна. Свет у іх мог аказацца сімуляцыяй, пастаноўкай, віртуальнай прасторай, а чалавек – не тым, кім сябе лічыць. Мне здаецца, гэта было звязана з тымі надзеямі і страхамі, якія выклікала імклівае развіццё інтэрнэту і лічбавых тэхналогій.
А мо больш прадуктыўна не канструяваць невядомае, а ўважліва прыгледзецца да свету, які знікае побач з намі?
Да людзей, чый жыццёвы досвед, мова, уяўленні пра маральнасць, жыццё і смерць, сям’ю і чалавечую годнасць паступова адыходзяць разам з імі.
Або, наадварот, рушыць у іншы бок – у мінулае, да яго постацяў і падзей, якія, магчыма, ужо знайшлі адказы на пытанні, што мы задаём сабе сёння.
І тут узнікае цікавы парадокс. Фантастычнае – зусім не абавязкова ўцёкі ад сучаснасці. Гэтаксама мінулае зусім не абавязкова ўжо вывучаны ўрок.
Мяне здзіўляе, як хутка ў нашым жыцці з’явіўся штучны інтэлект і як шмат пытанняў ён паставіў – не толькі тэхнічных, але і этычных, філасофскіх, метафізічных. Мне здаецца, менавіта гэтага пытання часам не хапае ў развагах пра сучасную літаратуру: што адбываецца з нашым уяўленнем пра чалавека, калі мысленне і творчасць ужо нельга лічыць выключна чалавечымі здольнасцямі?
Ёсць, напрыклад, “Пентаквантар” Арцёма Шуканава, які працуе з гэтай тэматыкай непасрэдна. Але пытанне значна шырэйшае за саму тэхналогію. Што мы называем свядомасцю? Ці можна імітаваць яе настолькі пераканаўча, што розніца паміж імітацыяй і арыгіналам страціць для нас значэнне? І калі чалавек ужо не адзіная істота, здольная ствараць мову і сэнсы, то што застаецца ад нашага ўяўлення пра ўласную выключнасць?»

Часам выдуманы свет насамрэч больш пасуе рэчаіснасці, чым яе дакументальнае апісанне. А добра расказаная гісторыя чалавека, які жыў сто гадоў таму, можа сказаць пра сёння больш, чым актуальны раман.
Дзяніс Трусаў: «У дзевяностыя мы сумняваліся, ці сапраўдны свет, у якім жывём. Цяпер даводзіцца зноў задавацца пытаннем, над якім спрадвеку разважалі ўсходнія духоўныя практыкі, але сёння тэхнічны прагрэс выводзіць яго на новы ўзровень: ці не з’яўляецца чымсьці няпэўным сама свядомасць, з дапамогай якой мы гэты свет успрымаем? Можа атрымацца, што чалавек – гэта свайго роду прывід у свеце, дзе ўсё больш рэчаў таксама набывае ўласцівасці прывідаў.
У такім кантэксце па-іншаму выглядаюць і даволі традыцыйныя літаратурныя тэмы – любоў, смерць, памяць, вера, чалавечыя адносіны. Што робіцца з любоўю, калі можна стварыць лічбавую копію памерлага чалавека? Ці будзе такая копія тым самым чалавекам? Што наогул азначае страта, калі памяць пра чалавека можна захаваць у выглядзе, які будзе нагадваць яго прысутнасць? Гэтыя пытанні вельмі цікава даследуе, напрыклад, беларуская аўтарка Таццяна Заміроўская ў рамане “Смерти.net”.
Беларускі чытач таксама жыве ў гэтым сусветным культурным кантэксце. Таму пытанні ідэнтычнасці, якія ўзнікаюць у беларускай літаратуры, ужо не зводзяцца да нацыянальнай або грамадска-палітычнай ідэнтычнасці. Нас хвалюе і тое, што ўвогуле значыць быць чалавекам у свеце, дзе хістаюцца межы паміж рэальным і ўяўным, жывым і нежывым, чалавечым і нечалавечым.
Таму мне не здаецца, што зварот да містыкі, фантастыкі і сюррэалізму – гэта абавязкова ўцёкі ад рэчаіснасці. Часам, наадварот, звыклы рэалізм ужо не дае магчымасці сказаць пра яе нешта істотнае, рэалізм – гэта кампраміс. І, магчыма, праз гэтыя іншыя светы мы спрабуем разабрацца не толькі ў тым, што адбываецца з намі цяпер, але і ў тым, кім мы можам стаць у будучыні.
Урэшце, на выбар літаратурных тэм, герояў і мастацкіх сродкаў заўсёды ўплывае час нараджэння адпаведных ідэй. Маўчанне аўтараў часам таксама гучны сігнал».
Аляксандр Карнаўх: «Магчыма, мы сталі сведкамі пашырэння жанравай разнастайнасці беларускай літаратуры. З’яўляюцца новыя аўтары – яны прыносяць новыя ідэі, шукаюць адказы на пытанні, якія ставіць сучаснасць, шукаюць свае жанры і свае каноны. Увогуле беларуская літаратура цесна ўплецена ў сусветную. Мне падабаюцца словы Кормака МакКарці, які казаў, што кнігі зроблены з кніг. Кожны з нас вырас з тых аўтараў, якіх чытаў: Караткевіча, Брэдберы, Толкіена, Джойса, Маркеса, Борхеса і іншых».
Ганна Янкута: «У ідэале некаторыя пазіцыі ў спісе сапраўды было б варта развесці па розных прэміях, якія перад гэтым давялося б заснаваць: беларуская прэмія ў галіне фантастыкі, нонфікшн і гэтак далей. Пакуль такіх прэмій няма, даводзіцца параўноўваць творы, якія сапраўды цяжка параўнаць. Мяркую, у журы кожны і кожная мае свае падыходы да такой працы. Аднак гэта заўсёды была рыса прэміі Гедройця – на яе падаваліся вельмі розныя творы, таму нельга сказаць, што сёлета журы давялося рабіць нешта незвычайнае. Думаю, гэта непазбежна ў сітуацыі, калі прэмій няшмат і ў адным спісе даводзіцца разглядаць усё тое, што было створана за год у межах розных празаічных жанраў».
Сяргей Кавалёў: «Можна параўноўваць і ацэньваць творы розных жанраў, уласна арыентуючыся на іх мастацкую якасць, на пісьменніцкае майстэрства. Але наватарства, эксперымент, арыгінальнасць твора таксама ўлічваюцца. Бо для развіцця літаратуры наватарскі твор (напрыклад, раман-кіберпанк) больш важны, чым чарговыя мемуары, няхай сабе і добра напісаныя».

Паўстае і такое, не самае зручнае пытанне: калі беларуская літаратура ўсё смялейшая і дасканалейшая ў стварэнні іншасветаў, то адкуль асцярожнасць у гаворцы пра сучаснасць?
Аляксандр Карнаўх: «Вонкавы холад у “Халодных землях” – гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці, а спосаб назваць стан, які рэалізм апісаў бы простымі словамі “сумна і страшна”. Менавіта пра гэты стан кажа Сяргей Забалоцкі, адзін з герояў рамана, калі згадвае пра ўнутраную тундру – дарэчы, гэтая метафара падказала мне назву кнігі.
Тое, што беларуская літаратура больш звяртаецца сёння да тэмы іншых светаў, сведчыць пра пэўную адвагу выйсці за межы рэчаіснасці і марыць разам з іншымі. Нейранавукоўцы кажуць, што мы трызнім свет. Можа, уся літаратура – гэта толькі больш смелае трызненне?»
Ганна Янкута: «Перадусім, на маю думку, поўны спіс прэміі апошніх гадоў паказвае, наколькі мала выходзіць прозы па-беларуску, нават калі ўлічыць, што далёка не ўсе кнігі ў ёй прадстаўленыя. Сёлета ў поўным спісе 24 кнігі – досыць цяжка казаць пра нейкія тэндэнцыі на прыкладзе такой невялікай колькасці, у высновах можа быць шмат выпадковага. Сапраўды заўважнай у параўнанні з мінулымі гадамі стала спекулятыўная фантастыка ў розных яе паджанрах. Напэўна можна сказаць, што ўсё яшчэ пішацца досыць шмат аўтафікшна – то-бок, уласна, гісторый непасрэднага жыцця сучасных беларусаў. Не беларусак: яшчэ менш, чым раней, стала твораў, напісаных жанчынамі. Як і ў апошнія гады, у спісе ёсць як мінімум адна кніга, прысвечаная турэмнаму досведу. Калі паглядзець на кароткі спіс, то гэта дзве кнігі з зашыфраваным удзелам, дзве кнігі ў галіне фантастыкі (прычым абедзве дэбютныя), яшчэ адна досыць да яе блізкая, хоць я ўспрымаю яе хутчэй як напісаную ў рэчышчы магічнага рэалізму, і мемуары. У гэтым наборы ёсць нешта паказальнае (напрыклад, сама неабходнасць шыфраваць некаторых аўтараў шмат гаворыць пра наш час), але каб сказаць нешта сэнсоўнае пра беларускую літаратуру пасля 2020 года, варта ўсё ж глядзець шырэй і ўлічваць, сярод іншага, не толькі тыя творы, якія на прэмію намінаваныя, але і тыя, якія з гледзішча бяспекі аўтары вырашылі не падаваць. А таксама тыя, аўтары якіх прыходзяць цяпер у кніжную сферу ў Беларусі і маглі пра прэмію Гедройця нават не чуць».

Сяргей Кавалёў: «Я звярнуў бы ўвагу на важныя тэндэнцыі, якія адлюстроўвае сёлетні шорт-ліст прэміі Гедройця.
Па-першае, працягваецца спаборніцтва мастацкай прозы і дакументальнай літаратуры, якое выразна азначылася ў апошнія гады. У мінулым годзе была раўнавага, а ў гэтым годзе мастацкая проза нарэшце перамагла і гэта вельмі добра, бо прэмія Гедройця стваралася з мэтай развіцця беларускай прозы.
Па-другое, выразна азначылася змена пакаленняў і прыход у беларускую літаратуру новых альбо малавядомых дагэтуль аўтараў. У сёлетнім конкурсе ўдзельнічала шмат знаных пісьменнікаў з цікавымі, напісанымі на добрым узроўні творамі. Але іх кнігі не трапілі ў шорт-ліст. Не з прычыны нізкай якасці твораў, а таму, што “новыя” аўтары стварылі моцную канкурэнцыю. І прапанавалі больш арыгінальную мастацкую форму і больш цікавы, адметны погляд на сучасную рэчаіснасць альбо на ўяўленне пра будучыню.
Па-трэцяе, сёлетні конкурс пацвердзіў, што беларуская літаратура плённа развіваецца не толькі ў эміграцыі, але і ў самой Беларусі – насуперак неспрыяльным умовам. Няхай сабе ўдзел зашыфраваных кніг зашыфраваных аўтараў у конкурсе стварае фармальныя цяжкасці арганізатарам прэміі і выклікае пытанні чытачоў, журналістаў, крытыкаў, а часам і кпіны нядобразычліўцаў – але такая форма ўдзелу вельмі важная для пісьменнікаў, якія засталіся ў Беларусі. І як сведчыць сёлетні шорт-ліст, аўтары, якія вымушаны былі – альбо здолелі – застацца ў Беларусі, годна канкуруюць з аўтарамі, якія апынуліся ў эміграцыі».
Фота: Беларускі ПЭН
Арганізатары прэміі Гедройця 2026: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры прэміі: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя выдаўцоў.
Праект суфінансуецца ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Арганізатары выказваюць падзяку Фонду міжнароднай салідарнасці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej).